• Газеты, часопісы і г.д.
  • Праведная галеча  Франс Эміль Сіланпя

    Праведная галеча

    Франс Эміль Сіланпя

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 184с.
    Мінск 2019
    52.79 МБ
    Гэтая смерць страшэнна ўразіла Юху. Яна нечым напомніла яму смерць маці ў далёкім чужым краі. Такая адчужанасць ад любых мясцін вярэдзіла Юхавы думкі на працягу ўсёй першай часткі жыцця, і толькі цяпер, гледзячы на рыданне дзяцей, ён зразумеў, што ягоны дом тут. Міжволі слёзы набягалі на вочы.
    Здаецца, што смерць жонкі, з якой муж пражыў шмат гадоў, вырывае штосьці нябачнае, але глыбока ўкаранёнае ва ўсю ягоную істоту. А гэта заўсёды балюча, нягледзячы на стасункі, якія былі між імі на працягу супольнага жыцця. Вельмі часта такое жыццё стаецца для абаіх суцэльнаю пакутай, але яны самі таго і не заўважаюць. У такіх выпадках смерць аднаго з іх азначае вызваленне для другога, асабліва калі той, хто застаецца жыць, быў натурай грубаю, і ён не хавае радасці ад таго. Але шмат хто разам з тым адчувае і горкі смутак ад такога «вызвалення», а гэтая горыч атручвае палёгку. I шмат у каго спусцелае месца ад вырваных каранёў запаўняецца прыродна падсвядомай любоўю да дзяцей, яна замяняе горыч страты і прыносіць толькі чыстае светлае пачуццё. Тое ж адбылося і з Юхам Тойвалам.
    У дзень смерці Рыйны і ў наступныя дні на душы ў Юхі панавала ціхая сугучнасць з навакольным светам, такое пачуццё было ў яго толькі той далёкай ноччу, калі ён упэўніўся, што атрымае Рыйну. Ён не ўшчуваў дзяцей, а займаўся імі, нібы клапатлівая квактуха. Цяпер у ягоным жыцці было штосьці святочнае. Усе заблытаныя справы з торпам забыліся.
    Усе трывогі і турботы пакінулі яго; няма чаго палохацца гругана, які наклікае бяду, калі ў хаце адпяваюць нябожчыка. А калі чалавека, які страціў жонку і застаўся з дзецьмі на руках, пагоняць з торпа, дык і што з таго? Можа, гэта трэба расцэньваць не як удар лёсу, а як вялікую яго міласэрнасць, ад чаго не ўзнікне намеру пашкуматаць на кавалкі бліжняга свайго. Раней Юха баяўся, што гаспадар угневаецца за неадпрацаваныя дні, але цяпер ён забыўся на свае страхі і пайшоў да гаспадара пагутарыць аб сваіх цяжкасцях: не было грошай на хаўтуры. I гаспадар даў — Юха ў тым і не сумняваўся, — бо хто ж адмовіць чалавеку, у якога памерла жонка? Усё складвалася найлепшым чынам. Навошта яму panep той конь? Цяперкаровалепейзаўсё: малакадаедосыць, хлеба цяпер хапае, тым больш што адным едаком — дый прадаўцом — стала меней. Напэўна, і Хілту хутка куды-небудзь уладкуецца, і застанецца ён толькі з малымі — Лемпі ды Марці. I вядома ж, усё пойдзе добра. Далёка-далёка засталіся тыя страхі, ад якіх Юха так пакутаваў тады, седзячы каля дарогі цераз верасовую пустку. Часам ён спрабаваў нават заспяваць які-небудзь псалом.
    Змяніліся нават жыццёвыя драбніцы. Раней, калі кабеты з аддаленых суседніх хутароў прыходзілі ў Тойвалу, Юха сустракаў іх непрыветна, бо лічыў іх шкоднымі для гаспадаркі: яны толькі сядзелі, мянцілі языкамі, бясконца пілі каву ды яшчэ крадком маглі прыхапіць з сабою ладны пакуначак, каб потым дома ўдосталь пасмакаваць здабыты няправедным шляхам духмяны напой. А цяпер давялося прасіць гэтых самых баб абмыць нябожчыцу і пакласці яе ў дамавіну. I Юха нават радаваўся, што яны не адмовіліся і прыйшлі на дапамогу. Спачатку ўсё было вельмі сур’ёзна і з належнай жалобаю, а потым, калі цела абмылі і перанеслі ў пуню, бабы замалацілі языкамі і ледзь тут жа не ажанілі Юху зноў. А калі жанчыны пайшлі, на душы ўяго стала пуста і прыкра. Заставалася толькі пахаваць жончына цела...
