• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прыгоды Бульбобаў  Павел Місько

    Прыгоды Бульбобаў

    Павел Місько

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 167с.
    Мінск 2004
    37.55 МБ
    Сур’ёзны чалавек Генка!
    Потым вуліца і дамы скончыліся, пачалася роўная, зарослая нечым зямля. Колер раслін быў такі, як і ў дрэў за нашым плотам,— шэры. Я хацеў убачыць, дзе канец гэтай роўнай зямлі, і не змог: расплывалася ўсё ў вачах.
    — Мой Султан ужо выконвае шмат камандаў,— хваліўся Генка ідучы.— Бачыце, можа без павадка ісці побач. Ніколі ў чужога не возьме яду, нават самую смачную. Ведае, што «Фу!» — значыць «Нельга!», «Няможна!». Скажу — палку прынясе... Во, глядзіце...— Генка падняў з зямлі нейкую крывуліну, кінуў уперад.— Султан, прынясі!
    Султан ірвануўся з месца і тут жа прынёс Генку тую крывуліну. Генка пахваліў яго, пагладзіў па галаве. А Султан ужо глядзеў на яго не вінаватымі, а вясёлымі вачыма, прытанцоўваў, віляў задам. Потым стаў на заднія лапы і пхнуў пярэднімі Генку ў грудзі. Генка пахіснуўся, адступіў на крок. Здаровы Султан і на задніх нагах намнога вышэйшы за яго.
    — Ты што — падурэць хочаш? — спытаў Генка.
    Султан адбегся паўкругам, вушы прытуліў да галавы, павільвае і задам, і хвастом больш у адзін бок. «Правільна Генка зразумеў Султана, правільна...» — хацелася мне сказаць, але па-чалавечы я не ўмеў.
    Генка крыкнуў: «Гэй-гэх!», стаў на рукі, хацеў прайсціся колам, але ўпаў. I тут жа ўскочыў, прыпусціўся за Султанам. А той уцякаў ад Генкі кругамі, выпучваў спіну і яшчэ болып выгінаўся ў адзін бок — цвяліў Генку. Потым уцякаў Генка, а даганяў Султан. Дагнаў, паваліў на зямлю. Яны пачалі валтузіцца і качацца адзін цераз аднаго, Султан нібыта кусаў Генку. Але, мабыць, Генку не балела, бо ён стаў зусім несур’ёзным чалавекам. Рагатаў, выкручваўся з-пад Султана, прыціскаў яго рукамі да зямлі. А сам Султана не кусаў.
    I так мы яшчэ доўга ішлі, а Генка і Султан бегалі вакол нас кругамі. Султан увагрэўся, з разяўленага рота высунуўся і матляўся доўгі язык. У Генкі таксама быў разяўлены рот, але язык не матляўся.
    — Ой, якая тут трава зялёная і мяккая! A колькі кветак! — сказаў Толя і пусціў мяне на зямлю. Коля тут жа пусціў і Боба.
    Я яшчэ раз паглядзеў на зямлю, пакрытую травою. Hi якая яна не зялёная. Шэрая!
    — I чырвоныя кветкі! I сінія! I белыя! — крычаў Коля, ірвучы кветкі.
    Я не бачыў ні чырвонага, ні сіняга — толькі шэрае. I сям-там на гэтым шэрым былі белыя плямкі кветак — белыя я бачыў. Затое чуў я столькі ўсякіх пахаў, што ажно кружылася галава.
    I ніякая трава не мяккая, яна шорсткая і калючая, рэжа паміж пальцамі. А высокая, вышэй за нас намнога, заблудзіцца можна. Мы з Бобам блыталіся ў траве, падалі, не маглі нават хадзіць, а не толькі бегаць кругамі, як Султан.
    Толя і Коля пападалі на траву, схапілі нас, пачалі тузаць, калашмаціць, куляцца з намі, саджаць сабе на грудзі. А мы пішчалі, нам было не весела, а страшна. Столькі ўсяго новага, незнаёмага абрынулася на нас!
    — Рэчка! — закрычаў раптам Генка і пабег яшчэ далей, а за ім Султан.
    Толя падхапіў мяне пад пуза, кінуўся за ім. Мяне так трэсла, так матлялася галава — думаў, адарвецца. Пашалелі, мабыць, дзеці ад гэтай травы, ад гэтых пахаў.
    I тут я таксама ўбачыў раку. Гэта такая вялікая-вялікая і бліскучая, з белымі воблачкамі вада. У шырыню я бачыў канец вадзе, а ў даўжыню — не. Вады было куды больш, чым у той лужыне, дзе мы плюхаліся з Бобам. Я нават не ўяўляў, што на свеце можа быць столькі вады.
    Прыгоды на рацэ
    Нас пакінулі на беразе. Генка раздзеўся, сказаў Султану: «Вартуй!», а сам разагнаўся і скокнуў У ваду. Султан пазяхнуў на ўвесь рот і сеў каля яго адзення. Толя і Коля таксама параздзяваліся і плюхнулі ў ваду. Генка ўжо далёка плюхаўся, адна галава з вады відаць. Толя быў бліжэй да берага, а Коля плюхаўся зусім блізка. Каля самай вады трава была высокая і вострая, a
    там, дзе нас пусцілі на дол, кароценькая і мяккая. Султан сядзеў і глядзеў на Генку, а на нас ні разу не глянуў. Быццам мы былі не сабачаняты, а нейкія казюлькі, дажджавыя чарвякі.
    Мне захацелася зрабіць нешта такое, нешта такое... Каб хоць разочак глянуў на нас гэты прыгожы ганарысты Султан. Во зараз як тупну лапамі па гэтай вялікай лужыне-рацэ... Як плюхну! Каб і Султана апырскаць...
    Я трошкі прабегся па беразе, зрабіў разміначку. Штурхнуў носам пад бок Боба: «Глядзі!» Прысеў, пагайдаўся ўзад-уперад: «Эх, раз... Эх, два-а! Эх, два з палавінкаю... Гэх!»
    Далекавата скочыў. Але не ўбачыў, ці паляцелі пырскі на Султана або хоць на Боба. Плюх быў вялікі, мяне ажно аглушыла. Вада расступілася пада мною, а потым захліснула тугім холадам. Хлынула ў рот, у нос, у вушы, я адразу задыхнуўся, кашлянуў. А вада ўсё лезла ў нос і рот, я пачаў адбівацца лапамі ад яе. Біў, біў пярэднімі лапамі ваду і... выскачыў наверх! Бліснула сонца, асляпіла... Удыхнуў паветра, закашляўся мацней... А лапамі біць перастаў, і мяне зноў па-а-ацягнула на дно... Ага, значыць, вада не любіць, калі яе б’юць лапамі, яна пускае ад сябе тады, калі б’еш. I я пачаў біць лапамі яшчэ мацней: бах-бах-бах-бах-бах! I зноў выплыў, a лапамі ўжо не пераставаў біць. I нічога не бачу з-за пырскаў, не бачу берага. У вачах нясцерпна рэжа, нібы засыпаў мне іх пяском Боб.
    — Булька, ты рабіў буль-буль? Булька, ты не туды плывеш!!! — спалохана закрычаў Толя.
    Я, значыць, плыў?! Во здорава, ніхто мяне не вучыў, сам навучыўся.
    — Султан! — крыкнуў Генка.
    I тут жа штосьці моцна плюхнула ў раку.
    Я чуў ззаду сябе булькатанне і цяжкі дых, але не азіраўся, плыў. «Хо-хо! Сам плыву! Сам!!!> — хацелася мне крычаць ад радасці.
    I тут мяне падгушкнула вада, над галавою пацямнела. Я азірнуўся і ўмлеў: на мой загрывак апускалася разяўленая пашча Султана.
    — Ма-а-ама-а! — закрычаў я ад страху і пачаў тануць.
    Зубы Султана лёгенька сціснулі маю шкуру на загрыўку — пад вадою ўжо! — пацягнулі ўверх.
    — Султан, вынесі яго! — скамандаваў Генка.
    А Султан мо падумаў: «Прынясі!» —і паплыў да Генкі, а не да берага. Я вісеў у Султана ў зубах, мой хвосцік і ніжняя частка тулава валачыліся па вадзе.
    — На бераг! На бераг, ты куды?! — зноў закрычаў Генка і паплыў насустрач нам. Даплыў, развярнуў Султана мордай да берага, і мы паплылі побач. Потым Генка пайшоў па вадзе, a Султан яшчэ трошкі праплыў і таксама пайшоў.
    Султан пусціў мяне на беразе каля Боба, ступіў два крокі ўбок і страсянуўся ўсім целам. Вось гэта быў дождж! Бура! Боб віскнуў і адскочыў далей. Спужаўся... А што было б, каб ён «плюхнуў» у раку, як я?
    Султан пачаў бегаць вялікімі кругамі па траве, грэцца.
    Генка прысеў каля мяне, дрыжыць. Толя вылез, прысеў каля мяне і таксама дрыжыць, зграбае з мяне рукою ваду. I Коля нагнуўся нада мною, глядзіць, і Боб забег за яго, паглядвае на мяне з-за Колевай нагі. А мне зрабілася вельмі
    холадна, я калаціўся ўвесь, да самага кончыка хваста. У грудзях дзерла і душыла, было млосна: наглытаўся вады.
    — Прастудзіцца, герой...— сказаў Генка.— У запазуху трэба яго.
    — Няма запазухі, майка мокрая — Султан апырскаў,— сказаў Толя.
