Праведная галеча
Франс Эміль Сіланпя
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 184с.
Мінск 2019
Рыйне было дваццаць два гады. Легкадумная распусная дзеўка аднекуль з далёкіх мясцін сама папрасілася ў наймы на кірмашы ў Каўпале, і гаспадар смехам наняў яе. Працавала яна абы-як і пры першай жа магчымасці ўначы куды-небудзь збягала. Маладыя хлопцы не адважваліся па начах прыходзіць у Пір’ёлу, але і пільнай патрэбы ў тым не было, бо для Рыйны незнаёмыя мясціны перашкодаю не былі і яна лёгка ўладкоўвала свае заляцанкі-абяцанкі. Ужо вечарам першага вольнага дня яна, напяваючы нейкія толькі ёй вядомыя карагодныя песенькі, падалася ў вёску і вярнулася далёка за поўнач. Аб’ектам Юхавай таемнай пажадлівасці яна стала чыста выпадкова. Да Юхі яна ставілася абыякава, нехаця адказвала на ягоныя пытанні, увесь час напяваючы свае гарэзлівыя песенькі. А Юхава ўяўленне запрацавала напоўніцу.
I вось настаў той лёсавырашальны вечар паміж сенакосам і жнівом. У той дзень адчуванне паўнаты жыцця ў Юхі дасягнула найвышэйшага пункту і паўстала тым пытаннем, што ўвесь час ірвалася з падсвядомасці: «Хто я такі? Як я жыву? Як дарослы мужчына ці...» Тым вечарам ён накупляў
гарэлкі за свае грошы. Утрох хлопцы выпілі вялізную бутэльку і п’яныя пайшлі на танцы. Там усё было выдатна. Нейкі мужык ухапіў Юху загрудкі, і той лёгка паклаў задзіру на лапаткі. Няхай гэта была ўсяго толькі гульня, але Юха адчуў сябе сапраўдным моцным мужчынам. Адыходзячы з танцаў, ён у сенцах паціскаў дзевак, а ідучы адзін дадому, раптам усвядоміў, што даўно ўжо ён нічым не горшы за сваіх аднавяскоўцаў, дый наогул за ўсіх на свеце людзей.
Ён уваходзіць у цёмную хаціну і адважна кіруецца за печку да Рыйны, але яе пакуль што няма дома — ложак пусты. Юха асцярожна падыходзіць да акна і застывае там. У галаве ніводнай думкі, і толькі ўяўныя карціны праносяцца перад ім. У наскрозь захмялелай прытомнасці праясняецца ўвесь таемны сэнс зямнога існавання, але толькі нейкімі кароткімі ўспышкамі, і Юха проста не здольны зразумець, што да чаго. Цялесныя ж адчуванні не належаць да самых лепшых, але душу гэта не закранае.
На ахутанай змрокам дарозе паказваецца Рыйна ў кампаніі двух мужчын. П’яная радасць напаўняе Юхавудушу: мужчыны не наважацца зайсці ў хату, Рыйна прыйдзе — а ён ужо тут. Ён стаіць ля акна і чакае, пакуль Рыйна адчыніць дзверы, і толькі тады ён рушыць ёй напярэймы.
Першы раз у жыцці Ёхан, сын Пеньяміна, ва ўзросце дваццаці сямі гадоў трымае ў абдымках жанчыну. На гэта яго штурхае моцны хмель і перажытыя за вечар уражанні, розум жа толькі фіксуе ўсё, што адбываецца. Уся ягоная мужчынская натура быццам вырываецца з ранейшых вярыгаў і ўзносіцца ўвысь. Жанчына не аказвае супраціву, яна аддаецца ляніва і абыякава. Нарэшце яна гэтак жа абыякава кажа: «Што гэта ты так заскакаў, стары баран?» Гэтыя словы — незвычайная асалода для Юхі. Яны зачароўваюць хлопца, бо чуецца ў іх пацверджанне ягонай мужчынскай сілы.
Але пазней, калі ён ляжыць у сваім ложку, хмель цалкам выветрываецца. I тады Юха перажывае адно з самых вялікіх расчараванняў, якія толькі дастаюцца на долю нават самых лепшых на свеце прадстаўнікоў мужчынскай пароды.
Спустошанасць і стома напаўняюць яго, аднак, нягледзячы на тое, здаецца, што жыццё і ўвесь свет набылі зусім новае аблічча, з якім і назіраюць за мужчынам, які ляжыць у ложку. Нібыта гэты імгненны выпадак склаў у адно суцэльнае ўсё мноства нязначных выпадкаў і прыгод, перажытых парабкам за мінулыя гады, і чалавек, блукаючы па жыццёвых сцяжынках, апынуўся на новай прыступцы, і цяжка сказаць, на якой — вышэйшай ці ніжэйшай. Пакуль не прыйдзе сон, гэты чалавек, напэўна, уяўляе сябе заможным торпарам. Такія мроі на гэтай прыступцы могуць быць асабліва прывабнымі.
