Прыгоды Бульбобаў  Павел Місько

Прыгоды Бульбобаў

Павел Місько
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 167с.
Мінск 2004
37.55 МБ
ваныя. Тата валачэ ў руцэ цяжка напакаваную сумку. 3 другога боку ўчапілася за яго локаць мама. «На людзі» яна абула новыя туфлі, і яны ціснуць і рэжуць ногі. Толя ўчапіўся за татаву сумку, Коля — за левую маміну руку.
Такая думка прыйшла ў гэты дзень да многіх мінчан. Ад каланады, што каля ўвахода ў Батанічны сад, па ліпавай алеі валам валіў народ. Дзяцей і вялі, і неслі, і везлі ў калясачках, чародкі хлапчукоў прабіваліся скрозь людскую гушчэчу, абганялі дарослых.
— Батанічныя сады робяцца для таго, каб сабраць дзівосы расліннага свету, паказаць іх людзям,— расказваў тата, пакуль стаялі ў чарзе да касы.— У садзе нельга нічога рваць, можна толькі глядзець...
— А нюхаць можна? — папытаў Коля сур’ёзна.
— Можна,— адказаў тата.
Як толькі іх прапусцілі праз варотцы, Толя і Коля адразу закружылі, забегалі то ўправа, то ўлева, зноў вярталіся, нецярпліва пазіралі на тату і маму: ну чаму яны так марудзяць? Чаму ідуць сюды, а не туды? Чаму не глядзяць на грэцкія арэхі? Яны ж вісяць над самымі галовамі, варта толькі руку працягнуць...
— Зялёныя, зялёныя...— гаварыў тата, каб супакоіць іх.
На ўсіх дарожках, на ўсіх сцежках, каля кожнай градкі і клумбы стаялі або павольна хадзілі людзі. Дарослыя ўголас чыталі надпісы на таблічках, што былі ўторкнуты пад дрэвамі, кустамі, каля градак з кветкамі. I не стрымліваліся: «Ах, якія гладыёлусы!» Каля астраў: «Ах! Ах!» Каля вяргіняў: «Ах! Ах! Ах!» I нюхалі іх, і
ўздыхалі, і бясконца фатаграфаваліся. А Коля ўлазіў у чужыя фотакадры, перашкаджаў людзям здымацца, абнюхваў кожную кветку.
Зусім побач, за плотам, быў парк, адтуль даляталі гам і віск, грукат і гул — там працавалі атракцыёны. Толя і Коля пазіралі ў той бок і ўздыхалі, яны стаміліся ўжо глядзець на кветкі і дрэвы.
Ішлі па дубовай алеі, потым па яблыневай. Яблыневая дугою агінала пладовы сад, на дрэвах чырванелі невялікія райкі.
— Нельга рваць яблык,— гаварыў тата.
Але і ён, і мама, і хлопцы бачылі, як там і тут уздрыгвае голле, шастаюць па яблынях хлапчукі. He ўтрывалі Толя і Коля, завярнулі пад адну яблыню, паднялі некалькі падалак. Абцерлі, пакаштавалі — смачныя.
Тата хутчэй збочыў у сасоннік і бярэзнік. I тут хадзілі людзі — не па сцежках, а па траве, глядзелі пад ногі. «Нельга тут ірваць грыбы!» — толькі паспеў сказаць тата, убачыўшы маленькую сыраежку, як Толя закрычаў на ўсё горла: «Баравік!» — і хуценька схапіў з-пад маладой сасонкі такога прыгажунчыка, такога здаравячка... Палюбаваліся, паклалі ў сумку. I закружылі вакол таго месца, паўгіналі галовы, нібы пачалі прынюхвацца. «Пасярод горада — баравік! Падумаць толькі!» — на тату напаў грыбны азарт. Але ўрэшце тата спахапіўся: «Ф-фу, што гэта мы?! У лес паедзем па грыбы, у лес...»
Уперадзе сярод блакітных ялін засвяціўся вялікі прагалак. Возера! На ўзлеску міліцыянер прабіраў цётку з дзяўчынкаю: у дзяўчынкі на галаве жаўцеў вянок з лугавых кветак, у цёткі ў
руках — вялікі букет. Дастаў міліцыянер кніжачку квітанцый, будзе браць з іх штраф.
— Ну і народ! Сказана — нельга тут нічога рваць! — голасна гаварыў тата, як ішлі міма. Ён ужо забыў, як сам толькі што ледзь не на каленях поўзаў, каб знайсці яшчэ аднаго баравіка.
Па берагах возера густа тоўпіліся людзі, ажно не відаць было з-за іх вады. Дзеці прарэзліва ўскрыквалі: «Мама! Тата! Во, во!!!» Дарослыя выгуквалі больш стрымана: «Ай-я-яй! Як палена! I вунь плюхнула... I вунь!», «Хлеб у лебедзяў адбіраюць!», «Гэта ж столькі карпа развялося!».
