• Газеты, часопісы і г.д.
  • Праведная галеча  Франс Эміль Сіланпя

    Праведная галеча

    Франс Эміль Сіланпя

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 184с.
    Мінск 2019
    52.79 МБ
    А рэвалюцыя працягваецца, пашыраецца і мацнее. Штораніцы пошта прыносіць звесткі пра тое, што гэты рух з Хельсінкаў распаўсюджваецца па ўсёй краіне. Гэта цудоўнае лета фінскай беднаты. Цэлымі тыднямі не відаць буржуазных газет, якія толькі хлусяць і спрабуюць выступаць супраць
    праўды працоўнага люду. I нічога дзіўнага, што цяпер гаспадар выходзіць на жніво разам з усімі і сам ставіць у бабкі снапы, задыхаючыся ад нянавісці. Амаль што з асалодаю падзёншчыкі глядзяць на ягоную бяссільную злосць, калі па паўтары гадзіны сядзяць на полі і востраць свае сярпы. Ад ранейшай працы навыперадкі не засталося і следу. Гэта бядняцкае лета 1917 года. Свабодны, з паднятаю галавой, шыбуе ўпэўнена падзёншчык па летніх дарогах, і торпар з большым замілаваннем глядзіць на землі свайго торпа, адкуль даносіцца подых будучай радасці...
    Аднак гісторыя ўсіх слаёў фінскага народа дагэтуль поўная трагізму—трагізму незвычайна вытанчанага і нават адмыслова вычварнага. Лёс не забіваў нас, а паддаваў няспыннаму павольнаму катаванню. Вось ён прыгравае нас на сонейку, а калі мы дажываем да таго, што і самі не ведаем, каго б толькі прыняць у свае абдымкі, як гэты ж самы лёс бязлітасна даводзіць, што папраўдзе ён не меў нічога сур’ёзнага, што гэта была наша ілюзія.
    Зіма, снежань. Завірухі, маразы, празрыстыя зорныя вечары, калі ў лясной цішы час нібы спыніўся і прыслухоўваецца да ўсяго, што адбылося за апошнія дзесяцігоддзі; шолах галінкі, якая ціха падае ў снег, падаецца спакойным дыханнем сярод боскае цішыні. Такімі былі зімы на працягу дзесяцігоддзяў, і людзі ездзілі па вузкіх санных дарогах пад заснежанымі ляснымі шатамі. I яны пакаленнямі спрычыняліся да гэтай боскасці прыроды.
    Так было раней, але цяпер ужо ўсё не так.
    Цяпер наўрад ці хто заўважае, што ўжо надышла зіма: зусім жа нядаўна быў лістапад, калі ўціхамірылі гвардыю лахтараў. I ўсяго толькі тры тыдні, як перасталі плаціць падаткі. Вырашылі таксама не плаціць і царкоўныя пошліны. He час торпарам сядзець па дамах. Дома, у самотных хацінах, цьмянымі зімнімі днямі іх падсцерагае старадаўняя сонная цішыня, але зараз так не пойдзе. I людзі міжволі пазбягаюць таго. Што там навырашае парламент? Ці не збіраюцца буржуі ўзаконіць гвардыю лахтараў? Тады настане пара падняцца
    і нашым хлопцам. Што нам той парламент? Мы прайгралі на выбарах, ну і што з таго? Халера з імі, з гэтымі выбарамі! Наогул, увесь той парламент — чыста бабская забава, а буржуі там заўсёды заадно, ім усё роўна, прайгралі мы ці выйгралі. Хай сабе рабочыя і стануць большасцю ў парламенце, усё адно гэта нічога не вырашыць да той пары, пакуль існуюць буржуі і ключы ад свірнаў з хлебам вісяць па сценах у іхніх дамах. Што нам да тых парламентаў ды большасці! Мы ім пакажам, у каго большасць. Калі спатрэбіцца, дык нас абавязкова будзе больш.
    Гэта ўсё нагадвае дзень нараджэння, калі раптам якінебудзь зухаваты дзяцюк, пусціўшыся ў скокі, не ўпадабае столікі для кавы ці яшчэ якую мэблю. Тады ён пачынае задзірацца і лезці ў бойку.
