Прыгоды Бульбобаў
Павел Місько
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 167с.
Мінск 2004
— Цьфу! Што за шчаняты цяпер пайшлі! — абурана працяўкала яна.— Шчасце, што вы малыя, а так бы я вас...— Яна палізала адзін бачок, другі. I мы зразумелі: там, дзе мільгае язычок,— галава.
Мы вінавата павілялі хвосцікамі, селі. Памыліліся, бывае...
— Колькі ім ад роду? — спытаў адзін хлапчук — такі, як Генка.
— Скора тры месяцы,— прыхлусіў крыху Коля.
— А я думаў, месяцы чатыры. Баявітыя!
— Аўчаркі! — сказаў Толя.
Жужа паказытала валасамі морды нам носікі, затрэсла калматым хвастом, запрасіла нас пагуляць, пабегаць навыперадкі. Але ў гэты час пачуўся голас нейкай бабулькі:
— Жужа-а! Да мяне! Марш ад іх — заразішся глістамі ад гэтых хлапчукоў!
Дзеці незадаволена пачалі расступацца ў бакі. Яны любілі Жужу, але не любілі яе гаспадыню.
Каля нас засталіся толькі свае Толя і Коля. Жужа пабегла на голас бабулькі.
— Гэта вы тут?! — пачуўся раптам яшчэ адзін голас жанчыны — здзіўлены і спалоханы.
Толя і Коля ўздрыгнулі:
— Мама...
Мы амаль не ведалі іх маму, цётку Кацю. Бачылі яе ў вёсцы ўсяго раз.
— А тата дзе? Чаму ён вас тут пакінуў? — закідала хлопцаў пытаннямі цётка Каця.— От жа чалавек, а? Хворых дзяцей пусціў на вуліцу!
Яна схапіла Толю за адну руку, Колю за другую, пацягнула ў дом.
— Тут Булька! Боб! — пачалі ўпірацца яны.— Нашы сабачаняты! I сумка наша!
Цётка Каця вярнулася па сумку, а Толя і Коля падхапілі нас пад жываты.
— Што гэта за звярынец? Пакіньце!
— He пакінем! Мы іх у дзеда і бабы ўзялі! Гэта нашы! Тата дазволіў! На некалькі дзён! — крычалі Толя і Коля.
— Дазволіў?! Ну, я з татам яшчэ пагавару. Марш дадому, сабакаводы.
Толя і Коля кінуліся ў дзверы дома раней за маму.
У гарадской кватэры
Толя і Коля доўга саплі, карабкаліся па лесвіцы. Потым стаялі каля дзвярэй і чакалі маму. A мне было ўжо не вытрываць: столькі ехалі, дый на двары нам не далі зрабіць што трэба, увесь час тармасілі і гладзілі. Ды яшчэ Жужа гэтая...
Цётка Каця адамкнула дзверы, усе зайшлі ў кватэру. Нас Толя і Коля адразу пусцілі на падлогу ў калідорчыку, а самі пачалі распранацца і разувацца. Потым трошкі забыліся на нас, пабеглі недзе далей у кватэру. Мы пачулі іх выкрыкі: «Ой, якая падлога ў нас стала! Як лёд!», «Ой, гэта не наша кватэра!», «Мама, калі вы зрабілі такую падлогу?». А мама адразу накрычала на іх: «Асцярожна, не падрапайце лак!»
Боб тым часам прыладзіўся ў куточку каля абутку і зрабіў лужынку. Я больш не мог цярпець і таксама прымайстраваўся. А як пайшлі мы з таго месца, то на падлозе засталіся мокрыя слядкі лап.
— Разведаем іх дом,— сказаў я Бобу.
Усё было тут незнаёмае. I пахі нязвычныя, новыя. А павярнулі направа, у адчыненыя дзверы, то падлога бліснула нам у вочы, як вада ў рэчцы. У гэтай «вадзе» нібы гарэлі тры лямпачкі — глыбока-глыбока. Яшчэ ярчэй гарэлі тры лямпачкі пад столлю. Толя і Коля бегалі па «вадзе» і не плюхалі ніяк, не рабілі пырскаў. Пад Толем і Колем бегалі ўгору нагамі яшчэ адзін Толя і адзін Коля. Толькі тыя, што дагары нагамі, даўжэйшыя і цьмяныя, нібы цені.
— Перастаньце бегаць і коўзацца! Драпін наробіце, пісагоў! — крычала з другіх дзвярэй, яе не было відаць, Толева і Колева мама.— Ідзіце мыць рукі, будзеце вячэраць!
Коля апошненькі раз разагнаўся і ўпаў жыватом на бліскучую падлогу, праехаў.
— Лёд! — разагнаўся і праехаў Толя.
