Праведная галеча
Франс Эміль Сіланпя
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 184с.
Мінск 2019
разумны. Праца крыху ажыўляецца. Пры канцы стары Тойвала кажа нешта такое «сацыяльна» сярдзітае, што людзі не ў змозе схаваць усмешкі. Ледзь стрымліваючы сваю злосць, гаспадар кажа:
— Хутка даходзіць гэта «тэмакра-а-атый-я» да старых бараноў, быццам яе на калёсах падвозяць!
Раней такой злоснай лаянкі працаўнікі ў гэтай гасподзе ніколі не чулі. Вячэра праходзіла ў напружаным маўчанні. Людзей ахапіла ўражанне, што праца, якую яны рабілі, — гэта нешта асобнае і ад іх незалежнае, што ад яе і ад гаспадара якраз і струменілася гэтая напруга. Утварыўся трохкутнік замкнёных сіл, якія паводле значнасці сваёй непамерна пераўзыходзілі навіну аб смерці нейкай там Хілту, і параўноўваць іх было б проста неразумна.
Ад гэтай смерці не прыйшло журботнае пачуццё палёгкі. He засталося ніякіх слядоў ад вырваных каранёў, не абудзілася жаданне замяніць страту хоць бы чым-небудзь. Юха ішоў праз лясныя нетры, змярцвеўшы душою і думкамі. Свяціла поўня, ужо крыху надкусаная з правага боку, і яе святло холадна падала на спарахнелую хатку. А сама гэта хаціна належала сённяшнему дню, і нічога ў ёй не было ад тых даўно мінулых мройных дзён. Усім сваім выглядам яна нібы спяшалася падкрэсліць, што яна такая старая і стаіць на зямлі бязлітаснага чалавека, што яна належыць гэтаму чалавеку, што ў гэтай хатцы двое дзяцей чалавечых, існаванне якіх на гэтым свеце нікога не цікавіць.
Шлях наперад вызначаны.
Раздзел VI
БУНТАЎНІК
Немагчыма прыдумаць нічога болей няўцямнага, чым высвятленне таго, як ставіўся Юха Тойвала да пары народных пакут, якую пазней назвалі «гадамі прыгнёту». Пакуты Юхі Тойвалы ў той час былі не большымі, чым раней, і не заўважаў ён ніякіх асаблівых пакут у свеце вакол сябе. Ва ўсякім разе, гаспадар не пакутаваў, нажываючыся як толькі мог: дойных кароўуяго пабольшала, з дванаццаці да васямнаццаці, і два кані дадаліся. У дачыненні да парабкаў і торпараў ён стаў больш замкнёным і строгім, як кажуць па-вучонаму —патранальным.
Нельга сказаць, што гаспадар пакутаваў — асабліва не пакутаваў і Юха. Што праўда, ягонае становішча торпара стала больш няпэўным, бо ў яго не было кантракта з гаспадаром зямлі, а торп знаходзіўся ў сярэдзіне найлепшага гаспадарскага лесу. Але ў нечым былі й паслабленні. Працоўны дзень скараціўся з пятнаццаці да дванаццаці гадзін, працаваць стала куды як лягчэй; малатарня, якая спачатку працавала з ручною цягай, пазней стала рухацца конным прывадам, а пасля — і наогул паравой машынаю. Косы цяпер у гаспадарцы ўжывалі толькі тады, калі трэба было выкасіць няўдобіцу. Праўда, адна з такіх машын, сепаратар, аблегчыла і ўсё малочнае, што падавался на стол, ператварыўшы ранейшую густую сыраквашу ў пусты блакітны адгон, а былое добрае
дамашняе масла — у «расліннае» вяршковае масла без аніякага смаку; людзі між сабою яго называлі «кветачкай».
Людзі накшталт Юхі, калі б і вельмі нават хацелі, не змаглі б дакладна сказаць, у чым пагоршылася становішча фінскага «народа», чамуяно стала такім надзвычай змрочным. Пакуль заможныя сяляне-землеўласнікі таўсцелі ды тлусцелі, а паны ў прыходах ніколькі не бяднелі і не марнелі, да тае пары і просты люд не заўважаў, якая занепакоенасць, які адчай панавалі сярод іх. А што ім можа пагражаць? Гэтым часам пачалі ствараць дамашнія школы, і гэта была прыемная задума. Там сядзелі людзі сталага веку, якія паказвалі вялікія здольнасці ў вывучэнні геаграфічных карт Еўропы, а былі і хлопчыкі, якія ўжо заглядаліся на дзяўчат, пакуль бледны і хударлявы настаўнік са слязьмі на вачах распавядаў ім пра гісторыю «радзімы». Неўзабаве гэтыя школы засохлі, як нягеглыя дрэвы, але шмат хто атрымаў добры штуршок, што прабудзіў іхнія мазгі і прымусіў задумацца пра сёе-тое.