Юхавы заляцанні — і гэта самае важнае — былі вельмі дарэчы для служанкі Рыйны. У жыцці часам трапляюцца такія гарманічныя выпадкі. Рыйна была абсалютна самотнаю істотай пад гэтым небам; апрача таго, яна падазравала, што зацяжарыла ад мужчыны, на шлюб з якім разлічваць ні ў якім разе не магла. Хоць і былі выпадкі, калі хлопец з багатай гаспадаркі жаніўся са сваёй служанкаю, але Рыйна разумела, што яна не з тых служанак, якіх бяруць за жонак і робяць гаспадынямі. 3 ёй такога проста не магло быць. Да гэтага выпадку Юху яна ўспрымала абыякава, ён для яе нічога не значыў. Да няўклюднага парабка яна не адчувала ніякай непрыязі, з прычыны якой, кажуць, часта жанчына бывае пакутніцаю. Рыйна па-ранейшаму хадзіла на танцы ў вёску, але з тае пары зберагала вернасць Юху. У яе паводзінах з’явілася лёгкае адценне дзёрзкасці, нібыта яна хацела папярэдзіць спробы любых заляцанняў з боку нахабных мужчын.
Пасля таго што адбылося, жаніцьба для Юхі была канчаткова вырашанай справай. Усё ягонае ўнутранае — і часткова знешняе — жыццё кіравалася гэтым намерам. Салодкае нецярпенне валодала ягонымі думкамі, калі ён мроіў і маляваў карціны свайго будучага жыцця. Цяпер ён кожны вечар хадзіў да Рыйны за печ, але гэта ўжо стала нечым звычным і другасным, чым належала займацца нароўні з іншымі, больш важнымі справамі. Рыйна стала для яго той
жанчынай, разам з якой належала жыць далей. Ён не ведаў нічога аб яе родзічах, не ведаў, адкуль яна родам, і толькі калі наступным летам пасля жаніцьбы да іх заявілася падобная да вароны старая жанчына, Юха зразумеў, што гэта была Рыйніна маці. Яны не вялі гаворак пра жаніцьбу, нават калі ляжалі ў адным ложку. Дый аб чым тут гаварыць? Юха быў безуважным, Рыйна — абыякавай, так што ўсё ішло без аніякіх турбот. Працаваць ён пачаў больш старанна, чым раней. Гаспадар меў добры нюх і хутка празнаў усё, а паколькі быў судовым лаўнікам і добра разбіраўся ў людзях, дык не адчуў ніякай занепакоенасці. Ён паступова падыходзіў да размовы з Юхам, а калі пачаў яе, дык трэба было і скончыць. Гаспадар высветліў, якія грошы мае Юха і што ён думае рабіць далей. Той хацеў бы атрымаць торп на землях Пір’ёлы. Гаспадар, нібыта ў роздуме, спакойна глядзеў некуды ўбок. Напраўду ж ён не раздумваў ні хвілінкі. Ён аналізаваў абставіны: Юха, Рыйна і грошы — усё гэта, зведзенае разам, магло б стаць асноваю для сямейнага жыцця, але, папраўдзе, што добрае можа атрымацца ў дадзеным выпадку? Немалады чалавек з вялікім досведам, ён інстынктыўна адчуваў усю марнасць падобных спадзеваў. Добразычлівасць, спагада і недавер да Юхавых намераў гаварылі ў ім, аднак умешвацца было супроць ягонай натуры. Наконт торпа ён не сказаў нічога дакладнага, а вось што да жаніцьбы, дык выказаў вялікую цікавасць і падтрымку. Ён цвёрда запэўніў Юху ў сваёй падтрымцы, надаваў гэтулькі бацькоўскіх настаўленняў і парад, што Юха пасля гэтай размовы не засмуціўся, а наадварот — адчуў сапраўдную ўзнёсласць душы. Юха назаўсёды збярог у душы ўдзячнасць старому гаспадару Пір’ёлы за ягоную добразычлівасць. А пазней, калі гаспадар зусім пастарэў, Юха прыходзіў да яго ў цяжкія часіны, і той заўсёды сустракаў былога парабка з такой прыязнасцю, што Юха нават часам забываў сказаць, дзеля чаго прыходзіў. Увесь час, пакуль Юха працаваў у Пір’ёле, ягонае жыццё крута ішло ўгору да вяселля, выдаткі на якое гаспадар узяў на сябе.