Мама не глядзела ні на рыб, ні на лебедзяў, яна дакульгала да лаўкі і ўпала на яе без сілы. A хлопцы прашыліся скрозь натоўп і таксама заахалі: вада паўз берагі чарнела ад рыб-малявак. «Вы адсюль зірніце, адсюль!» — паклікаў іх да сябе босы хлапчук. I Толя, і Коля, і тата зайшлі супраць сонца, паглядзелі на сярэдзіну возера. I не паверылі сваім вачам: у вадзе спаважна праплывалі вялізныя рыбіны-пачвары.«Мо па пуду! Няўжо могуць карпы такімі вырасці?!» А нейкі дзядзька з абветраным, загарэлым тварам ажно стагнаў: няйначай, гэта быў рыбак.
Потым ішлі вакол возера і ў прасветах паміж людзьмі бачылі часам, як спаважна і ганарыста плаваюць чорныя і белыя лебедзі, як жыруюць каля астраўка з чырвона-зялёным домікам качкі (дзікія качкі!), як плавае на лодцы каля астраўка дзядзька — мо лічыць птаства?
У бярозава-дубовым гаі зрабілі полудзень. Толя і Коля сядзелі на дзіўнай лавачцы з палавінкі бервяна і з такім апетытам елі і памідоры, і
бутэрброды, і малако з булкаю, што тата і мама аддалі ім і свае бутэрброды: «Ешце! Ешце! Вас знарок трэба прыводзіць сюды есці...»
Зрабілі паўкруг па гаі і па бярозавай алеі дайшлі да фантанчыка і плантацый ружаў. Вецер раздзімаў султаны пырскаў, і ў іх пералівалася ўсімі фарбамі вясёлка. Толю і Колю не хацелася ўжо любавацца ні ружамі, ні фантанам. Яны зноў пачулі шум, які далятаў з парку, з атракцыёнаў.
— А ў парк? Мы з паркам не развіталіся! — зацягнулі хлопцы.
— А што? Можна было б за адным заходам... Калі яшчэ выберамся сюды! — згадзіўся ўжо тата.
— Не-не-не! Я ледзь жывая! Ногі парэзала...— запратэставала мама.
— Мамачка, ты пасядзіш на лаўцы! — угаворваў яе Толя.
— Мы цябе ні ў «халі-галі», ні ў цэнтрыфугу не будзем засоўваць! — дабаўляў Коля.
Але мама была няўмольная.
Павярнулі дамоў. Мама вісла на татавым плячы, Толя і Коля хныкалі і ледзьве валачылі ногі. У тралейбус і з тралейбуса тата іх зносіў і выносіў амаль на руках. А як толькі зайшлі ў свой пад’езд, мама паскідала туфлі і сунула іх у сумку. Узбіралася, чапляючыся за парэнчы, падцягваючы сябе. А Коля апошні пралёт лесвіцы адольваў рачком, па-сабачы. Мабыць, для смеху...
I толькі ўскарабкаліся на сваю пляцоўку, як убачылі: каля дзвярэй на вялізным чамадане сядзіць нейкая пажылая цётка ці бабуля, гаротна падперла шчаку далонню. Перад ёю на другім чамадане, крыху меншым, сядзіць Танька. Размахвае рукамі, штосьці расказвае — забаўляе бабулю.
— З’явіліся, бадзягі...— уздыхнула незнаёмая, убачыўшы іх.
— Ой, мамачка!..— працягнула да яе рукі Толева і Колева мама.
Бабуля прыблудзілася...
— А я вас цэленькі дзень чакаю! — пацалавала бабуля маму.— Усе глядзелкі праглядзела, усе чаканкі прачакала...— пацалавала тату.
— А чаму ж вы тэлеграмы не далі? Мы б падскочылі ў аэрапорт, на машыне прывезлі б,— гаварыў тата з папрокам і адмыкаў дзверы.
— Сюрпрыз! Вы ж не чакалі мяне так хутка... Думала, сюрпрыз зраблю.— Бабуля нагнулася да Колі, расцалавала ў абедзве шчакі, потым перацмокала шчокі Толі.— Вялікія ўжо хлопцы, вялікія! Малайцы!
— Ажно мы табе сюрпрыз зрабілі,— сказала мама.
— Толя, а бабуля спачатку ў другі корпус прыблудзілася, таксама ў пяцідзесятую кватэру,— сказала Танька і спалохана паглядзела на бабулю — мо не трэба было выдаваць такі сакрэт! — I там вашу бабулю за сваю прынялі!
