Праведная галеча
Франс Эміль Сіланпя
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 184с.
Мінск 2019
Так у гэтых мясцінах пачалася «чырвоная эпоха». Ранкам на двары ў Рынэ людзі шыхтаваліся ў шэрагі, дзяліліся на атрады і разыходзіліся ў розных кірунках рэквізаваць зброю. А ўвечары першы заможны селянін атрымаў загад прывезці саломы ў казарму. Гэтае слова ўзнікла і прыжылося за адзін дзень. Людзі вярталіся з пошукаў зброі, і іх было так шмат, што невядома, хто і калі далучыўся да натоўпу. Хата поўнілася тытунёвым дымам і шматгалосым гоманам, людзі ўспаміналі, што адбылося ў той або іншай гаспадарцы. У натоўпе было шмат невядомых Юху Тойвалу людзей. Рынэ з учарашняй групаю сядзеў у сваім пакоі — гэта быў штаб. Казарма і штаб — гэтыя два словы незвычайна змянілі ўсю акругу. Вунь там Тойка, а там Пайтула. Цікава, што робіцца ў сяле?
Юха Тойвала пакутуе ад кашмару: ён ужо двое сутак не быў дома. Узрушаны агульным уздымам, ён абвострана ўспрымае ўсё. Ён разумее, што і сёння яму не ўдасца дабрацца да сваёй хаты. Ён жуе хлеб з маслам, сёрбае бульбяны суп і пытаецца ў самога сябе, ці здолеюць перажыць дзеці і карова гэты дзень —дакладней, вечар гэтага дня і наступную ноч? Лавіна падзей нарастала з вялікай хуткасцю, але каб абдумаць усё, патрабаваўся пэўны час. А каб Юхава справа была паспяховай, лавіна тая павінна была ўзмацнець і пашырыцца. I адбылося гэта толькі адвячоркам трэцяга дня.
Вось тады загуло, засвісцела, загалёкала спевам, прарэзлівым дзіцячым крыкам, жаночым галаслівым плачам у абозах на бальшаках, на прасёлкавых дарогах ды ў скотніках:
Паўстань, пракляццем катаваны! Паўстань, хто з голаду век пух! Бурліць наш розум збунтаваны! Няволі кліча рваць ланцуг!
Вось тады людзі спазналі, што такое сапраўдная ўлада, што такое воля. Пачуццё свабоды да дрыжыкаў працінала ўсю істоту старога Юсі, ён браўся падпяваць, і ягоны тонкі
голас трымцеў ад гэтага пачуцця; нарэшце пасля такіх доўгіх пакут перад ім заблішчэла святло сапраўднага вызвалення, калі з Пір’ёлы ў Тойвалу прывезлі цэлы воз сена, а Юха асабіста прынёс ад Рынэ шмат розных харчоў для дзяцей, якія былі амаль у непрытомнасці ад голаду, страху і плачу. Нарэшце Юха мог бесперашкодна займацца самаадданай працаю дзеля вялікай справы духоўнага вызвалення.
А падзеі ішлі бясконцай чарадою. Наступнай ноччу Юха ўбачыў у хаце Рынэ свайго сына Кале, тоўстага тамперскага возчыка з шырокай чырвонай пысай; ён быў камандзірам роты. Нічога падобнага да адносінаў бацькі з сынам паміж імі не было, дый не было ўмоў для праяўлення буркатлівай бацькоўскай улады. Кале размаўляў з ім гэтаксама, як і з усімі іншымі. Уранні ён накіраваўся на Куўскоскі.
А між людзьмі ўжо чуўся шэпт, што во той ды той важны пан пакінуў гэты свет. Але шмат хто лічыў за лепшае пра тое не гаварыць. Затое вельмі ахвотна абмяркоўвалі, як ідуць справы ў таго або іншага гаспадара, і падрабязна разглядалі найбольш уласцівыя яму рысы характару. А заўгра будзе тыдзень, як усё пачалося. Першыя дні ў акрузе панавала незвычайная калатня, але да яе хутка прывыклі. Мясцовыя жыхары ніяк не называлі гэты новы парадак — як ёсць, так і ёсць, во і добра, — а ўсялякія драбніцы ніколі не абмяркоўвалі. I толькі калі прыйшлі белыя, якіх называлі мяснікамі-лахтарамі, вось тады сяляне пачулі, што гэта бунт і што ў Суомі ідзе вызвольная вайна.
Гэтая вайна цягнецца ўжо сем тыдняў. Напружанасць першых дзён даўно аціхла ў абыякавых душах; абозная павіннасць, экспрапрыяцыя, спецыяльныя мандаты і дазволы — усё гэта стала звыклым, толькі бывае, што здрыганецца чалавек, калі ўдвор заедзе санная запрэжка, адкуль бачацца рулі стрэльбаў, патранташы ды чырвоныя банты. Але размаўляе ён з прыхаднямі прыветна і абяцае выканаць усе іхнія патрабаванні, харчразвёрстку і ўсё астатняе, бо гэта ж свае,
мясцовыя людзі, чаго ўжо там... Потым сані выязджаюць з двара і рухаюцца далей. Хутка з фронту, напэўна, прыедуць людзі па малако.
Жыццё цячэ спакойна, амаль без аніякіх змен. У вячэрнім змроку людзі крадком гойсаюць па суседніх дварах, сядзяць па хатах і расказваюць пра тое, што яны бачылі ў сваіх паездках, што чулі ад чырвонагвардзейцаў у суседніх мясцінах. Пра ўсё гамоняць з усмешкаю, ніхто не хоча падацца нядобразычлівым. Ніхто і не думае, што сюды могуць прыйсці белыя мяснікі-лахтары — усе называюць іх так і ніяк іначай. Хтосьці разжыўся ў паездцы тытунём і частуе другіх. Ходзяць чуткі, што пан Пуйталу павінен з’яўляцца да Рынэ чатыры разы на дзень, і цяпер гэта нікога не здзіўляе. Хто-небудзь збоку падумае, што пану Пуйтале не пашкодзіць, калі яму крыху і саб’юць фанабэрыі. Кажуць, што загінуў сын Рынэ, і зноў жа такі абыякавы чалавек употай парадуецца, што адным хуліганам стала меней. Чужаніца бачыць усю паслядоўнасць падзей, якія прывялі да сённяшняга становішча. Плынь часу абуджае ў ім патаемнае задавальненне, бо ўсё адбываецца так, як і павінна адбывацца, усё ідзе сваім парадкам, і толькі лёгкае нецярпенне даймае такога абыякавага пабочнага назіральніка. Хутчэй бы ўсё скончылася — ніхто ж у гэтай вайне не пераможа, бо дзеля перамогі трэба адолець самога сябе.
Так думае нейкі таямнічы старонні чалавек, ён усімі сваімі нервамі абвострана адчувае, што падзеі паскараюць сваю хаду. Жыццё не бывае аднастайна нязменным, характар жыцця жвавы і досыць нецярплівы.
У гэтым бурлівым віры падзей няспынна круціцца Юха Тойвала. Усю вайну то тут, то там віднеюцца ягоны чырвоны бант і пранізліва прыжмураныя вочы. Шмат хто з заможных сялян, якія проста не заўважалі яго і не лічылі ніякім сацыялістам, цяпер мусіць выконваць ягоныя загады. Юха ахвотна прысутнічае на ўсіх важных мерапрыемствах; там ён стаіць, вытарашчыўшы вочы, з горкай складкай вакол моцна сціснутых вуснаў. Ён з задавальненнем ходзіць на экспрапрыяцыі, хоць ягоны гаспадар не адзін раз ужо дасылаў
у штаб цыдулкі: «Няўжо вы там не можаце знайсці нікога лепшага за Юсі Тойвала?» Шмат якія заможныя гаспадары гатовы аддаць палову маёмасці, каб толькі не падпарадкоўвацца загадам старога Юсі. Невядома, з якой прычыны ўсе гаспадары-заможнікі так ненавідзяць яго.
А Юха, са свайго боку, не так ужо і моцна ненавідзіць гаспадароў. Цяпер ён жадае толькі аднаго: каб яны цяпер убачылі, што ягоныя прамовы спраўдзіліся, што народ усёмагутны і што не заўсёды ім жыць за кошт таннай народнай працы. Раней яны яго не слухалі і нават не заўсёды прапаноўвалі сесці, калі Юха заходзіў да іх. I хоць ён заўсёды размаўляў з гаспадарамі надзвычай ветліва, яны толькі нешта мычалі ў адказ і адварочваліся ад яго. I цяпер, падчас вайны, Юха заўважае, як гаспадары ледзь стрымліваюць бурлівую злосць, калі ён прыходзіць да іх з развёрсткаю.
Так жыў стары небарака Юсі Тойвала. Цяпер ужо шмат вушэй, патаемна падслухоўваючы, пачула па тэлефоне намёкі на тое, што адбудзецца ў хуткім часе, а Юха ўсё яшчэ ездзіць з вёскі ў вёску разам з Кале Ніеміненам, збіраючы запоны. Просты Юхаў розум не мае патрэбы разбірацца ў складаных акалічнасцях жыцця. Ён ужо назапасіў добры кашэль: ажно шэсцьсот марак! Вядома, гэта ладныя грошы, хоць папраўдзе ён думаў здабыць і болей. Калі цяпер ён атрымае торп з лесам, дык спатрэбяцца болыныя грошы. Праўду кажучы, яму ўжо крыху і надакучыла ўсё гэта. Да таго ён старанна рабіў сваю справу і не пакіне яе, аднак надта ўжо нетаропка ідуць тыя здзяйсненні. Рынэ, напэўна, таксама мае сваю выгаду, бо ўяго заўсёды шмат грошай.
