Прачутае
Сяргей Харэўскі
Выдавец:
Памер: 145с.
Вільня 2012
Для асобнага чалавека ці сацыяльнае супольнасьці страта станоўчае ідэнтычнасьці азначае страту культурнага арыенціра, у шэрагу выпадкаў маргіналізацыю і выпадзеньне дадзенага суб'екту з поля сацыякультурных узаемадзеяньняў. Страта адзінай ідэнтычнасьці грамадзтва як цэласнага ўтварэньня павышае яго фрагмэнтацыю, спрыяе анэміі, расколу сацыякультурнае прасторы.
4
Назавем рэчы сваймі імёнамі: адбываецца злачынства. У якую бавоўну б не спрабавалі ўгарнуць гэтае злачынства чыноўнікі. Менск рызыкуе ўвайсьці ў гісторыю як сталіца, што страціла 95% сваёй аўтэнтычнай мураванай спадчыны без вайны. I адзінае, чым застанецца займацца будучым пакаленьням рэстаўратараў краіны, гэта навуковаабгрунтавана рэгенэраваць гістарычную плянавальную структуру каштоўнасьці.
Далейшае горадабудаўнічае разьвіцьцё плянавальнага ядра Менску гэтак ці іначай прывядзе да перагляду сучаснай штучнай хаатычнай мадэлі «асваеньня» гарадзкога цэнтру, якая замест зываду зь яго неўласьцівых транспартных плыняў менавіта тут іх канцэнтруе.
Гісторыя пра пляны зносу былой Нацыянальнай бібліятэкі надзвычай павучальная. Грамадзтва столькі гадоў верыла «мінкультуры», што зьнесьці помнік і «аднавіць» яго з новых матэрыялаў не ўяўляе праблемы, што чынавенская зьмяя, урэшце, укусіла сябе саму за ўласны савецкі хвост. Ці нехта насамрэч усур'ёз будзе спрачацца, што канструктывісцкая «ленінка» ёсьць помнікам менш вартым за тысячагадовы Верхні горад?
Для мноства культурных утварэныняў, што складаюць грамадзтва, аб'яднаўчым пачаткам выступае агульны сымбалічны асяродак. Зразумелая ўсім і агульнапрызнаная сыстэма сымбаляў, выступаючы нарматыўна-вартасьцевым рэгуляратарам паводзінаў, спрыяе культурнае кансалідацыі ў межах пэўных сацыяльных супольнасьцяў — як падмурак самаідэнтыфікацыі. Альбо яе адсутнасьці. Гэта ясна бачна на прыкладзе стаўленьня да мэмарыялаў і
манумэнтаў. Па-ранейшаму бальшыня тых, хто жыве ў Менску, ня ведае, дзе такая «Яма», а дзеці, стукаючы па бронзавай галаве чалавека на лаве ў парку Горкага, не здагадваюцца, што гэта вялікі пралетарскі пісьменынік. Колькі разоў даводзілася тлумачыць, хто такі Гарэцкі, што карузьлікам прысеў у нішы старасьвецкага дому, ці хто такі Драздовіч, які шпарка выйшаў з крамы ў Траецкім...
Бальшыня беларусаў гэтак і не зразумела, што ж адбылося з помнікам Багдановічу, што ўжо быў прастаяўшы 30 гадоў на ўласным месцы, а потым зьбег уначы ў іншы, цёмны кут прысадаў Опэры... I ўсё менш разумею тут я. Хіба толькі на зьбегу дня, калі паветра чысьцее, калі не чуваць тлуму й не відно немаведамага прызначэньня пэрсанажаў, мой, мой любімы стары горад, заліты халодным сьвятлом Месяца, сумна й мудра ўсьміхаецца мне на ўсю шырыню каламутнае Сьвіслачы.
Помнік К. Т.
Калі ў 1970-я гады нас, школьнікаў, вадзілі ў Купалаўскі парк, то перад славутым фантанам «Купалінкі» нашыя настаўніцы сарамліва хіхікалі. Дзяцей, вядома, вабілі пырскі вады, а ня бронзавыя выявы аголеных дзяўчат. А настаўніцы, можа, першы раз у жыцьці атрымлівалі ўрок чыстае эстэтыкі. Таму й хіхікалі зь незвычайнага для савецкага мастацтва сюжэту. Помнік самому Купалу, створаны ў 1974 годзе скульптарам Анікейчыкам у суаўтарстве з Гумілеўскім і Засьпіцкім, на той час мала запомніўся. Ды і тагачасная крытыка млява адрэагавала на ягонае зьяўленьне. Менавіта «Купалінкі» — першае савецкае манумэнталынае «ню» — сталі візытоўкаю беларускае плястыкі 70-х гадоў...