— Ara! I там двое хлопчыкаў роўненькіх. Пытаю: «Чакаеце бабулю?» — «Чакаем!» — «А як вас завуць?» — «Віця і Жэня».— «Ой, то я, мабыць, не ваша...» — «Наша, наша!» —крычаць. А прозвішча я забыла папытаць... Пааддавала падарункі... А бацькоў іх няма, на базар паехалі. Ну — вярнуліся тыя бацькі, бачу — не тое. To ўжо і нядобра было назад падарункі забіраць.
— Толя і Коля — вялікія хлопцы, яны і без падарункаў абыдуцца. Праўда ж? — Тата паглядзеў на сыноў.
Але яны нічога не сказалі, адвярнуліся.
— Часцей трэба прыязджаць. A то гадоў мо пяць не былі.— Мама кінула ў куток калідора туфлі.
— Па годзіку Толю і Колю споўнілася, тады была,— прыпомніла бабуля.— А я вам куплю гасцінцы, куплю!
— Я вашу бабулю да нас у госці запрашала. A яна не захацела! — з крыўдай у голасе сказала Танька.
— Мяне і ў той, пяцідзесятай, пакідалі пачакаць. Але нашто ж мне валачыцца па чужых кватэрах? — Бабуля распранулася, павесіла плашч і крутнула галавою, паправіла далоняй валасы. I ўсе ўбачылі, што бабуля яшчэ маладжавая, чырванашчокая і нават стройная.
— Ох, пайду перадыхну, бо з ног падаю.— Мама павярнула ў пакой, а не на кухню.
— Ідзіце, ідзіце, пагаварыце там... Я сам збяру на стол! — сказаў тата.
А дзеці хутчэй пабеглі ў спальню паглядзець рыбак.
— У лебядзіным возеры — во такі-і-ія рыбы! Во такенны акварыум на іх трэба! — Коля спачатку развёў рукі ў бакі, як заядлы рыбак, а потым узмахнуў над галавою, нібы хацеў ахапіць увесь пакой.
— Як кракадзілы! Лебедзі баяцца плаваць, каб іх не праглынулі,— сказаў Толя.
— Ой, ім жа страшна спаць на вадзе! — схапілася за шчокі Танька.
— He бойся, яны ў домік залазяць спаць,— сказаў Коля.
— He домік — цэлая кватэра: два пакоі, душ з ваннаю,— дабавіў Толя.
Танька засмяялася, зразумела: разыгрываюць!
Тым часам у пакоі мама скардзілася бабулі на хлопцаў. Гэта ж такія шкоднікі, такія шкоднікі! На дзень нараджэння такі пагром учынілі...
— Без догляду, што ж ты хочаш,— сказала бабуля.— Ну — у мяне дысцыпліна будзе жалезная.— I яна расказала, чаму ўдалося так хутка прыехаць: — Якраз на пенсію выйшла летам... На курорт з’ездзіла — і няма больш чаго рабіць. Кідаюся адна ў кватэры, як звер у клетцы. Хацела зноў ісці прасіцца на работу...
А ў спальні Танька голасна чытала Толю і Колю «лекцыю».
— У майго таты ёсць «Жыццё жывёл». Во-о такая кніга! — развяла ў бакі рукі.— I малюнкі ўсякія каляровыя. I мой тата сказаў, што жывёл нельга лавіць і ў хаце трымаць ці ў звярынцах, заапарках. Гэта для іх няволя, а ў няволі яны не такія, як на волі. Зусім-зусім не такія! Звяроў, птушак і рыб трэба ў прыродзе наглядаць. А ў няволі яны не жывуць, а мучацца і паволі паміраюць.
Пачула іх гаворку бабуля, прыйшла ў спальню.
— Танечка, твой тата праўду гаворыць: жывёлы паводзяць сябе ў няволі ненатуральна. Але людзі дваццатае долі таго не ведалі б пра жывёл, птушак і рыб, што зараз ведаюць. А чаму? Заапаркі, звярынцы і запаведнікі памаглі ўведаць.
— Пра зуброў!..— крыкнуў тата з кухні. Ён ужо кухарыў як мае быць, бо адтуль пахла дымам.
I бабуля адразу здагадалася, што тата хацеў сказаць.
— Ага, зубры зусім перавяліся б, каб не захавалася колькі штук у заапарках. На волі ніводнага жывога не засталося. Выпусцілі з заапаркаў, развялі... А во гэтыя рыбкі... Ой, я з самага дзяцінства марыла мець акварыум! А разводзіла кактусы... I сюды папрывозіла іх... Ага, дык гэтыя рыбкі, што ў вас, паходзяць з якіхнебудзь рэк ці азёр Афрыкі, Інданезіі, Цэйлона. A каб пусціў іх туды зноў, то мо і жыць не змаглі б. Адвыклі! А колькі акварыумных рыбак самі акварыумісты вывелі, такіх і ў прыродзе няма.