    — Коля, у цябе сухая, пакладзі Бульку ў запазуху або дай Толю майку,— загадаў Генка.
    — Ай,— перасмыкнуў Коля плечуком, забраў Боба з-пад ног і пайшоў берагам.
    Я зразумеў, што Коля мяне не любіць. Ці любіць ён свайго Боба?
    — Бяры маю, калі ён такі,— сказаў Генка і ўзяў з кучы адзення сваю майку.
    — Пальма бяжыць! — раптам закрычаў Коля і паказаў на луг.
    Я яшчэ не бачыў нашай мамы Пальмы, але зарадаваўся: от каб цяпер смактануць цёпленькага малачка! Адразу б сагрэўся.
    — Пальма! Пальма! — крычаў радасна Толя, падскокваючы, і надзяваў Генкіну майку. Надзеў — яна была яму да самых каленяў.
    — Па слядах знайшла! — сказаў Генка.— Ай, малайчына!
    Толя падняў мяне, і я ўбачыў, як падбягае мама. Яшчэ здалёк яна віляла і хвастом, і задам, згіналася ў адзін бок, прыціскала вушы. Радавалася сустрэчы, вітала ўсіх-усіх.
    Якая цудоўная ў нас мама Пальма! Прыбегла па нашых слядах аж на рэчку.
    А Генка гаварыў, што наша мама «невядома хто» і мы самі непародзістыя. Яшчэ ж якая пародзістая мама! Ад радасці я нават дрыжаць перастаў.
    «Дзеці, паздароўкайцеся з бацькам!»
    Толя сунуў мяне пад майку і ўздрыгнуў ад холаду: «Ва-ай!» А тут і мама Пальма падбегла. Я пачуў яе цяжкі дых, чуў, як свішча яе хвост, рассякаючы паветра. Я затузаўся пад майкаю, хоць мне і прыграваў бок Толеў жывот. «А-ай!» — крыкнуў Толя, выцягнуў мяне са схованкі. Незнарок я шкрабнуў яго лапаю.
    — Дарэмна майку намачылі. Аддавай Бульку Пальме, яна абсушыць яго і абагрэе,— сказаў Генка.
    Як цяжка дыхала наша мама! Які вялікі ў яе язык! He меншы, чым у Султана.
    Вярнуўся Коля з Бобам, і ўсе дзеці пасталі наўкол нас, глядзяць на Пальму, глядзяць на мяне. I Султан глядзеў. Ён ужо ціха ляжаў на беразе, паклаўшы галаву на выцягнутыя лапы, вочы зрэдку ляніва прыжмурваліся.
    Мама адразу пачала мяне аблізваць. Лізне, лізне, падыхае разяўленым ротам, паматляе языком — «Ах-ха! Ах-ха!», зноў паліжа, зноў — «Ах-ха!». Бакі яе надзімаюцца-ападаюць, надзімаюцца-ападаюць...
    — Чаго глядзіш так? — сказала мне мама.— Сабакі не пацеюць, яны языком ахалоджваюць сябе, каб не перагрэцца.
    I зноў лізала мяне, зноў дыхала. Потым легла на бок, каб я хутчэй прыпаў да сусолкі. А мяне і ўпрошваць не трэба. Боб таксама затузаўся на руках у Колі, хоць не купаўся і не дрыжаў. Коля падклаў і яго.
    Мне стала цёпла з усіх бакоў, і ў жывоціку так добранька стала. I я задрамаў.
    А як прачнуўся, то нікога з дзяцей каля нас не было. Уставаць ад мамінага жывата не хацелася. Якое шчасце, што ёсць на свеце мама!
    — Ну — што, не прастудзіўся? — спытала ласкава мама і прытуліла свой нос да майго носа.— He, здаецца, не гарачы... От жа дурненькі, га? Гэтак і ўтапіцца нядоўга — мне Султан пра ўсё расказаў.
    — Мама, а я не лазіў у раку,— пахваліўся Боб.
    Але маме чамусьці не спадабалася гэта.
    — Ну і добра, добра...— буркнула яна.— Дзеці, паздароўкайцеся з бацькам!
    Я ўскочыў на ўсе чатыры лапы, нават вушы сталі тарчма.
    — Дзе?!
    Акрамя Султана, які сядзеў крокі за два ад нас, больш сабак не было. Зводдаль стаялі каля ракі Генка, Толя і Коля, яны трымалі ў руках нейкія доўгія і тонкія палкі.
    — Ды не круці галавою... Во ён, во — Султан!
    Султан у гэты час знарок абыякава пазяхнуў, крутнуў галавою, нібы адганяў муху. Зноў стаў глядзець нібыта міма нас. Але вочы яго былі добрыя, ласкавыя, і ён усіх-усіх нас бачыў.