• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прыгоды Бульбобаў  Павел Місько

    Прыгоды Бульбобаў

    Павел Місько

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 167с.
    Мінск 2004
    37.55 МБ
    — Чуеш? Боба на прагулку вядзі...
    — У-у-у... А чаму я-а-а? — урэшце зусім прачнуўся Коля.
    — Любіш катацца, любі і саначкі вазіць. Пасля абеду даспіш.
    Дзядзька Міхась прыйшоў у ванную ўмывацца, і я хуценька лёг на сваё месца. I тут дзядзька спатыкнуўся на цётчыны туфлі.
    — Ах жа разбойнікі! Ну — будзе вам зноў... Ой, будзе! — Ён пабраў туфлі, панёс недзе хаваць.
    Хутка і цётка Каця прыйшла ў ванную. Мы прыціснуліся адзін да аднаго, заплюшчыліся і нават захраплі. А самі прыслухоўваемся: што цяпер будзе? Але цётка Каця пакуль што нічога не ведала. А тут і сонны Коля прыйшоў, пабраў нас пад рукі, панёс на двор, і даўно было пара, мы цярпелі ўсю ноч.
    Можа, гэта прагулка нас і ўратавала. Бо калі нас прынеслі ў кватэру, самая большая навальніца ўжо адбушавала.
    — Мала ў цябе ўсякіх туфляў? Мо дзесяць пар валяецца па кутках. I не носіш, і не выкідваеш,— гаварыў дзядзька Міхась спакойна.
    — А тыя мо не модныя! Самыя модныя, самыя любімыя — пажавалі... У чым я на работу пайду? У чым?
    — Босая. Во будзе модна!
    — Табе ўсё смешачкі. Ты знарок ім падсунуў мае туфлі.
    — Ага.
    — Хацеў, каб я дома сядзела. А я не буду сядзець з дзецьмі! У мяне квартальная справаздача гарыць,— гаварыла яна штосьці незразумелае.
    — Я адпрашуся яшчэ на адзін дзень, па суботах адпрацую. От паснедаем, і павяду іх у паліклініку,— лагодна гаварыў дзядзька Міхась.
    I вось прайшло снеданне. Нам далі малако, накрышыўшы ў яго белага салодкага хлеба. Боб малако выхлебтаў, а хлеб толькі аблізаў. А я ўсё з’еў. Смачна!
    Ехалі мы ў паліклініку аўтобусам. Толя і Коля трымалі нас на каленях, дома не хацелі пакідаць адных. 3 іх размовы я зразумеў, што паліклініка — гэта дом, дзе многа-многа ўрачоў-дактароў, і ўсе яны лечаць дзяцей.
    Калі падышлі да гэтага дома-паліклінікі, дзядзька Міхась сказаў, раскрыўшы гаспадарчую сумку:
    — Саджайце іх сюды. Каб ніхто не бачыў. A то не пусцяць з імі...
    I нас пасадзілі ў цесную цёмную сумку. Мне вельмі хацелася паглядзець, як будуць лячыць дзяцей. Але што ты ўбачыш, седзячы ў сумцы?
    Сядзелі ў цеснаце і цемнаце доўга. Ажно задыхацца пачалі. Наўкол нас чуваць былі прыглушаныя жаночыя і дзіцячыя галасы, шоргалі ногі, рыпелі крэслы. Я не вытрываў, заскуголіў. Шморгнуў у сумцы замок, у дзірку заглянуў Толя, а потым Коля.
    — Ціха вы тут! Hi мур-мур! Мы скора выйдзем...— зашапталі яны.
    I тут ix паклікалі: «Хто наступны?» Толя шморгнуў замок сумкі, але не да канца, пакінуў невялічкую шчылінку, каб нам было лепш дыхаць. Сумку паставілі пад крэсла.
    Я пасядзеў крыху, а потым стаў пярэднімі лапамі на Боба, сунуў пыску ў шчыліну. Якраз пралазіць! Я напяўся, прасунуў больш. Замок з ціхім вуркатаннем разышоўся шырэй. Пралезла ўжо галава з вушамі...
    — Што там? Што там? Дай і мне глянуць! — варушыўся пада мною Боб.
    Я паспеў убачыць, што сядзім мы ў нейкім пакоі ці калідоры, наўкол многа людскіх ног — і маленькіх, і вялікіх. Замок душыў мне горла, я пачаў задыхацца. А тут яшчэ Боб — р-раз! Адсунуўся ўбок з-пад маіх лап. Я павіс на шыі, захрыпеў.
    I тут да сумкі кінуліся дзеці.
    — Ой! Ай! Ах! Шчаня! Задыхаецца!
    Хтосьці —тр-р-ром! — шморгнуў замок, паклаў сумку набок. Я тут жа вылез на халодную падлогу.
    — Глядзі, там і другі! Ой, які таўстунок! — гарлапанілі дзеці, цягнуліся да нас рукамі. Мы нічога не бачылі, акрамя іх рук і ног.
