Прыгоды Бульбобаў  Павел Місько

Прыгоды Бульбобаў

Павел Місько
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 167с.
Мінск 2004
37.55 МБ
— Наш кот забаўляецца з жабаю! — здагадаўся я.
Кот пачуў шум, зірнуў насцярожана ў наш бок.
А потым сеў каля жабы, абыякава адвярнуўся: хай паўзе, хай уцякае...
— Пусціў ужо! Пайшлі...— прашаптаў Боб.
Але толькі жаба зварухнулася, як кот узляцеў угору і ўпаў на яе мо ўсімі чатырма лапамі. «І-і-і-і-і!» — слаба піскнула жаба.
— Ты справа, я злева — уперад! — скамандаваў я і рынуўся на ката.
— Ш-ш-ш-ш!!! — падхапіўся кот. Зубы ашчэрыў, спіну выгнуў, шэрсць на спіне і на хвасце стала дыбам. Стукнуў мне лапаю па носе, ірвануў кіпцюром. Ад болю ў маіх вачах бліснулі кругі. Я залямантаваў...
Кот крутнуўся ў другі бок, драпнуў Боба за вуха.
— А-я-яй! — завішчаў прарэзліва і ён.
— Разам! Уперад! — Я зноў кінуўся на ката. Пярэсты ўзляцеў на яблыню.
— У-у-у-у-у-у! — пагрозліва завыў ён. Кончык хваста ад злосці варушыўся.
Ага, спужаўся, нягоднік... Хай сядзіць цяпер, хай вые. Разбойнік, увесь нос мне распаласаваў, кроў капае.
— Дзе жаба? Паслухай, яна дыхае? — спытаў я, асцярожна мацаючы нос лапкаю.
Боб прыпаў на пярэднія лапы, прыклаў вуха да жабінай спіны. Вільнуў хвосцікам...
— Ну — што? — не цярпелася мне.
— He дыхае... А пахне як — ф-фу-у...— разагнуўся Боб.
— Доктар у чалавекаў, я чуў, пульс мацае. A дзе ў жабы пульс? — Я патыцкаў носам жабе ў спіну. I чмыхнуў, закруціў галавою. У нос пеканула, нібы крапівою. Пах ад жабы быў едкі — аж у носе закруціла, захацелася чхаць.
— Гэта яна адбараняецца такім пахам. Сілы не хапае, каб адбіцца, дык яна пах пускае,— сказаў я.
У гэты час жаба прыўзняла галаву. Пад ротам у яе заварушыўся белы мяшэчак.
— Жывая!..— выдыхнулі мы разам.— Бяжы, ну! — падштурхнуў я жабу лапаю. Але яна падумала, што з ёю зноў будуць забаўляцца, і падабрала лапкі, замерла нерухома.
Боб забрахаў на ката, забрахаў і я.
— У-у...— хацеў павыць кот і раздумаў, толькі кончыкам хваста памахаў. У катоў памахванне зусім іншае азначае, чым у сабак.
I нас, і голас ката пачула з двара мама Пальма, таксама забрахала. На брэх выбег з хаты Коля.
— Вунь яны дзе! У агародзе! — крыкнуў ён і хуценька палез на плот. Скок з плота.— А запэцкаліся! — сказаў ён, хапаючы Боба пад жывот і перадаючы яго цераз плот Толю.— А брудныя! — ён злавіў і мяне, таксама перадаў цераз плот.
— Пакарміцеся на дарогу,— сказаў Толя і панёс нас да мамы Пальмы, паклаў у будку.
Мама, убачыўшы, якія мы, толькі цяжка ўздыхнула.
— А мы жабу адбаранілі ад ката! На яблыню яго загналі! — наперабой хваліліся мы.
— Малайцы! — сказала мама, яшчэ раз уздыхнула і палізала мне скрываўлены нос, пысу, вушы.— Чэрці вы балотныя, а не сабачаняты!
Дзядзька Міхась спазняецца
Мама мыла нас, лізала — то мяне, то Боба. A мы саплі і заўзята смакталі яе сусолкі. Каля будкі сядзелі на кукішках Толя і Коля, глядзелі,
як мы кормімся. У Толі на шыі было накручана больш, чым у Колі.
— Мама, а мы хацелі кураня злавіць,— пахваліўся Боб.— Яно, мабыць, смачнае!
— Ты што?! Вы што?! Падурнелі? Гэта ж наша кураня. I наогул свойскіх птушак ніякі сабака не ловіць. Хочаце, каб вас кураловамі звалі, з дому прагналі? Якая ганьба, які сорам!
— Не-е, мы хацелі яго знайсці і вывесці з агарода, яно заблудзілася...— сказаў я.
Але мама быццам не чула:
— Вы... Эх вы! Ёсць, праўда, сабакі-паляўнічыя, яны памагаюць паляваць чалавеку на дзікую птушку, на звера. Я вам знарок пра гэта пакуль не расказвала, каб не надумаліся паспрабаваць... А вы... Ох, гора з вамі!
