Праведная галеча
Франс Эміль Сіланпя
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 184с.
Мінск 2019
Жвава, як малады, ён праходзіць праз пакой, нібы шукаючы нешта, і моўчкі выходзіць вонкі. Юха таксама ўстае і выходзіць. Няўдача ніколькі не засмуціла яго. Аднак ісці назад праз кухню ён не адважваецца і крадком выходзіць у вялікія сені. Шматлікія шыбы адгукаюцца звонкім бразгатам, калі Юха адчыняе дзверы. Пакінуўшы шырокі двор, за плотам ён адчувае сябе больш спакойна і бяспечна. Але ж і далёка сёння ён адышоўся ад сваёй хаты. Ужо адчуваецца вечаровы халадок, пяшчотная чырвань свіціцца ў небе пасля такога доўгага шчаслівага дня.
На нівах вакол вёскі жыта выганяе колас, пакрытая купінамі лясная зямля пахне свежаю вільгаццю. На такой дарозе чалавек з самай прыземленай душою не можа ўвесь час думаць толькі пра свой штодзённы клопат і турботы. He думае пра гэта і Юха. He ўспамінае ён ні пра работу, у якую давядзецца запрэгчыся на цэлы тыдзень, ні пра тое, як набыць сабе каня. Ціхая сумота цёплай летняй ночы поўніць наваколле і абуджае ўспаміны з самай далёкай пары жыцця. Нейкае звышнатуральнае прадчуванне шчасця кружыць галаву салодкімі падманнымі надзеямі. Дома ўсе спяць, прыціх і Віле ў сваёй пасцельцы з рыззя. Рыйна прачынаецца, калі Юха кладзецца побач з ёю, і тут жа зноў засынае, імкнучыся хоць хвілінку адпачыць, пакуль спіць Віле.
Шчасцем поўніцца фінская ноч. Калі прырода, якая цягам дзесяцігоддзяў ціснула, шпурляла і цягала чалавека па дарогах жыццёвых узлётаў і падзенняў, раптам змякчаецца і начною парой раскрывае свае ласкавыя абдымкі, дык і далёка немалады чалавек пагружаецца ў халаднаваты спакой летуценняў і марных спадзеваў... Візіт у Нікілю яшчэ
больш умацаваў у Юху той незвычайны душэўны настрой. I ў такім стане проста немагчыма ўяўляць будучую працу і патанаць у цяжкіх думах пра тое, як жыць далей. Шчасце прыйдзе іншым шляхам. Віле спіць. Юха зусім не жадае ягонай смерці, але і паверыць, што дзіця паправіцца, ён не можа. Канец ужо недалёка. 3 гадзіну Юха не можа заснуць, а потым ужо і не спрабуе. Нарэшце ягоныя думкі знаходзяць патрэбны кірунак: ён больш не пойдзе ні ў Пір’ёлу, ні ў Нікілю, а пойдзе заўтра ў Туарылу, што за Тамперэ. Там жа жывуць ягоныя родзічы. Ён болей не думае, ува што яму абыдзецца пакупка каня; ён наогул ні аб чым такім не думае, проста яму неабходна пайсці туды зараз, гэтым вось летам. Спакой наступае імгненна, як толькі Юхавы думкі і намеры становяцца выразна акрэсленымі. Ён устае, нацягвае кашулю, выходзіць на ганак і тут жа вяртаецца ў хату, нібы спалохаўшыся, што начное неба разгоніць думкі, якія так своечасова ўзніклі. Потым ён засынае.
Назаўтра ўранні ён і сапраўды збіраецца ў дарогу. Ён тлумачыць Рыйне, што такое Туарыла і як там жывуць, а потым таямніча намякае, што вернецца не з пустымі рукамі. Рыйна нешта мармыча пра адпрацоўку, пра хворага сына і яшчэ аб нечым такім, а затым зноў пагружаецца ў звычайную абыякавасць. Юха ў самнабулічнай паўпрытомнасці пускаецца ў падарожжа, і апрытомнее ён толькі ў Туарыле.
Гэты незвычайны перыяд папярэднічае таму шматпакутліваму адрэзку жыццёвага шляху, які яшчэ давядзецца прайсці няшчаснаму Юху.
Ягоны дзядзька Кале Туарыла памёр у арэоле славы выбітнага гаспадара, які нашчадкам пакінуў квітнеючую гаспадарку, напоўненую духам прагрэсу, што ніяк не стасавалася з прыходам Юхі, асобы цёмнай і падазронай. Гаспадаркаю кіравалі спадкаемцы старога Туарылы. Малады гаспадар адразу пазнаў Юху і праз раскошныя сенцы правёў яго з кухні ў пакоі гаспадароў. I ў гэтую хвіліну зазваніў тэлефон — машынка, якой Юха яшчэ не бачыў зблізку. Высакарослы малады чалавек, брат гаспадара, узяў трубку і пачаў гаварыць.