    Цяпер Юха часта распачынаў такія гутаркі, дзе абавязкова ўжываў слова Божае. Мала хто мог запярэчыць слову Бога.
    На рынку Юха прадаў старую конскую збрую і яшчэ сёе-тое з драбязы, а потым накіраваўся ў гаспадарскую сялібу. Там з кухні яго запрасілі на чыстую палову, чаго раней ніколі не здаралася з тае пары, калі ён атрымаў торп ад старога Юр’ялы. 3 грошай ад продажу збруі ды іншых дробных рэчаў Юха заплаціў доўг гаспадару, а потым завязалася гаворка аб ягоных торпарскіх справах. Гаспадар пачаў гаворку сурова і бескампрамісна. Ён сказаў, што за Юхам яшчэ шмат неадпрацаваных дзён, з чым той пакорліва згадзіўся, але паспрабаваў апраўдацца: маўляў, гэтым летам ягонае жыццё складалася з адных няшчасцяў. Гаспадар гэта добра ведаў і не захацеў надта прыціскаць небараку, але цяпер ужо надышоў час канчаткова высветліць адносіны: без каня Юха не здолее апрацоўваць усю зямлю торпа. Тут Юха ажно скалануўся і паспрабаваў давесці, што ўсё ж зможа...
    — Ад вас жа няма ніякага толку. I не будзе, — сказаў гаспадар ужо болей строга. — Вы ж толькі зямлю марнуеце ды яшчэ і крадком лес валіце.
    — Без дазволу я ніколі не ўзяў ніводнай лясіны, — паспрабаваў запярэчыць Юха.
    — А калі гэта я дазволіў вам валіць лес на ўскрайку каля Рукавічнага лужка? — злосна перабіў гаспадар і пранізліва паглядзеў яму проста ў вочы.
    — Я не...
    — Ато я не ведаю!
    Юха сумеўся. Цяпер думка пра высяленне з торпа стала рэальнай пагрозаю. Безумоўна, малады гаспадар, хутчэй за ўсё, выганіць яго, калі ўжо так размаўляе. Раней Юха ніколі не бачыўяго такім пагрозным, ніколі раней гаспадар не размаўляў з ім гэтак сурова.
    Але гаспадар не меў намеру высяляць Юху, дый не наважыўся б гэта зрабіць. Проста Юха ўвесь час раздражняў яго, і гэтаму трэба было пакласці канец. Юха паводзіў сябе занадта па-свойску, нібыта спакваля даказваўяму, гаспадару, сваю перавагу. Гэта і было прычынаю такой незвычайнай строгасці маладога гаспадара.
    Цікаў гадзіннік, пакутліва-павольна цягнулася нядзельнае ранне, і Юха сядзеў як на гарачых вуголлях у гаспадарскім пакоі. Паступова гаворка набыла больш лагодны характар, настрой у Юхі таксама змяніўся да лепшага, ён крыху асмялеў і пачаў пакорліва пагаджацца з усімі словамі і папрокамі гаспадара. Нарэшце дамовіліся, што Юха аддасць большую частку зямлі, а сабе пакіне каля паловы гектара. Ён і далей можа жыць у той самай хатцы, пасвіць карову ў лесе і браць два сажні дроў штогод. За гэта ён павінен адпрацоўваць трыццаць дзён на сваіх харчах, і дзесяць — на гаспадарскіх. А калі толькі ён без дазволу возьме хоць бы лясіну, дык мала яму не будзе...
    Парабкі сядзелі на кухні і абедалі, калі паўз іх да дзвярэй прайшоў узмакрэлы Юха. Ну во, нябожчыца ў зямельцы, з торпам усё ясна. Юху хацелася хутчэй дабрацца да хаты і сесці за стол разам з дзецьмі.
    Настала самая пара збіраць брусніцы.
    Юха і Хілту збіраюць ягады на старых добрых мясцінах, з якіх і раней Тойвала меў нядрэнныя грошы. Толькі ў той час гэтыя грошы былі так сабе і знікалі немаведама куды, бо тады Юха быў цалкам заняты на асенніх палявых работах і прасачыць, куды сплывалі грошыкі, не мог. Цяпер асеннія работы яму не замінаюць, і Юха з задавальненнем аддаецца гэтаму прыемнаму занятку — збору ягад. Хадзіць у ягады — гэта не тое што цяжкая праца на торпе, гэта зусім іншая справа. Калі ў вялікім кашы ягад становіцца ўсё болып і больш, прыемнае пачуццё ахоплівае працаўніка. I гэта чысты твой заробак, без аніякіх там кантрактаў, без адпрацовачных дзён; і не перашкаджаюць ні дажджы, ні снег. Жыццё і праца на торпе — гэта зусім ніякі не заробак і не прыбытак, а толькі тое, чым поўніцца жыццё торпара з жонкай, дзецьмі, хваробамі ды іншымі нягодамі. Юху давялося перажыць усё гэта, затое цяпер ён можа і сапраўды штосьці заробіць. А заробкі можна знайсці заўсёды. Напрыклад, драць лыка. Праўда,
    сёлета ўжо запозна, але налета Юха сваё возьме і заробіць нядрэнныя грошы.