Мы слухалі яе, але нічога не адказвалі: у роце былі сусолкі.
— Дзе вы там? Хутчэй, а то і так познімся, да цёмнага не заедзем,— пачулі мы голас дзядзькі Міхася.
На двары завуркатала машына.
— Тата, яны яшчэ ссуць! — крычалі ў адказ Толя і Коля.
— Ну хай пассуць, хай добра пакормяцца ў апошні раз,— чуўся лагодны голас бабы Ганны.— Міхась, я во тут пастаўлю сумку, на пярэдняе сядзенне. Мо ў дарозе захочуць гэтыя жэўжыкі есці, то знойдзеце яечкі вараныя, малако, сыр.
— Піп! Пі-і-іп! — пасігналіла машына.
— Бяры, яны ўжо не ссуць. За Пальму хаваюцца,— сказаў Толя.
Дзве рукі Колі пралезлі ў будку, адарвалі мяне ад мамы. Я праляцеў у паветры і трапіў у рукі Толі. За мною гэтак жа праляцеў і астаўся на
руках у Колі Боб. Следам адразу вылезла, пагрымліваючы ланцугом, Пальма. Яна жмурыла вочы, жаласліва павісквала, спрабавала лізаць рукі Толю і Колю.
— Хадзем... Здагадваецца, мабыць,— сказаў Коля.
Цікава, ці чула тады размову ў хаце мама? Ці ведае яна, што нас забіраюць, што мы паедзем далёка-далёка, у незнаёмы і таямнічы горад?
— Пі-і-іп! — зноў нецярпліва пасігналіла машына.
Толя і Коля пайшлі да машыны. Там стаяла, сашчапіўшы рукі пад грудзьмі, і ўздыхала баба Ганна. Дзед Антон адчыняў вароты на вуліцу.
Дзядзькі Міхася не было відаць, мабыць, сядзеў ужо ў машыне.
Мама Пальма пачала станавіцца на заднія ногі, напінаць ланцуг, вішчаць і хрыпець. Павісквалі і мы, нам таксама было нявесела. Мама схапіла зубамі ланцуг, каб перагрызці. He, ніякая гэта не ўзнагарода, аброжак з ланцугом. Я разумеў ужо добра. Але што яна зробіць з ланцугом?
Аб жалеза можна толькі зубы паламаць, гэта не костачка пеўня.
— Сыночкі!..— хрыпела і выла мама Пальма.
— Мама! Ма-а-ама! — пішчалі і мы, вырываліся з рук Толі і Колі.
А яны прыгнуліся і нырнулі ў машыну на задняе сядзенне. Смурод, што ішоў ад машыны, усярэдзіне, здаецца, быў меншы.
— Стойце! Унучкі дарагія, дайце ж хоць пацалаваць вас!
Баба Ганна нагнулася ў машыну, пацалавала Колю, нахіліла да сябе галаву Толі, таксама пацалавала. А нас баба не пацалавала, нібы нас і на свеце не было.
Дзед Антон патрос руку дзядзьку Міхасю, той для гэтага вылез быў з машыны і зноў сеў за руль, бразнуў дзверцамі. Толю і Колю дзед проста памахаў. Абышоў машыну, патузаў за ўсе ручкі, ці добра зачынена.
— Ну — шчасліва! — дзед і баба махалі ўжо рукамі ўсім, а Толя і Коля махалі дзеду і бабе.
Машына рванулася з месца, за варотамі адразу паехала ўправа. Таму Толя наваліўся на Колю, і нас прыціснулі. Потым выпрасталіся, паехалі роўна.
Машына трошкі патрэсвала нас і гула, гула... Я пачаў ужо драмаць, як раптам нешта здарылася. Машына завішчала, як парася ў плоце, тузанулася і стала. Толя і Коля падхапілі нас на рукі, крутнуліся да задняга акенца машыны. Пасадзілі туды нас...
— Пальма! Пальма бяжыць!
— Тата! Пачакаем, возьмем і Пальму!
Дзядзька Міхась толькі азірнуўся назад і зноў нешта зрабіў з машынаю — яна рванулася ўперад. Праз акенца нам відаць было, што вуліца і дамы ўжо скончыліся і там, дзе вуліца пераходзіла ў дарогу, сапраўды штосьці бегла. Мо і праўда Пальма? За ёю курэў пыл і беглі некалькі хлапчукоў, размахвалі рукамі. Хлапчукі па чарзе падалі на зямлю, спрабавалі нешта ўхапіць, нібы ў Пальмы цягнуўся доўгі-доўгі хвост.
— 3 ланцугом бяжыць! — крычаў Толя.
— Адарвалася з ланцугом! — крычаў Коля.
Раптам Толя захныкаў, пачаў, уздрыгваючы, плакаць.