    — Патрасіце сумку, мо там яшчэ адзін сядзіць! — параіў хтосьці.
    Сумку патрэслі, заглянулі ўсярэдзіну — трэцяга не вытраслі.
    У нос нам лезлі незнаёмыя рэзкія пахі, хацелася чхаць. Нясмачна пахла паліклініка! He чулі мы толькі пахаў дзядзькі Міхася, Толі і Колі.
    — Смялей! Пабегайце! Смялей! — галёкалі нам у вушы дзеці і самі бегалі па калідоры, падштурхоўвалі нас, цяглі за пярэднія лапы. Засумавалі, седзячы! — Цю-цю-цю! Даганяйце нас!
    Мы палахліва і нязграбна крыху прабегліся. Усе страшэнна зарадаваліся і запляскалі ў далоні. Быццам мы зрабілі нейкае геройства. Шум, гам, тупат яшчэ больш памацнелі...
    На крыкі дзяцей пачалі адчыняцца дзверы справа і злева ў калідоры, адтуль выглядвалі людзі ў белых халатах, белых шапачках.
    He толькі цёткі, але і дзядзькі.
    — Гэта што яшчэ за цыркавое прадстаўленне? Што за сабакі тут? — пачуўся строгі жаночы голас.
    Усе перасталі скакаць, бегаць, крычаць і смяяцца. Дзеці вакол нас расступіліся. Мы ўбачылі спачатку вялізныя ногі ў туфлях, а потым разгледзелі і ўсю цётку — вялізная, таксама ў халаце, толькі не ў белым, а ў шэрым, у руках у яе была палка і мокрая ануча. He іначай як вялікая начальніца была гэта цётка.
    — Чые сабакі, я вас пытаю? Гэта ж не ветлячэбніца! Хто прывёў? Хто разводзіць антысанітарыю? — грымеў яе голас.
    Мы сядзелі, прыціснуўшыся адзін да аднаго, як сіроты. Мы не ведалі, што з намі будзе ў наступную хвіліну. Ніхто не адказваў на грозныя пытанні цёткі. Асмеліўся самы маленькі хлопчык:
    — Тут яны...— паказаў ён на самыя блізкія ад нас дзверы.— I дзядзя з імі... Пайшлі лячыцца.
    Грозная цётка ў шэрым халаце адчыніла тыя дзверы, закрычала:
    — Чые сабакі? Зараз жа вынесіце іх з паліклінікі, a то аштрафуем!
    3 тых дзвярэй, паднырнуўшы пад цётчыну руку, выскачыў Коля. Яго, мабыць, вылечылі ўжо. Ён схапіў нас, пачаў запіхваць у сумку.
    Спачатку Боба хвастом уніз, а я быў заціснуты ў яго між каленяў. Колевы рукі дрыжалі, калені дрыжалі. Замок не слухаўся, а я вырываўся...
    — Хлопчык, а дзе твая мама? Мы зараз выклічам санітарную інспекцыю і аштрафуем яе! Гэта ж ліха ведае ў што паліклініку ператварылі!
    — Мама на рабоце...— сказаў Коля. Ён засоўваў ужо мяне ў сумку ўніз галавою.
    — А з кім ты тут? — не адступала грозная цётка.
    — Адзін,— схлусіў Коля.
    — Як адзін?! — цётка ажно закашлялася.— Такі малы і без мамы ходзіш?
    У гэты час я вырваўся з Колевых рук і нырнуў у гушчэчу ног. Убачыў — калідор пусты, усе стаяць у кучы. I прыпусціўся па калідоры куды вочы глядзяць.
    — І-і-і-і-і! — завішчаў нехта з дзяцей. Ад радасці завішчаў. Затупацелі ногі, усе мяне кінуліся даганяць і лавіць.
    — Ату яго! Ату!
    — Лавіце яго! Трымайце!
    — Перакусае ўсіх, ён шалёны! He чапайце, я сама! — крычала цётка ў шэрым халаце. Яна бегла першаю і размахвала анучаю.
    А тут і калідор скончыўся, бегчы далей няма куды.
    — Га-а-а-а...— усе збегліся да мяне кучаю.
    Схапіла мяне не цётка, а дзяўчынка са светлымі валасамі і з вялізным бантам. Панесла мяне і аддала ў рукі Колю. Усе ішлі за намі і гаварылі: «Ну і малайчына ж! Ну і цыркач!», «Як яго зваць?», «Хлопчык, вы сабачак не прадаяце?».
    Але Коля ішоў і нічога не гаварыў. А тут і дзядзька Міхась з Толем выйшлі ад доктара, заспяшаліся нам насустрач.
    На выстаўцы сабак
    Дзядзька Міхась, як толькі выбраліся з паліклінікі, голасна зарагатаў:
    — Го! Го! Го!
    — Хэ-хэ-хэ! Хэ-хэ-хэ! — звонка падхапілі Толя і Коля. Яны неслі нас на руках.
