Прыгоды Пінокіа
Карла Калодзі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 260с.
Мінск 2019
Урэшце, стаміўшыся ад чакання, яны павярнуліся да Пінокіа і сказалі яму, насміхаючыся:
— Бывай, да заўтра. Спадзяёмся, што, калі мы вернемся сюды заўтра, ты зробіш нам ласку і мы знойдзем цябе зусім мёртвым і з разяўленым ротам.
I яны пайшлі.
Тым часам узняўся моцны паўночны вецер, які шалёна дзьмуў і скавытаў, шпурляючы беднага шыбеніка ў розныя бакі. Пінокіа гойдаўся так моцна, нібы той язык звона, калі ім звоняць на святы. I гэтае гойданне прыносіла яму вялікі боль, і зашмарга ўсё болей сціскала яму горла, перахопліваючы подых.
Паціху, паціху ягоныя вочы пачалі затуманьвацца. I хоць ён ужо адчуваў набліжэнне смерці, усё яшчэ спадзяваўся, што з хвіліны на хвіліну з’явіцца нейкая міласэрная душа і дапаможа яму. Але калі ён чакаў, чакаў і пабачыў што ніхто не з’яўляецца, зусім ніхто, тады ў сваіх думках ён звярнуўся да свайго беднага таты і прамармытаў амаль паміраючы:
— О, мой тата, каб ты быў тут!..
У яго не было болей моцы, каб прамовіць яшчэ нешта. Ён заплюшчыў вочы, разявіў рот, выпрастаў ногі і, моцна здрыгануўшыся ўсім целам, застаўся так, як скарчанелы.
Прыгожая Дзяўчынка з блакітнымі валасамі зняла драўлянага хлопчыка, паклала яго ў ложак і паклікала трох лекараў, каб даведацца, жывы ён ці мёртвы.
У той час, калі бедны Пінокіа, павешаны забойцамі на галіне Вялікага Дуба, здаваўся ўжо болей мёртвым, чым жывым, прыгожая Дзяўчынка з блакітнымі валасамі зноў высунулася ў акно. Пабачыўшы гэтага няшчаснага, павешанага за горла, які матляўся на паўночным ветры, яна расчулілася і тройчы пляснула ў далоні.
На гэты сігнал пачуўся гучны шум крылаў у імклівым палёце, і на падваконне сеў вялікі Сокал.
— Што загадаеце, мая чароўная Фея? — сказаў Сокал, схіляючы дзюбу ў рэверансе (а трэба ведаць, што Дзяўчынка з блакітнымі валасамі была не хто іншая, як цудоўная Фея, якая болей за тысячу гадоў жыла паблізу гэтага лесу).
— Ты бачыш гэтага драўлянага хлопчыка, які вісіць на галіне Вялікага Дуба?
— Бачу яго.
— Тады ляці туды, раздзяры сваёй моцнай дзюбай вузел, які трымае яго падвешаным у паветры, і асцярожна пакладзі на траву пад дубам.
Сокал паляцеў прэч і за дзве хвіліны вярнуўся, кажучы:
— Тое, што вы мне загадалі, зроблена.
— I як ён? Жывы ці мёртвы?
— Калі я пабачыў яго, ён падаваўся мне мёртвым, але хіба не зусім, бо як толькі я развязаў зашмаргу, якая сціскала яму горла, ён уздыхнуў і прамармытаў ледзь чутна: «Цяпер я пачуваюся лепей!»
Тады Фея двойчы пляснула ў ладкі. З’явіўся цудоўны пудзель, які хадзіў на задніх лапках, рыхтык чалавек.
Пудзель быў апрануты, як павознік, у парадную, урачыстую ліўрэю. На галаве ён меў маленькі трыкутны капялюшык, абшыты золатам, белы парык з завіткамі, што спускаліся долу, на шыю. На ім была камізэлька шакаладнага колеру, з дыяментавымі гузікамі і з дзвюма вялікімі кішэнямі на тое, каб трымаць у іх косткі, якія дае на полудзень гаспадыня. Таксама ён меў пару кароткіх нагавіцаў з кармазінавага аксаміту, шаўковыя панчохі,
адкрытыя пантофлі і ззаду нешта з сіняга атласу, падобнае да футарала на парасоны, каб хаваць свой хвост, калі пачынаецца дождж.
— Малайчына, Мэдора! — сказала Фея пудзелю. — Зараз жа выкаці найпрыгажэйшую карэту з маёй стайні і едзь у лес. Калі даедзеш да Вялікага Дуба, знойдзеш там беднага драўлянага хлопчыка, які ляжыць паўмёртвы на траве. Вазьмі яго асцярожна, пакладзі акуратна на падушкі карэты і прывязі сюды, да мяне. Ты зразумеў?
Пудзель, каб паказаць, што зразумеў махнуў тры ці чатыры разы футаралам з сіняга атласу, які быў ззаду, і пабег, як арабскі скакун.