А мы ўжо ледзь бачылі маму, яна ўсё больш і больш адставала, рабілася маленькаю.
— Яна заблудзіцца, дадому не вернецца! — плакаў ужо і Коля.
— He заблудзіцца,— спакойна адказаў дзядзька Міхась.— I нас не дагоніць — зараз выедзем на шашу.
— О! Злавілі яе! За ланцуг ухапілі! — закрычалі раптам Толя і Коля.
— Ну і добра, завядуць дадому.
Пачалася роўная, нібы падлога ў хаце, дарога. Мо тая самая шаша?
Толя і Коля селі на свае месцы. Выціраюць вочы. Іх не радавалі мы, хоць зноў ляжалі ў іх на каленях. Нам таксама было сумна і хацелася выць. Мама... Мама Пальма асталася адна...
Дык вось які горад!
Мы вельмі доўга ехалі, бо я засынаў, прачынаўся, зноў засынаў, прачынаўся... Шмат разоў так. Адзін раз мы спыняліся каля лесу (лес — гэта многа-многа дрэў і кустоў). Толя і Коля трошкі пагулялі па кустах, і мы пагулялі, размялі костачкі. Потым зноў ехалі, і я зноў заснуў. А калі прачнуўся, то мы былі ўжо ў горадзе.
Гэта Толя сказаў, што мы ў горадзе. Ён уткнуўся ў бакавое акенца і ўсё ахкаў:
— Ах, які прыгожы горад вечарам! Ах, колькі ўсякіх агнёў!
3 другога боку машыны, у другое акенца, глядзеў на горад і ахкаў Коля. Ён падсадзіў Боба ў акно, каб бачыў горад, потым Толя падсадзіў і мяне. I праўда, агнёў было многа — і ўздоўж вуліцы, і на сценах дамоў, і нават на стрэхах. Шум, гул... Машын — не праехаць, ляцяць сюды, ляцяць туды. Ёсць машыны вялізныя, як дамы ў вёсцы, і бегаюць яны на прывязі па дратах, як
мама Пальма на ланцугу. Каля іх дзядзькава машына такая маленькая — як Пальма каля каровы. I ўсё было б добра, каб не гэты моцны машынны дух. У мяне ад яго пачала кружыцца галава, я нічога носам не чуў, акрамя гэтага духу.
Мы і па горадзе яшчэ доўга ехалі, паварочвалі, кружылі. Урэшце — усё!.. Прыехалі!
Толя і Коля сунулі нас пад рукі, адчынілі дзверцы.
— I сумку забірайце. А я паганю машыну ў гараж,— сказаў дзядзька Міхась. Але з машыны не вылез, у рукі дубца не браў, каб гнаць.— He гуляйце, падымайцеся адразу ў кватэру.
Калі машына ад’ехала, Коля сказаў:
— Пачакаем тату на двары. I сабачаняты заадно пагуляюць.
Двор быў такі вялікі і ўвесь засаджаны дрэвамі і кустамі, што ні канца ні краю не відаць. Пахаў сабачых і чалавечых было многа, я іх зноў чуў. Кожнае дрэва, кожны куст, кожны пагорачак на двары меў свой пах, сабакі ставілі на іх свае меткі не раз. Але сабак пакуль што мы не бачылі, бачылі людзей, гуляла многа цётак і дзядзькоў, бегалі дзеці. 3 вокнаў на двор лілося святло, чулася музыка.
У нас дрыжалі ногі, мы не асмельваліся добра прабегчыся, дый нас ужо акружылі з усіх бакоў дзеці. Хто стаяў, хто прысеў, хто гладзіў, а хто і спрабаваў узяць на рукі. Былі і такія, што таксама дапытваліся, якое мы пароды, або гаварылі: «Дварнякі!»
— Сам ты дварняк! — агрызнуўся Коля.
— He чапай, які сабака з яго вырасце, калі кожны будзе лапаць ды гладзіць? — крычаў Толя.
Раптам з усіх бакоў пачуліся крыкі:
— Жужу выпусцілі! Жужка, сюды! Цю, цю, цю...
— Жужа, пазнаёмся!
Дзеці трошкі расступіліся, і ў круг пралезла невялікае калматае стварэнне. He пазнаць было, дзе хвост у гэтага камяка доўгіх валасоў, а дзе галава. А каб пазнаёміцца па-сабачы, то трэба ж ведаць, што спачатку нюхаць, дзе хвост!
— Мо гэта кот? — спытаў Боб.— Але пацёрся каля сабакі, сабакам пахне.
— Ты злева, я справа — уперад!
Мы скокнулі на Жужу з двух бакоў, учапіліся зубамі ў поўсць. Жужа закруцілася вакол сябе, і мы ўзляцелі ў паветра. Жужа браханула збянтэжана, крутнулася рэзка ў другі бок. Мы пападалі...