• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прыгоды Пінокіа  Карла Калодзі

    Прыгоды Пінокіа

    Карла Калодзі

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 260с.
    Мінск 2019
    152.16 МБ
    Похапкам пад’еўшы і адпачыўшы, яны зноў выправіліся ў дарогу. Наступнае раніцы яны прыляцелі на марскі бераг.
    Голуб апусціў Пінокіа на зямлю і, не жадаючы нават выслухоўваць падзяку за зроблены добры ўчынак, адразу ўзляцеў і знік.
    На беразе было поўна людзей, якія крычалі і размахвалі рукамі, гледзячы на мора.
    — Што здарылася? — спытаўся Пінокіа ў адной старой.
    — Здарылася тое, што адзін бедны тата, згубіўшы сына, сеў у човен, каб паплыць і шукаць яго там, за морам. А мора сёння вельмі неспакойнае, і човен вось-вось можа пайсці на дно...
    — Дзе човен?
    — Вось ён, унізе, проста дзе мой палец, — сказала старая, паказваючы на маленькі човен, які на гэтай адлегласці здаваўся шкарлупінай арэха з маленькім-маленькім чалавекам усярэдзіне.
    Пінокіа пачаў узірацца ў той бок. Добра ўгледзеўшыся, ён гучна закрычаў:
    — Гэта мой тата! Гэта мой тата!
    Тым часам човен, які кідала бурнае мора, то знікаў паміж вялікімі марскімі хвалямі, то зноў усплываў на паверхню. Пінокіа ўзняўся на вяршыню высокай скалы і не пераставаў клікаць свайго тату па імені, падаваць яму шматлікія сігналы рукамі, насовачкай і нават шапкай.
    Здавалася, што Джэпета, хоць і быў гэтак далёка ад берага, пазнаў сына, бо таксама зняў шапку і вітаў яго. Жэстамі ён даваў зразумець, што ахвотна вярнуўся б назад,
    але мора такое бурнае, што перашкаджае яму веславаць, каб наблізіцца да зямлі.
    Раптам накаціла страшэнная хваля — і човен знік.
    Усе чакалі, што човен вернецца на паверхню, але ён болей не з’яўляўся.
    — Бедны чалавек! — сказалі тады рыбакі, якія сабраліся на марскім беразе, і, прамовіўшы напаўголаса малітвы, пачалі разыходзіцца.
    Раптам яны пачулі роспачны крык і, звярнуўшыся назад, пабачылі хлопчыка, які кінуўся ў мора з вяршыні скалы з крыкам:
    — Я хачу ўратаваць свайго тату!
    Пінокіа ўвесь быў зроблены з дрэва, таму з лёгкасцю трымаўся на вадзе і плыў, як рыба. На вялікай адлегласці ад зямлі ён то знікаў пад вадой, зацягнуты хвалямі, то на паверхні з’яўляліся ягоная нага ці рука. Урэшце ён знік з вачэй, і болей яго не бачылі.
    — Бедны хлопчык! — сказалі тады рыбакі, што стаялі на марскім беразе, і, прамармытаўшы напаўголаса малітвы, вярнуліся да сваіх дамоў
    Пінокіа трапляе на выспу Працавітых Пчол і там ізноў сустракае Фею.
    Пінокіа, натхнёны спадзяваннем своечасова паспець з дапамогай свайму беднаму тату, плаваў усю ноч. Якая жахлівая была гэтая ноч! Ліў дождж, ішоў град, страшна грымела, а міргала так, што было светла, як удзень. Калі развіднела, ён пабачыў недалёка вузкую палоску зямлі. Гэта была выспа пасярод мора.
    Ён прыклаў усе намаганні, каб дамкнуць да гэтага берага, але безвынікова. Хвалі набягалі, грувасціліся, кідалі яго з боку ў бок, быццам якую трэску ці саломінку. Урэшце, на шчасце, прыйшла надта вялікая і імклівая хваля, якая шпурнула яго ўсім цяжарам на прыбярэжны пясок.
    Штуршок быў гэтакім моцным, што ад удару аб зямлю ў яго храбуснулі ўсе скабы і ўсе глобы. Але Пінокіа адразу супакоіў сябе словамі:
    — Нават і гэтым разам мне пашанцавала.
    Тым часам паволі-паволі неба праяснела, сонца выйшла ва ўсім сваім зіхаценні, а мора зрабілася добрае і спакойнае, як аліва.
    Тады драўляны хлопчык расклаў на сонцы сваю вопратку, каб высушыць яе. Паглядзеў сюды і туды: ці не відаць выпадкова на гэтай бязмежнай роўнядзі вады маленькага чоўна з чалавекам. Але, добра агледзеўшыся, ён не пабачыў перад сабой нічога, апрача неба, мора і некалькіх ветразяў Дый яны былі нагэтулькі далёка, што падаваліся мухамі.
    — Хоць бы ведаць, прынамсі, як называецца гэтая выспа! — сказаў ён. — Ведаць бы, што яна населеная ветлымі людзьмі. Я хачу сказаць, людзьмі, якія не маюць дурной звычкі падвешваць дзяцей на галінах дрэў. Але ў каго я мог бы запытацца пра гэта? У каго, калі тут нікога няма?
    Ад думкі, што ён можа застацца сам-саменькі пасярод гэтай вялікай незаселенай краіны, на яго найшла гэткая страшэнная туга, што ён ледзь не заплакаў Раптам Пінокіа пабачыў прыгожую рыбу, якая спакойна праплывала непадалёк па сваіх справах, з галавой, цалкам зануранай у ваду. He ведаючы, як назваць яе па імені, драўляны хлопчык крыкнуў ёй гучным голасам, каб яго пачулі:
    — Гэй, сіньёра рыба, магу я задаць вам адно пытанне?
    — Хоць два, — адгукнулася рыба, якая называлася Дэльфінам. Яна была нагэтулькі ветлай, што ва ўсіх морах свету няшмат знойдзеш такіх.
    — He маглі б вы сказаць мне, ці ёсць на гэтай выспе вёскі, дзе можна пад’есці, не баючыся, што з’ядуць цябе?