Юха не належаў да ліку тых, на каго гэтыя школы зрабілі хоць які-небудзь уплыў. Вядома ж, ён нешта чуў пра такія школы — адна нават была ў іхняй вёсцы, — але, як і шмат хто іншы, ставіўся да гэткіх хітрых штукарстваў з разуменнем, што ўсё робіцца з адной мэтаю: вымантачыць у чалавека грошыкі. Юха быўупэўнены, што дзеля навучання ўдамашнюю школу трэба набываць нейкія «пільеты»-квіткі; іначай на якія грошы гэтыя настаўнікі крухмаляць свае каўняры? I ён адчуваў лагодную задаволенасць сабою за тое, што не ўбачыў карысці ў такіх установах і не даў абкруціць сябе вакол пальца. Вядома, ён не разбагацеў — ну і што з таго? Затое не такі ўжо ён баран безгаловы, каб набываць нейкія там «пільеты» за апошнія пенні.
Так ставіўся Юха Тойвала да патрыятычных памкненняў у гады прыгнёту: ён нібы адчуваў нейкае падступства ў тым, а значыць, і гаварыць не было аб чым. Ён лічыў гэта чымсьці накшталт заснаванага ў сяле моладзевага «аб’яднання», якое паціху цадзіла грошыкі з неразумных парабкаў і служанак.
Гэткім жа чынам Юха не звярнуў ніякай увагі на першую ўсеагульную забастоўку, нічога ў ёй не зразумеў, і мінула яна, не пакінуўшы нават самых нязначных слядоў у ягоным жыцці. Безумоўна, ён чуў, як людзі гаварылі аб гэтых падзеях, — ён не глухі, навошта ж тады яму прычэплены вушы? — але тыя размовы толькі раздражнялі яго. На ягоны погляд, у тым крылася штосьці прайдзісветнае. А словы, якія сказаў Рынэ пасля забастоўкі, Юха запомніў назаўсёды. Рынэ сказаў тады: «Рабочы люд дагадзіў панам».
Атрыманаму праву голасу Юха зусім не надаў ніякага значэння і галасаваць на першыя выбары не хадзіў. Той час — за год да таго, як ён страціў гэтулькі родных, — быў самым цяжкім у ягоным жыцці, жылося яму тады складана як ніколі. Во і няхай гэткаю лухтою займаюцца тыя, у каго справы ідуць лепей. А з усяго таго хлеба ў хаце болей не стане.
Пасля вялікай забастоўкі рабочы рух у Фінляндыі шпарка рушыў наперад; замітусіліся палымяныя агітатары, ствараліся аб’яднанні і хаўрусы, газеты самааддана распальвалі полымя. Праз тры гады пасля вялікай забастоўкі Юху Тойвалу лічылі скончаным «тэмакрат-тыем», якім ён, магчыма, і быў напраўду. Але, як бы гэта ні было неверагодна, ні ўсеагульная забастоўка, ні поўныя натхнення агітатары, ні газеты не мелі да таго ніякіх адносінаў. На роўна пастрыжанага, амаль злыселага Юху ўздзеяння яны не аказалі ні на макавае зерне. Цягнуцца са свайго дальняга торпа ў вёску на сходы агітатараў ён не хацеў. Праўда, газету ён атрымліваў і спачатку нават чытаў усё запар — ад неверагодных аповедаў пра тое, як дзяруць з беднякоў па сем скур жорсткія эксплуататары, да шлюбных аб’яў. Аднак пасля смерці Хілту разбіраць па складах газетныя радкі ахвота ў яго знікла, дый, праўду кажучы, усю тую пісаніну ён лічыў пустымі байкамі.
Вечарам таго дня, калі прынеслі вестку аб смерці Хілту, Юха доўга ляжаў у ложку і ніяк не мог заснуць. Ён успамінаў Хілту, думаў, ці вінаваты ён у тым, што яна пайшла з дому. А вось думак аб смерці дачкі ў яго не было. Цьмянае святло месяца запаўняла хату, чулася ціхае дыханне Лемпі і Марці.