    Юха Тойвала цяпер не надта рупліва займаецца сваёй гаспадаркаю, бо Лемпі ўжо чатырнаццаць гадоў і яна добра спраўляецца з доглядам каровы, асабліва цяпер, калі карова цельная і даіць яе не трэба. Дзесяць гадоў мінула з таго вялікага лета смерці, калі ён хадзіў да родзічаў у Туарылу. Гэта было лета старадаўняга чыну, бясконцае, поўнае засушлівага шолаху. Юха больш не ўспамінае нябожчыкаў, яшчэ менш ён думае аб сваіх знатных сваяках, бо ўсё гэта не мае ніякага дачынення да падзей сённяшняга дня. Зараз на чарзе пытанне торпараў, аб чым больш за ўсё гамоняць людзі, і пытанне гвардыі лахтараў. Юха сядзіць у якіх-небудзь знаёмых і пранізлівым голасам «вяшчае». Увечары ён ідзе дадому, стомлена пазяхае і наўрад ці аб чым-небудзь думае яшчэ. Хаціна з ложкам і розным рыззём за доўгія гады набыла зусім іншы выгляд. Раней у ёй жыла нястача, а цяпер пануе сапраўдная галеча: са шматлікіх дробных рэчаў знікла ўся ўтульная «хатнясць», і цяпер хата нагадвае памяшканне для парабкаў у вялікай гаспадарцы, дзе бессаромна пануе пахабны дух падзёншчыкаў, нанятых на кароткі час проста з вялікай дарогі. Можна было б падумаць, што гэта ўсё толькі прыдумка, каб не адзін важны відавочны факт: вошы. Яны ўжо завяліся ў хаце Юхі Тойвалы. I ў пасцелі, дзе завяліся bo-
    шы, больш не заводзяцца вячэрнія мары. Вош не бязмозгая і не выпадковая істота, і зусім неабавязкова заводзіцца яна ў брудзе, як гэта звычайна думаюць. Яна можа і не завесціся ў старой бядняцкай хатцы, затое абавязкова з’яўляецца там, дзе чалавек даходзіць да поўнай жыццёвай знямогі: у акопах на фронце, у памяшканнях для парабкаў ды іншых цесных прытулках працоўнага люду.
    У Тойвале цяпер пануюць нястача і галеча. Увосень Юха не змог трапіць у хаўрус, які купляе для сваіх членаў харчы; хлеб выдаецца па картках у царкве за паўтары мілі ад ягонай лясной хаты. У Тойвале часта галадаюць цэлымі днямі, з харчоў маецца толькі бульба ды салёная вадзіца з-пад салакі. Часцей за ўсё Лемпі і Марці ядуць адны, бо Юха амаль не бывае дома, часам нават і не начуе. Дзве схуднелыя істоты з тонкімі шыямі і запалымі вачыма неяк яшчэ зберагаюць сваё жыццё. Змарнелыя і да ўсяго безуважныя, яны сядзяць у лядашчых лахманах як жывое ўвасабленне галечы. Яны не ходзяць у народную школу, не праходзяць нават школу жыцця.
    А Юха добра сябе пачувае толькі тады, калі ён не дома. Можна пашаптацца з якімі-небудзь «таварышамі» — яму ж трэба пазычыць грошай. Рынэ — хто ведае, што гэта за чалавек? Ён хітры і падступны баламут-падбухторшчык, аднак неўпрыкмет ён усё-ткі апякае старога Тойвалу. Часам ён дае Юху дробныя даручэнні, якія той здолее выканаць належным чынам, а потым пхае старому ўжменю некалькі марак. Рынэ займаецца вялікімі справамі, ён свой чалавек у розных буржуазных аб’яднаннях, ён уваходзіць у склад розных камісій і камітэтаў. Бровы ягоныя заўжды нахмураныя, ён гаворыць рэзка, думкі свае тлумачыць коратка і безапеляцыйна. Ён толькі ўсміхаецца, калі Юха ў запале пачынае несці лухту. Але ўсё ж Рынэ лепшы за любога гаспадара.
    Аднак калі чалавек трапляе ў цяжкае становішча, справы ягоныя павольна ідуць ад дрэннага да горшага, а потым — і да найгоршага. У тую сераду справы ў Тойвале складваліся так, што хлеба зусім не было, карове скармілі апошні жмут
    сена, а Юха ў адчаі не бачыў аніякіх магчымасцей уратавацца. Праз пяць тыдняў карова павінна цяліцца: аднымі альховымі венікамі скаціну не нагадуеш. Але цяжка зноў ісці да Рынэ праз такі кароткі час — і пары тыдняў не прамінула, як ён звяртаўся па дапамогу. Дый адкуль той возьме яму сена? Дзеці мачаюць бульбіны ў расол і з вялікай цяжкасцю, давячыся, глытаюць гэтую ўбогую страву. Юха ўсё ж ідзе ў сяло, ён проста зойдзе да Рынэ, а прасіць нічога будзе. Дзеці пачынаюць усхліпваць, яны разумеюць, што зноў давядзецца начаваць адным, калі бацька гэтак позна выпраўляецца ў вёску.
