Прачутае  Сяргей Харэўскі

Прачутае

Сяргей Харэўскі
Выдавец:
Памер: 145с.
Вільня 2012
23.63 МБ
Агульны сымбалічны асяродак архітэктуры злучае мноства культурных утварэньняў, што складаюць народ Беларусі — тракт, вуліца, пляц, ратуша, царква, касьцёл, сынагога, могілкі... Зразумелая ўсім і агульнапрызнаная як сыстэма сымбаляў, архітэктура выступала нарматыўным рэгулятарам паводзінаў і спрыяла культурнай кансалідацыі.
Гісторыя нашае архітэктуры — гэта гісторыя нашых вобразаў сусьвету, нашага разуменьня свайго месца між сьветам натуральным і сьветам Боскім. Сымбалізм нашага дойлідзтва быў ясны і зразумелы, як супрацьстаўленьне зямнога і нябеснага. Бадай, як ні ў воднага іншага народу Эўропы, нашыя шараговыя, жылыя й гаспадарчыя, будынкі не адрозьніваліся настолькі недасяжна, непераадольна, непараўнальна ад будынкаў сакральных. Гэтак відавочная гэтая
бездань у Будславе, і ў Юравічах, і ў Глыбокім, і безьліч дзе яшчэ... Архітэктура Менску зараз зынямела, яна ня мае сваёй мовы.
2
Для суб'екту, асобнага чалавека ці сацыяльнай або рэлігійнай супольнасьці, страта архітэктурнага сымбалю ідэнтычнасьці азначае страту культурнага арыенціру, а ў шэрагу выпадкаў маргіналізацыю й выпаданьне суб'екту з культурнага й сацыяльнага поля. Страта ж адзінай, супольнай ідэнтычнасьці грамадзтва як цэласнага ўтварэньня фрагмэнтуе яго, становіцца вынікам, альбо й прычынаю, расколу сацыякультурнае прасторы.
У сучасным Менску самае прыкрае — адсутнасьць значнасьці. Яна, нязначнасьць, зьнясільвае. Адчуваньне значнасьці дадаецца архітэктуры часам, падзеямі, што зьнітаваныя менавіта з канкрэтнай адраснасьцю. Гэта людзкія лёсы альбо мастацкія ці літаратурныя тэмы, што нараджаліся ў пэўных сьценах. Але значнасьць можа праграмавацца ўжо пры будаўніцтве, самімі дойлідамі. Ці грамадзтвам, што запатрабуе гэткай значнасьці, дзеля сьцьвержаньня сваіх ідэалаў або памкненьняў. А што рабіць, калі ідэалаў ужо няма, а пра памкненьні яшчэ не задумаліся?..
Мы пазнаем прызначэньне такіх будынкаў па іхных формах. Пазнавальнасьць — адна з найважнейшых якасьцяў архітэктуры, дзякуючы чаму мы арыентуемся, адрозьніваючы шпіталь ад банку, вакзал ад палацу. Але ў Менску палацавыя інтэр'еры зарылі ў зямлю мэтрапалітэну, а палацы выглядаюць прамысловымі аб'ектамі, вакзалы ж — як крытыя рынкі, і наадварот. Уначы, у зіхценьні таннага шчасьця галоўнага праспэкту ці ў беспраглядным сутоньні чорных двароў, мы
ў Менску зусім ня маем пэўнасьці ў сутнасьці й прызначэньні ўсяго, што нас тут атачае...
Апроч прызначэньня будынку мы ж мусілі б адчуваць таксама й жыцьцёвую прастору, уваход, пад'езд, лесьвічную пляцоўку... Наш позірк у Менску часьцей не фіксуецца на ўзроўні чалавечага вока. Першыя паверхі вуліцаў насамрэч успрымаюцца з пакаёвага гледзішча. Адпаведна, яны мусяць быць дэталізаваныя, мадуляваныя, цікавыя па-чалавечы: дзьвярныя клямкі, парэнчы, кветкі, вокны з ваканіцамі, дзьверы як візытоўкі... Мы ж ходзім штодзень міма акурат такіх першых і цокальных паверхаў, адчуваючы іх усёй сваёй існасьцю, бо глядзім на гэта ўсё ва ўпор, як у сьцены ўласных кватэраў. Вырасьлі пакаленьні, для якіх гэта ўжо няважна. Як і шмат чаго іншага ў жыцьці...
Менск, як і ўся Беларусь, яшчэ ніколі ня нёс такіх стратаў сваёй гісторыка-культурнай тоеснасьці, якія ён перажывае цягам апошніх гадоў — менавіта ўлетку 2005 году з будаўніцтва камэрцыйных комплексаў рынкавага тыпу на Нямізе пачалася тая хваля неабгрунтаванай будаўнічай інтэрвэнцыі ў гістарычную тканку тысячагадовага гораду, якую мы назіраем сёньня.
