Праведная галеча
Франс Эміль Сіланпя
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 184с.
Мінск 2019
ды і сваркі — гэта нелады і сваркі з самім сабою. Кожнае лета яны разам ходзяць да прычасця, заўсёды спяць пад адной коўдраю, яны ўжо амаль не размаўляюць адно з адным, а моўчкі варочаюцца з боку на бок, крэхкаючы і кашляючы.
У старэючым розуме Юхі міжволі пачынаецца працэс — з’ява, якую называюць стварэннем жыццёвага погляду. Пастарэлы Юха нашмат лягчэй навучыўся б лятаць, чым усвядоміць сэнс і значэнне гэтых слоў, аднак для яго ўжо надышоў час одуму, як надыходзіць час асенняга лістападу для дрэва, якое скідае лістоту, не ведаючы, што працэс гэты адбываецца паводле законаў батанікі. Цяпер Юха лічыць, што ён канчаткова зразумеў, што за такая з’ява — жыццё. Гэта нейкае па-вар’яцку кіслае пітво, якога заліваюць у чалавека болей, чым ён можа ператравіць, і праз тое ён толькі знемагае і задыхаецца, нібыта адзін застаўся працаваць у вялізнай пуні, куды дзесяць пар дужых коней бесперапынна вязуць і вязуць цяжкія вазы сена. I гэтак да скону...
Ад думкі пра смерць Юха ўскаквае з абочыны і хуткімі крокамі рушыць далей. Ён ужо стары, яму ўжо споўнілася пяцьдзясят, дык калі і як ён памрэ? Ён не жадае нават спрабаваць уцяміць, што нейкім чынам парвецца заўсёдная сувязь з усім малым і вялікім, са сваімі блізкімі, з усім тым, што існавала зпершапачатковагачасу... Якгэта?.. Садня стварэння свету, нуяк сказаць іначай, гэтажнешта... такое... такое ўсёабдымнае. А гэткая сувязь — яна і ёсць увесь свет. Іншыя ж людзі, якія жывуць і паміраюць навокал яго, — гэта адно толькі нязначныя часцінкі тае вялікае сусветнае сувязі... Я таксама памру. А як чалавек расстаецца з душою?.. Бог? Вось яно, сапраўднае месца, дзе павінен быць Бог! Толькі цяпер я ўразумеў, што такое Бог. Ён зладзіць маю смерць належным годным чынам, ён зробіць так, каб гэты незразумелы, шалёны, вялізны і непазбыўны свет не загінуў, калі я памру.
Словамі проста немагчыма перадаць усе гэтыя думкі і ўяўленні, якія нараджаюцца ў галаве ў Юхі. Ён вяртаецца са свайго неразумнага і нікому з жыхароў Туарылы не зразумелага падарожжа. Падарожжа, якое не прынесла ніякай
карысці, а толькі падпаліла крылы ягонай мудрасці і вярнула яму разуменне зямных спраў. Так ён рушыць сам-насам са сваімі думкамі і непахісна верыць, што ён і ёсць цэнтрам жыцця, якое змяшчаецца ў ягонай свядомасці, гэтак жа сама, як ён змяшчаецца ў цэнтры нябеснай сферы. Ён адзін ва ўсім свеце вакол яго, сённяшні дзень — гэта нешта накшталт сумесі ўсяго будзённага і святочнага, калі ён, растраціўшы сілы і надзеі, ледзьве цягнецца знаёмымі палеткамі. Ародная хата, здаецца, выглядае зусім не так, як звычайна, нібы і яна ўвесь гэты час была ў глыбокім роздуме. Можа, там няма хлеба, дык на тыя восем марак, што засталіся ў яго, можна купіць колькі заўгодна. Вось ты і дома... Толькі нядобрае пачуццё чамусьці гняце тваю душу...
3 апошніх сіл Юха адольвае дзве прыступкі ганка, уваходзіць у сенцы, адчыняе дзверы, і ў нос яму б’е знаёмы пах падгнілага дрэва. Рыйна сядзіць на лаўцы і моўчкі (яны звычайна не вітаюцца) шые нейкую белую вопратку. Віле нідзе не відаць.
Незвычайны выгляд хаціны яшчэ больш узмацняе нядобрае пачуццё, якое авалодала Юхам у дарозе. Вось жа, пакуль яго не было, Віле сканаў. Юха вешае на цвік каля дзвярэй сваю кайстру, пашытую з сабачай скуры. Усе маўчаць у чаканні, што хтосьці загаворыць першы. Маўчаць дарослыя, маўчаць дзеці. Потым пачынаюцца раздражнёныя роспыты, і нарэшце даходзяць да галоўнага. Тады пытанні задае толькі Юха.