Аб тым ён гаворыць Кале Ніемінену, які сядзіць побач. А той амаль не слухае, што там вярзе стары Тойвала, адказвае нехаця і недарэчы, штосьці напявае і глядзіць некуды наперад. Нідзе і ніколі за ўсё сваё жыццё Юха не сустрэў сапраўднага сябра...
У вечаровым змроку Юха вяртаецца ў штаб са сваёй здабычаю. У хату ён уваходзіць з дакорам на зарослым дзікім валоссем твары: во, глядзіце, ён стары чалавек, але ж так
жвава варушыцца і дзейнічае — справа ж ляснецца, калі ўсе будуць толькі сядзець і мянціць языкамі. Калі настаўчас дзейнічаць, значыць, трэба дзейнічаць... I нічога дзіўнага, што Рынэва жонка запрашае яго на кухню і частуе каваю.
Смакуючы каву, Юха пагружаецца ў настрой, які ў яго быў раней, калі ўдавалася здабыць хоць крыху грошай і ён вось так сядзеў з кубачкам кавы, і здабытыя паперкі салодка вярэдзілі ягоную душу. Задавальненне ад спакойнай паспяховай дзейнасці лашчыць і трывожыць. Тут бяспечна, тут заўсёды шмат народу, тут цёпла, тут ядуць, п’юць каву і дзейнічаюць. Адсюль увесь час некуды ідуць, тэлефануюць, і ўсё ідзе ўпэўнена і незваротна. А ці прынеслі дровы на кухню? Здаецца, малавата; зараз Юха пойдзе і прынясе яшчэ. Шматтыднёвы грукат фронту каля Куўскоскі стаў звыклай і не вартай увагі часткай штодзённага жыцця — куды ж ад таго падзецца? Санныя абозы, складзеныя з сотняў запрэжак, рухаюцца па лёдзе нібы самі па сабе, нібыта ніхто і не кіруе тымі вазамі; часам прыходзяць звесткі, што хтосьці з мясцовых хлопцаў загінуў, але і гэта, як ні дзіўна, толькі ўмацоўвае пачуццё спакою і бяспекі. Юха зусім не хоча быць самастойным гаспадаром, так яму болып утульна і зручна. Юху нясе імклівы вір падзей, і яму было б неўласціва абдумваць, ацэньваць значэнне падзей, іх вынікі, іх наступствы. Яму добра і так: ён адчувае, што ў адваротным выпадку, што б там ні здарылася, яго чакала б пагібель. Што ён значыць сярод тысячнай гурмы, хто яго там заўважыць? Ён устае і выходзіць у двор па дровы.
Юха Тойвала — чалавек старанны, штабісты размаўляюць з ім, паблажліва ўсміхаючыся, і гэтая паблажлівасць злуе старога Тойвалу. Во ён толькі што прынёс абярэмак дроў, і зноў трэба ісці ды прынесці яшчэ. А ў хаце вунь лайдакі валяюцца на ложках, адзін сядзіць у мяккім крэсле і нават чытае газету...
Але цяпер позірк Юхі стаў незвычайна вострым, ён уважліва сочыць за штабістамі, і ў яго прачынаецца жахлівае падазрэнне, што яны толькі прыкідваюцца спакойнымі.
Гэтае пачуццё нечакана апанавала Юху, калі ён вярнуўся з паездкі. Са сцяны абыякава глядзіць рэквізаваны ў суседняга гаспадара тэлефон, з-пад столі звісае там жа рэквізаваная электрычная лямпачка. I ніхто болей не звяртае ўвагі на Юхаву стараннасць, на ягоныя дзеянні: у штабістаў такі выгляд, нібы ім ужо абрыдла ягоная бязладная мітусня. I тут Юха ўспамінае, што такое становішча працягваецца ўжо сем тыдняў.
Але пакуль што ўсё застаецца па-ранейшаму. Ціхі вечар, нават грукат каля гары Куўскоскі сцішыўся. Там якраз і стаяць белагвардзейскія лахтары-мяснікі... Каля варотаў тупае вартавы. 3 дарогі чуюцца нечыя крокі, і з вячэрняга змроку набліжаюцца дзве чалавечыя постаці. Моўчкі падыходзяць мужчына і жанчына, апранутыя ў багатыя футры. Гэта сапраўдныя паны: гаспадар Пайтулы з жонкаю ідзе на вечаровую праверку ў штаб. Жонка заўсёды прыходзіць разам з ім. Стрэлы каля Куўскоскі чуюцца ўсё радзей. Здаецца, што там адбываецца нешта надзвычай важнае.