Прадыслава
Вольга Іпатава
Выдавец: Беларусь
Памер: 272с.
Мінск 1997
Па вузенькім вымашчаным каменнем дворыку Троіцкага манастыра, некалі адабраным мітрапалітам Пацеем у праваслаўнага брацтва, ішоў малады манах. Быў ён у звычайнай для ўсіх настаўнікаў калегіі чорнай сутане, якая, аднак, ляжала на ім так лоўка, што адразу выдавала шытво лепшых віленскіх краўцоў» Коратка астрыжаныя цёмныя валасы маладзілі худы, энергічны твар з тонкімі рысамі, разумнымі светлымі вачыма. Чужымі здаваліся на гэтым цвёрдым, нібы высечаным з белага мармуру твары адно вусны — чырвоныя, пульхныя, як у наіўнага, па-цялячы задаволенага жыццём юнака. Ен знарок падціскаў іх, яшчэ больш насупліваючы бровы.
Тоўстыя каменныя сцены манастыра стваралі ўнутры амаль правільны чатырохкутнік, з якога быў толькі адзін выхад на вуліцу. У адных з вуглавых дзвярэй стаяў высокі манах.
— Брат Казімір, пан настаяцель заняты. Поасіў крыху пачакаць. Вось тут, пшэпрашэм.
Ён паказаў на невялікую драўляяую лаву, на якую падала яркае святло. Малады чалавек усеўся на яе, выцягнуў з кішэні сутаны невялічкую кніжачку ў чорным аксамітавым пераплёце і паглыбіўся ў яе. Потым уздыхнуў і, закрыўшы кніжку, моўчкі правёў пальцамі па загалоўнаму лісту. «Пётр Скарга. Адказ на артыкул аб езуітах».
Ён помніў гэтую кніжку назубок. Некалі, яшчэ дзесяцігадовым хлопчыкам, ён слухаў словы, надрукаваныя цяпер у ёй, і, здаецца, зноў чуў голас чалавека, якому быў абавязаны ўсім і якога ўспамінаў штодзённа, хаця са смерці яго прайшло ўжо амаль дзесяць гадоў.
Тады, у Вісліцкім касцёле, прысутнічалі сенат, сеймавыя паслы і сам кароль Сігізмунд IIL А ён сядзеў непадалёк ад алтара ў групе вучняў калегіі, апрануты анёлкам, і з гордасцю глядзеў, як кідаў Скарга гарачыя, усхваляваныя словы водпаведзі тым, хто пасмеў распусціць свой брудны язык на езуітаў: «О рыцары і прасветлая шляхта! Вы аддаяце нам свой скарб — вашых дзяцей; скажыце, ці так вы плаціце нам за нашы паслугі? О моладзь і лепшая надзея вялікіх польскіх дамоў! Ты ў нас вучылася, ты адукавана святлом нашых калегій — скажы: чаму благому мы цябе вучылі? I ты, святлейшы кароль, сведчы пра нас — для чаго ты трымаеш нас пры сваім двары?»
Цішыня стаяла ў касцёле. Нехта побач кашлянуў, на яго зашыкалі.
«Дух Кальвіна і Лютэра не ажыве да таго часу, пакуль Польшчу будуць берагчы езуіты — гэтыя верныя псы папы...»
Здавалася, абрушыліся сцены касцёла. Апладысменты, хаця нельга апладзіраваць у касцёле, усхваляваныя твары. А прапаведнік павольна сыходзіў з кафедры, твар яго быў пакрыты буйнымі кроплямі поту, сівыя бровы ссунуты, і ён хутчэй прашаптаў, чым сказаў:
— Казік, вады.
I ён, шчаслівы, прыбег з поўнай чашай вады і замілавана глядзеў, як спакойна, стрымана адказваў Скарга свіце караля, што акружыла яго:
— На жаль, шмат забурэнняў нават між духоўнымі асобамі. Што ж казаць пра шляхту?
А потым, калі ўсе пайшлі, паклаў руку яму на галаву і сказаў ласкава:
— Я задаволены тваімі поспехамі, сын мой. Але мясцовую славянскую мову трэба знаць лепей. Яна яшчэ спатрэбіцца табе.— I, звяртаючыся да вучняў калегіі і іх бацькоў, усміхнуўся:
— Многім вашым высакародным сынам не хапае такой прагі да навукі, якую выказвае гэты хлапчук.
На што нехта лісліва сказаў:
— Нездарма ж гэта ваш выхаванец, пан рэктар. А ці праўда, што ён — беларусец?
— Ён каталік. I, спадзяюся, будзе верным сынам Рэчы Паспалітай. А вы выпадкова не ведаеце, хто былі вашы продкі, пан Хадкевіч?