Купала ж выйшаў няўцямны. Адкуль відаць, што гэта паэт? 3 расхінутага крысься шыняля? Ці з кія ў руцэ? Брутальнасьць стылістыкі пазбаўляе вобраз нават намёку на рамантыку. Гэта мог быць помнік і старшыні калгасу, які ўзіраецца ў свае палеткі...
He паддаюцца беларускім скульптарам вобразы дзеячаў нацыянальнае культуры. Падобную да Анікейчыкавай кампазыцыю абраў скульптар Голубеў, робячы помнік Язэпу Драздовічу. Шырокая хада, кій у руцэ... Добра што яшчэ помнік падпісалі: «Язэп Драздовіч. Беларускі мастак», a то ніхто б не зразумеў, навошта яго, маленькага, паставілі перад дзьвярыма парцалянавае крамы. Дзеля рэклямы хіба што?..
Помніку Максіму Багдановічу скульптар Вакар спачатку не падпісаў. I праз гэта часта здараліся непаразуменьні.
Чаму ён стаіць перад Опэраю? Сьпявак? Кампазытар? 3 дыялёгу, пачутага ў аўтобусе: «Каму гэта помнік?» — «Ня ведаю, можа, Высоцкаму?» — «Не, Высоцкаму рана...» Нехта знайшоўся: «Багдановічу!..» — «А хто гэта?» — «Партызан нейкі...» Зараз Багдановіча зусім ужо вольна перанесьлі зь першаснага месца да дарогі й прымусілі ўважліва чытаць імёны клясыкаў марксізму, што разам зь імем Сталіна рупліва вылепілі наноў на мурах сувораўскай вучэльні.
Памятаю, як абмяркоўвалі праект аднаўленьня Верхняга гораду. Тады ўвагу гледачоў і апанэнтаў прыцягнуў квадрацік з подпісам: «Помнік К. Т.». На запытаньне архітэктары адказалі, што тут плянуецца помнік сьвятому Кірылу Тураўскаму. Маўляў, ён дзеяч старажытнай культуры, а помнік будзе ў старым горадзе і гэтак далей... Чаму ня Э. П. (Эўфрасіньні Полацкай), альбо Ф. С. (Францішку Скарыну)? Адказу не было...
Фармалізм вынікае зь незасвоенасьці вобразаў культурных герояў у нацыянальнай сьведамасьці. На гэтым штучным фармальным патасе была пабудаваная ўся сыстэма адукацыі, культуры і, як вынік, няпэўных мастацкіх вобразаў. Можа, прычына ў савецкім урбаністычным асяродзьдзі, у савецкай самацэнзуры, дзе няма месца прасьветленай старасьвеччыне, нацыянальным героям? Але ж і ў Празе беларусы паставілі Скарыну, які ўсім духам сваім просіцца на плошчу якога-небудзь з нашых безаблічных райцэнтраў! А ў Менску Скарыны гэтак і не паставілі. Ня здолелі стварыць вобразу. Нават такога, які скульптар Глебаў зрабіў для Полацку. Там гэта работнік у сярмязе з падкасанымі рукавамі. Гэткі задуменны сьлесар у барэце: «Георгнй Скорнна». Калі сам скульптар недасьведчаны альбо няшчыры, рэакцыя гледачоў зазвычай непасрэдная. Можна скласьці цэлую нізку показак і кпінаў, якімі дасьціпнікі ўзнагародзілі «Коласа на кучы», «самую вялікую
настольную статуэтку» — помнік песьняру на аднайменнай плошчы ў Менску.
Mae рацыю Адам Глобус у сваёй кнізе «Сьмерцьмужчына», калі кажа, што ў беларусаў няма сваіх могілак. Помнікі на могілках падпісаныя ў нас папольску, па-расейску, па-жыдоўску... а па-беларуску няма. Значыць, манумэнты дзеячам Беларушчыны зьявяцца не раней, чым зьявяцца Беларускія магілы? Але ж надмагільлі нашых паэтаў — беларускія. Ці ў беларусаў паміраюць толькі паэты? Ці толькі паэты — беларусы?..
Рана ці позна мы знойдзем адказы на гэтыя пытаньні. Пакуль жа ходзім да тых нацыянальных помнікаў, якія такіх пытаньняў не нараджаюць. Напрыклад, да фантану ў Купалаўскім парку. Перад «Купалінкамі» ўжо ніхто не хіхікае. Значыць, нешта зьмяняецца, цячэ разам зь сьвіслацкімі водамі. А яшчэ мы ходзім да драўлянага крыжа ў Курапатах, які людзі самі прынесьлі на руках і самі паставілі. Гэты крыж не выклікае пытаньняў: навошта ён тут? Навату тых, хто яго некалькі разоў ламаў... Гэта ўжо НАШ крыж.
