Праведная галеча
Франс Эміль Сіланпя
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 184с.
Мінск 2019
— Гэтак, як варона пералятае з нівы на ніву, так і Юха з Рыйнаю пераляцяць з Пір’ёлы на Юр’ялу.
Добрае задавальненне, здаецца, поўніла ўсю істоту старога Пір’ёлы.
Неўзабаве ў Пір’ёле зладзілі вяселле. У п’янай вясельнай гамане забылася і знікла ўсё былое, але адно заставалася навідавоку: «блаславеннае» становішча Рыйны. Гэта давалася ў знакі, нават калі гулянка пачала заціхаць. Нязваныя госці ўсчалі ў двары аглушальную бойку, але жаніх нічога пра тое не ведаў. Напіўшыся дасхочу, ён спаў на ложку ў пякарні. Чалавек спаў, але слых ягоны ўспрымаў жывыя гукі
наваколля, голас скрыпкі перамешваўся з п’яным гоманам гасцей, пранікаючы ў сонную свядомасць, і ўсё гэта выклікала ў яго такое задавальненне, якое больш ніколі не выпадала яму на долю ў жыццёвых блуканнях. Ён болей і ў сне ніколі не перажываў такога.
А Рыйна ў тую ноч атрымала ажно сорак марак у падарунак да вяселля. Гэта было амаль удвая болын, чым яна атрымала за ўсю сваю службу ў Пір’ёлы. Яна выходзіла на двор разнімаць бойкі, і ў выніку самыя зацятыя задзіракі пайшлі за ёю ў хату патанцаваць і шчодра надзялілі яе грашыма.
Торп знаходзіўся ў далёкім глухім лесе, які належаў гаспадару Юр’ялы. Дом амаль спарахнеў, торп спусцеў, там не жылі так даўно, што ніхто і не памятаў сапраўднай назвы гэтага глухога месца. Сапраўдная назва была Крапсяля: некалі так і казалі, але з цягам часу яна забылася і гучала нязвычна. Шмат часу таму на торпе жылі розныя прышлыя людзі, якія далі гэтаму месцу непрыстойную мянушку. Пасля таго як Юха з Рыйнаю перасяліліся туды, торп сталі называць па прозвішчы Юхі — Тойвала. Толькі стары Юр’яла злаваўся і называў Юху гаспадаром Крапсялі, калі адчытваў Юху за спазненні на адпрацоўку ці за якія другія хібы.
Маладыя перабраліся ў сваё новае жытло ў Дзень Усіх Святых. Як надвор’е, так і дарога нібы імкнуліся паказаць усю марнасць Юхавых спадзяванняў; ён убачыў, па якой дарозе яму давядзецца ездзіць на адпрацоўку дзён у Юр’яле. Месцамі калёсы па самыя восі патаналі ў гразі, конь надрываўся, выцягваючы шыю, і ў вачах жывёлы буяў адвечны страх перад багнаю. Уся маёмасць маладой пары змясцілася на адной фурманцы. Тут была і Юхава шафа — ягоная светлая мроя падчас жыцця ў Туарыле; была і скрынка Рыйны, размаляваная прыгожымі кветачкамі, як гэта робяць на поўначы. Быў тут і ложак: ягоны каркас гадоў дзесяць праляжаў пад сцяной у Пір’ёле, затое дошкі спальнай асновы былі навюткія і белыя. За ложак давялося заплаціць срэбраную марку, а ў дадатак яны атрымалі добры куль саломы. Былі тут і розныя дзежкі, вядро і даёнка, быў чыгунок з ножкамі, гліняная міса
і ажно чатыры лыжкі, так што з дабра было сёе-тое, і нават болып, чым трэба. Усю гэтую маёмасць паспешліва шукалі і збіралі адкуль папала. Былі тут і харчы на патрэбы навасельных торпараў: пяць фунтаў салёнай салакі, добры фунт хлеба, два чацверыкі бульбы і два фунты солі. За харчы расплачваліся гатоўкаю, і засталося яе толькі-толькі, каб заплаціць возчыку. Так што пачатак абнадзейваў, калі ўлічыць, што шматякія торпары фінскай зямлі пачыналі ў непараўнальна болып цяжкіх умовах, але прытым дабіваліся добрых поспехаў.
Душэўны ўздым перапаўняў маладую пару, а гэта ў шмат якіх выпадках мела галоўнае, вырашальнае значэнне. Яны няспынна гаварылі з фурманам, і стоеная радасць гучала ў іхніх галасах. Рыйна бясконца сыпала жартамі, якіх назапасіла падчас сваёй службы, і яе вялізны жывот калыхаўся, калі яна, ледзь паспяваючы за возам, пераскоквала цераз глыбокія калдобіны на дарозе. Блізіўся канец падарожжа, і ўдалечыні паказалася некалькі шэрых пабудоў; салому на стрэхах прыціскалі падгнілыя жардзіны. А навокал рассцілаўся глухі непралазны лес! Воз пад’язджаў бліжэй і бліжэй, аж пакуль не спыніўся перад безабаронна расчыненымі дзвярыма. Хочаш не хочаш, але занасі пажыткі ў хаціну. А тут выявілася і першая бяздумная хіба: перад тым Юха хадзіў у лес па дровы, але не дадумаўся прынесці «дамоў» хоць бы якое бярэмца. Нават каву не было як згатаваць! На шчасце, у двары засталося некалькі старых жардзін ад спарахнелага плота. 3 вялікай цяжкасцю расклалі агонь на загнеце і прыгатавалі каву. Цьмяны дзень змяніўся вечаровым змрокам.
Фурман паехаў, і на маладых абрынулася пагрозлівая цішыня напалову зруйнаванага жылля. Рыйна залівалася слязьмі, успамінаючы шчаслівыя часы сваёй службы ў Пір’ёле. Куды ж гэта яе занесла гаротнае жыццё?! Юха аглядаўся на новым месцы і на кожным кроку заўважаў безліч заган і няспраўнасцей. А ўспамінаючы пра свае харчовыя запасы, ён кожны раз скаланаўся ад роспачы. На нейкі час харчоў хопіць, а што далей? Знайсці працу ў сялянскіх гаспадарках сярод зімы проста немагчыма.
Так пачалося іхняе торпарскае жыццё, самае важнае ў якім неўзабаве выявілася цалкам. Гэтае жыццё завалодала імі як знешне, так і ўнутрана; гэта бачылася ў іхняй вопратцы, у заўсёдных выразах твараў, у барадзе Юхі і прычосцы Рыйны, у іхніх постацях і паводзінах. Яшчэ перад Калядамі Рыйна, калі Юхі не было дома, хадзіла ў вёску мяняць хлеб на каву. Амаль кожны дзень праходзіў у спрэчках, a то і ў сварках. Гэта і было сэнсам іхняга існавання, поўніла іхнюю штодзённасць, адзначаючы кожны дзень ліпкаю аднастайнасцю. Часам Юха хадзіў у вёскі на заробкі і вяртаўся з невялікім (16 пенні) прыбыткам, сярдзіты і раздражнёны. А ўсё таму, што на працы яму давалі павячэраць, а дома ён заставаўся без вячэры, хоць і адчуваў голад. Ён піў каву і злосна бурчаў на жонку, дакараючы яе за ляноту і нядбайнасць. Рыйна апраўдвалася сваёю цяжарнасцю, але ж і ад самага пачатку яна не вызначалася вялікай руплівасцю ды ўвішнасцю ў гаспадарцы — такою яна засталася і назаўсёды. А калі нарадзілася дзіця, трэба было даглядаць яго; тут ужо было не да гаспадаркі, а калі малы падрос, яна была зноў цяжарная і лічыла ўсё гэта важкай падставаю, каб заставацца такой жа ляніваю і нядбайнаю.
Спачатку жыццё нібы вагалася і гадала, якою сцяжынай павесці гэтую пару. Гэтыя роздумы цягнуліся прыкладна да Калядаў, а потым было вырашана: хай яны стануць на ногі, бо толькі ж пачалі жыць і па-ранейшаму думаюць, што ўсё пойдзе добра. Лесапавал і сплаў, якія так шчодра адарылі ўсю блаславёную зямлю Суомі, чарговы раз прыйшлі на дапамогу Юху Тойвалу. Недзе за чатыры вярсты ад ягонага торпа тою зімой пачалі валіць лес, і Юха працаваў там цэлыя тры месяцы. Ён быў там і ў той дзень, калі Рыйна ў поўнай адзіноце нарадзіла іхняе першае дзіця — хлопчыка, якому далі імя Кале Ёханэс.
Тым вечарам Юха, вярнуўшыся дамоў, проста спалохаўся і не звярнуў увагі на тое, што дзіця нарадзілася нашмат раней за тэрмін, вызначаны прыродаю. Пазней ён пазбыўся свайго перапуду, хоць нейкая дзіўная збянтэжанасць засталася; але
што да чаго, чаму яна ўзнікла, Юха не разумеў. Нібы штосьці нябачнае і невядомае ўзнялося перад ім і спыталася: «Хто ты і што далей?» «Ну во, мне зараз і дзіцё трэба карміць», — апанавала Юху жахлівая думка. А разам з ёю ўспыхнула вострая туга. Зноў жа — грошы... Цяпер нібыта і ёсць, і дастаткова, але на траіх ужо ў любым выпадку не хопіць...
Кароткі зімовы дзень перайшоў у працяглае вечаровае сутонне, а потым — у доўгую ноч. У хаціне Тойвалы ляжалі тры чалавечыя істоты, тры родныя чалавекі, якія той ноччу міжволі цураліся адно аднаго. Час ад часу дзіця пачынала плакаць і не хацела браць цыцку.
Аднак той змрочны лютаўскі вечар стаўся адным з тых рэдкіх момантаўжыцця, калі ў глыбіні нават самых прыземленых душ прачынаецца штосьці ўзвышанае. Жыццё няўхільна трымалася свайго рашэння—даць Тойвалам магчымасць стаць на ногі. Чуткі пра той іхні росквіт увялі ў вушы і старому гаспадару, хоць Юха заўсёды пазбягаў такіх размоў. А гаспадар, стары Юр’яла, ужо і празнаў, што ў Тойвалы ёсць карова: праўда, не свая ўласная, а ўзятая на адкорм. Затое стары, ледзь жывы конь, куплены на велікодным кірмашы, быў свой уласны. Карову гаспадар дазволіў пасвіць на сваім выгане, а для каня, як казаў Юха, здымаўся выган у другім месцы. Такія сцверджанні падаваліся старому Юр’ялу досыць сумнеўнымі, а таму неяк у самым зеніце лета ён вырашыў наведаць далёкі торп. Нягледзячы на боль у грудзях, ён падаўся паглядзець, як там маецца і чым займаецца ягоны новы торпар.
Гаспадар не пайшоў адразу да сялібы, а непадалёк ад варотаў павярнуў налева і апынуўся на ўскрайку лесу, дзе заўважыць яго было цяжка. «Во чорт!» — зусім па-маладому выгукнуў задышлівы стары чалавек, калі ўбачыў, як ажыццяўляе свае задумкі новы торпар. Дык во як яны тут абжываюцца! Утульненька, нібы ў каўчэгу!
Ягоную старую душу напоўніла нават не злосць, а непрыемнае адчуванне таго, што Юха цішком імкнецца стаць нароўні з ім. «Такім, значыць, чынам! Што ж, паглядзім!»
Юха засеяў амаль удвая болып зямлі, чым дамаўляліся раней. Ячмень тут рос надзіва добра, хоць гэты надзел даўно закінулі і не ўраблялі. А сталася так, што Юха заўважыў вялікую кучу гною, якая засталася ад былых гаспадароў, і вывез яе на поле, а потым дадаў яшчэ і свежых конскіх «яблыкаў» уперамешку са старой саломаю. Ну, так дык так, аднак калі гаспадар убачыў новы Юхаў плот, дык не ведаў што яму рабіць — смяяцца ці плакаць. Навюткі моцны плот цягнуўся цераз усё поле і надзейна аддзяляў добра ўгноенае і апрацаванае поле ад зарослага травою занядбанага кавалка. Яловыя жардзіны, колле і вецце з бліжэйшага лесу! А за плотам, на старым закінутым полі, спакойна стаяў конь, непадалёк ад якога ляжала карова. Дык во які выган у другім месцы «заарандаваў» Юха! Закіпеўшы ад злосці, гаспадар няспешна падаўся на падворак.
У хаціне страшэнна перапалохаліся. Юхавы вочы ператварыліся ў шэрыя гузікі, а Рыйна мітусліва пачала прыбіраць ухаце, пакуль гаспадар стаяў, аглядаючы двор. Ён заўважыў, што яго баяцца, і крыху памякчэў. Аднак вымова была вельмі суровая, і Юха з Рыйнаю падумалі, што іх тут жа пагоняць з хаты. Але гаспадар не спяшаўся, і гэта была добрая прыкмета. Нарэшце стары Юр’яла сеў на ганку і ўжо зусім лагодна павёў гаворку ў іншым кірунку. Калі ўжо Юха мае каня (і нават карову), дык няхай тады бярэ ўсю зямлю торпа і за гэта адпрацоўвае некалькі дзён з канём, некалькі без каня, некалькі дзён на падмозе ў галоўнай гаспадарцы, а таксама збірае і здае пэўную колькасць ягад: некалькі даёнак, вёдзер або дзежак. А Рыйна хай напрадзе пэўную колькасць ільну...