    — I тут прыгодаў нацярпеліся! He шанцуе вам,— сказаў дзядзька Міхась.
    — Бедненькія...— дружна ўздыхнулі Толя і Коля, загушкалі нас.— Тата, а давайце не паедзем больш у аўтобусах, тралейбусах. Пяшком пройдземся.
    — Давайце,— згадзіўся тата.— Заадно і Булька з Бобам прагуляюцца. Нічога небяспечнага ў вас доктар не знайшоў. У Толі трошкі катар у горле.
    Пакуль ішлі, Толя і Коля двойчы пускалі нас гуляць. Другі раз мы гулялі каля высознага, з жалезных палак плота. За ім расло многа-многа дрэў — парк называецца. На плоце вісеў шчыт, a на ім вялікая папера-аб’ява. Уверсе паперы намаляваны такі сабака, як Султан. Дзядзька Міхась голасна прачытаў, што пісалася на той паперы. Толя і Коля таксама прачыталі: «Выстаўка сабак».
    — Сабачая выстаўка! Ой, мы хочам на сабачую выстаўку! Пабеглі на выстаўку, тата! — закрычалі яны, перабіваючы адзін аднаго.
    — Па-першае, туды трэба ехаць — далёка. Яна не ў гэтым парку. Па-другое, выстаўка заўтра, у суботу.
    — Мы Бульку з Бобам пакажам!
    — Малых сабачанят не паказваюць. Там усякіх чэмпіёнаў, дыпламантаў і медалістаў будзе многа. Пародзістых... А вашы — невядома хто...
    Зноў тое самае — «невядома хто...». Настрой у Толі і Колі адразу пагоршыўся. I ў нас пагоршыўся. Мы нават хацелі зашыцца куды ў густыя зараснікі, каб ніхто не бачыў, якія мы непрыгожыя, непародзістыя.
    Рэшткі гэтага дня і ноч прайшлі так сабе, няма пра што і расказваць. Усе чакалі заўтрашняга дня, чакалі выстаўкі. Нават цётка Каця больш на нас не крычала — у нас была ўжо скрынка з пяском, і мы зразу навучыліся ёю карыстацца. А вось на дзядзьку Міхася сварылася. Што ён здзяцінеў з гэтымі сабачанятамі і з выстаўкамі. Мы не ведалі, ці кепска гэта — здзяцінець. Ведалі толькі адно — дзядзька Міхась добры, ён разумее малых.
    ... I вось прыйшло тое заўтра, і мы паехалі на выстаўку.
    Мабыць, гэтая выстаўка яшчэ не пачыналася. A мо ўжо скончылася? Было многа і людзей, і сабак. Сабакі былі на павадках, былі і ў намордніках. A былі і без павадкоў, і без наморднікаў — усякая калматая драбяза. Большыя сабакі сядзелі ці хадзілі спакойна, а малыя ганяліся адзін за адным, дурэлі. Ніякай сур’ёзнасці, нібы дзеці малыя. Адзін сабака-велікан, яго ўсе называлі догам, хоць і на павадку быў, і ў намордніку, хадзіў ганарліва, нікога не заўважаў вакол сябе. Некаторых сабак
    ён пагардліва адштурхоўваў з дарогі, і тыя палахліва падціналі хвост, угіналіся, павісквалі.
    Недзе пракрычала радыё: «Грамадзяне! Хутка пачне працаваць журы, падрыхтуйце сабак. Хто яшчэ не зарэгістраваў свайго сабаку, падыдзіце да судзейскага століка». Мы зразумелі, што выстаўка толькі пачынаецца.
    Людзі з сабакамі крыху памітусіліся і пачалі выстройвацца радамі. Здымалі наморднікі, расчэсвалі сваім калматым грыўкі, хвасты і бакі, папраўлялі аброжкі і нагруднікі з медалямі. Мы не дачакаліся, пакуль усе добра пастрояцца і падрыхтуюцца, пачалі хадзіць і глядзець. Хадзілі дзядзька Міхась, Толя і Коля, а мы сядзелі ў хлопцаў на руках.
    Спачатку стаялі і сядзелі сабакі-веліканы. Каля некаторых былі ўваткнуты ў зямлю калочкі з шыльдачкамі. Дзядзька Міхась чытаў надпісы, і шмат хто хадзіў, глядзеў, чытаў...
    — Хортая борзая...— прачытаў дзядзька Міхась.
    I мы палахліва ўздрыгнулі на руках Толі і Колі. Вой, не сабака, а страх і смех: высозны, худы, ажно рэбры тырчаць, сагнуўся ў дугу, нібы ў яго жывот баліць. He пазнаць, дзе ў яго канчаецца пыса і пачынаецца лоб — усё доўгае, пляскатае. Бр-р-р... I што ў яго пародзістага? За што яму прычапілі медалі? Ногі сухія, як палкі. I трэба ж выгадаваць такія хадулі: па метру, не менш!