«Тут жыў я»
Калі я распавёў Уладзімеру Караткевічу, што мару зьехаць зь Менску ў Вільню, ён, на маё зьдзіўленьне, адрэагаваў надта рэзка. «Ну што вам у Вільні — намазана чым ці што? У нас жа ёсьць Менск, свая сталіца. У Менску сёньня жыве большасьць нашых пісьменьнікаў і мастакоў. Вось ужо і свае мэмарыяльныя табліцы пазьяўляліся. Абрасьцем пакрысе тымі табліцамі, як мохам, — і будзе табе наша гісторыя...»
Сапраўды, мэмарыяльных табліцаў у Менску становіцца ўсё болей. Часам і празь меру. Памятаеце дом на рагу Маркса й Леніна, той самы, дзе цяпер музэй Броўкі? На пачатку стагодзьдзя яго паставіў слынны менскі архітэктар Гай. Дасёньня ж умудрыліся гэтак шчыльна завешаць шыльдамі, што за імі ўжо не відаць сьценаў. Аднак адчуваньне гістарычнае повязі гэтак і не прыйшло. Можа, адтаго, што над домам па-ранейшаму, вось ужо чвэрць стагодзьдзя, навісае арматура рэклямы «Аэрафлёту», якая сама ня памятае, калі яна сьвяцілася нэонавымі лямпачкамі? Ці ад таго, што сам чыгунна-бронзавы «іканастас» выклікае супярэчлівыя пачуцьці: Чарвякоў і Панамарэнка, Дзяржынскі і Мацэпура, Броўка й Нікольскі? Ці кожны мінак скажа, чым славуты Панамарэнка альбо якой навукай займаўся акадэмік Нікольскі?..
Кажуць, недзе тут жыў і шэф НКВД Цанава. Аднойчы просты мінак спытаўся ў яго, колькі часу? Уражаны Цанава азірнуўся навокал і ня здолеў адказаць
(бо не насіў гадзіньніка). Быццам наступнае раніцы на гэтым доме зьявіўся гадзіньнік. Гадзіньніка даўно няма, але вуліцы носяць усё тыя ж імёны заснавальнікаў навуковага камунізму. Што ж, і гэта свая гісторыя... Хто што хоча, той тое й памятае. Даўней адрасам гэтага дому быў рог вуліцаў Падгорнай і Губэрнатарскай (былой Францішканскай). Можа, каб гэты будынак адмылі ад колеру энкавэдэшнага шыняля, зьнялі каўпак аэрафлётаўскае рэклямы, зьвезьлі б усе мэмарыяльныя дошкі й зрабілі адну малюсенькую: «Помнік архітэктуры, дойлід Гай», — мінакі б прыпыняліся міжволі, каб разгледзець яго старасьвецкую пекнасьць?
Мэмарыяльныя знакі самі па сабе мала што значаць, калі ў народнай сьведамасьці яны не асацыююцца з падзеямі альбо з асобамі, ролі якіх ясныя ўсім. За гады незалежнасьці шматкроць спрабавалі зрабіць, напрыклад, мэмарыяльны знак пры будынку КДБ — памяці балылавіцкіх ахвяраў. Тады б роля гэтае ўстановы ў нашай гісторыі была вызначаная. Можа, такі знак зьмяніў бы і нашую сёньняшнюю гісторыю... He пасьпелі лрымацаваць і ўжо гатовую табліцу на былы архірэйскі дом, дзе ў 18-м годзе 25 сакавіка абвесьцілі незалежнасьць...
Выглядае, што мэмарыяльныя знакі ў Менску — гэта ўсяго толькі захоп прасторы. Але ўявіце сабе, каб у Парыжы ці Рыме задаліся мэтаю адзначыць табліцамі ўсіх пісьменьнікаў, кампазытараў і мастакоў, што там жылі... Бадай, тады не знайшлося б месца жывым людзям. У Менску інакш. На доме нумар 29 па вуліцы Пуліхава на адным рагу — мэмарыяльная шыльда Пімена Панчанкі, на другім — Кастуся Кірэенкі, a таксама Івана Чыгрынава й Барыса Сачанкі. Для жыхароў дому — гэта былыя суседзі, для выпадковых людзей, што часам прамінаюць гэты двор, — «нейкія пісьменьнікі».
Нацыя помніць сваіх герояў ня дзякуючы фізычным якасьцям чыгуна ці бронзы. У доме, на якім вісіць шыльда Пестрака, таксама жыў Зьміцер Бартосік, бард, літаратар і журналіст, — і ў Менску ўжо лягчэй сустрэць чалавека, знаёмага з творчасьцю жывога барда, чым з творчасьцю «заслужанага дзеяча культуры БССР».