Неўзабаве з’явілася прыгожая карэта нябеснага колеру, якая выязджала са стайні. Яна ўся была падбітая канаркавымі пёрамі, а ўсярэдзіне аздобленая ўзбітымі вяршкамі і бісквітамі з крэмам. Карэту цягнулі сто белых мышанят, а пудзель, усеўшыся на скрыню, ляскаў пугаю направа і налева, як рамізнік, што баіцца спазніцца.
He прамінула і чвэрці гадзіны, як карэта вярнулася, і Фея, што ў чаканні выйшла з дому узяла на рукі беднага драўлянага хлопчыка і занесла яго ў пакойчык з маціцовымі сценамі. Потым яна паслала па найбольш знаных лекараў у ваколіцы.
Лекары прыехалі адразу, адзін за адным. Прыбылі Крумкач, Сава і Цвыркун-Гаварун.
— Я хацела б даведацца ад вас, сіньёры, — сказала Фея, звяртаючыся да трох лекараў, што сабраліся вакол ложка Пінокіа, — хацела б даведацца ад вас, сіньёры, ці гэты няшчасны драўляны хлопчык мёртвы, ці жывы!
Каб даць адказ на гэтае пытанне, першым выйшаў наперад Крумкач. Ён спраўдзіў пульс Пінокіа, потым агледзеў нос, потым мезенец на назе, і калі ён добра-такі яго даследаваў, урачыста прамовіў наступныя словы:
— На мой погляд, драўляны хлопчык хутчэй мёртвы, але калі б, на няшчасце, ён не быў бы мёртвы, гэта было б пэўным знакам таго, што ён жывы!
— Мне шкада, — пачала Сава, — я мушу запярэчыць Крумкачу, майму славутаму сябру і калегу. Мне падаецца, што, наадварот, драўляны хлопчык яшчэ жывы. Але калі, на няшчасце, ён быў бы не жывы, гэта было б знакам, што ён насамрэч мёртвы!
— А вы нічога не скажаце? — запыталася Фея ў Цвыркуна-Гаваруна.
— Я скажу, што асцярожны медык, калі не ведае, што сказаць, найлепшае, што ён можа зрабіць, — прамаўчаць. Зрэшты, гэты драўляны хлопчык мне знаёмы, я даўно ўжо яго ведаю!
Пінокіа, які дагэтуль быў нерухомы, як сапраўдны кавалак дрэва, уздрыгануўся, нібы ў канвульсіі, ажно затросся ўвесь ложак.
— Гэты драўляны хлопчык, — працягваў ЦвыркунГаварун, — страшэнны свавольнік.
Пінокіа расплюшчыў вочы і адразу ж іх заплюшчыў.
— Гэта шалапут, абібок і бадзяга.
Пінокіа схаваў свой твар пад прасцінаю.
— Гэты драўляны хлопчык — непаслухмяны сыночак, які змусіў канаць ад гора свайго беднага тату!
У гэты момант у пакоі пачуліся здушаныя гукі плачу і румзанняў. Уявіце сабе здзіўленне ўсіх, калі, прыўзняўшы прасціну, яны заўважылі, што плакаў і румзаў Пінокіа.
— Калі мёртвы плача, гэта значыць, што ён ідзе на паляпшэнне, — урачыста паведаміў Крумкач.
— He хочацца пярэчыць вам, мой славуты сябра і калега, — дадала Сава, — але, на маю думку, калі мёртвы плача, гэта азначае, што яму не хочацца паміраць.
Пінокіа есць цукар, але не хоча прымаць лекі самахоць. Аднак калі ён бачыць далакопаў, што прыйшлі па яго, тады прымае лекі.
Потым ён хлусіць, і за гэта ў яго расце нос.
Як толькі лекары выйшлі з пакоя, Фея наблізілася да Пінокіа. Дакрануўшыся да ягонага лба, яна заўважыла, што ў Пінокіа моцная гарачка. Тады яна распусціла нейкі белы парашок у палове шклянкі вады і, працягнуўшы яе драўлянаму хлопчыку, сказала ласкава:
— Выпі гэта, за колькі дзён будзеш здаровы.
Пінокіа паглядзеў на шклянку, скрывіў рот і праскавытаў:
— Гэта салодкае ці горкае?
— Гэта горкае, але табе будзе лепей.
— Калі гэта горкае, я не хачу.
— Паслухай мяне і выпі гэта.
— Мне не даспадобы горкае.
— Выпі гэта, а калі вып’еш, я дам табе цукру, каб было смачней.
— Дзе цукар?
— Вось ён, тут, — сказала Фея, выцягваючы залатую цукарніцу.
— Напачатку я хачу кавалак цукру, а потым вып’ю гэтую горкую ваду...
— Абяцаеш мне?
— Так...
Фея дала яму цукар, і Пінокіа гучна разгрыз і імгненна праглынуў яго, потым сказаў, аблізваючы вусны:
— Было б добра, каб цукар таксама быў лекамі. Я прымаў бы яго штодня.
— Цяпер стрымай абяцанне і выпі гэтую кроплю вады, якая верне табе здароўе.
Пінокіа неахвотна ўзяў шклянку ў рукі і занурыў туды кончык носа. Потым наблізіў да рота. Потым ізноў занурыў нос. Урэшце сказаў:
— Яно занадта горкае! Занадта! Я не магу гэта піць.
— Як жа ты можаш казаць так, калі нават не пакаштаваў?
— Я гэтак думаю! Я адчуў пах. Напачатку я хачу яшчэ драбок цукру... а потым я вып'ю гэта!
Тады Фея, з цярплівасцю добрай мамы, паклала яму ў рот цукру і зноў дала шклянку.
— Я так не магу гэта піць! — сказаў драўляны хлопчык, перакрывіўшы твар.
— Чаму?
— Бо мне перашкаджае падушка, што ляжыць на нагах.
Фея прыбрала падушку.
— Гэта не дапамагае, усё адно не магу так піць...
— Што яшчэ табе перашкаджае?
— Мне перашкаджае тое, што дзверы ў пакой адчыненыя.
Фея зачыніла дзверы ў пакой.
— Усё адно, — закрычаў Пінокіа, выбухнуўшы плачам, — я не хачу піць гэтую горкую ваду, не, не, не!..
— Хлопчык мой, ты пашкадуеш пра гэта...
— Мне ўсё адно...
— Ты цяжка хворы...
— Мне ўсё адно...
— Гарачка неўзабаве выправіць цябе на той свет...
— Мне ўсё адно...
— Ты не баішся смерці?
— Яшчэ каб я баяўся!.. Лепей сканаць, чым піць гэтыя брыдкія лекі.
У гэты момант дзверы ў пакой адчыніліся, і ўвайшлі чатыры чорныя, як атрамант, трусы. Яны неслі на плячах маленькую труну.
— Што вы хочаце ад мяне? — закрычаў ад страху Пінокіа, падняўся і сеў на ложку.
— Мы прыйшлі забраць цябе, — адказаў большы трус.
— Забраць мяне?.. Але я яшчэ не мёртвы!..
— Яшчэ не, але табе засталося мала часу жыць, бо ты адмовіўся піць лекі, якія дапамаглі б табе паправіцца!
— О, Фея! О, Фея мая! — пачаў крычаць драўляны хлопчык. — Дайце мне зараз жа гэтую шклянку, хутчэй дайце, будзьце міласэрныя, бо я не хачу паміраць, я не хачу паміраць...
I ён схапіў тттклянку абедзвюма рукамі і выпіў яе нагбом.
— Нічога не паробіш, — сказалі трусы, — гэтым разам быў фальшывы выклік.
Несучы маленькую труну на плячах, яны выйшлі з пакоя, мармычучы і буркаючы сабе пад нос.
За колькі хвілін Пінокіа ўскочыў з ложка зусім здаровы. Бо трэба ведаць, што лялькі маюць прывілей рэдка хварэць і вельмі хутка папраўляцца.
I Фея, калі пабачыла, як ён жвава і весела бегае і куляецца па пакоі, нібыта той малады пеўнік, сказала яму:
— Значыцца, мае лекі сапраўды табе дапамаглі?
— Болей чым дапамаглі! Яны вярнулі мяне да жыцця!
— Тады чаму ж давялося так доўга прасіць цябе, каб ты выпіў іх?
— Мы, дзеці, усе такія! Мы болей баімся лекаў чым болю.
— Сорамна! Дзецям трэба было б ведаць, што добрыя лекі, прынятыя своечасова, могуць уратаваць іх ад цяжкай хваробы, а магчыма, нават і ад смерці.
— О! Але наступным разам мяне не трэба будзе шмат намаўляць! Толькі нагадайце мне пра тых чорных трусоў з труной на плячах — і тады я адразу схаплю шклянку ў рукі і вып’ю!..
— А цяпер хадзі да мяне і апавядзі, як здарылася, што ты апынуўся ў руках забойцаў
— Здарылася так, што лялечнік Агняжэр даў мне некалькі залатых манет і сказаў: «Трымай, занясі іх свайму тату!» А я замест гэтага спаткаў на дарозе Лісу і Ката, дужа добрых асоб, якія сказалі мне: «Хочаш, каб з гэтых манет стала тысяча і дзве тысячы? Хадзем з намі, і мы завядзём цябе на Поле Цудаў». I я пагадзіўся: «Хадзем». А яны мне: «Спынімся ў карчме “Чырвоны Рак” і пасля поўначы пойдзем далей». А калі мяне пабудзілі, іх не было, бо яны ўжо сышлі. Тады я пайшоў сам, уначы, якая была