• Газеты, часопісы і г.д.
  • Праведная галеча  Франс Эміль Сіланпя

    Праведная галеча

    Франс Эміль Сіланпя

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 184с.
    Мінск 2019
    52.79 МБ
    каву, падрабязна распытвала, як памерла Мая. Спачатку ўсё здавалася яму чужым, і пачуццё безабароннасці, няўпэўненасці ды няёмкасці напаўняла яго так, што нават траціць грошы тут было прыкра. Аднак ён ніяк не мог пайсці разам з іншымі лесарубамі. Магчыма, што гэта і было вырашальным, бо мроі ў царкве таго траецкага дня зусім не супадалі з тым, што ён убачыў у родных мясцінах.
    Былы маленькі Юсі Нікіля цяпер стаў дарослым парабкам на хутары Пір’ёла, які знаходзіўся непадалёк ад ягонай роднай вёскі. Васьмідзясятыя гады пачаліся.
    Раздзел IV
    ЖЫЦЦЯ СПЯКОТНЫ ПОЎДЗЕНЬ
    Калі чалавек, паблукаўшы па свеце, вяртаецца ў родныя мясціны, ён павінен быць лепшым за іншых. Добрая вопратка, добрыя грошы і добрыя паводзіны важнай асобы. Ён павінен умець танцаваць і з жартамі заляцацца да дзяўчат. Калі чалавек адпавядае ўсім гэтым умовам, значыць, ён дамогся поспеху ў жыцці і можа стаць войтам, ажаніцца з жанчынаю з заможнай гаспадаркі, атрымаць добры надзел-торп, купіць у сталыя гады ўласны дом з зямлёю і, аддаючы ўсе сілы гэтай гаспадарцы, нарэшце заплаціць назапашаныя пазыкі. Так можа здарыцца і ўжо не адзін раз здаралася: нічога таму не перашкаджае. Аднак немагчыма было нават уявіць, што нешта падобнае можа адбыцца з Юхам (у родных краях Юсі атрымаў імя Юха).
    Ягоная родная Нікіля цяпер самая лепшая гаспадарка ва ўсёй вёсцы — прынамсі, нічым не горшая за Олілу. У Нікілі пабудаваны шыкоўны новы дом, у якім жыве з жонкаю сын нябожчыка таткі Олілы Антаа. Гаспадыня паходзіць з важнага роду, і кажуць, нібыта яна заявіла, што нагі яе не будзе ў смярдзючым мярлогу старога Нікіля. Ды пільнай патрэбы ў тым і не было, бо Антаа, завалодаўшы хутарам, наняў будаўнікоў, якія згадзіліся працаваць толькі за харчы: цесляры з поўначы навыперадкі прапаноўвалі свае паслугі і ледзьве не кідаліся ў бойку за працоўнае месца. А ўсё таму, што
    хлеб у таткі Олілы быў заўсёды, а ён сам толькі стаяў, назіраў за будоўляю ў сына і прыгаворваў: «Усё добранька, пакуль стае хлеба і грошай». Дом збудавалі яшчэ да восені, хлявы паправілі, а падворак абнеслі ладным мураваным плотам. А на Каляды сюды перабралася і гаспадыня. Калі ж пазней успаміналі пра тое, як пагана было раней на хутары Нікіля, дык здавалася, што старога Пеньямі з усімі сваімі выгналі адсюль за штосьці ганебнае, нібыта ён быў круцялём і гаспадарыў тут без усялякага на тое права. Цяпер жыццё тут было чыстае і прывольнае. Ніводзін парабак не бачыў новую гаспадыню ў ніжняй бялізне, як гэта было некалі з Маяй амаль кожны вечар. Старэйшы сын хадзіў у народную школку. Стары лес, які некалі належаў Пеньямі, упершыню высеклі і прадалі. Бедны хутар Нікіля ператварыўся ў адну з самых заможных гаспадарак ва ўсёй акрузе.
    У параўнанні з гэтым жыццёвы набытак Юсі быў нікчэмны. I вядома ж, стаў ён усяго толькі парабкам у Пір’ёле, старым, занядбаным хутары, дзе, апрача яго, была яшчэ адна парабчанка.