    Кола абавязковай працы звузілася, але стала і болей шчыльным, затое і болей прыемным. Калі Юха ідзе прадаваць брусніцы, дзеці застаюцца дома ўтраіх. А калі Хілту ідзе з ім у ягады, дык Лемпі і Марці застаюцца дома двое. Віле сканаў, сканала маці, вось і гарачае лета набліжаецца да скону. Надышла восень, або «вусань», як старанна паўтарае малы Марці за старэйшаю сястрычкай Лемпі.
    Стомленая цішыня пануе на зямлі, у шмат якіх торпарскіх хатках дзень з рання да вечара цягнецца павольна і шэра.
    Наш знаёмы Юха Тойвала адмярае брусніцы каля веснічкаў адной багатай сялібы. Юха стаіць з упэўненым выглядам, ён ведае, колькі грошай атрымае за свае ягады, бо аб цане дамоўлена загадзя. Мажлівая маладзіца з маёнтка назірае за адмерам ягад, а потым, калі ўсё скончана, аддае Юху грошы і пытаецца:
    — Юха, у вас ёсць дарослая дачка?
    Юха перабівае натужны падлік грошай і адказвае, што ёсць у яго дачка Хілту.
    — Так-так. У мяне цётка, удава дырэктара, хоча ўзяць прыслугу менавіта з вёскі, бо яна старая дама, чалавек старых нязменных правілаў і звычак. Ваша дзяўчынка — хоць прыстойная?
    Юха ўсё яшчэ пакутліва падлічвае, колькі атрымаў за брусніцы. Ён нервова мармыча нешта няўцямнае ў адказ. Нарэшце падлік закончаны, грошы пакладзены ў кашэль, і ён адказвае:
    — Хілту — такая, што лепшыхне бывае. Аякая там цётка ў вас, фрэкен?
    Стаіць пахмурны і такі ціхі дзень, што чуваць, як недзе ўдалечыні кукарэкае певень. Юха з пустым кашом за спінай і з грашыма ў кішэні адну за адной мінае вёскі, кіруючыся ў свой глухі лясны закуток. Значыць, Хілту пойдзе служанкаю да старой дырэктарыхі. Што ж, вызваленне і ўздым працягваюцца. На гэтым шляху Хілту, можа, чаго і дасягне. «Мая
    дзеўка, вядома, падыходзіць у служанкі для паноў. А можа, з таго дастанецца чаго і Лемпі з Марці, і на пражыццё меней будзе патрэбна, калі Хілту пойдзе з хаты. Карову і я змагу дагледзець. Горш будзе, калі пайду на адпрацоўку да гаспадара, але як-небудзь ды будзе». Юха пачынае разлічваць і прыпамінаць усе акалічнасці цяперашняга свайго становішча, і яны падаюцца яму не проста добрымі, а нават занадта раскошнымі. У нерухомым вільготным паветры ўсё яшчэ чуюцца галасы пеўняў. А чалавеку раптам можа прыйсці ў галаву, што не да дабра такая цішыня.
    Значыць, Хілту пойдзе ў паслугачкі. Даведаўшыся пра тое, яна спачатку крыху паплакала і чамусьці ўспомніла нябожчыцу маці. Яна не супраць, яна ўжо сама думае толькі аб новым жыцці. Толькі болып, чым звычайна, цяпер яна гамоніць і гуляе з малымі ў старыя гульні. Ад дзяцей толькі і чуецца: «А што такое маёнтак? А што такое “тылекталіха”?»
    Часам Хілту пачынае аплакваць сваю маці, бо паслязаўтра ўжо субота.
    Незвычайнае адчуванне чысціні пануе ў хаце Тойвалы напярэдадні адыходу Хілту. Усё даўно падрыхтавана, застаецца толькі дачакацца, калі надыдзе час развітання. I вось надыходзіць чаканае ранне, калі ўсе прачынаюцца з адной думкай: сёння Хілту сыходзіць.