I гаварыў ён па-фінску, аднак Юха нічога не зразумеў, хоць праз адчыненыя дзверы выдатна чулася кожнае слова: «Народныя спевы... Фальклор... Вепсы...» «Кліч яго сюды!» — крыкнуў з пакоя гаспадар.
3 гэтым панам Юха і правёў большую частку свайго візіту. Малады гаспадар паставіўся да Юхі надзвычай добразычліва. Ён увесь час спрабаваў выціснуць і з Юхі гэты самы «фальклор», аб якім той не меў ніякага ўяўлення. «А-а-а, паданні, казкі?!» Гэта было зразумела, і Юха нават успацеў, імкнучыся ўспомніць хоць што-небудзь з таго, але без ніякага выніку. Потым Юха завёў гаворку аб сваіх няшчасцях, а малады гаспадар толькі прыгаворваў: «Ага... Ага.. Ага...» Нарэшце ён даў Юху дзесяць марак і правёў у пакой, дзе госцю падрыхтавалі пасцель. Ён пажадаў Юху добрай ночы і пайшоў, пакінуўшы яго аднаго. «I вам таксама», — адказаў Юха і застаўся адзін у пакоі, напоўненым п’янкім свежым паветрам і незвычайным водарам чысціні. Усё ягонае падарожжа і знаходжанне сярод такой нязвыклай дзівоснай чысціні здавалася сапраўдным цудам, нечым такім, што адбываецца без ягонага ўдзелу. Юха даследаваў дзіўную сістэму прасцін на ложку. Прасціны былі з тонкага бялюткага палатна, іх было дзве, і адна чамусьці была прышытая да коўдры. Юха адчапіўяе і паклаў на ніжнюю прасціну, успомніў, што ўдадатак да ўсяго ў яго ёсць дзесяць марак, і ўклаўся ў ложак.
Аднекуль здалёк пачуўся плач Віле, і Юха не адразу скеміў, што гэта такое. Аж раптам востры смутак ахапіўусю ягоную істоту. Душа апрытомнела і вызвалілася ад ілюзій, а стомленае цела пагрузілася ў глыбокі сон сярод хмельнага водару чысціні.
Раздзел V
СМЕРЦЬ СТАРАЕЦЦА ЯК МОЖА
Дзень у сярэдзіне лета спякотны і доўгі. Гэта асабліва адчуваецца на разложыстай, на некалькі міль, верасовай пустцы, якая раздзяляе два ўраджайныя прыходы і цераз якую здавён пралягае пакручасты бальшак з верставымі слупамі — дарога, якая вядзе на поўнач у Эстэрботнію. 3 пакалення ў пакаленне па гэтым шляху самотна брыдуць людзі, і дрыготкі страх перад гэтай пусткаю ахоплівае іх, калі яны вяртаюцца з горада, седзячы на вазах, і на працягу шматлікіх вёрстаў змрочным унутраным позіркам разглядаюць сваю вызваленую гарэлкаю дзіцячую сутнасць; успамінаюць былое, будуюць планы на будучае, а калі паказваецца першая вёска, пачынаюць радасна гарлаць, вызваляючы свае душы ад трывожнага цяжару.
Тут кожны самы маленькі пагорачак мае сваё ўласнае імя, якое ведаюць жыхары ўсіх суседніх прыходаў. Колькі людзей праходзіла па гэтых пагорках, прыкідваючы, ці хутка будзе канец гэтага шляху, колькі людзей, адольваючы гэты звілісты шлях па крутых горках, думалі аб родным доме, і штосьці вялізнае і нябачнае гняло іхнія душы. Абапал дарогі цягнецца аднастайны роўны бор, і нават цяжка ўявіць, што такі лес некаму належыць. Тут не зашчабеча птушка, не праскача заяц. Толькі адзін раз нехта паспрабаваў паставіць тут хаціну, але нядоўга вытрываў, каб жыць у гэткім месцы.
Дошкі, якімі былі пазабіваныя вокны, з цягам часу пайшлі, нібы сівізною, шэрым старэчым налётам.
I толькі сляпні нястомна раіліся над гарачым, спацелым ад летняй спёкі канём самотнага падарожніка, суправаждаючы яго па ўсёй дарозе ад аднаго прыхода да другога.