    У нядзелю вечарам Юха выпраўляецца ў Хар’якангас, яго міжволі цягне туды паглядзець на новыя парадкі. На нагах у яго рыпяць новенькія боты, у кішэні — дваццаць марак. Ён успамінае пра свой узрост і прыходзіць да высновы, што стаў дарослым. Вось жа, малы Юсі Нікіля — цяпер дарослы мужчына; бяжыць час, бяжыць. Убачыўшы абноўлены падворак Нікілі, ён думае: «Ты змяніўся, але змяніўся ж і я». За ўсе мінулыя гады стары Пеньямі ні разу не згадваўся яму, а тут раптам памяць абудзілася так жыва, што ён адчуў нават спагаду да свайго бацькі-нябожчыка. Па дарозе з Нікілі ў Олілу ягоная хада, увесь ягоны выгляд набываюць фанабэрыста-ўладнае адценне — зусім як у старога Пеньямі. У душы выбухам узнікае пагрозлівае і злоснае пачуццё да цяперашніх гаспадароў Нікілі і Олілы. Гэткія паны, уладкаваліся тут і прадаюць лес, хоць ні халеры не цямяць у лясной гаспадарцы. Тут жа былі такія лясы! I некранутыя былі, пакуль імі валодаў ягоны бацька Пеньямі! А тут — на табе! — гэты
    падпанак прадае бацькаў лес як свой уласны! Юха тупае так горда, нібы гэта ён толькі што прадаў свой лес. Ягоную істоту поўніць невымоўная асалода толькі ад аднае думкі, што ўяго ў кішэні такая процьма грошай. Аднак, паглядзеўшы на гэтага чалавека, не скажаш, колькі ж ёсць грошай у ягонай кішэні.
    Позна ўвечары ўжо крыху захмялелы Юха вяртаецца той жа дарогаю. На дарозе паміж Олілай і хутарам Нікіля ён прыпыняецца, ахоплены жаданнем загукаць: «Недаедкі вы Олілавы!» Каб яны, значыцца, ведалі, што Юха — сын Пеньямі Нікілі! Аднак ён маўчыць: гэты крык гучыць толькі ў ягонай дашчэнту аголенай гарэлкаю душы, і яна сочыць за ім, калі вось так Юха Нікіля тупае па дарозе ў глыбокім захапленні ад свайго бацькі Пеньямі. Сочыць, сочыць за ім душа, і няма куды ад яе падзецца. «Напраўду, Пеньямі валодаў лесам, валодаў ды згубіў незваротна. Хай гэта цябе і злуе, аднак усё было згодна з законам. Ты ганарышся тым, што ты сын чалавека, які валодаў і домам, і лесам, і ты нібыта пры чым... Лепей паглядзі: гэта зусім не тая гаспода, і нічога тут няма ад твайго бацькі; у гэтым доме жыве Олілаў Антаа, зразумеў? Гэта Антаа, сын нябожчыка таты Олілы, што з Кокемякаў. Во так яно і ёсць. А ты тупаеш у Пір’ёлу і будзеш там начаваць, і памятай, што ў кішэні ў цябе ўсяго дваццаць марак. Так і загадвай наперад. Паглядзі на людзей, паглядзі, як яны жывуць на свеце».
    Такую гаворку вяла душа, прарываючыся праз дурманны хмель не асобным словам, а суцэльным патокам.
    I Юха вяртаўся ў Пір’ёлу як гэтым вечарам у нядзелю, так і яшчэ шмат святочных і будзённых вечароў. Ён быў рахманым парабкам; людзі старэйшага веку добра памяталі, адкуль ён вядзе свой род, і гэта было выразна відаць па ягоных невялікіх усмешлівых вачах, як у старога Пеньямі, хоць норавам ён удаўся больш у сваю нябожчыцу-маці Маю. Былі ў яго і свае дзівацтвы, але не такія ўжо і вялікія, каб на іх звярталі асаблівую ўвагу. Асабліва дзіўным было ягонае стаўленне да грошай. Ён акуратна забіраў у гаспадара свой заробак, а таму гаспадар лічыўяго марнатраўцам. Але гаспадар
    памыляўся: Юха не траціў грошы марна, ён проста хацеў трымаць іх пры сабе. Гэта не было звычайнай ашчаднасцю, таму што беражлівы парабак заўсёды пакідае грошы ў гаспадара, імкнучыся не забіраць іх як мага даўжэй.
    У Пір’ёле ён пражыў адзін год. Ён працаваў на пару з немаладою прыслужніцай, якая пры канцы гэтага года выйшла замуж. «Ад гаспадаркі залежыць, як служанка выйдзе замуж», — сказаў тады гаспадар Пір’ёлы і паўтарыў тое праз два гады, калі Юха вярнуўся на хутар і намерыўся ажаніцца з новай служанкаю, якую звалі Рыйна.
