Прыгоды Бульбобаў  Павел Місько

Прыгоды Бульбобаў

Павел Місько
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 167с.
Мінск 2004
37.55 МБ
Боб пакрыўдзіўся.
— Я і задзіраць магу! Во, глядзіце, які вялікі абаранак на спіне.
— Хо, і я магу хвосцік абаранкам рабіць,— сказаў я.
— Ну і абаранкі ж у вас! He абаранкі — сушкі маленькія. Ёсць такія — цвёрдыя, як костка. Толя даваў мне — смачныя. Калі-небудзь і вы пакашту-
еце, навучыцеся цвёрдае есці. Ну, а зараз я не пра гэта. Задзярыце хвосцікі і памахайце імі!
Мы закруцілі хвосцікі на спіну.
— Малайцы. Калі поўны абаранак, хвост напружаны, то гэта многае можа азначаць. Або ў сабакі цудоўны настрой. Або мы ўстрывожаныя, раззлаваныя. Калі ж не поўны абаранак рабіць і крыху памахаць хвастом, значыць: «Прывітанне!» Гэта калі далекавата бачыш знаёмага сабаку. Калі ж добры прыяцель, то трэба махаць мацней і часцей. Сыходзьцеся і лізніце адзін аднаму куточкі рота. Можна і носам пацерціся, паторкаць у пысу яму. Калі ж сапраўды блізкі сябар, то віляць трэба з усёй сілы, прыціскаць вушы да галавы, моршчыць лоб, усміхацца куточкамі губ, лізаць, прытанцоўваць, пакручвацца ў бакі. Я помню, яшчэ малыя былі Толя і Коля, па паўтара года, ці што, прыехалі яны з горада на лета. Тэп, тэп, ідуць да будкі. To я так узрадавалася, так віляла — пазбівала хвастом з ног аднаго і другога.
— Ха-ха-ха! — засмяяліся мы з Бобам.
— Нічога тут смешнага няма. Усё трэба ў меру рабіць, бо часам і за падлізванне, падхалімства гэта могуць прыняць. Во, яшчэ быў выпадак. Непадалёку ад нас хлапчук Генка жыве, у яго вялікі сабака Султан... Ага, дык тады Генку было гадоў пяць, a Толю і Колю па тры. Пакрыўдзіў Генка Колю... Я адразу заступілася, таўханула Генку лапамі ў плечы. Ён і брыкнуў. Коля раве, Генка ўпаў — раве... Дарослыя людзі набеглі, пачалі крычаць на мяне, думалі — я ўкусіла яго. Запомніце, сынкі: сабакі ніколі не кусаюць малых дзяцей — ні сваіх, ні чалавечых, нічыіх... Але я пачала пра другое. A пра што мы спачатку гаварылі?
— Пра хвосцікі,— падказаў я.
— А-га-а. Пра хвасты. Паўтараю, без хваста ў сабачай гаворцы не абысціся. He ўсе людзі гэта ведаюць і разумеюць. Ёсць некаторыя пароды сабак, якім адсякаюць хвасты яшчэ маленькім. Баксёрам, напрыклад. Яны падрастаюць і не помняць нават, што мелі некалі нармальны сабачы хвост. Нават ганарацца, што яны бясхвостыя, паглядаюць фанабэрыста на іншых. А чым ты ганарышся? Тым, што калека? He лезь, Боб, не падлабуньвайся... Яшчэ рана карміцца: я не скончыла ўрока.
Я схапіў Боба за хвост і адцягнуў ад мамінага жывата. Бач ты яго, хітранькі! Пакуль я развесіў вушы і слухаю, ён давай прыладжвацца, каб пасмактаць.
— Дык я не скончыла пра хвасты. Пра хвост у сабачым жыцці можна многа расказваць. Я скажу яшчэ, што трэба паказваць хвастом пры першым знаёмстве. Мы, сабакі, далёка кепска бачым. Пазнаць пазнаеш, што сабака бяжыць. A кім ён табе будзе, сябрам ці ворагам? Мо адразу біцца з ім трэба будзе? Таму ўсё цела напружвайце, насцярожвайцеся, хвасты задзірайце ўгору, згінайце толькі крыху. Нібы пытаецеся ў яго: «Ну, ну, што ты за цаца?» Бачыш, і ён гэтак робіць хвастом, падыходзіць паўкругам. Лажыся тады на жывот, лапы пярэднія ўперад, заднія пад сябе, галаву ўвагні. А раптам ашуквае? Трэба, каб мог ускочыць імгненна... Ён бліжэй, бліжэй круг вядзе... Ужо відаць, што зморшчыў шкуру на лбе і носе, ашчэрыў іклы, вушы натапырыў і нахіліў уперад. Гыркае, пагражае... Усхоплівайся і ты, старайся гыркнуць яшчэ страшней, гэтым
нібы выкажаш сваю сілу. Ён не адскоквае, але і не нападае. Тады абыходзьце адзін аднаго па дузе, усё бліжэй, бліжэй... Хвост пакуль не апускайце, можаце толькі трошкі павадзіць кончыкам з боку ў бок. Калі ён зразумее дружалюбны намёк, то таксама трошкі вільне. А тады сыходзьцеся, нюхайцеся, нюхайце хвасты. Калі мірны сабака, то гэта адразу пазнаеш...