Мы ступілі некалькі крокаў па бліскучым і ўбачылі, што там, пад лёдам-лакам, ідуць нейкія
страшныя звяры — лапа ў лапу з намі. Варухнеш галавою — і там звер варухнецца. Панюхаеш падлогу — і там цягнецца да цябе страшыдла, каб панюхаць ці ўкусіць. Боб задрыжаў і сеў на хвост, потым пачаў адпаўзаць назад. Павярнуў і я — страшна!
— Каму я сказала? Перастаньце коўзацца! — далятаў усё з тых жа дзвярэй голас цёткі Каці.
— Булька! Боб! — Толя кінуўся да мяне, Коля — да Боба. He далі нам прайсці ў тыя дзверы, адкуль даносіліся смачныя пахі і голас цёткі Каці.— Пакатайцеся!
Толя сеў у адным кутку пакоя, Коля — у другім.
— Ж-ж-ж-ж-ж-ш-ш-ш-ш-с-с-с-с-с! — пусціў Коля з размаху Боба па падлозе. Боб перакруціўся некалькі разоў — галава-хвост, галава-хвост — і трапіў у расстаўленыя ногі Толі.— А ты да мяне! — крыкнуў Коля.
Толя схапіў Боба і каўзануў назад па падлозе, да Колі. Боб віскнуў ад страху, перакруціўся разы чатыры. I... трапіў у расстаўленыя ногі Колі.
— Я казаў, каб ты Бульку ўзамен пускаў, a ты!..— Коля падхапіўся і кінуўся на Толю з кулакамі.
Яны забыліся на нас, сашчапіліся і пакаціліся па бліскучай падлозе клубком. He плакалі, не крычалі, толькі крахталі, саплі і ахкалі. Мо не хацелі, каб іх пачула мама.
Боб выпаўз паволі ў калідор, сеў пры сцяне і пачаў вылізваць свой ускамлычаны бачок. Мамы Пальмы тут не было, спадзявацца не было на каго — самім трэба вылізвацца.
— Разыдзіцеся!.. Пеўні, разыдзіцеся, бо вадою паабліваю! — прыбегла з кухні цётка Каця і лупцанула фартухом аднаго і другога.
— А чаго ён майго Боба шпурляе! — заплакаў Коля.
— Ты сам яго першы шпурнуў! Гэта ж не цацка! He шайба! — адказаў Толя.
— Абодвух стаўлю ў куток, пакуль не прыйдзе бацька! — сказала цётка Каця.— Вось так... Адзін у гэты, другі — у той... Я думала, і праўда яны пахварэлі, з ног валяцца, а яны...
Толькі развяла іх цётка Каця па розных кутках, паставіла спінамі адзін да аднаго, як зазвінеў званок. Цётка Каця пайшла адчыняць і адразу спатыкнулася ў прыцемку на нас: мяне штурхнула нагою ў бок, Бобу наступіла на лапу... Боб вякнуў, а цётка Каця спалохана ўскрыкнула:
— А каб вас!.. Ледзь ног сабе не паламала.
Запаліла святло і ўпусціла дзядзьку Міхася. He дала яму і слова сказаць, загаварыла сама:
— Нашто нам гэтая псярня? Дзе мы іх будзем трымаць? Пабіліся ўжо з-за іх, чмышуць у кутках. Цэлую кватэру сабак навезлі! Усю падлогу кіпцюрамі падрапалі!
— Бо не трэба быў нам гэты лак,— сказаў дзядзька Міхась.
— Гэта мы падрапалі, а не сабачаняты! — паказаўся з пакоя Толя.— Мы незнарок...
— А я дазволіла табе пакідаць куток?
— Ты сказала: пакуль тата не прыйдзе,— выглянуў з дзвярэй і Коля.
— He трэба было, мабыць, іх прывозіць, не такія яны ўжо і хворыя. Толькі шкоднічаюць тут...
Я падумаў, што цётка Каця не вельмі любіць Толю і Колю, сваіх дзяцей.
— Ах! — Раптам убачыла яна лужынкі, што нарабілі мы з Бобам.— Ужо-о-о?! I калі яны паспелі!
Яна хуценька падышла да нас, схапіла за каршэнь Боба, схапіла мяне. Адчыніла дзверы на лесвіцу і... выкінула нас!
— Што ты робіш?! — пачулі мы праз дзверы голас дзядзькі Міхася.
Крычалі і плакалі, тупалі нагамі Толя і Коля.
Дзверы зноў адчыніліся, дзядзька Міхась пабраў нас на рукі, прынёс у калідорчык, затым у ванную, падаслаў нам нейкую анучу, паклаў. Пачаў суцяшаць дзяцей, якія ажно захліпаліся ад плачу.
Мы сядзелі, прытуліўшыся адзін да аднаго, дрыжалі. Нам таксама хацелася плакаць ад крыўды і болю. I нашто толькі мы сюды ехалі!
