Прыгоды Бульбобаў
Павел Місько
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 167с.
Мінск 2004
— А як гэта — брахаць? А ці на ўсіх чужых трэба брахаць? Ці заўсёды? — пыталіся мы.
I мама цярпліва на ўсё адказвала.
Боб паспрабаваў брахаць. Атрымаўся не брэх, а піск. Я нават не спрабаваў: толькі сораму набярэшся.
— А ў нас тата ёсць? — нарэшце спытаў я ў мамы.
— Есць, а як жа. Я калі-небудзь пакажу яго, пазнаёмлю. У сабак такая завядзёнка: таты не жывуць разам з дзецьмі.
Мы зноў паснулі. I, мабыць, у сне я злавіў Боба за белы кончык хваста і сусліў яго. Бо калі прачнуліся і падурэлі крыху з Бобам, падужаліся, мокры кончык хваста зрабіўся шэры ад пылу і пацярухі. Мы і так абодва былі шэрыя, толькі носікі чорненькія. I тут да будкі падышлі і прыселі Толя і Коля.
— Булька, Булька,— пазваў мяне Толя, а сам пацягнуў за лапу Боба.
— Боб, Бобка,— сказаў Коля і ўзяў за шкірку мяне.
Я запішчаў: пераблыталі! Але ні Толя, ні Коля не разумелі майго піску.
— Нешта пахудзеў мой Боб,— сказаў Коля і пагушкаў мяне.
— А мой Булька паправіўся, малайчына,—гладзіў Боба мой Толя. I я зноў не вытрываў, запішчаў. Так лашчыць, як Толя, Коля чамусьці не ўмеў.
Толя гладзіў, гладзіў Боба і правёў па хвосціку раз, другі, прапусціў хвосцік цераз кулачок. I раптам закрычаў:
— Глядзі, і ў Булькі кончык хваста пабялеў!
Тады Коля пагладзіў, пацёр мой хвосцік.
— Ой, а ў Боба пацямнеў...— прашаптаў ён.
Мы пачалі абурана пішчаць.
— Мы іх пераблыталі! — нарэшце здагадаліся яны.
Толя і Коля памянялі нас, і мы адразу супакоіліся.
— Бульбобы вы! Абодва Бульбобы! — Толя падняў мяне за пярэднія лапы, паставіў на заднія, як чалавека.
— Ну — пайшлі! Ну — хадзем!
Ой, як цяжка, як нязручна хадзіць на дзвюх лапах. Бедныя, бедныя Толя і Коля, як яны пакутуюць! Коля таксама вадзіў Боба за пярэднія лапы.
— Белахвосцік ты... Дуралей малы... Свавольнік! Гэта ж трэба так нас ашукаць!
Коля не ведаў, што гэта я падстроіў такое з Бобавым хвастом.
Мы ідзём гуляць самі
Сёння я прачнуўся раней за Боба. Прачнуўся, бо нехта закрычаў каля будкі на ўсё горла: «Кука-рэ-ку!» Мамы Пальмы ў будцы не было, а Толя з Колем не прыйшлі яшчэ. Патузаў белахвостага за вуха — уставай! Патузаў за хвост — расплюшчыў той вочы, пазяхнуў:
— Ты чаго лезеш? Як цапну зараз...
Гэ, цапне ён... Непаварацень, пакуль збярэцца, дык я тры разы адскочу.
— Хадзем на двор, пагуляем,— сказаў я.
— Мама сказала нікуды не выходзіць з будкі,— адмовіўся Боб. Але сам усё-такі зіркнуў адным вокам на светлы кружок.
I тут зноў пачуўся прарэзлівы крык: «Ку-карэ-ку!» Усё роўна як: «Ратуйцеся! Уцякайце хто куды!»
Белахвосты спалохана ўціснуў галаву ў плечы, падцяў хвост.
— He бойся, там столькі цікавага! — пацягнуў я яго за вуха.
Паддаўся Боб на ўгаворы. Мы няўклюдна пералезлі цераз парожак.
Ногі нас чамусьці ўсё яшчэ не трымалі моцна. Мы хісталіся і ціснуліся адзін да аднаго. Мо ад страху? Двор такі вялікі — за дзень не перапаўзеш. Гэта ў адзін бок. Амаль столькі ж і ў другі бок ад будкі. Хіба ўпоперак паспрабаваць? Там каля дрэў высозная сцяна з дошак. Толькі гэтыя дошкі не шчыльна стаяць адна каля адной, а нібы цераз адну. Называецца гэта плот — так мама ўчора казала. Каля плота заўзята грабуць лапамі пясок смешныя белыя звяры на дзвюх нагах. Замест пысак у іх дзюбы. Хвасты растапыраныя, шырокія, на галовах нейкія банцікі. На дзвюх нагах, а на людзей не падобныя!
— Падыдзем бліжэй? — нясмела прашаптаў я.
— Ай...— віскнуў Боб.
Самы большы з гэтых двухногіх раптам адтапырыў у бакі шырачэзныя лапы, замахаў імі, пагнаў на нас вецер і пыл. I нечакана ўзляцеў на плот.
— Ку-ка-рэ-ку-у!!! Рыхтуйцеся да дажджу!
Крык быў страшны, і мы кінуліся хавацца за будку. А ногі нашы падкошваліся, мы тыцкаліся пыскамі ў пясок, куляліся.
Пасядзелі, аддыхаліся. У кутку за будкай я ўбачыў кучу кольцаў, зверху ляжаў прывязаны да іх абручык. Я падышоў, панюхаў: кольцы былі халодныя і пахлі мамаю. Яшчэ мацней пах мамаю абручык, ён не быў такі халодны і цвёрды. Што гэта за дзіва такое?
— Глядзі, хто ідзе! — Боб торкнуў пысаю мне пад бок.
Я азірнуўся. Да дзюбатых стварэнняў падыходзіла яшчэ адно. He адно, а адна, бо гэта, мабыць, была мама. За ёю беглі, мітусліва перабіралі тоненькімі ножкамі яе дзеці. Кругленькія, пушыстыя і, мабыць, мякенькія. Яны папісквалі, як мы, а на шчанят не былі падобныя.
Дзюбатая мама квактала, клікала за сабою дзяцей. А дайшла да таго месца, дзе сядзеў на плоце крыкун, сказала:
— Злазь з плота, не смяшы курэй! Кэх, кэх... He пужай, ніякага дажджу не будзе!
— Будзе, квактуха, будзе! Гэта я табе кажу — певень! — і ён зноў закрычаў: — Ку-ка-рэ-ку-у! Скора будзе дождж! Кураняты, не адыходзьце далёка ад мамы.
— Той, што на плоце,— певень! — прашаптаў мне на вуха Боб.
— Тыя, што ўнізе,— куры і кураняты,— сказаў я.— Давай пагуляем з куранятамі!
Як смешна ішоў Боб! Лапкі кароценькія, тоўстыя, жывоцік ледзь па зямлі не шмаруе. А хвосцік закруціў на спіну! Задраў і я, падумаеш, не вялікая навука... На паўдарозе мы прыселі: і стаміліся, і квактуха якраз паклікала да сябе куранят: «Кэкэ-кэ! Бяжыце сюды, чарвяка знайшла!»
Першымі дабеглі кураня з белымі крапінкамі на крыльцах і кураня з чорнымі крапінкамі. Схапілі дзюбкамі чарвяка за канцы. Тузаюць кожнае да сябе. To адно перацягне канацік, то другое, то адно тупаціць за чарвяком, то другое. А чарвяк то расцягнецца, то скароціцца. Трапечуць кураняты маленькімі крыльцамі, упіраюцца, не паддаюцца адно аднаму, ажно садзяцца на хвосцікі. Раптам кончык чарвяка выслізнуў з
дзюбкі правага кураняці, таго, што з чорнымі крапінкамі на крыльцах. Чарвяк — плясь! — па левым кураняці. А кураня — кулець! I другое ўпала, у другі бок...
— Хі-хі-хі! — не вытрываў Боб.
— Абодва прагныя,— сказаў я.
Падхапілася чорнае кураня, зноў учапілася дзюбкаю ў кончык чарвяка. Тузець! Белае кураня ўсхапілася на ногі, а чарвяк ужо вырваўся ў яго — плясь! — па дзюбе чорнаму.
— Ну, што вы не падзеліце! — Мама-квактуха дзеўбанула чарвяка, падняла — а на кончыку кураня вісіць, гушкаецца. Курыца апусціла яго на дол, дзёўб, дзёўб — разарвала чарвяка на кавалкі. Аднаго чарвяка на чатырох куранят хапіла.
— Прыміце і нас у кураняты! — Падышлі мы да квактухі.
— Хто такія? Прэч! — Курыца дзюбнула і мне ў галаву, і Бобу.
3 вачэй пасыпаліся іскры, падкасіліся ногі. A курыца натапырылася, закруцілася, затупала на месцы: «Ух, якая я злосная... Кэх, кэх... Суньцеся толькі яшчэ! Суньцеся!»
3 віскам мы кінуліся ў будку.
3 неба штосьці льецца
— За што яна нас? — скуголіў Боб, тручы лапкаю гузак на галаве.
— Мы ж хацелі толькі пазнаёміцца, пагуляць! — усхліпваў і я, цёр лапкаю вочы.
— Пабаялася, што чарвяка адбяром... Трэба нам яе чарвякі! — не мог супакоіцца Боб.