I ўсе вакол пачалі смяяцца невядома чаму. А класны настаўнік, брат Іеронім, пачціва пакланіўшыся рэктару, моўчкі павёў вучняў за сабой і толькі каля самай калегіі павучальна сказаў:
— Усё сваё жыццё ты павінен быць удзячны пану рэктару.
...Ён і так быў удзячны. I не за тое, што знакаміты каралеўскі прапаведнік Пётр Скарга падабраў яго, як расказвалі манахі, паміраючага на дарозе. А за тое, што з Полацка той прывёз яго сюды, у Вільню, да лепшых настаўнікаў Польшчы, за тое, што далучыў да еўрапейскай культуры, даў магчымасць стаць настаўнікам дзяцей аднаго з самых бліскучых некалі магнатаў Вільні — дома Гаштольдаў. Род Гаштольдаў, цесна звязаны з родам князёў Тальшанскіх, які даў польскую каралеву Соф’ю — маці караля Казіміра — і далейшых Ягелонаў, скончыўся ўсяго паўвека назад, яго багацце перайшло да езуітаў. Але родзічы Гаштольдаў, якія сталі арандатарамі палаца ў Вільні, былі досыць багатыя і знатныя людзі, служыць у іх было пачэсна.
Некалькі разоў, яшчэ вучнем старэйшых класаў у калегіі, малады настаўнік бываў у гарадскіх беднякоў. Звычайна яны жылі ў падвалах вялікіх камяніц, якія так упрыгожвалі віленскія вуліцы. Гэта былі рамеснікі, якія працавалі ад цямна да цямна і ўсё-ткі зараблялі так мала, што варта было галаве сям’і захварэць, як уся сям’я ўпадала ў галечу. Маладыя члены Брацтва Міласэрнасці прыносілі такім сем’ям грошы, адзенне, хлеб — усё, чым можна было хоць
трохі дапамагчы няшчасным. Казімір ганарыўся, калі людзі дзякавалі яму, кідаліся цалаваць рукі, як збаўцу ад голаду. He раз расказвалі на занятках, як, уступіўшы ў члены Брацтва, сам кароль Сігізмунд III са сваёй світай хадзіў па вуліцах збіраць міласціну для бедных людзей.
' Праўда, некалькі разоў сем’і, куды яны прыходзілі, былі праваслаўныя. I вельмі часта, нягледзячы на голад, людзі адмаўляліся ад дапамогі. Толькі раз, калі разгневаны майстар з пракляццем выгнаў іх, жонка яго, змучаная, рана пастарэлая кабета, выбегла за імі і, працягваючы рукі, папрасіла:
— Людцы вы мае, не звяртайце ўвагі на хворага чалавека! Дзеці мруць, дык чаму не прыняць ад добрага чалавека помач? А што не католікі — дык даўно ўжо ўгаворваю мужыка: давай перахрысцімся! Па сённяшніх часах інакш і не выжывеш!
Ён доўга думаў над яе словамі. Іх веры патрэбны такія перабежчыкі, што з-за кавалка хлеба гатовы прыняць хоць іслам? А потым рашыў: патрэбны! He яна, а яе дзеці, якіх выхавае святы касцёл, будуць вернымі сынамі Айчыны.
Айчына... Любові да яе вучыў і Скарга, святы айцец, як называў яго Казімір. Пра Айчыну ён гаварыў палка і натхнёна. Пра гэта казалі яго кнігі.
Казімір помніў тыя словы, таму што з дзяцінства завучваў усё, што пісаў яго настаўнік: «Божа! Я выканаў тую службу, на якую ты паслаў мяне. Я вучыў людзей, каб яны цвёрда і шчыра любілі свае абедзве мацеры — касцёл і Айчыну, каб ерэтычныя нязгоды іх не раздзялялі... Паноў сваёй Айчыны я вучыў: будзьце вернымі і паслухмянымі сваім каралям — аберагайце сябе ад бурчання і дарэмнага гневу — майце між сабой сяброўства і сваёй вольнасцю не наклікайце на Айчыну няволі! Ад усёй душы я жадаў, каб паны не прыцяснялі сваіх падданых... Я вучыў іх, каб яны збіралі сродкі не на шаўковае адзенне, віны і раскошу, а на абарону Рэчы Паспалітай... і сваёй айчыны мілай...»
Казімір ведаў — таму і нельга мець літасці да рознай ерасі, што іменна яна, вынікшая з самага страшнага зла — вальнадумства,— і разбурае Айчыну. 3 дзяцінства яго вучылі паслушэнству. Нездарма настаўнікі ранняй вясной уткнулі ў агародзе некалькі
палак-кульбак — і кожную раніцу, да самай восені, вучні палівалі вадой дзеравяшкі. Іх вучылі верыць, што гэта не кульбакі, а дрэўцы, і яны верылі. А той, хто не навучыцца верыць, не варты належаць да высокага ордэна езуітаў, якім ганарыўся сам папа рымскі.