    Для парабкаў і служанак вечар нядзелі і ноч на панядзелак — час самых моцных уражанняў і пачуццяў. Гэта час наканавання, час, калі іх падсцерагае непрадказальная небяспека. Пачуццё нядоўгай свабоды валодае імі, і з надыходам цемры гэтае пачуццё становіцца такім моцным, што ўначы чалавек забываецца на ўсе жыццёвыя цяжкасці і нягоды. Для шмат каго ноч з нядзелі на панядзелак сталася часам, калі пераломна мяняўся лёс: гэты падманна-салодкі момант азначаў толькі пачатак жыццёвых нягод. Такая ноч заваблівае людзей у шлюбныя пасткі, і вострыя зубы «штодзённых турбот» пачынаюць балюча кусаць іх. I ў гэтай ваўчынай пашчы не застаецца ўжо нічога ад слодычы тае нядзельнае ночы. Там пануюць штодзённыя работы, начныя замаразкі, хворыя дзеці ды змучаныя кабеты, гледзячы на якіх нават уявіць немагчыма, якімі прыгожымі яны былі ў дзеўках; дый ці мелі яны калі-небудзь прыгожы дзявочы выгляд, ці сапраўды іх некалі называлі дзяўчатамі? Там пануе смерць, якая забірае кароў і дзяцей, там цякуць дзіравыя стрэхі, там нядоімкі і неадпрацаваныя на полі дні. Там ёсць усё, апрача момантаў гармоніі; там, у ваўчынай пашчы, ніхто не любіць бліжняга свайго. А мімалётныя імгненні свабоды ўранні святочнага дня ад таго, што пастаіць чалавек на двары ў адной кашулі, не варта нават і лічыць нечым істотным. I тады няма нічога болей чужога, чым тая далёкая ноч з нядзелі на панядзелак,
    з якой усё і пачалося. Заўсёды сумна глядзець, як парабак і служанка з самым сур’ёзным выглядам пачынаюць тое, аб чым нават і думаць было б не варта.
    Здаецца, што Юха са сваім жыццёвым досведам павінен быў разумець, якое падманнае гэта пачуццё свабоды ў святочны дзень. 3-за таго ілжывага пачуцця па ягонай хлапечай спіне некалі пахадзіў кіёк гаспадара Туарылы. Аднак усё мае адну паганую ўласцівасць: чалавек лёгка забывае пра былыя беды ды іх гаротныя наступствы. Прырода спакус заўсёды адна і тая ж, спакуса імгненнай свабоды — не выключэнне. I нельга было патрабаваць ад Юхі пры ягоным узроўні развіцця, каб хлопец заўсёды памятаў пра тую лупцоўку, рабіў нейкія высновы і задумваўся над сваім будучым жыццём. Стомленасць ад вольнага адпачынку вельмі дапякала зрання ў панядзелак, але Юха таксама не браў гэтага пад увагу. Таму кожным вечарам у нядзелю ён кіраваўся ў вёску і хадзіў на танцулькі, хоць зусім не ўмеўтанцаваць. Часам ён глядзеў на бойкі паміж хлопцамі, але сам ніколі ў іх не ўдзельнічаў, і яго таксама не чапалі. Зрэдку ён крыху выпіваў з хлопцамі, аднак грошы даваў вельмі рэдка. Зусім не таму, што быў вялікі скнара, не. Ён проста баяўся такіх кампаній. Але ён нікому не назаляў, а таму і яго нярэдка частавалі.
    Такія вячэрнія паходы ў вёску нічым Юху не пагражалі. Быццам і не было ніякай небяспекі. Але, як выявілася пазней, яму было наканавана спаткацца з больш складанымі і хітрымі «наступствамі». Адзін з такіх паходаў стаўся вырашальным, і ягонае «наступства» прывяло да таго, што Юхава вялае на працягу дзесяцігоддзяў жыццё рэзка звярнула ў іншае рэчышча і што там адлюстравалася адна з асаблівасцей чалавечага існавання.
    Хоць Юха быў адзіным парабкам на хутары Пір’ёла і ўсяляк імкнуўся паказаць, што ён чалавек не проста разумны, а чалавек з вялікім жыццёвым досведам, ды быўу ягоным вопыце адзін пакутлівы недахоп: па-мужчынску ён яшчэ не ведаў жанчын. У кампаніі ён заўсёды даводзіў, што ўсё наадварот, зрэдку мог выдаць непрыстойны жарт, і гэта давала
    прастадушным бабам падставу сказаць: «Не, Юха яшчэ так не здурнеў, каб жаніцца». Ад таго Юха адчуваў невыказную асалоду і з яшчэ большым імпэтам стараўся пацвердзіць свой немалы досвед у гэтай галіне, нібыта нажыты падчас блуканняў па свеце. Аднак зусім інакш было, калі, зноў уклаўшыся ў свой кавалерскі ложак, ён слухаў дыханне Рыйны, якая спала тут жа за печкаю. Ён ніколі яшчэ не спазнаў жанчыны, і гэта было крыніцаю ягоных пакут. Рыйна была звычайнай дзяўчынаю, і не больш за тое. А Юха быў гатовы аддаць што хочаш, каб толькі набрацца адвагі і пайсці праз усю хату да яе ў ложак. Аднойчы ноччу, калі за печкай было незвычайна ціха, быццам Рыйна і не спала, Юха пракраўся туды і ўбачыў, што дзяўчыны не было дома. Тады Юха кінуўся на ейны ложак і паляжаў там пэўны час. А калі Рыйна вярнулася, Юха ўжо ляжаў у сваім ложку, старанна робячы выгляд, быццам даўно глыбока спіць.