— Есці, есці...— запішчаў Боб. Ён мо і не чуў усяго, толькі пра яду і думаў, таўсцель.
— Ну, наце, карміцеся...— дазволіла мама.— Галоўнае — умець назіраць, умець распазнаць, што гаворыць сабака хвастом, вушамі, спінаю, пысаю.
Мама ласкава ўсміхалася — я пазнаў гэта па голасе, па маршчынках, што парабіліся ў куточках яе вачэй. Я ўжо ўмеў крыху назіраць.
Знаёмства з Генкам
Генку, у якога ёсць сабака Султан, прывялі назаўтра Толя і Коля. Праўда, без Султана.
Спачатку мы пачулі іх звонкія галасы. Адразу прачнуліся, але ўставаць не хацелі. Мы песціліся, пазяхалі — хто даўжэй прабудзе з разяўленым ротам?
— А я кажу, непародзістыя! — набліжаўся нечы незнаёмы голас.
— Пародзістыя, пародзістыя! — у два галасы даказвалі Толя і Коля.— Яны шэрыя, як аўчаркі! Мы іх у горад забяром, выгадуем дзвюх аўчарак!
— Ха-ха-ха! I яшчэ раз — ха! — ужо зусім блізка чуўся незнаёмы голас.— Калі хочаце ве-
даць, на ўсё сяло ў мяне ў аднаго пародзісты сабака. Чыстакроўная аўчарка. Адкуль у Пальмы могуць быць пародзістыя дзеці, калі сама невядома хто?
Мне ўжо не падабаўся гэты незнаёмы голас. Задавака, мабыць, той, хто гэтак гаворыць. I нахабнік. Яшчэ не бачыў нас, а ўжо зневажае, абзывае непародзістымі. I на маму нашу абы-як — «невядома хто...». Як гэта невядома? Кожны тут ведае, што яна наша мама і лепшая за ўсіх.
Мяне ўсё больш разбірала злосць...
Каля будкі затупацелі і заціхлі крокі. Дзеці прыселі, мы ўбачылі Толю, Колю і незнаёмага. Твар у незнаёмага доўгі і нос доўгі, рот малы і вузкі. Незнаёмы працягнуў у будку руку з вялізазнымі пальцамі, схапіў мяне за лапу. Мне забалела, і я цапнуў зубамі.
— Ого! — незнаёмы адхапіў руку.— Ого, зубкі паказвае... Гэта добра. I глядзяць абодва лупата, разумна — таксама добра. Іх ужо выхоўваць трэба. Калі што не так будуць рабіць — караць.
Незнаёмы схапіў мяне за каршэнь, выцягнуў з будкі, хоць я і ўпіраўся.
— Вось так караць, вось так...— Ён даў мне ў нос дзве пстрычкі.
Я заскуголіў: было і крыўдна, і балюча. За што?!
— Ты... Ты!.. Яму ж баліць! — ледзь не заплакаў разам са мною Толя. Выхапіў мяне з яго ўчэпістых рук.— Ён цябе любіць не будзе! Ты гадкі, Генка!
— I не трэба, каб ён кожнага любіў. Трэба, каб любіў толькі свайго гаспадара. Толькі гаспадара слухаўся. Мой Султан слухаецца толькі мяне. Маё слова для яго закон!
— Генка, а паспрабуй Боба вазьмі! — сказаў Коля.
Толя прысеў на кукішкі, заглядвае ў будку, трымаючы мяне. Каля яго прысеў Генка, за Генкам — Коля. Усе глядзяць у будку. Я нічога ў ёй не бачу, у лазе цёмна, нібы там ноч.
Генка дастаў за шкірку Боба. Пасадзіў на сагнутую левую руку, праваю пагладзіў і тузануў за вуха. Боб, замест таго каб цапнуць за руку зубамі, лізнуў.
— Э-э, кісель... На! — Генка сунуў Боба Колю. Цярнуў палізаным месцам аб штаны.— Хаця пачакай... Паглядзім у роце.
Коля трымаў Боба, а Генка разяўляў, раздзіраў яму рот.
Расшчапіў, заглянуў...
— Кісель, я ж кажу... А ў гэтага?
Генка павярнуўся да Толі, у якога на руках быў я. Працягнуў да мяне рукі. Я завурчаў ад злосці. He хапала, каб лезлі мне ў рот з нямытымі рукамі! Але Генка злаўчыўся і схапіў мяне адною рукою за верхнюю сківіцу, другою — за ніжнюю.
Расшчапіў сілком, хоць я не даваўся і сціскаў зубы з усёй моцы.
— О-о, вось гэты мне падабаецца. I ў майго Султана чорна ў роце. 3 характарам!
Я не зразумеў, хто з характарам. Я ці Султан? Калі я, то хіба гэта кепска?
— Выхоўваць іх трэба, выхоўваць,—паўтарыў Генка.— Строгі рэжым...
— Яны ж яшчэ маленькія! Другі месяц пайшоў, што яны разумеюць? — гаварылі Толя і Коля.
— Ужо трэба пачынаць выхоўваць. Ужо! Калі хочаце забраць з сабою, у кватэры трымаць... Гэта вам не ў сяле! — Генка зайшоў за будку, за ім Толя і Коля. Генка падняў той абручык, што пах мамаю. За абручыкам пацягнуліся адно за адным кольцы. Яны былі злучаны паміж сабою! — У сяле сабак добра трымаць,— гаварыў Генка.— Пасадзіў на ланцуг — і хай брэша. Дайце цвічок і малаток... Уваб’ём во тут у сцяну — чапляць аброжак. Каб не валяўся абы-дзе. А мо самі ўваб’яце?
— Самі! Самі! — заківалі галовамі Толя і Коля. Генка паклаў аброжак на будку.
— Гэта мы пускаем Пальму гуляць,— сказаў Толя.— Шкада яе.
— Я так і думаў, што вы... У дзеда Антона яна не вельмі разгульвала.
Я не разумеў, пра што яны гавораць. Як гэта — саджаць на ланцуг? Мяне каб пасадзілі на тыя халодныя кольцы, то я ўцёк бы ў будку. Холадна ад іх у лапы, у хвост.
А ў будцы цёпла, мякка, утульна.
— I трэба іх падкормліваць ужо, вучыць есці. Калі ваш тата забярэ вас? — спытаў Генка.
— Мо праз месяц.
— За гэты месяц яны павінны навучыцца і хлябтаць, і густое, цвёрдае есці.
— Праз месяц мы ў школу пойдзем, у першы клас,— пахваліўся Толя.
— Ага, і я ў першы’ — кінуў Коля.
— Маляўкі! Я ў чацвёрты пайду, і то не хвалюся. Хто са мною зараз на рэчку? Я вудачку вазьму і Султана.
— Баба будзе сварыцца,— уздыхнуў Коля.
— Эх вы! Бабчыны ўнучкі! — пагардліва скрывіў губы Генка.
— Я пайду! I Бульку вазьму! — сказаў Толя.
— А я — Боба! — узрадаваўся Коля і пагушкаў майго браціка.
I я ўзрадаваўся, захваляваўся: што такое рэчка? Ці далёка?
Мы ж не можам далёка ісці. I што гэта за Султан такі?! Толькі і чуеш — Султан, Султан...
А яшчэ я думаў: чаму мы непародзістыя? Хіба кепска жыць непародзістым? У нас жа і лапы, і хвост, і галава, і ўсё такое. Усё на месцы...
Толькі не думаў я, куды хочуць нас забраць Толя і Коля. Проста забыў пакуль што пра гэта.
Генка — несур’ёзны чалавек?
Мы з Бобам не пайшлі сваімі нагамі. Нас панеслі на руках Толя і Коля.
Які ж вялікі белы свет! Акрамя двара ёсць яшчэ і вуліца, абапал яе стаяць вялікія дамы. 3 якога выйшаў Генка, я не прыкмеціў, хоць з рук было ўсё лепш відаць, чым з зямлі. Апынуўся ён каля нас нечакана, побач з ім быў высокі шэры сабака. Мо да барады Толю і Колю. Сам шэры, a жывот у яго светлы, спіна з чорнай палоскай. Якія рухавыя і вясёлыя ў яго вушы! Стаяць тырчком, імгненна паварочваюцца ва ўсе бакі. Я адразу здагадаўся, што гэта Султан. Нават патузаўся на руках у Толі, папішчаў, паняўкаў. Хацеў, каб Султан заўважыў мяне. Але ён ішоў побач з Генкам, крок у крок, і нават не зірнуў на мяне. I на Боба ні разу не зірнуў, быццам мы і не існавалі зусім. От жа ганарысты!
Ішлі мы доўга. Генка часам строга пакрыкваў на Султана: «Да нагі!», «Ісці побач!», хоць ён і так ішоў каля яго нагі. Калі і вытыркаўся наперад, то на паўгалавы, не больш.
Каля аднаго дома дарогу нам перабегла штосьці шпаркае і чорнае. Султан памкнуўся быў следам, але Генка крыкнуў: «Фу! Побач! Ты што — ката зроду не бачыў?» I Султан замёр на месцы, вінавата вільнуў хвастом. Але Генка ўсё роўна памахаў пальцам перад яго носам, гаварыў яму нешта сярдзітае. Султан у адказ угінаў галаву, прыціскаў вінавата вушы.