Юха здымае боты і сурдут. Потым ён моўчкі сядае на ганак. Вечарэе, халаднее. Юха сядзіць у святочна ўрачыстым настроі, і здаецца, што працэс асэнсавання жыцця спыняецца. Смерць Віле — гэта такая вялікая палёгка, што асэнсаванне прыходзіць не адразу. Няўжо тое кіслае пітво, у якім патанае ягоная істота, цяпер расступаецца, і можна вынырнуць на паверхню жыццёвага мора, аддыхацца і пажыць далей?
У такім разе паход у Туарылу набывае зусім іншы сэнс і значэнне. Дзесяць марак за шэсць дзён — гэта зусім нядрэнна, і ўсе непрыемнасці адступаюць і забываюцца. Вось
пахаваем хлопчыка, а далей што? He, застаецца, застаецца застарэлая горыч жыцця, і палёгка тая — толькі кароткачасовае забыццё.
Ва ўсякім разе, смерць хлопчыка зрабіла так, што Юха, седзячы на прыступках ганка, адчуў сябе такім свежым, нібы пасля доўгага здаровага сну. Гэта чуецца ў тых бадзёрых воклічах, якімі ён уціхамірвае дзяцей, што моцна разгуляліся ўдвары.
А прырода зноў паціху схіляецца да восені. Ужо ў сярэдзіне лета восень крадзецца ў нетры пакуль яшчэ густа-зялёных лясоў, прабіраецца на панылыя сялянскія нівы. Яшчэ не холадна і ў адной кашулі, яшчэ цямнее старая скура ў выразах лёгкай вопраткі. Цёплае ў жылаватых руках грабільна, цёплы і водар скошанага на пагорках сена, які далятае да самай хаткі.
А водар толькі што звязаных венікаў яшчэ больш свежы і халаднаваты. Цяплом, святлом і сваёй духмянасцю прырода ахутвае маленькае ўбогае жытло чалавека, якое стаілася ў самым сэрцы сусветнай прыгажосці дзеля таго, каб не чуўся ягоны цяжкі пах. А жытло гэтае па-ранейшаму нясе на сабе адбітак смутку і тугі. Да Купалля на ягоных прызбах яшчэ цепляцца нейкія слабыя спадзевы, аднак з цягам часу ад іх застаюцца толькі кволыя ўспаміны. У жніўні поўдзень усё яшчэ багата насычаны цеплынёю і святлом, аднак у гэтым цяпле, якое сагравае тоненькую касу дзяўчынкі з торпарскай хаткі, ужо выразна адчуваецца восеньская паныласць.
Жыццё на лясным торпе за лета праходзіць праз усе тыя вонкавыя пераўтварэнні, што адбываюцца і на раўнінным цэнтры ўсяго прыхода. I тут бясконца паўтараюцца тыя самыя часы ворыва, сяўбы і жніва, якія патрабуюць намаганняў, што знясільваюць, на ўсіх прасторах зямлі. Такая ўжо чалавечая доля: працаваць і працаваць, нягледзячы ні на што. I нават самы нямоглы працаўнік не можа пазбегнуць такой долі. У гарачую пару сялянскай працы ён са дня ў дзень усё болей траціць сілы, і гэтая стома з цягам часу штогод большае і большае.
Смерць узбадзёрвае. Пасля таго як памёр Віле, жыццё ў Тойвале на пэўны час набыло нейкае святочнае адценне. Здавалася, што заўсёды, калі, самазабыўна працуючы, часам азірнешся назад, дык убачыш, што мінулыя гады і дзесяцігоддзі ахінутыя своеасаблівым святочным вэлюмам. Юха стаў яшчэ больш маўклівым і праз тое набыў больш суровы выгляд. Здавалася, што рэдкія валасы, якія яшчэ засталіся на патыліцы, цяпер тырчалі яшчэ больш нахабна і задзірыста, а ў маленькіх вочках стаіўся нейкі імглісты калючы выраз. Ён зноў пачаў старанна адпрацоўваць абавязковыя дні. Гаспадар дазволіў яму працаваць і болей не чапляўся за неадпрацаваныя дні з канём. Калі пасля абеду падзёншчыкі размяшчаліся на адпачынакудвары, заводзячы размовы аб усім і ні аб чым, стары Тойвала распачынаў гаворку пра Бога і прамаўляў даўжэзную казань, у якой выразна адчуваўся «кіслы» погляд на жыццё і адначасова выяўлялася ўпартае жаданне гаварыць пра тое бясконца. Гэта дзейнічала на гаспадара і працаўнікоў як вядро ледзяной вады. I тут было заўважна, як моцна пастарэў за гэтае лета Юха Тойвала.