Добра, што ў нас ёсць будка. A то куды б мы ўцякалі, хаваліся? Як цікава на двары і як небяспечна... I хоць шчымелі і балелі гузакі на галовах, нам усё роўна зноў хацелася на двор. Вось каб не было там квактухі! Самы страшны звер — квактуха.
— Падумаеш! — сказаў я.— А наша мама яшчэ большая!
— Як скажам ёй... Як страсяне за шкірку тую квактуху! — пагражаў Боб.
I тут зноў закрычаў певень:
— Ратуйцеся-я-я!!!
Храбры Боб віскнуў і шмыгнуў у цямнейшы куток будкі. Спужаўся і я, але крыху памарудзіў. I тут як ляснула-бліснула! Я на момант аслеп і аглух. А потым убачыў, як па двары закружылася, завіхурыла смецце і пыл, нібы вялізны сабака мёў хвастом зямлю. А дрэвы за плотам таксама махалі галінамі, яшчэ больш наганялі ветру.
Квактуху вецер раскудлаціў і папхаў, пакаціў па двары. За ёю імчаліся, ножак не згледзець, клубочкі-кураняты. Піск, крык, кудахтанне...
Раптам расчыніліся дзверы чалавечага дома, выбегла баба Ганна: «Ах! Ох! Сюды! Сюды!» Я ведаў ужо, што гэты вялікі чалавек — баба Ганна, гаспадыня. Паказвала неяк здалёк мама Пальма. У людзей смешная прывычка — надзяваюць на сябе адзенне. Дык я запомніў прыкметы бабы: яна адзявае адну шырозную-шырозную штаніну на абедзве нагі адразу. Смех! Яна ж замінае бегаць. Толю, Колю і іх тату лягчэй бегаць, у іх на кожную нагу штаніна асобна.
— Сюды! Ціп-ціп-ціп! — клікала баба Ганна курыцу з куранятамі ў хату.
Квактуха сама ўскочыла на ганак, схавалася ў дзвярах. А кураняты разгублена мітусіліся, крычалі. Баба лавіла іх і падсаджвала на прыступкі ганка. Апошняе кураня так і панесла ў руках.
I тут штосьці залапатала па лісці. Пясок на двары зрабіўся рабы ад чорных плямак-кропель. 3 неба да зямлі павіслі бліскучыя, празрыстыя вяровачкі.
— Што гэта льецца? — падпоўз да мяне Боб. Высунуў язычок, каб злавіць колькі кропель. Думаў мо, што малако.
I я высунуў язык, лізнуў.
— Гэта не малако. He той смак,— сказаў я.
Мы выпаўзлі з будкі. I тут нас пачалі дзяўбці і біць кроплі. Халодныя, колкія. Але ад іх не балела. Наадварот, перасталі балець нашы гузакі.
— Гэ-гэй! Гэта дождж! Ён — мокры! — здагадаўся Боб.
— Гэ-гэй! — закрычаў і я.— Мы не баімся нясмачнага дажджу!
Эх, каб з неба лілося замест дажджу малако! Еш — не хачу, купайся ў ім з галавой!
Я паплюхаў лапамі па маленькай лужыне каля будкі, потым па большай, крыху далей. Апырскаў Боба з галавы да кончыка хваста. Вось так! Вось та-ак! А Боб — мяне... А я — яго... А Боб...
— Вы чаго тут мокнеце, як сабакі? — Раптам выскачыла з-за будкі мама Пальма.— Прастудзіцеся!
Мы шмыганулі ў будку.
Каля ўвахода мама страсянулася ўсім целам, у бакі паляцеў дождж.
— I вы атрасіцеся трохі. A то доўга сохнуць будзеце! Во так, глядзіце...— Яна страсянулася яшчэ раз. У бакі зноў паляцеў дождж, толькі меншы.
Я паспрабаваў страсянуцца — і ўпаў.
Паспрабаваў Боб — упаў.
— Эх вы! Нічога вы яшчэ не ўмееце. Пара, пара брацца з вамі за навуку.
Першы мамін урок
— Эх вы! — паўтарыла мама дакорліва.— I чаго вы так марудна расцяце? — Яна аблізвала нас, сушыла языком і не пераставала гаварыць.— Ну, хто з вас можа натапырыць вушы? Э-э, ніхто... A ў вашага таты прыгожа вушы тырчаць... Ну, тады паварушыце імі... Таксама не можаце? A сабакам без гэтага не абысціся. Мы гэтак знакі адзін аднаму падаём, «гаворым».
Мы дружна ўздыхалі: праўда, чыстая праўда, не слухаюцца нас вушы. Эх, каб хутчэй вырасці!
— А хвосцікі як? Слухаюцца вас хвосцікі?
— Ага, мамка! Слухаюцца! — закрычаў Боб.
— Боб навучыўся падціскаць хвост ад страху,— сказаў я.