    Падзеі апошніх тыдняў абудзілі ў Тойвале тыя самыя рысы, якія некалі прывялі яго ў Туарылу, і гэта найлепшым чынам набліжае яго да Рынэ. Аднак увайшоўшы ў дом Рынэ, ён разумее, што заявіўся не ў пару. Рынэ цяпер не да яго. Ягоны голас даносіцца з суседняга пакоя, чуюцца таксама іншыя галасы, і адразу зразумела, што гамоняць там не пра надвор’е і што сабраліся там людзі зусім не выпадкова. Гаспадыня нясе ім каву, а сам Рынэ выходзіць паглядзець, хто там прыйшоў. 3 натужнай сяброўскай добразычлівасцю ён адказвае на Юхаў «добры дзень» і вяртаецца на «чыстую» палову. Ягоная жонка зноў нясе каву і кажа:
    — Праходзь, Тойвала, усе там.
    — А мне можна туды?
    — Чаму ж не...
    Кабета гукае: «Тут Тойвала! Можна яму да вас!?» Адказ чуецца невыразна, але жанчына працягвае: «Дыкідзі, што ж ты...»
    Юха заходзіць у пакой і сядае каля дзвярэй. Ён адчувае сябе так, нібы трапіў на «чыстую» палову, дзе сабраліся адны гаспадары. Тут папяросы, кубкі з каваю, карціны на сценах. Незразумела толькі адно: чаму гэта гаспадары і завадатары з усяе акругі сабраліся тут у будні дзень, апранутыя ў святочную вопратку з высокімі ботамі. Што гэта за зборня?
    Сядзі тут, не сядзі — Юху гэта не дапаможа. Во каб дома было ўдосталь сена і хлеба, тады Юха з радасцю пасядзеў бы тут. Але не вытрымлівае і пачынае ўмешвацца ў гаворку,
    хоць яшчэ не зусім даўмеўся, пра што тут увогуле гамоняць. А размову яны вядуць пра пагорак Куўскоскі, разважаючы, які ён з таго ды з другога боку. Гэтую гару Юха добра ведае.
    — Вядома, для абароны гэта добрае месца, — кажа Юха. — А што, можа спатрэбіцца такое месца?
    — Хто яго ведае, можа, і спатрэбіцца, — адказвае адзін мужчына.
    Так, паступова распытваючы, Юха дакопваецца да сутнасці. Пачалася вайна. «Вайна» — гэтае слова не прамаўляецца ўголас, але яно пагрозліва насоўваецца як вынік усіх папярэдніх падзей. Вайна! Ці сапраўды гэта вайна, калі счапіліся ў бойцы чырвонагвардзейцы і лахтары? А можа, гэта адно толькі дэманстрацыя, накшталт той, што была ўлетку каля маслабойні? А з дэманстрацыяй ніхто не зможа справіцца: там жа такое мноства людзей! I падумаць нельга, што могуць страляць па такім вялікім натоўпе.
    У хату ўваходзяць усё новыя людзі, і Рынэ ідзе сустракаць іх. Тым часам Юха, застаўшыся ў пакоі, ціхенька выпытвае падрабязнасці, нібыта баючыся зрабіць гэта ў прысутнасці Рынэ. Дома ў Юхі зусім дрэнна, а што будзе далей?
    У хату ўвайшлі яшчэ шэсць чалавек, відны рулі стрэльбаў. Дагэтуль цэнтр нарады быў на гаспадарскай палове хаты, цяпер жа ён рассыпаўся і паступова перамясціўся ў агульную палову, дзе сярод прысутных шмат парабкаў і падзённых работнікаў. Ёсць там і такія, што сядзелі ў астрогу, такія, якіх Юха не лічыў людзьмі, здольнымі на што-небудзь прыстойнае. Але цяпер у паветры лунае дух нечага вялікага, што дыханнем сваім сцірае ўсё былое. Дым ад папярос усё гусцее. Натоўп цяпер такі вялікі, што асобны чалавек раствараецца ўгэтай гурме. Пачуццё сённяшнягадня мацнее, няма больш ні ўчора, ні заўтра. 3 кожнай новаю парай пачуццё масавасці ўзрастае. Плануюцца змены начной варты. I неяк само сабою Юха застаецца начаваць у Рынэ, хоць ніхто яго не запрашаў. Недзе ўдалечыні згубіўся той вечар, калі Юха пакінуў дом, дзе няма ні сена, ні хлеба. Усіх сабраных людзей некалі турбавалі тыя ж самыя справы. Цяпер іх няма.