Аднак гэта было ўсяго толькі наступствам ягонага ціхага святочнага настрою. Юху поўніла цвёрдая ўпэўненасць, што смерць узвысіла яго не толькі перад людзьмі, але і перад самім сабою і нават перад Богам. Вось так, цяпер ён нароўні з усімі, хто хоць крыху прызнае Бога: з падзёншчыкамі і з гаспадаром, і ўжо не трэба ні запабягаць перад імі, ні дагаджаць ім. Праўда, большасць з іх — гэта проста марныя людзі, якія не ведаюць, што такое Бог, а таму даводзіцца перабіваць іхнія пустыя размовы.
Калі Юха пры канцы лета вяртаецца з гаспадарскай сялібы ў Тойвалу, ідучы знаёмай дарогай паўз стары плот, ніякія новыя задумы не хвалююць яго, дый няўдалыя старыя не выклікаюць расчаравання і горкіх пачуццяў. Пасля вяртання з Туарылы наступіла зацішша, чаканне нечага невядомага. Смерць Віле яшчэ не забытая, але адчуваецца, што жыццё чарговы раз змяняе свой кірунак. Шмат чаго яшчэ канчаткова не высветлена, хутка давядзецца вырашаць што-небудзь
і наконт торпа, бо цяпер у яго няма каня. Але думаць пра тое на дзіва няма ахвоты. I кожны дзень ён удзячны гаспадару, што не напамінае і нічога не кажа пра тое. Тут спачатку трэба ўчыніць штосьці іншае, а вось што — ніяк не прыдумваецца. Што ж, будзем чакаць, час усё адно ідзе паціху.
На хутары Тойвала стома з цягам часу зрабілася штодзённай і звыклаю. Рыйна зроду не была ўвішнаю ці стараннаю, і ні расол, ні бульба, ні сыракваша не змянілі яе вялай натуры да самай сталай пары. Часта яна, седзячы з дзіцём на руках, думала, якія, у сутнасці сваёй, дурныя жаданні прымушаюць служанак выходзіць замуж. Яе апаноўваў такі роздум, яна імкнулася прыпомніць, што яна думала ў часы, калі сама была служанкаю. I вынікала, што вялікая перавага ў становішчы служанак акурат у тым, што, кладучыся спаць увечары, служанка не гадае, што ёй давядзецца рабіць назаўтра або што засталося недакончаным сёння. Для служанак такія пытанні не мелі ніякага значэння, а для гаспадыні торпа — гэта аб’ект пастаянных турбот. А вось з нараджэннем дзіцяці ўзнікае зусім іншае становішча. Калі родзіць служанка — гэта паказвае яе распуснасць, а для замужняй жанчыны — з’ява звычайная, якая толькі змяняе жыццёвую прозу кабеты так, што, гледзячы збоку, можна і паспачуваць ёй. А паколькі такая проза — гэта непазбежная жаночая доля, дык служанка заўсёды імкнецца выйсці замуж. Магчыма, і вокрыкі гаспадыні адыгрываюць сваю ролю, выклікаючы ўнутраны супраціў — вось выйду замуж і вырвуся на волю. Але Рыйна не аднойчы горка ўсміхалася, успамінаючы сваё прывольнае жыццё, калі яна была служанкаю. Гэта так прыемна ўспомніць, пакуль старога няма дома, а ты сядзіш каля печы і чакаеш, калі закіпіць кафейнік.
Рыйнаю авалодала бясконцая стома. Пасля апошніх родаў у яе пачалася жаночая хвароба, аб якой яна не наважвалася распавесці ніякай жанчыне — не тое што Юху. Гэтым летам хвароба штосілы ўгрызалася ў яе, знясільвала да поўнай знямогі і галавакружэнняў, асабліва калі ёй даводзілася цягаць цяжкія вязанкі травы. Пра тое яна нічога не хацела казаць,
а таму ўзнікалі новыя цяжкасці. Найперш трэба было, каб стары спаў асобна. Рыйна загаварыла пра тое так, нібы ўсё было вырашана загадзя, але ў раздражненні нават не патлумачыла, што да чаго. Стары паглядзеў на яе доўгім уважлівым позіркам, але саступіў, зразумеўшы справу на свой капыл; ён за апошні час таксама моцна змяніўся.