Поўдзень. Недзе каля дарогі праз гэтае пустэльнае ўрочышча сядзіць змораны спёкаю Юха Тойвала. Ён выйшаў з Туарылы тры дні таму і вось толькі цяпер дабраўся дасюль. Павольным быўягоны шлях. Ён заначаваўу Тамперэ на пастаялым двары аднаго свайго знаёмага гандляра, уранні пайшоў на рынак, купіў праснак і падсілкаваўся. А яшчэ ён купіў паўкілаграма кавы, гэтулькі ж цукру, і засталося ў яго восем марак і восем пенні ад той дзясяткі, што даў яму малады Туарыла. Цяжка вырашыць, куды яшчэ іх патраціць. He пашкодзіла б і крыху выпіць, каб палепшыць настрой, аднак пайсці ў вінную краму яму было ўжо не пад сілу. Бо гэтыя восем марак — вынік ягонага ўрачыстага візіту ў Туарылу, а таму яны ўтрая даражэйшыя, але ўвесь час прыпякаюць і раздражняюць. Дома чакае пара дзясяткаў розных дзюрак, якія трэба залатаць, але на ўсе затычкі васьмі марак не хопіць. Дый каня на іх ніяк не купіш... Вядома, каня... Думка пра гэта заўсёды заканчваецца горкай усмешкаю.
Тут, у глыбокім спакоі верасовай пусткі, Юха можа цалкам пагрузіцца ў сваю адвечную неадольную скруху. Тут няма на каго злавацца, не трэба прыкідвацца хітрэйшым і мудрэйшым, чым ты ёсць. Ён набліжаецца да родных мясцін пасля працяглага падарожжа — паслязаўтра ўранні будзе тыдзень, як ён выйшаў з дому, а такое вяртанне заўсёды робіцца невясёлым, заўсёды на душы ляжыць цяжкі камень, незалежна ад таго, якія няўдачы трапляліся па дарозе. А калі ўсё падарожжа было сапраўды няўдалым, дык старому чалавеку хочацца плакаць, калі ён вяртаецца ў сваю бедную хату. А Юха Тойвала цяпер ужо зусім стары. Ён адчувае, што гэтае падарожжа, самае доўгае за апошняе дзесяцігоддзе, — гэта той высокі падступны парог, за якім знаходзіцца такая нізкая падлога, што, неаглядна пераступіўшы яго, можна паваліцца. А Юха
Тойвала пераступіў парог сваёй старасці. I седзячы тут, ён адчувае гэта, бо вяртаецца з часоў свайго дзяцінства, з часоў, калі памірала ягоная маці.
Так прыйшла старасць, а разам з ёй з’явіўся і яе паганы хаўруснік — нячысцік самакапання — і ўпершыню жалезнымі кіпцюрамі ўчапіўся ў безабароннага Юху. Пяць дзён гэтага падарожжа якраз і ёсць кароткі падрахунак усяго ягонага былога, ягоных задумак, намераў і спадзеваў; яны нібыта адсунуліся далёка ў мінулае, а яно ўбачылася больш выразна; і цяпер перад Юхам паўстаюць усе драбніцы былога жыцця — таго самага жыцця, якое не надта лашчыла і песціла яго. Такіх падрабязнасцей вельмі шмат, нават занадта, і калі яны ўсе разам усплываюць у галаве, патрабуючы одуму, хочацца ўцячы ад іх, падняцца і пайсці далей. Такое здаралася і раней. Але цяпер нячысцік ужо моцна трымае сваю здабычу і спакушальна нашэптвае: «Ты стаміўся, дзень такі спякотны, дарога такая далёкая, ты ж выдатна ведаеш, што чакае цябе дома, дык хоць пасядзі як след, ты, хадок па родзічах».
Успамінаючы свае неразумна дзіцячыя спадзяванні, з якімі ён выправіўся ў падарожжа, Юха злосна плюе. Падзёнпічына за тыдзень так і не адпрацаваная, а колькі ж цяпер у цябе тых неадпрацаваных дзён? Адпрацоўка на кані не зроблена яшчэ з самай вясны — ты ж прадаў каня і вось толькі цяпер даўмеўся, што другога каня ты ніколі не купіш... Ад тых грошай засталіся тры пенні пасля аптэкі — во яны, ляжаць на дне кашалька. А гэта цягне за сабой чараду яшчэ большгоркіхдумак: «Рыйна... Гэтатоестварэнне... Зякімты пражыўусе тыя гады... Каля яе ты ляжаўкожную ноч...» Рыйна — гэта велічэзны ўяўны вобраз, які неадольна пранікае ўягоны розум... Ён бачыць усе неабдымна брыдкія рысы гэтай жанчыны, ад якіх няма куды падзецца ў гэтай рэальнасці. Рыйна ніякім чынам не залежыць ад яго, ён — ад Рыйны, яны абое залежаць ад жыцця. Нябачныя падсвядомыя патокі на працягу ўсіх цяжка пражытых разам дзесяцігоддзяў злучалі іх, напаўняючы жыццё нечым атрутна кіслым; іхнія нела-