    — Яны тут, безумоўна, ёсць, — адказаў Дэльфін, — болей за тое, адну з іх ты знойдзеш непадалёк адсюль.
    — Якой дарогаю мне пайсці туды?
    — Трэба пайсці гэтай сцежкай туды, налева, і ўвесь час ісці проста за сваім носам, не заблукаеш.
    — Скажыце мне яшчэ адно, вы плаваеце па моры ўдзень і ўночы, вы не сустракалі выпадкова маленькі човен з маім татам?
    — А хто твой тата?
    — Ён найлепшы тата ў свеце, а я найгоршы сын, які можа быць.
    — Пры такой буры, што была сёння ўначы, — адказаў Дэльфін, — човен, напэўна, пайшоў на дно.
    — А мой тата?
    — У гэты момант яго праглынула жахлівая Акула, якая плавае тут ужо колькі дзён і прыносіць роспач у нашыя воды.
    — Яна вельмі вялікая, гэтая Акула? — запытаў Пінокіа, які пачаў дрыжэць ад страху.
    — Ці вялікая яна? — усклікнуў Дэльфін. — Калі ты можаш уявіць сабе, скажу табе: яна большая за пяціпавярховы дом і мае такую шырокую і глыбокую пашчу, што там мог бы цалкам змясціцца ўвесь цягнік разам з паравозам.
    — Мамачка мая! — злякана ўскрыкнуў драўляны хлопчык. Ён хутка апрануўся і, паспешліва павярнуўшыся да Дэльфіна, сказаў яму: — Да пабачэння, сіньёра рыба, даруйце, калі ласка, за тое, што патурбаваў, і шчыры дзякуй за вашую ветласць.
    Прамовіўшы гэта, ён адразу скіраваў да сцежкі і пайшоў хуткім крокам, такім хуткім, што здавалася, ён бег. На кожны пачуты гук Пінокіа адразу са страхам абарочваўся назад, каб паглядзець, ці не пераследуе яго жахлівая Акула, вялікая, нібы пяціпавярховы дом, і з цягніком у роце.
    За паўгадзіны ён прыйшоў у невялікае паселішча, якое называлася Мястэчка Працавітых Пчол. Вуліцы былі перапоўненыя людзьмі, якія бегалі сюды і туды па сваіх справах. Усе працавалі, усе былі нечым занятыя. У мястэчку зусім не было бадзягаў нават калі пашукаць іх удзень са святлом.
    — Я зразумеў — адразу сказаў гультай, які сядзеў у Пінокіа, — гэтая краіна не для мяне! Я не народжаны для працы!
    Тым часам яму дапякаў голад, бо мінула ўжо дваццаць чатыры гадзіны, як ён нічога не еў нават гарошку. ІІІто рабіць?
    У яго было толькі два спосабы, каб супакоіць голад: або пашукаць працу, або папрасіць у якасці міласціны сольда ці кавалачак хлеба.
    Пінокіа было сорамна прасіць міласціну. Бо тата вучыў яго, што рабіць гэта маюць права толькі старыя і цяжка хворыя. Сапраўдныя бедакі ў гэтым свеце, якія заслугоўваюць шкадавання, — гэта тыя, хто праз узрост ці хваробу болей не могуць зарабляць на хлеб, працуючы ўласнымі рукамі. Рэшта абавязаная працаваць. А калі яны не працуюць і пакутуюць ад голаду, тым горай для іх.
    Між тым дарогаю ішоў чалавек, увесь задыханы і мокры ад поту, які з вялікай цяжкасцю цягнуў сам два вазкі, наладаваныя вугалем.
    Пінокіа, мяркуючы па твары чалавека, што ён — добры, наблізіўся да яго і, апусціўшы ад сораму вочы, сказаў напаўголаса:
    — Ці не будзеце так ласкавы даць мне адно сольда, бо я канаю ад голаду.
    — Нават не адно сольда, — адгукнуўся вугальшчык. — Але я дам табе чатыры, з умовай, што ты дапаможаш мне дацягнуць дадому гэтыя два вазкі з вугалем.
    — Вы мяне здзіўляеце! — адказаў драўляны хлопчык амаль зняважана. — Да вашага ведама, я ніколі не быў аслом і ніколі не цягаў вазкі.
    — Тым лепей для цябе! — адказаў вугальшчык. — Тады, хлопчык мой, калі ты сапраўды паміраеш ад голаду, з’еш два добрыя кавалкі сваёй фанабэрыі, толькі глядзі не атруціся.
    За колькі хвілін дарогаю ішоў муляр, які нёс на плячах кош з вапнавай рошчынаю.
    — Будзьце высакародным чалавекам, падайце сольда беднаму хлопчыку, які канае ад голаду!
    — Ахвотна. Хадзем са мной, занясем вапну, — адказаў муляр, — і замест аднаго сольда я дам табе пяць.
    — Але рошчына цяжкая, — адмовіўся Пінокіа, — а я не хачу цяжка працаваць.
    — Калі не хочаш цяжка працаваць, тады, хлопчык мой, прыемна табе сядзець тутака і поспехаў у гэтым.
    Меней чым за паўгадзіны прайшлі яшчэ дваццаць чалавек, і ўва ўсіх Пінокіа прасіў міласціну, але ўсе яму адмаўлялі:
    — Табе не сорамна? Замест таго каб лынды біць, ідзі лепей пашукай працу, навучыся зарабляць сабе на хлеб!
    Урэшце прайшла добрая жанчына, якая несла два збаны з вадой.
    — Вы не супраць, добрая жанчына, каб я каўтнуў вады з вашага збанка? — сказаў Пінокіа, якому перасмягла горла.
    — Пі, калі ласка, мой хлопчык! — сказала жанчына і паставіла абодва збаны на зямлю.
    Калі Пінокіа насмактаўся, нібы губка, прамармытаў напаўголаса:
    — Смагу я прагнаў! Каб таксама можна было б спатоліць і голад!..
    Добрая жанчына, пачуўшы гэтыя словы, адразу дадала:
    — Калі дапаможаш мне занесці дадому адзін з гэтых збаноў з вадой, я дам табе добры кавалак хлеба.
    
    Пінокіа паглядзеў на збан і не сказаў ні так,
    ні не
    			
    — I разам з хлебам дам табе порцыю каляро вай капусты, закрашаную алеем і воцатам, — дадала добрая жанчына.
    
    Пінокіа другі раз кінуў вокам на збан і не сказаў ні так, ні не.
    — А пасля каляровай капусты дам тебе ласунак з салодкім начыннем.
    Спакусіўшыся апошнім ласункам, Пінокіа болей не ў стане быў супраціўляцца і сказаў:
    — Нічога не паробіш! Я занясу ваш збан дадому!
    Збан быў вельмі цяжкі, і драўляны хлопчык, не маючы моцы несці яго ў руках, мусіў несці на галаве.
    Калі яны прыйшлі дадому, добрая жанчына пасадзіла Пінокіа пры накрытым маленькім стале і паклала перад ім хлеб, закрашаную каляровую капусту і ласунак.
    Пінокіа не проста еў а каўтаў Ягоны страўнік здаваўся кватэрай, якая цягам пяці месяцаў заставалася без жыхароў
    Заспакоіўшы паціху шалёныя ўкусы голаду, ён узняў галаву, каб падзякаваць сваёй дабрадзейцы. Але не паспеў як след угледзецца ў ейны твар, як выдыхнуў ад здзіўлення вельмі працяглае «о-о-о-о!» і так застыў зачараваны, з расплюшчанымі вачыма, з відэльцам у паветры і ротам, поўным хлеба і каляровай капусты.
    — Што азначае ўсё гэтае здзіўленне? — сказала, смеючыся, добрая жанчына.