Прачутае
Сяргей Харэўскі
Выдавец:
Памер: 145с.
Вільня 2012
кавярня ў Верхнім Месьце. Большасьць менчукоў пісала, дый гаварыла, бадай, па-польску... Пасьля ўсё зьмянілася яшчэ раз, і яшчэ, і яшчэ...
Несупынна мяняючы свае ўборы, мовы й нават антрапалёгію сваіх жыхароў, Менск увесь час выглядаў то ненатуральна вялікім, то недарэчна малым...
Праблема сёньня ня ўтым, чым ёсьць гэты горад для самых менчукоў. Праблема ў тым, чым ён ёсьць для астатняй Беларусі.
Танк
Кожнага дня цяпер мінаю вуліцу Танка.
Танк... Зусім чужое слова. Хто б у часы тае «Нашае Долі» ведаў такое слова? I слова гэтае прышчапілася канчаткова ў Беларусі толькі пасьля апошняй вайны. Менавіта «прышчапілася». Бо «прышчэпку» тую зрабілі гвалтоўна-адміністрацыйна, на тапанімічным узроўні. Які беларус зь Берасьцейшчыны мог сумнявацца, як назваць тыя машыны й тых жаўнераў, якія імі кіруюць, але пасьля таго, як ва ўсіх райцэнтрах зьявіліся вуліцы Танкістаў, сумнявацца ўжо не выпадала. Пры тым, забаўная акалічнасьць, гэткія назвы пачалі ўводзіць менавіта з Захаду на Ўсход. Відаць, заходнім беларусам гэткі давер мусіў бы імпанаваць, разважалі, бадай, у Маскве.
У Менску назоў «Танкісцкі» блукаў. У свой час гэткім найменьнем пазначаліся розныя вуліцы. Але па вайне яны прыпадалі кожнага разу на тыя кварталы, што пазьней зносіліся, паводле няўмолынае менскае лёгікі. Думалася ў свой час назваць Танкавай тую вуліцу, што вяла да ЦК КПБ. Раней яна была Падгорная — і слушна. Бо ў літаральным сэнсе адцінак цяперашняе вуліцы, што ідзе ад парку імя Горкага, уздымаецца пад гару. Вось тут дасёньня й стаіць менскі Танк. Той нібы самы, на якім экіпаж малодшага лейтэнанта Фролікава a 23-й гадзіне 3 ліпеня 44-га ўехаў у Менск. Памятаю, зь яго заўсёды сьмяяліся менскія інтэлігенты. Дзе й хто стаяў з сэкундамерам, каб упэўніцца, што менавіта гэтая машына першая ўварвалася ў нямецкі Менск? Тым ня менш, у 1952-м годзе вырашылі зьнесьці
ўнікальны помнік XVIII стагодзьдзя, былы (за царскім часам) земскі музэй. А на ягоным месцы паставілі танк. Адразу ж гэты аб'ект набрыняў усялякімі паданьнямі. Нібы там начуюць бамжы, нібы дзеці там гуляюць у «вайнушку» і гэтак далей... Зрэшты й сёньня мала хто з жыхароў вуліцы Фролікава ведае, чым ён быў такім.
Стаіць сабе і стаіць. Вырасьлі дрэвы, танк прапаў з пэрспэктывы старадаўняе вуліцы й нічога цяпер нікому не гаворыць. У энцыкляпэдыях напісана, што ён нібы на гранітным пастамэнце. Гэта лухта! Пастамэнт таньненькі, з друзу й бэтону, таму недзе раз на пяць гадоўтанюсенькія пліткі з штучнага граніту, якімі ён абкладзены, мяняюць. А яны ўсё лупяцца ды лупяцца.
Пасьля на гэтай вуліцы, зруйнаваўшы з тузін старых дамоў, што, як кажуць, «не ўяўлялі сабою каштоўнасьці», паставілі новы вялікі дом, які ў народзе менскім завецца «ступенямі». I засялілі яго зусім не шараговыя менчукі. Сярод іншых, паводле зьбегу акалічнасьцяў, тут пасяліўся й Максім Танк.
Зрэшты, паэттут жыў чамусьці нядоўга. Напачатку 80-х ён пераехаў у іншы дом, што на вуліцы Кульман. I той характэрны — яго менчукі здавён завуць «далярам», з-за выгінастае пляніроўкі. Гэта вельмі камфортны быў у свой час дом. Тут жылі міністры, іхныя намесьнікі ды іншая публіка. Харо-ш-ш-ы дом! Нават вуліца перад ім пешаходная, зь вербамі. Можна зь немаўляткам пагуляць.
Але ня гэтую вуліцу назвалі імем Максіма Танка.
А перайменавалі былую, старую, паваенную вуліцу Танкавую, куды й насамрэч прарваліся ў першыя гадзіны ліпеня 44-га савецкія танкі праз магутную лінію нямецкіх дотаў. Між іншага, адзін з тых дотаў ацалеў, каля гатэлю «Плянэта»... Вось зараз напісаў і... нібы «настучаў». Скажу, а заўтра яго наўмысна зьнясуць. Зрэшты, я пра вуліцу Танкавую, якой цяпер
у Менску няма. Дом, што пачалі на ёй будаваць перад Алімпіядаю-80 у Маскве, цяпер на менскім жаргоне завуць «Брэсцкая крэпасьць». I праўда, дом бясконцы. Каб была беларуская кніга рэкордаў, то быў бы ў ёй як самы даўгі. Там быў прапісаны й народны пісьменьнік Васіль Быкаў, тамака ж майстэрні беларускіх мастакоў і мастацтвазнаўцаў найноўшага часу. Але што пэўна, Максім Танк ня меў аніякага дачыненьня да гэтае «крэпасьці» й да гэтае вуліцы... Як і да дэбільнае спаруды на плошчы Незалежнасьці, што завецца Пэдагагічным унівэрсытэтам... Колісь, перадтады невялікім тым будынкам, зь бюстамі клясыкаў на фасадзе, за Хрушчовым высаджвалі пальмы. А сёньня імя паэта нададзенае бэтонна-шкляной пачвары, што замыкае праспэкт колісь Сталіна, Леніна, Францішка Скарыны, а цяпер Незалежнасьці...
Пры чым тут Максім Танк? А дом на вуліцы Кульман? А што такое ці хто такі Кульман? Ці гэта не выбітны нямецкі паэт Квірын Кульман (Quirinus Kuhlmann), якога закатавалі дзікія маскалі ў 1689 годзе? He.
Менск пад Месяцам
1
Менск пад Месяцам — зусім іншы, чым удзень. Гэта горад шэптаў і шоргатаў, таямніцаў і тугі, зданяў і здарэньняў. Хіба самае цікавае, па-чалавечы, тут здараецца менавіта ўночы.
Калі сядзіш перад Купалінкамі, што быў стварыўшы Анікейчык сорак гадоў таму, сочыш, як ля самай тваёй галавы шнуруюць кажаны, ловячы ледзь чутна нябачных табе ў змроку ночы хрушчоў, разумееш, штс гэта і ёсьць твой горад. Тут, дзе да вайны былі старыя дамы, а цяпер, у шатах ужо старых ліпаў, блукаюць забытыя цені забытых душаў. I што яшчэ можа быць больш вымоўнаю мэтафараю ночы, чым дзяўчыны, якія пускаюць купальскія вянкі ў зіхоткі атвор фантану?..
Сярод ночы Менск становіцца сам сабою. Ён пахне сьвежым хлебам зь пякарняў, што ні на хвіліну не спыняюць сваёй працы, ветрам з палёў і чорных лясоў, што ўсё далей адыходзяць ад гораду. Ён пахне вадою рэк, што зьбягаюць адсюль да Чорнага мора. Толькі ўначы можна ўбачыць усё хараство найважнейшае менскае артэрыі — Сьвіслачы, на якую нанізаны ўвесь астатні сьвет гэтага гораду. Яе цяжкія воды, у якіх жыве безьліч нябачных арганізмаў, у водблісках лятарняў і фараў зіхцяць, як цела адной вялікай істоты, што ляніва люляе невысокія пустэльныя берагі.
Хіба самым складаным для архітэктараў ёсьць стварэньне плошчы. У сьвеце ня так ужо й шмат
плошчаў, вартых агульнае ўвагі. Колькі плошчаў ведаеце вы? Рымскія плошчы Гішпаніі, на Капітоліюме, ці Навона — недараўнальныя. А вартых увагі плошчаў у Беларусі — вобмаль. Каб яны былі ўрачыстымі без фанабэрыі ды ўтульнымі безь цеснаты. Пра наяўнасьцьу Менску Юбілейнай плошчы, названай у гонар царкоўнага Нікейскага сабору, ці пра плошчу 8 Сакавіка альбо Парыскай камуны ведаюць адно старажылы. Да непазнавальнасьці зьмяніліся старыя менскія плошчы: Цэнтральная, Круглая, Свабоды... Усё панявечылі за апошнія гады. А пра плошчу Францішка Багушэвіча ўвогуле ніхто не здагадваецца... Уладыслаў Сыракомля гэтак пісаў пра менскія плошчы ў 1857 годзе: «...Новы горад, які многія гады быў звычайным гандлёвым месцам, разбудаваўся прыгожымі плошчамі і гмахамі важнага значэньня. Рынак Новага гораду, гандлёвае месца і бульвар (для шпацыраў), у абсадзе маладых дрэваў, атачаюць прыгожыя мураваныя камяніцы: дамы купцоў Гольдберга і Ансэльрода, узьведзеныя паводле пляну архітэктара Хрышчановіча; лютэранскі касьцёл, вымураваны ў 1844 годзе; дом мешчаніна Ліпінскага; дом графа Тызенгаўза, у якім цяпер паштамт, і некалькі іншых»1.
Раней, калі на Цэнтральнай, альбо з 1977 году — Кастрычніцкай, плошчы ляжаў ільсьняны лябрадоравы брук, а болывую яе частку займаў парк з шурпатых вязаў ды падстрыжаных кустоў, тут было ўтульна й сьветла. У суплёце вулак і завулкаў Верхняга гораду бруіла густое чалавечае жыцьцё. А вось аўтамабіляў было вобмаль. Лёгка было ўявіць, у якім такім дворыку вырас Станіслаў Манюшка.
Па выходных гурмы дзяцей запаўнялі тут вуліцу Энгельса й прылеглыя двары. Дзятва імкнулася да
1 Сыракомля, Уладзіслаў. Добрыя весьці: паэзія, проза, крытыка. Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. С. 327.
кінатэатру «Піянэр» і да ТЮГу. А дарослыя з дарослым выглядам ішлі ў кінатэатар «Новостн дня». Дарэчы, старасьвецкіх і, трэба зазначыць, вельмі дагледжаных дамоў на Энгельса й Кірава было куды больш. Таму вуліцы выглядалі па-чалавечы, сумаштабна. Цяпер гэта толькі ваколіцы гмаху былога ЦК КПБ, дзе пануе першы і апошні мажнаўладца. А ў выходныя дні тут зусім пуста. I толькі начное сутоньне, што пераліваецца ў фантан, зроблены на ўзор Лёрэнца Бэрніні (Lorenzo Bernini), сьцеражэ памяць пра нешта большае, што адбывалася тут. Уночы тут утульна і зацішна. Адсюль, як з схову, можна назіраць за вялізарным горадам, што разьлёгся вакол на шмат кілямэтраў.
Некалі я выходзіў у Менску з вакзалу на вялізарную плошчу, што маціцова зіхцела антрацытавым бляскам чорнага бруку. У гадзіньнік на вежы ўтыркаўся слуп пражэктарнага сьвятла. А над яе блізьнючкаю, вежаю з гербам, вісела плятынавая поўня. Мой Менск — панятак зьменлівы й рухомы... Зоркі рэдкіх лямпачак уначы, між суплётаў гальля, указвалі дарогу людзям. Россып зораў у небе брукаваў дарогу птушкам.
Менск адпавядаў сам сабе. Прасторныя плошчы, вывераныя, у цішы майстэрняў і габінэтаў, пэрспэктывы вуліцаў. Вывераная, прадугледжаная начная ціша... Сёньня ж тут проста транспартны вузел. Вежы сталі меншыя — праз суседзтва з бэтонным хаосам, што ўтварыўся тут за апошнія дваццаць гадоў. Брук закачалі, зрабілі стаянкі, паркоўкі, парэзалі ўсе лініі колішніх пэрспэктываў.
Архітэктура — самая выяўная, бачная частка нацыянальнае самасьці, ідэнтычнасьці. Яна не вымагае адмысловае адукацыі, каб успрымаць яе найбольш важныя характарыстыкі. Бальшыня людзей беспамылкова вызначыць асаблівасьці таго ці іншага будынку.
Архітэктура — гэта наш сьвет. Можна выключыць тэлевізар, выйсьці з глядзельнай залі, закрыць кнігу... Але архітэктура атачае нас паўсюль. 3 таго часу, як мы сталі людзьмі, мы будуем свой Дом — культуру. Невыпадкова панятак адзінства і мэтазгоднасьці сьветабудовы ўвасоблены ў грэцкім слове оікск;, «дом». Сюды ж уваходзяць заняткі, забабоны, звычаі ды звычкі, усё, што вартае называцца культураю ў шырокім сэнсе, улучна з архітэктураю. Бо акурат яна, архітэктура, разам з мастацтвам і рэлігіяй вылучае нас зь іншых жывых стварэныняў. Мы можам не валодаць тэхналёгіямі генэтыкаў ці досьведам этолягаў, але мы беспамылкова адрозьнім стварэньне чалавечых рук.
Зь першасных буданоў і зямлянак чалавек імкнуўся да дасканаласьці свайго будаваньня, як вобразу сусьвету. Як аснова самаідэнтыфікацыі горадабудаўнічы асяродак у стабільным грамадзтве абапіраецца на аднаўленьне базавых каштоўнасьцяў, устойлівых стэрэатыпаў, іншых элемэнтаў, перадвызначаных традыцыяй культурнага разьвіцьця...