Падобнае мела месца да сярэдзіны 70-х, але нават тады, пасьля зносу старажытнай Нямігі, кіраўніцтву БССР хапіла розуму прыслухацца да меркаваньняў спэцыялістаў і, нягледзячы на ўжо вынесены прысуд Верхняму Гораду на поўнае зьнішчэньне, пачаць фрагмэнтарна выконваць заканадаўства ў галіне аховы спадчыны. У выніку мы маем унікальны ансамбль. Пакуль маем. Чаму ў Менску нельга заваліць якую пачварную спарудзіну-скрыню з сылікатнае цэглы й панэляў, а вось атрымаць дазвол на зьнішчэньне ў сто разоў больш каштоўнага помніку старасьвеччыны можна? Менавіта з-за таго, што бальшыня (!) людзей, ня кажучы пра чыноўнікаў, цяпер у Менску ня бачаць
увогуле нічога, вартага захаваньня, шанаваньня, ашчаджэньня...
Дэтэктыўным сюжэтам стала далейшае будаўніцтва ў гістарычных ахоўных зонах Менску. У гэтым сюжэце ёсьць усё: ад дэзынфармацыі дзяржаўных наглядных органаў і эквілібрыстыкі з матывацыйнымі інтэнцыямі, з падробкаю праектных матэрыялаў да звычайнай непрыхаванай карупцыі. He сумняваюся, што ўсе кропкі над «і» тут будуць з часам пастаўленыя, бо далейшае выкананьне дзяржаваю сваіх абавязкаў у дачыненьні гісторыка-культурнай спадчыны ў адваротным выпадку будзе папросту заблякаванае...
Але настолькі бязьмежнага ігнараваньня ўласнага заканадаўства, як сёньня, яшчэ не назіралася ніколі. I ніколі яшчэ гісторыка-культурны масіў эўрапейскай краіны ня меў настолькі маштабных стратаў, калі без навуковай фіксацыі ды вывучэньня нішчацца ня толькі помнікі разам з культурным пластом, але і падважваецца сама мажлівасьць у далейшым навукова абгрунтаванай рэгенэрацыі гістарычных тэрыторыяў.
3
А паркі, славутыя менскія паркі, якімі мы ганарыліся й у якіх вырасьлі, сёньня зьнікаюць, выміраюць нягучна. У гады майго дзяцінства ў парку Горкага праводзіліся конкурсы дзіцячых малюнкаў на асфальце. Гэта было прыгожае відовішча: пярэстыя карцінкі, намаляваныя каляроваю крэйдаю. На шэрым асфальце яны трывалі некалькі дзён. Праходзячы міма, я імкнуўся не наступіць. Але дажджы й вецер рабілі сваё.
Гледзячы на кубамэтры бэтону й асфальту, ня верыцца сёньня, што гэты парк — адзін з самых старых у Беларусі, і яму больш за 200 гадоў. I ўжо паўтара стагодзьдзя таму ён быў візытоўкаю Менску. «Найперш
кідаюцца ў вочы гаі й прысады велізарнага гарадзкога саду...»1 — пісаў у 50-я гады XIX стагодзьдзя Павал Шпілеўскі. Усьлед за ім гарадзкому, ці, як яго тады называлі, губэрнатарскаму, саду, прысьвяцілі нямала дыфірамбаў Сыракомля й Гаўсман.
Парк у 90-я гады XVIII стагодзьдзя заклаў губэрнатар Захар Карнееў, які быў масонам і лічыўся лібэралам. На ягоны гонар пры першым дрэўцы, якое Карнееў пасадзіў сваймі рукамі, калегі-масоны паставілі своеасаблівы помнік — конусападобную калёну з лацінскім надпісам: «Сад гэты пасаджаны й разьведзены рупнасьцю і ўпартасьцю менскага губэрнатора Карнеева». Крыху пазьней, у сярэдзіне XIX стагодзьдзя, пасярэдзіне парку паставілі яшчэ адну калёну, з патэтычным надпісам па-лацінску «Post laborem requies»2... Сам сад Шпілеўскі апісваў так: «Пачынаючы з траўня, сад напаўняецца ледзь ня штодзень амаль усім горадам: па вечарах у ім грае музыка, а па высокаўрачыстых днях бывае ілюмінацыя й калі-нікалі фэервэрк. Перад садам бярозавы гай, аддзелены ад цэнтру Сьвіслаччу, якая апярэзвае сабою астатнюю прастору саду, і, пры злучэньні зь невялікаю пратокай зь левага боку, утварае прыгожую паўвыспу. Бярозавы гай гэткі густы, што скрозь гушчар сваёй зеляніны амаль ніколі не прапускае сонечных прамянёў.
