Прыгоды Бульбобаў  Павел Місько

Прыгоды Бульбобаў

Павел Місько
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 167с.
Мінск 2004
37.55 МБ
— Зараз табе аперацыю зробім...
Коля завішчаў і хацеў уцячы з кухні. Але Толя хуценька — ляп! — зачыніў дзверы і падпёр іх плячыма.
— Бабуля, хутчэй! Я трымаю!
— А чаго нам спяшацца? Нам не баліць.
— А-а-а-а! — круціўся Коля па кухні, затуляў далонямі рот.— Ные хыа-чоу апер... апер...
— Дурненькі, я пажартавала,— пасур’ёзнела бабуля.— Вымем стрэмкі, і ўсё. Хіба ты ніколі да гэтага не заганяў стрэмак? У мяне ў малое вечна былі збітыя калені і стрэмкі...
Бабуля працерла свае пальцы і кончыкі пінцэта ваткаю з эфірам. На ўсю кухню запахла рэзка і нясмачна.
— Ну — давай...
Коля падышоў, трасучыся, адняў далоні ад рота. Але толькі паднесла бабуля пінцэтам камячок ваты, каб падсушыць язык, паглядзець, што на ім робіцца, як Коля зноў завойкаў, закруціў галавою.
— Высалапі болып язык... Аг-га...— Бабуля цапнула леваю рукою за кончык Колевага языка, а праваю пінцэтам — раз! — вырвала іголку-калючку, мо сантыметры два даўжынёю.— Во, палюбуйся, які трафей,— паказала яму стрэмку,
стрэсла яе на стол. Два! — дастала яшчэ адзін адломак, мо на сантыметр.— Паварушы языком — не чутно больш?
Коля пабалбатаў языком: «Няма!»
— Я абрэзаў іголкі ножанкамі... Усе, здаецца, абрэзаў, а яны...— усхліпваў ён, не хацеў супакойвацца.
— Сам сябе пакараў. Трэба ранкі чым запячы. Выбірай — ёд, эфір, адэкалон?
— Нічым не хачу! — Коля зноў ірвануўся да дзвярэй, але Толя замахаў, забаксіраваў рукамі, адбіваючы атаку.
— Лепш адэкалон. Згаджайся! — падказваў ён.— Смачна будзе з рота пахнуць.
Коля згадзіўся.
Толя пусціў дзверы і першы пабег у пакой, дастаў з серванта татаў пульверызатар. Тата, калі паголіцца, пырскае ім сабе на шчокі, на падбародак адэкалон, моцна зажмурваецца і ахкае ад задавал ьнення.
Коля таксама заплюшчыў вочы і высалапіў язык. Ш-ш-ш-ш-ш! Ш-ш-ш-ш-ш!— з усёй моцы націснуў Толя на гумавы капшучок, і ў рот Колю паляцелі пырскі.
— А-а-а-а! — схапіўся ён за рот, пабег, прытанцоўваючы, у спальню.
Толя не вытрываў, зарагатаў. Дастаецца гэтаму Колю за прагнасць.
Бабуля ўсміхалася і рабіла яшчэ адну аперацыю — кактусу! Акраец-вяршэчак роўненька падрэзала ланцэтам.
— Прынясі той, раструшчаны,— папрасіла яна Толю.
Ён пабег у пакой, згроб на паперку ўсе кавалачкі. Самы большы і цалейшы кавалак быў каля каранёў.
— 3 двух кактусаў зробім адзін,— сказала бабуля і адсекла ўсё патрушчанае, пакінула якіх сантыметры два з карэньчыкамі. Потым заглянула ў аптэчку, што вісела на кухні, зняла з нейкае бутэлечкі з лякарствамі чорную гумку-заціскалку. Якраз такую бачыў Толя на «хвосціку» ў Танькі.
Бабуля стуліла абодва кавалкі кактусаў зрэзамі, надзела на іх гумавае кольца, каб сціснуць іх яшчэ мацней.
— Вось так... Прыжывецца ці не? Hi разу яшчэ не прышчэпвала кактус на падвой, які не расце, а валяецца вырваны.
Пайшлі з кухні. Бабуля зноў загортвала кактусы і кактусяняты без вазончыкаў, размяркоўвала іх па палічках і ячэйках чамадана.
— Дзён праз два каторых пасадзім, каторых будзем укараняць. Земляное сумесі наробім... A кубікі свае аддасце мне на кактусы? Вы ж вялікія ўжо хлопцы, сорамна з цацкамі гуляць.
— Аддамо! — паабяцаў Толя.
А Коля ці не пачуў, ці прамаўчаў. Ён ужо не любіў кактусаў.
А потым бабуля разглядвала свае пальцы і пінцэтам даставала калючкі і глахідзіі. Глахідзіі — гэта такія малюпасенькія і тоненькія калючкі з кручочкамі на канцах. Сядзяць яны кучкамі, адрываюцца ад кактусаў лёгка. А колюцца моцна, залазяць у скуру глыбока.
Вымала іх бабуля і ні разу не войкнула.
Каляровыя сны
Хлопцам здалося, што ў спальні хтосьці ходзіць. Потым нібы пачулася:
Прыплыла тады рыбка, спытала: «Чаго табе хочацца, старча?»
Але хлопцам аднаго хацелася — спаць. I абодва ўзахапкі стараліся дагледзець апошнія сны.
Колю сніцца, што едзе ён на вярблюдзе цераз пустыню. Хочацца вады, сасмагла ў роце, язык, здаецца, распух, разбалеўся ад гэтага. А сонца пячэ і смаліць, сонца слепіць — не зірнуць. Коля б’е пяткамі пад шорсткія, як у таго кактуса«балонкі», бакі, падганяе вярблюда, а сам усё аглядаецца па баках: ці не блісне дзе якое азярцо ці рэчка? I раптам бачыць кактусавы лес. Вось ён, ратунак! Вярблюд сам кіруе, імчыць туды, вярблюд падбрыквае з радасці... Аднекуль у руках Колі з’яўляецца нож-мачэтэ, якім сякуць кубінцы цукровы трыснёг. Размахнуўся, як шабляю,— г-гах! Злятае з аднаго кактуса калючая шапка-папаха, з нутра свішча, струменіць угору фантанчык. Прагна нагнуўся да вады, глытнуў... Ого, што за дзіва?! He проста вада, а газіроўка з сіропам. «Ага!» — гаворыць вярблюд і лезе да вады, адпіхвае мордаю Колю. Коля не паддаецца, адпіхвае вярблюда. «А я табе кавуна не дам!» — грызе вярблюд кактус збоку, жуе разам з калючкамі і не баіцца, што ўколецца. А Коля п’е, Коля аж захлёбваецца, ніяк не можа напіцца. Выпростваецца, каб перавесці дух... Мамачкі-бабулечкі, ратуйце! I яго, і вярблюда шчыльнаю сцяною абступілі кактусы, варушаць калючымі лапамі. «Папаўся! Папаўся!» — радуюцца, лапочуць на
розныя галасы. Прысеў Коля за ссечаны кактус, хацеў адпаўзці ўбок. А нейкі пацешны пузаценькі кактусік забег збоку, варушыць смешна носікам-«дзеткаю», пляскае ў ладкі: «Вось ён! Вось ён!» Ускочыў Коля на вярблюда, паганяе: «Но! Но!» А кактусы за ім: і пешкі бягуць, і скачуць, уссеўшы адзін на аднаго, як на каня. Размахваюць пікамі-калючкамі, ляскаюць мячамі-шыпамі. Тупацяць ногі, цокаюць капыты, гудзе пагоня... Вось-вось нагоняць, заколюць. «Я іх паем, не бойся!» — спыняецца вярблюд, паварочваецца да іх. Ашчэрыў шчарбатыя зубы і... цап Колю за кашулю, сцягнуў уніз. «А-а-а!» — крычыць Коля і ў жаху прачынаецца...
Ф-фу... Сэрца тахкае, як не выскачыць. Лоб мокры ад поту. Азіраецца Коля — мо і Толя яго сон бачыць? He, усміхаецца Толя, у яго свой сон, прыемны сон...
Бачыць Толя вялікую залатую рыбку. Нават сам дзівіцца ў сне: чаму сніцца не хамяк Гаўрык, а рыбка? Кружыцца залатая рыбка наўкол яго, ахутвае, аблытвае сваімі доўгімі і мякенькімі плаўнікамі, гоніць у твар хвастом-прасцірадлам прахалоду. «Чаго табе хочацца, хлопча?» —нібы гаворыць, заваблівае яна Толю з сабою, у падводнае царства. I Толя плыве за ёю — далей, глыбей. I ўжо не дзівіцца, што наўкола сіні і залаты бляск хваль, што ён свабодна дыхае пад вадою, што яму лёгка ў вадзе, як рыбе. Вось штосьці ззяе, расце ў вачах, набліжаецца... «Замак цара марскога!» — гаворыць рыбка. Зіхаціць замак неонавымі агнямі, у вокны, у дзверы заплываюць рознакаляровыя рыбкі-агеньчыкі. Падплыў і Толя, заглянуў у дзверы. Уга, колькі там дзівосных,
фантастычных рыб! Плаваюць кругамі, водзяць карагод. А малыя вуаляхвостыя гупі дурэюць, як кацяняты, ганяюцца адна за адной... «А дзе неончык? Дзе неончык?» —крычыць хтосьці пісклявым голасам. I Толя пазнае: хамяк Гаўрык крычыць. Ходзіць па зале на задніх лапках, у смешных сініх штоніках, памахвае веерам.
— Дзе неончык? — зноў крычыць хтосьці, ужо Колевым голасам. I Толя прачынаецца, садзіцца на пасцелі.
Вунь дзе Коля, прыліп да акварыума, сам у адных трусіках.
— Неончык прапаў! — крычыць Коля.
Прыбягае бабуля ў фартусе, вылазіць з пасцелі, прыпадае да акварыума і Толя. Пад вадою і праўда стаіць маленькі замак-грот, выкладзены чарапашкамі і каляровымі шкельцамі. Мабыць, тата раніцаю паставіў.
— А я ўжо прыходзіла вас будзіць,— гаворыць бабуля і здымае з акварыума шкло-накрыўку, заглядвае зверху.
Коля і Толя прытулілі свае галовы да бабулінай, перабралі вачыма кожны каменьчык. Няма неона... Плаваюць і молі, і мечаносцы, і гупі, і адзін неончык... А дзе ж другі?!
Коля адразу захныкаў, падазрона паглядзеў на Толю: можа, ён што натварыў?
— He румзай... Мо ў грот заплыў,— сказала бабуля. Падкасала рукаў і засунула руку ў ваду, перавярнула грот, патрэсла ім, потым дастала з вады, заглянула. Пуста было ў пячорцы, не вельмі там і схаваешся.
— Мо выскачыў з акварыума? — сказаў Толя.
— Накрыты быў шклом.— Бабуля агледзела стол вакол акварыума. А Коля і Толя нават пад стол злазілі, там усё агледзелі, абмацалі. Няма!
Бабуля прынесла тонкі, нібы аловак, гумавы шланг. Калі адзін канец шланга засунуць у акварыум, а за другі смактануць, то па шланзе пацячэ вада з гразёю. Так ужо раз чысцілі акварыум.
Перагрэблі кожны каменьчык, пачысцілі дно. Нідзе не знайшлі ніякага следу ад неона!
Бабуля прынесла з кухні свежай, адстоенай вады, даліла ў акварыум. Выцерла добра рукі, прысела да стала, разгарнула дзённік.
— А ты не плач, чуеш? Купім яшчэ аднаго, каб да пары было.
Коля глядзеў у акно і выціраў слёзы. Толя не ведаў, як суцешыць брата. А бабуля запісвала пра падзею ў сшытак і хмурыла бровы. «Няўжо... куклянка?» — адзін раз нягучна, нібы сама сабе, сказала яна.
Запісала яшчэ пра тое, што ў самкі молі і ў мечаноскі вельмі растаўсцелі жываты, мабыць, у іх поўна ікрынак. Запісала і пра мечаносца. Нейкі ён стаў натапыраны, як вожык. Што з ім робіцца?
Бабуля разгулялася
Як добра, што ў іх ёсць бабуля! Гэта ж проста шчасце, вялікае шчасце! Маму і тату хлопцы мала нават бачаць. Хіба што вечарам. Дый то — колькі таго вечара? Сюд-туд — і трэба ісці спаць. Хоць таго сну ні ў адным воку няма, хоць па тэлевізары ідуць цікавыя перадачы — спаць, і ўсё!
— Бабуля, а ў нашым парку такія атракцыёны! — сказаў неяк Коля.
— Ага! — перабіў яго Толя.— Электрамабілі, што па роўным ездзяць, і машынкі, што па рэйках угору-ўніз лятаюць, і ўсякія круцёлкі з парашутамі, каруселі з гарматамі, ракетамі...
— Ага! — перабіў і Коля Толю.— Мы ў Батанічны сад ездзілі, дык чулі: гудуць атракцыёны! Грукочуць! I ўсім так весела — крычаць, вішчаць!
— 3 парашутамі? — зацікавілася бабуля.— Гм... Наядайцеся добра, з’ездзім, развітаецеся і з атракцыёнамі.
— Ур-ра!!! — загалёкалі Толя і Коля.— Што трэба з’есці? Давайце хутчэй!
...Хоць быў будзённы дзень і толькі адзінаццаць гадзін раніцы, атракцыёны ўжо працавалі. 3 усяго парку, як ручайкі да возера, сцякаліся да іх людзі. I столькі новых сцежак напратоптвалі паміж дрэў, так выгарцавалі траву вакол атракцыёнаў, столькі хваёвых карэнняў агалілася! Бабуля спынілася каля адной сасны, у якое быў абсечаны сякераю бок, а на залысіне напісана чырвоная лічба «83». Задрала ўгору галаву, задралі і хлопцы — ой, дык сасна ж засохла! Галлё ўверсе амаль голае, толькі сям-там відаць рыжыя шыпулькі.