У такія хвілі, калі ўздзеянне думак і месца слабее, нават самы прыземлены розум лёгка пашырае абсяг разумення. Амаль шасцідзесяцігадовы стары земляроб, у якога памерлі жонка і дзеці, міжволі пачынае думаць аб сваёй смерці, а найперш пра тое, колькі яму яшчэ засталося жыць. Бяжыць за гадзінаю гадзіна, стары вымае з рота тытунёвую жвачку, зноў кладзе яе назад, устае папіць і зноў кладзецца ў ложак. Сон не прыходзіць, Юху здаецца, што ён ляжыць у пустой хаце, а па кутах вольна гудзе вецер. Гэтыя двое дзяцей, што спяць тут у цішыні, жахліва далёкія і чужыя яму істоты. Яны выпадкова з’явіліся на гэтым свеце, іх нараджэнне нікога не ўзрадавала, а маці, пакідаючы дом, проста забылася на іх.
Калі ў старога селяніна ёсць жонка, хай сабе і лядашчая, ды падрастаюць дзеці — іначай кажучы, сям’я і сякая-такая гаспадарка, — дык якой бы цяжкаю ні была ягоная ноша, усё ж ён жыве, жыве сапраўдным жыццём, хай сабе і бедным, і аднастайным, і бяздумным, але жыве. Ён нібы і не заўважае сваёй ношы: здаецца, што яна звалілася з плеч і не трэба цягнуць яе далей. Але аднойчы наступае такая ноч, калі чалавек заўважае, што несці далей ужо няма чаго. Смерць апошнім часам шчодраю рукой надзяліла яго палёгкаю. Але тут палёгка ператвараецца ў цяжар. Пустата, халодная, прынесеная вызваленнем пустата, пасяляецца ў ім, а потым па ўласным жаданні ён напаўняе пустую прастору сваёй душы навязлівымі думкамі, і гэта для нязвыклага чалавека — цяжкая рана. Калі вялікае пачуццё свайго гнязда знікае, замест яго выступае безліч мітуслівых драбніц і нікчэмнага клопату. Такія цяжкія думкі прыходзілі і раней, калі даводзілася ў самоце адольваць вялікія адлегласці. Але тады па-над усім знаходзіліся жонка, дзеці, карова — карацей, свая гаспадарка і свой дом. I дом гэты быў цэнтрам існавання і жыцця, і ніякія няшчасці не маглі знішчыць яго. У ім ратавалася ад навалы ўся сям’я, і Бог жыў у гэтым месцы. А цяпер гэтага ўратавальнага цэнтра жыцця няма, неабсяжны чужынскі свет пранік ва ўласнае «я», і тыя дзеці, што спяць уначы, быццам сплываюць некуды ўдалячынь: дробязнае стала істотным.
У начных роздумах Юхі падсвядома нараджаецца жаданне часцей бываць у кампаніі іншых людзей. Гэтая апусцелая хата больш не ўспрымаецца як роднае гняздо, і Хілту сюды болей ніколі не вернецца...
Прыкладна тады ў Юхі Тойвалы пачала праяўляцца адна новая рыса: ён надоўга затрымліваецца ў вёсцы, заходзіць у знаёмыя дамы і гадзінамі вядзе гаворку аб сім-тым. Ён крытыкуе парадкі, якія пануюць ва ўсім свеце, і тады ягоны голас робіцца пранізлівым і амаль злосным. У ягоных прамовах выразна прысутнічае злёгку грэблівае адценне ў дачыненні да «звычайных» дэмакратаў; ён сам, сваім розумам дапяў да ўсяго, і ён зусім нетакі... Ачасамуягоных прамовах чуюцца словы: «...як казаўнаш Збаўца...»
— Стары Тойвала зноў палову дня прарочыў, — кажуць кабеты пасля таго, як ён сыходзіць.
Вяртанне дадому пасля такіх доўгіх палымяных прамоў робіцца для Юхі бязрадасным як ніколі. Ідучы па лесе, ён адчувае, што на ім вісіць невядома які праклён, і таму ён абавязаны бясконца займацца чужымі справамі для чужых яму людзей. Гэта таксама выклікае непрыемнае пачуццё, бо паводле існасці натуры сваёй ён ніколі не любіў людзей. Напружваючы ўсе сілы, ён з самага маленства мусіў цярпець іх прысутнасць вакол сябе. А ўсе тыя людзі, якія толькі ёсць на свеце, бедныя ці багатыя, ніколі не зрабілі яму нічога ні дрэннага, ні добрага.