— Толя, вазьмі анучу, замый калідорчык. Коля, а ты набяры цёплай вады ў тазік, пакупаем шчанят з мылам,— распараджаўся дзядзька Міхась.
А з кухні далятаў голас цёткі Каці:
— Каб вымылі потым тазік з парашком!
— У-у-у... Гэта не Булька нарабіў, а Боб...— ныў плаксівым голасам Толя.— Хай Коля мые калідор, а я — сабачанят.
— Па чарзе будзеце прыбіраць, па чарзе. Ды вы ж на гэта згаджаліся — помніце? — сказаў дзядзька.
Коля набіраў у тазік цёплае вады і падміргваў нам абодвума вачыма.
Помста
Мяне ўсяго памылі — з вушамі і хвосцікам. Спалосквалі маленькім цёплым дожджыкам. ІІрыемны такі казытлівы дожджык. Дзядзька трымаў
у руках штосьці круглае, з дзірачкамі, і адтуль струменіў дожджык. Hi хмар не было, ні ветру, a дожджык ліўся! I Боба гэтак купалі, а Толя мяне сушыў, дзьмухаў гарачым паветрам з нейкае жалезнае штуковіны, што шыпіць, як кот. Называецца яна фен. Потым Толя паклаў мяне на подсціл і памагаў сушыць Боба. Дзядзька Міхась, Толя і Коля сядзелі ў ваннай на кукішках і ўсё рабілі цішком, як змоўшчыкі.
«Эх, каб цёплага малачка пасмактаць, каб была тут мама Пальма...» — думаў я. I толькі так падумаў, як дзядзька Міхась прынёс нам у дзвюх бляшаначках малака, паставіў кожнаму пад нос — каб не сварыліся за яду. Малако было халаднаватае, але таксама смачнае.
Тое непрыемнае, што вытварыла з намі цётка Каця, ужо забывалася. У нас, сабачанят, памяць кароткая...
Дзверы ў ваннай не зачынялі, і мы яшчэ чулі, як цётка Каця гаварыла:
— Во, хіба што сам будзеш з імі забаўляцца. I так дзеці раздурэлі, адбіліся ад рук, а ты ўсё ім патураеш.
У адказ ніхто нічога ёй не сказаў.
Пасярод ночы мы прачнуліся. Было ціха і ўсюды цёмна. Амаль не чуваць было і гулу машын з вуліцы. Мы чулі толькі роўнае дыханне людзей — усе спалі.
— Будзем кватэру абследаваць? — папытаў Боб.
— Уночы? Спі от лепш...
— Затое цяпер ніхто не перашкодзіць... Дый выспімся яшчэ.— I мы пайшлі падарожнічаць па кватэры.
Доўга лазілі па ўсіх закутках, абнюхвалі, аглядалі. Акрамя таго пакоя, дзе пускалі Боба па «лёдзе», быў яшчэ адзін. Там спалі дзядзька Міхась і цётка Каця, спалі дзеці. Мы там нават паблудзілі крыху, не маглі знайсці выхад. I ў кухні заблудзіліся, зачапіліся за нешта, скінулі са стала, нарабіўшы грукату.
— Хіх-хі-хі! — не вытрымаў Боб.
— Ціх-ха! A то будзе нам зноў! — прыгразіў я.
Прышлёпаў у тапачках дзядзька Міхась, уключыў на кухні святло. «Ах вы, шкоднікі!» —палавіў нас, зноў занёс у ванную, паклаў на падсцілку і пальцам прыгразіў, каб больш нікуды не рыпаліся.
«А калі захочаце чаго, то во...» —кінуў каля нас брудную анучу.
Выключыў дзядзька Міхась святло, пайшоў.
Мы паляжалі крыху, пачакалі, пакуль зноў усё супакоіцца.
Спаць нам чамусьці не хацелася, і мы зноў асцярожна пайшлі гуляць. Далёка ўжо не хадзілі, гулялі ў калідорчыку.
Мы перанюхалі ўвесь абутак у кутку. Некалькі туфель пахла цёткаю Кацяю. Мы ўзялі ў зубы па адным туфлі, зацяглі ў ванную. Палеглі на свой палавічок і пачалі грызці.
Нясмачна было, цвёрда, а мы ўсё роўна грызлі. Слабыя былі ў нас зубы, а мы ўсё роўна жавалі, жвакалі, тузалі, ірвалі.
I знаходзілі ў гэтым асалоду, супакаенне.
Мы не задумваліся, што нас пасля гэтага можа чакаць.
Мы проста неўзлюбілі цётку Кацю...
«Гэта вам не ветлячэбніца!»
Першы раніцаю ўстаў дзядзька Міхась, разбудзіў Колю:
— Падымайся, соня... Сабачанят на прагулку трэба вывесці.
Коля толькі мыкаў, як карова, і не хацеў расплюшчваць вачэй. Дзядзька Міхась сілком пасадзіў яго на пасцелі, пацёр яму вушы: