Прыгоды Бульбобаў  Павел Місько

Прыгоды Бульбобаў

Павел Місько
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 167с.
Мінск 2004
37.55 МБ
Дзед Антон пайшоў.
— А што тут за навука? — гаварыла мама і не пераставала хлябтаць.— Складвайце языкі лыжачкамі і хуценька зачэрпвайце. Во так — хлёбхлёб-хлёб...
Паспрабаваў я — атрымалася. Паспрабаваў Боб — не вельмі.
— Што ты смокчаш, цэдзіш праз зубы? — сказала яму мама.— Гэта ваўкі смокчуць. А ты сабака, ты павінен хлябтаць... Вось так... вось... Вось так, так, так... Так, так, так...
Я пачаў хлябтаць хутчэй, але язык скора самлеў, перастаў слухацца.
Пакуль мама добра паказала, як хлябтаць, і малако скончылася. Мы аблізалі пустую міску — лізаць мы ўмелі добра.
Праўда што — смачна! Хутчэй бы настаў той вечар, прыйшла карова. Я яшчэ ні разу не бачыў каровы, не бачыў, як яна прыходзіць і раздае малым — дзецям і сабачанятам — малако.
У будку не залазілі, да мамы не прытуляліся — і так цёпла было. Мы сядзелі і з усёй моцы намагаліся, каб не заснуць, не прапусціць той
момант, калі прыйдзе карова. Але засыналі, прачыналіся, зноў засыналі...
Раптам чуем — рыпнулі варотцы. Бачым — з вуліцы на двор заходзіць чалавек, у руцэ ў яго нейкая скрынка з крыжам на бакавіне.
— Карова ідзе! — Сарваўся з месца і пакаціўся клубочкам Боб.
— Малако нясе! — Прыпусціўся следам і я.
— Стойце! Якая ж гэта карова! Гэта чалавек, доктар! — брахала мама ўслед.— Карова вялізная, у дзверы дома мо не ўлезе! I на чатырох нагах!
Мы не дабеглі да ганка. Чалавек-доктар дайшоў хутчэй, расчыніў дзверы і знік у доме.
А мы паселі на хвосцікі, аблізнуліся.
— Вяртайцеся, дурні, не смяшыце людзей... Кажу — гэта доктар. Ён будзе лячыць Толю і Колю! — гаварыла нам ад будкі мама.— Гэта добры чалавек, я ведаю. Ён і летась прыходзіў лячыць Толю і Колю і да дзеда з бабаю ходзіць...
Я неахвотна патрухаў да мамы. Боб застаўся каля ганка, не верыў, мабыць, маме. Сядзеў і глядзеў на дзверы.
I доўга мы так сядзелі — Боб каля ганка, а я каля мамы. Урэшце дзверы дома расчыніліся. Выйшлі на ганак доктар і дзед Антон.
— He хвалюйцеся і цётку Ганну супакойце. Колю можна выпускаць гуляць. А з Толем горш. Я яшчэ заўтра зайду, паслухаю... Баюся, каб запалення не было. Заставайцеся здаровы!
— To дзякуй вам вялікі. Хадзеце і вы здаровыя! — сказаў дзед Антон.
I яны падалі адзін аднаму рукі. Такая звычка ў людзей — рукі падаваць. I наша мама ўмее, я бачыў, як яна падавала лапу Толю. «I я навучуся!» — думаў я.
Толькі доктар сышоў з ганка, як Боб кінуўся яму пад ногі. Стаў лашчыцца, угінацца — добры ж чалавек доктар, ён ужо вылечыў Колю! Боб забег доктару наперад, брыкнуў на бок, а потым дагары.
— Гэ-э, дык гэ-эта ты та-а-ак?! — сказаў працяжна доктар.— Ах ты, падхалімская твая душа...
Ён падняў з зямлі тоненькі дубчык і некалькі разоў сцебануў Боба.
— Ай-яй! Ай-яй-яй! — усхапіўся той на ногі, завішчаў, залямантаваў на ўсё горла. Здурнеў ад болю і страху, не ведаў, куды ўцякаць. Наткнуўся на плот, павярнуў потым да будкі, да нас.
— Я табе! Я табе! — затупаў для страху доктар, паляпаў рукою па назе.
Мама Пальма не вытрымала, браханула на яго.
Загаўкаў і я — першы раз у жыцці. Тоненька, нібы кураня запішчала.
Боб з енкам шмыгнуў у будку, у самы цёмны куток.
Шчаняча-парасяча-кашэчыя канцэрты
— За што-о-о... ён мяне-е? Я ж не ўкусіў яго-о-о...— тоненька скавытаў у куточку Боб.— Я лізнуць хацеў! Я прылез да яго.
— Дзе баліць? Тут? — Я палізаў яму бачок.— Тут? — палізаў спінку.
— Ай-і-і-і-і... Ай-і-і-і-і...— плакаў Боб, на мае пытанні не адказваў.
Загрукала ланцугом па дошках, залезла ў будку мама.
— Праўда, мама, за што? Такі добры чалавек — і б’ецца.— Я лізаў Бобу бачок, і мне такса-
ма хацелася плакаць. На бачку Боба ўспух рубецгузак.
— Ну, хопіць канцэртаў! Сам вінаваты...— сказала мама.— «Падхалімская душа...» Я даўно прыкмеціла гэта ў тваім характары. А тут і чалавек пацвярджае, значыць, праўда. Хіба ж можна да ўсіх аднолькава лашчыцца? А ты на жываце поўзаеш, прыніжаешся, дагары пераварочваешся... Цьфу, брыдота! I што з цябе за сабака вырасце, калі няма ніякай сабачай годнасці! Вы ж бы з Султана бралі прыклад!
Боб ужо не ўсхліпваў — вінавата маўчаў. Маўчаў і я, думаў над мамінымі словамі. Як усё няпроста ў жыцці, як цяжка разабрацца, што добра, а што кепска. Доктар адлупцаваў Боба — гэта дрэнна? Здаецца, дрэнна, а як падумаеш, то і добра, варта яму даць. Трэба кідаць нядобрыя звычкі. А мы ж хочам вырасці сапраўднымі сабакамі, каб не сорамна за нас было бацькам — ні маме, ні Султану.
На двары пачуліся знаёмыя галасы: Колеў і бабы Ганны.
— Ты ж нікуды з двара не хадзі! I не бегай моцна! — гаварыла баба Ганна.— A то нахапаешся ветру, яшчэ горш горла забаліць.
— Бабуля, а пакажы мне свінню і парасятак! Я так даўно не бачыў парасятак! — прасіў Коля капрызным голасам.
— Пакажу, пакажу... Зараз выпушчу, хай пабегаюць. Паглядзі, ці добра зачынены варотцы на вуліцу. I дзірку пад варотамі дошкаю закладзі!
— Добра! — Колеў голас аддаліўся.
— I глядзі, каб не лез да свінні! — папярэдзіла баба Ганна.
Мы выглянулі — Коля ўжо бег да нас ад вулічных варот, зрабіў тое, што прасіла баба. На шыі ў яго быў завязаны тоўсты калматы аброжак. Дабег да будкі, схапіў Боба.
— Бобка, ты плакаў? Ты плакаў, Бобка? — пасадзіў яго на левую руку, гладзіў праваю, прытульваўся шчакою да яго спінкі.
Добры ўсё-такі і Коля!
Недзе за будкаю былі дзверы ў хлеў, там грукала баба Ганна. I раптам адтуль пачулася — «В-вух!» — і цяжкі тупат, рохканне. Спалохалася курыца, з крыкам пераляцела цераз плот. Міма будкі прамчалася па двары штосьці белае, тоўстае і вялізнае — ажно зямля задрыжала. «Свіння!» — здагадаўся я. За ёю сыпанулі, замільгалі тоўсценькія, кругленькія свіняняты... Парасяты, значыць... Каля варот на вуліцу свіння рэзка спынілася, узрыла нагамі зямлю. Парасяты — каўзель, каўзель! — не паспелі затармазіць, мякка зашлёпаліся ў вароты. Некаторыя з разгону садзіліся на хвосцікі і ехалі. Гэтак тармазілі.
«Гух!» — скамандавала свіння і першай ірванула назад. «Кхру! Кхру!» — зачмыхалі парасяты, нібы таксама напалохаліся, і прыпусцілі ў наш бок. Праляцелі міма будкі, ажно пылам і ветрам дыхнула нам у вочы. Коля прытуліўся да самай сцяны, я і мама шмыганулі ў будку, потым зноў выглянулі. Тупат заціх каля ўвахода ў хлеў. «Гух!» — зноў спалохана рохнула мама-свіння, зноў усе тупацяць, імчацца да вуліцы...
— Трэніроўка! Ха-ха! — сказаў Коля.— Размінка! Мама Пальма буркнула:
— He разумее свінячай мовы... «Гух!» — гэта ў свіней сігнал трывогі. Вучыць малых ратавацца ад небяспекі.
Чацвёрты раз свіння не пабегла па двары. Пайшла спаважна, стомлена дыхаючы, нюхаючы зямлю. Штосьці падбірала, рыла носам зямлю. Парасяты беглі ўроссып, іх было многа, болып, чым кіпцікаў у мяне на пярэдніх лапах. Во, каб у мяне было столькі брацікаў і сястрычак! Што б я рабіў? Парасяты ўсюды лезлі, усё нюхалі, калупалі. Мордачкі іх па самыя вочы парабіліся чорныя, мурзатыя.
Мама Пальма схапіла зубамі сваю міску, схавала ў будку. Коля ўскочыў з Бобам на ганак — таксама спужаўся свінні. А свіння ўсё бліжэй да будкі, бліжэй... Чмыхае так, што з-пад носа ў бакі ляцяць пыл і смецце. Ляпае ротам, цмокае гучна, аж брыдка слухаць. Вялікая свіння, у два разы большая за нашу будку. Вой, а якія парасяткі смешныя! Мордачкі на канцах нібы адсечаныя, а на нагах усяго па два касцяныя пальцы... He, ёсць яшчэ па два, запасныя. Яны меншыя і прычэплены высока ззаду ножак. Нашто ім гэтыя запасныя пальцы, калі яны не дастаюць да зямлі? А хвосцікі якія! He на спіну закручаныя, не абаранкам, а нібы завязаны ззаду вузельчыкам.
Раптам пачуўся страшэнны віск-лямант. Ад страху ў мяне шэрсць на загрыўку стала дыбам, захацелася выць. Свіння зарохкала і пацялёпкалася на той крык — бяда! Мама Пальма вылезла з будкі і загаўкала. Вылез і я. Бачу — Коля хаваецца з крыкам у дзвярах дома: «Дзядуля! Дзядуля!» Бачу — адно парася ўшчаміла галаву паміж дошак, а назад не можа выцягнуць, вушы не пускаюць. Вішчыць!!!
3 дома выбеглі дзед Антон з жалезнай палкай, і баба Ганна без нічога, і Коля з Бобам. Свіння не
хацела падпускаць дзеда да парасяці, задзірала галаву, каб укусіць. Але дзед Антон моцна ляпнуў ёй па баку — «Аюсь!», і тая адступіла крыху. Засунуў жалезную палку ў плот — р-раз! Адна дошка адарвалася, парася вырвалася і пабегла, круцячы галавою.
Мы з мамаю таксама закруцілі галовамі, пачухалі лапамі вушы. Ух, ледзь не паглухлі...
«Бах! Бах!» —дзед зноў прыбіў дошку і пайшоў у хату. А баба заняла свінню з парасятамі, пагнала ў хлеў. Так ім і трэба, калі не хочуць гуляць па-добраму, лезуць абы-куды.
Коля прынёс Боба да нас. Надрапаў на зямлі палкаю нейкія клеткі і заскакаў па іх на адной ножцы.
На двары зрабілася ціха-ціха, не верылася нават, што на свеце можа быць такая цішыня. Але так было нядоўга. Хутка за плотам у агародзе пачаўся яшчэ адзін канцэрт.
— У-у-у-у-у-у-у-у-у-у-у-у-ы-ы-ы-ы-ы-ы-ы-ы-у-уу-у-у-у! — вёў гнусліва, пагрозліва адзін голас.
— У-у-у-у-у-у-у-эў-эў-эў-ы-ы-ы-ы-ы-ы-у-у-у-у-у! — яшчэ больш агідна і пагрозліва цягнуў другі.
— Каты,— сказала мама.— Гэта надоўга. Могуць цэлую ноч выць, хто каго перавые. Гаў! Гаў! Гаў! — пачала яна страшыць іх.
Коля перастаў скакаць па сваіх клетках, падняў грудку зямлі і шпурнуў пад дрэвы, у агарод—«Апсік!». Потым кінуў у катоў палку, якою драпаў зямлю.
He, не спужаліся і не перасталі.
— У-у-у-у-у-у-у-у-у-у-у-у-уІ
— Уы-ы-ы-ы-ы-ы-ы-ы-ы-ы-ы-ы-ы!
— Сілу адзін аднаго выпрабоўваюць, страху наганяюць... От дурні! — абуралася мама.— He,
каб кінуцца ў бойку, перамагчы ў сумленным баі. Гаў! Гаў! Гаў! Разыдзіцеся!
Каты хоць бы што — выюць!
Выйшла з хлява баба Ганна. Хуценька пратупала да дзвярэй у дом, вынесла вядро вады — ш-ш-шух за плот!
Каты пырснулі ў розныя бакі. Адзін з іх быў чорны, а другі пярэсты.
Ф-фу, адлягло ад вушэй... Ну і шумны сёння дзень!
Страшыдла з ікламі на лбе
Звычайна мы пад вечар засыналі. He вытрымлівалі — за дзень так натомішся, набегаешся, ажно костачкі гудуць. Вось чаму яшчэ ні разу і не бачылі, як прыходзіць карова.
А сёння дачакаліся змяркання. 3-пад сцяны хлява павылазілі нейкія маленькія пляскатыя стварэнні. Ножкі ў іх кароценькія, крывыя. Яны таму не бегаюць, а скачуць: скок, скок, шлёп, шлёп жыватом аб зямлю. Пасядзяць, адпачнуць, падумаюць і зноў — шлёп, шлёп. Адну жывёлінку мы запынілі з Бобам, не далі схавацца ў агародзе.