«Езуіты — гэта цэмент, без якога нельга пабудаваць каменны будынак сапраўднай веры»,— не раз гаварылася ў калегіі, а потым у акадэміі, дзе рэктарам быў настаўнік караля — Пётр Скарга.
...Сонца пякло Казіміра. Але ён не варушыўся, раздумваючы. Ha нос нешта села. Ён правёў пальцамі па твары і доўга разглядаў маленькую серабрыстую павуцінку, немаведама як прыляцеўшую ў каменны мяшок манастыра. Яна чамусьці нагадала яму панну Зосю — малеяькую, пяшчотную шляхцянку, малодшую дачку віленскага старасты пана Тышкевіча. Зосі толькі што стукнула шаснаццаць, але ў вачах яе, смяшлівых і какетлівых, часам мільгала нешта такое жаночае, што ён адчуваў: у яго пачынаюць чырванець вушы і грукае сэрца. Калі яна пакорліва станавілася ў касцёле на калені і кявінна нахіляла прыгожую галоўку, ён лавіў сябе на жаданні дакрануцца вуснамі да пушыстых белых кудзеркаў. Але вочы яго заставаліся халодныя і раўнадушныя.
Усё гэта — часовыя спакусы, не больш. У мяне ёсць вышэйшае прызванне. Я, просты манах ордэна езуітаў, буду мець больш улады і сілы, чым любы з высакародных шляхціцаў Вільні, што жаніхамі прыходзяць у дом Тышкевічаў. Нездарма дэвізам сабе ён выбраў лацінскі выраз: «Silicis venis abstrudo ignis» — «Агонь, што схаваны ў жылах крэменю». Яму падабалася паэзія і дакладнасць гэтых слоў. Так, знешне ён будзе як крэмень. А ўнутры душа будзе гарэць агнём... агнём веры.
I ўсё-ткі ён, не прызнаючыся сабе, любіў тое, што гнеўна асуджаў на словах: багацце магнацкіх палацаў, іх раскошу, крышталь на абедзенным стале, венецыянскую парчу на жанчынах і пурпурныя заслоны ў гасціных. Багацце пахла вострымі індыйскімі спецыямі, коленскай вадой і мускусам у зімовы вечар — о, не так, зусім не так, як пахла жыллё беднякоў. Ён ненавідзеў іх чырвоныя, распараныя ад бясконцай работы рукі, іх лахмаяы і зацкаваныя твары, іх
невуцтва. Ён добра ведаў іх грубую гаворку — але гэта было патрэбна для будучай яго работы, і ён ненавідзеў тую работу таксама. Але іначай не возьмеш таго, што хочаш,— улады і раскошы.
На двары пачуліся крокі. 3 дзвярэй выйшаў заклапочаны Леў Сапега. Убачыўшы Казіміра, ён, аднак, прыязна ўсміхнуўся яму.
— А, гэта ты, місьцюк? Падрос, падрос. Даўно не бачыў цябе. Кажуць, ты робіш нядрэнную кар’еру?
Казімір смірэнна схіліў голаў.
— Я, ваша мосць, толькі стараюся выконваць часцінку той агромністай работы, што завяшчаў нам усім дастойнейшы настаўнік...
— Дарэчы, цябе і выклікае мітрапаліт якраз для гэтага. Чуў я, што нябожчык пан Скарга прасіў клапаціцца аб табе, называў цябе будучай гордасцю езуітаў?
— Брат мой Іосіф-Вельямін клапоціцца пра мяне адзіна з прычыны сваёй міласэрнасці...
— Бачу, маладзенчык рымскі, вышкалілі цябе добра. Ну, будзь здароў. Часы цяпер такія, што хопіць усім нам работы. Але адно помні: Княства не памерла, і ты, пане, усё-ткі не паляк, а беларусін...
Ён з прыкрасцю махнуў рукой і размашыста пакрочыў да выхаду.
Казімір падняўся.
«Вось яшчэ дзівак,— падумалася яму.— Носіцца са сваім Княствам Літоўскім, нібы Ягайла амаль два стагоддзі назад не аддаў тое Княства Польшчы, а Жыгімонт-Аўгуст не пацвердзіў таго. Вяльможа размаўляе на славянскай гаворцы, на якой беларусіны-хлопы гавораць, а Статут такі напісаў, што гэтым хлопам і шчыліны свабоднай не пакінуў. А што пра беларусіна сказаў — дарэмна. Ніхто не ведае, чый ён. Знайшлі — ну і што?»