Ён увесь перасечаны сьцежкамі й прысадкамі, якія прымыкаюць да ракі, на беразе якое стаіць дамок, пабудаваны Сямёнавым, дзе ён жыў улетку»3.
Сямёнаў — яшчэ адзін зь менскіх губэрнатараў, які таксама праславіўся добрымі справамі ў беларускай сталіцы. Былы дзекабрыст, ён быў ініцыятарам збору
1 Шпнлевскмй, П. М. Путешествме по Полесью н Белорусскому краю. Мн.: Полымя, 1992. С. 131.
2 «Пасьля працы — адпачынак» (лац.).
3 Шпнлевскмй, П. М. Путешествме по Полесью н Белорусскому краю... С. 151—152.
дакумэнтаў, якія тычыліся нашае гісторыі. Ён стварыў у Менску першую публічную бібліятэку й рэканструяваў гарадзкі тэатар. Што да ягонага дамка — дык ён застаўся толькі на малюнку. Традыцыя ладзіць у парку панскія сядзібы скончылася на Якубу Коласу, якому перад вайною падарылі цагляны дом на гары, што стаіць і сёньня. Купала ж ад гэткага прэзэнту адмовіўся. Але менавіта Купалу ў парку быў пастаўлены бюсьцік. Ён стаяў ахайна на курганку, акурат пасярод паляны. Але ў скульптара, які зрабіў гэты бюст яшчэ пры жыцьці паэта, было прозьвішча Раберман. I калі брат скульптара зьехаў у Ізраіль, бюст прыбралі.
А калі зьехаў і сам скульлтар, дык бюст той паставілі ў Вязынцы.
Шпілеўскі падрабязна апісаў і іншыя цікавінкі парку: «...Каля дамка ёсьць штучная горка, званая, немаведама чаму, Усьціньняй, злучаная мастком над маленькім каналам з курганом, зрэзаным сьпіральнымі сьцежкамі, абапал якіх кветнікі. Б'е тут крыніца з жалезістымі водамі, аточаная агароджаю. За мастком некалькі маленькіх палісаднікаў, за якімі ўжо перакінуты церазь Сьвіслач прыгожы пантонны мост з лавамі. Наўпрост ідуць вельмі шырокія прысады, у засені цяністых вязаў, клёнаў, ліпаў, каштанаў. На рагу іхным зладжаныя драўляныя падмосткі для музыкаў... Налева ад яловых прысадаў — шыкоўны таполевы гаёк, у глыбіні якога знаходзіцца драўляны павільён... 3-пад кораню алешыны прабіваецца чыстая, як крышталь, крыніца зь серністымі водамі... Шмат хто зь мясцовых жыхароў ходзіць сюды раніцай і п'юць па некалькі шклянак вады...»1
Адным словам, быў папулярны культурны курортз жывою музыкаю. Рэшткі той агароджы вакол лячэбнае
1 Шпнлевскмй, П. М. Путешествне по Полесью н Белорусскому краю... С. 152.
крыніцы я памятаю зь дзяцінства. Памятаю таксама драўляныя павільёны. У адным зь іх гулялі ў шахматы, у іншым быў цір.
Але з году ў год у старасьвецкім парку станавілася ўсё больш бэтону й асфальту. Калі дызайнэр Цьвінгель зрабіў новыя масткі з каванкаю й некалькі фантанчыкаў, выкладзеных бітай пярэстай пліткаю, гэта ня выклікала пярэчаньня. Але ўсьлед зьявіліся новыя павільёны, бэтонныя эстрады і... нарэшце, палац зімовага спорту паводле праекту Грыгор'ева. У дадатак на месца колішняга зялёнага лужка, дзе бавілася дзятва з мамкамі, навезьлі паламаных бэтонных трубаў і прысыпалі жвірам... I чым больш станавілася бэтону, тым менш функцыянальны рабіўся парк. Фантаны пасохлі, нават самы стары, на гары, што з каменнымі жабамі, якіх зьвезьлі ад «Хлопчыка зь лебедзем». Жабы, дарэчы, 1874 году.
Пасохлі пітныя фантанчыкі Цьвінгеля. Ссох фантанчык ля вадаспаду. Бэтонныя эстрады лалушчыліся, і ў пустых павільёнах месьцяцца нейкія склады. У бэтоннай спарудзе Грыгор'ева пасьля пяцігадовае рэстаўрацыі гуляе ў хакей Лукашэнка. А па цёмных начных прысадах бадзяюцца чыесьці сабакі. I ня ладзяць больш конкурсаў крэйдавых малюнкаў на асфальце, у адным зь якіх, зусім малы, перамог і я...