Пра шлюб першаю загаварыла Рыйна. Па-прыяцельску, нібы між іншым, яна расказала аб сваёй цяжарнасці. У тым не было нічога нечаканага — гэтага трэба было чакаць, — аднак Юха ўвесь абліўся халодным потам. Юха быў ужо зусім другім чалавекам, а не легкадумным сплаўшчыкам тых далёкіх часоў. У мітуслівых думках магчымае спляталася з немагчымым. I шлюб раптам набыў зусім іншы сэнс і выгляд — цяпер ён стаў непазбежным і павінен быў адбыцца ў строга вызначаны тэрмін. Дзе жыць? Здымаць нейкі кут? Гэта была жахлівая думка. Калі ж гаспадар і дасць надзел пад торп, дык ён не паспее пабудаваць там хоць бы якую лядашчую хаціну. Ягоных грошай не хапіла б нават на частку жытла. Ды сам ён і не зможа пабудаваць хату. Юха крахтаў і круціўся ў ложку каля Рыйны. А тая лянотна раскінулася па пасцелі, і здавался, што ўсе Юхавы турботы толькі забаўляюць яе.
Юха з кожным днём працаваў усё болын старанна, нібы хацеў тым самым умацаваць спадзевы на торп, але з цягам часу тыя спадзевы ўсё болей слабелі. Цяжарнасць Рыйны зрабілася відавочнаю, і дзіўныя непрыемныя пачуцці апаноўвалі Юху. Ён адчуваў, нібыта насоўвалася штосьці чужынскае, якое гвалтам навязваецца яму і да чаго ён сам не мае ніякіх адносін. Юха цвёрда верыў у сваё бацькоўства, нягледзячы на чуткі і плёткі, якія разносіліся бабамі па вёсцы. Але чуткі сціхлі, плёткі заглухлі пасля таго, як яны з Рыйнаю сталі торпарамі. Ды вось гэтае першае дзіця так і засталося дзіўна адчужаным ад Юхі. Рыйна ўвесь час крыўдавала, але без толку: Юха не звяртаў на яе настрой аніякай увагі.
Торпарамі яны сталі, але не на землях Пір’ёлы, а ў гаспадарцы Юр’ялы. I толькі ў самы апошні момант, калі ў царкве абвясцілі іхні шлюб законным, гаспадар Пір’ёлы даў адказ. Ён сказаў Юху, што цяпер прыдатнай пад торп зямлі ў яго няма, «дый хату ты не паспееш да зімы пабудаваць. Лепей схадзі пагаманіць са старым Юр’ялам. У яго якраз цяпер торп Крапсяля стаіць пусты. Дом там вялікі, зямля добрая — жыві ды працуй. I гаспадарчыя пабудовы там у парадку. Я думаю,
ён цябе возьме». Пір’ёла не проста суцяшаў Юху: ён употай аб усім ужо дамовіўся з гаспадаром Юр’ялы.
I вось аднаго разу ў нядзелю Юха ўжо колькі гадзін сядзеў у пакоі старога Юр’ялы. Гаспадар мармытаў штосьці сваё, час ад часу падыходзіў да паліцы з тытунём, напіхваў піпку і зноў па-гаспадарску хадзіў туды-сюды. Юху ён не прапаноўваў нічога. Той сядзеў счырванелы і нервова паціраў успацелыя далоні. Але нарэшце які-ніякі гешэфт адбыўся. Паколькі Юха не мог апрацаваць адразу ўсю зямлю торпа, заключаць кантракт з ім было нельга. «Але пакуль я жывы, ты можаш заставацца там, калі будзеш жыць прыстойна і сумленна працаваць», — сказаў Юр’яла. Адзін дзень на тыдзень Юха павінен быў адпрацоўваць на сваіх харчах.
Супярэчлівыя пачуцці адольвалі Юху па дарозе дамоў: здавалася б — вызваліўся, але тут жа цябе і звязалі зноў! Трэба будзе залатаць дзясяткі дзірак у гасподзе, і высмакчуць яны ўсе ягоныя і без таго невялікія капіталы! Але як бы там ні было, першы крок наперад зроблены.
Сталася так, што гаспадар, Рыйна і Юха апынуліся ўтраіх, калі той прынёс навіны з Юр’ялы. Урачыстае імгненне гэтай сустрэчы гаспадар прыправіў абяцаннем зладзіць вяселле за свой кошт, калі ўжо ягоныя служанкі так удала выходзяць замуж. «Ты, Юха, быў мне верным служкам, дык заставайся ж такім і на сваім полі, і хай блаславіць цябе Госпад наш!» I жартаўліва закончыў: