• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прыгоды Пінокіа  Карла Калодзі

    Прыгоды Пінокіа

    Карла Калодзі

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 260с.
    Мінск 2019
    152.16 МБ
    Але ў найцікавейшы момант, калі Пінокіа працягнуў руку, каб узяць у жменю ўсе гэтыя цудоўныя манеты і пакласці іх у кішэню, яго раптам абудзілі тры вельмі моцныя ўдары ў дзверы пакоя.
    Гэта быў карчмар, які прыйшоў паведаміць яму, што прабіла поўнач.
    — А ці ўжо ўсталі мае прыяцелі? — запытаўся ў яго драўляны хлопчык.
    — Яны не толькі ўсталі, але і пайшлі дзве гадзіны таму.
    — Чаму ж так спешна?
    — Кот атрымаў вестку, што ягонае старэйшае кацянё захварэла — памарозіла сабе лапкі, і ягонаму жыццю пагражае небяспека.
    — А ці заплацілі яны за вячэру?
    — Што вы! Яны надта выхаваныя асобы, каб пакрыўдзіць ягамосць падобным учынкам.
    — Шкада! Гэтая крыўда была б мне вельмі прыемнай! — сказаў Пінокіа, пачухаўшы галаву. Тады ён запытаўся:
    — Гэтыя добрыя сябры сказалі, дзе будуць чакаць мяне?
    — На Полі Цудаў заўтра раніцай, на досвітку.
    Пінокіа заплаціў адну манету за сваю вячэру і вячэру сваіх прыяцеляў і пасля гэтага пайшоў.
    Але можна сказаць, што ён ішоў навобмацак. Бо на вуліцы панавала цямрэча, гэткая цямрэча, што нічога не было відаць. Навокал не варухнуўся нават лісток. Толькі нейкія начныя птушкі, пералятаючы над дарогай з аднаго паркана на другі, дакраналіся крыламі да носа Пінокіа, які, адскокваючы назад ад страху, крычаў: «Хто там ідзе?» I рэха з навакольных пагоркаў паўтарала ўдалечыні: «Хто там ідзе? Хто там ідзе? Хто там ідзе?»
    Тым часам, калі ён ішоў, на камлі аднаго дрэва ўгледзеў маленькую істоіу, што свяцілася бляклым цьмяным святлом, як начны агеньчык у сярэдзіне лямпы з празрыстай парцаляны.
    — Ты хто? — запытаўся Пінокіа.
    — Я цень Цвыркуна-Гаваруна, — адказала істота ледзь чутным голасам, які, здавалася, выходзіў з таго свету.
    — Што ты ад мяне хочаш? — запытаўся драўляны хлопчык.
    — Хачу даць табе адну параду. Вярніся назад і прынясі чатыры манеты, што засталіся ў цябе, свайму беднаму тату, які плача і ўжо страціў надзею пабачыць цябе.
    — Заўтра мой тата будзе вялікім сіньёрам, бо з гэтых чатырох манет стане дзве тысячы.
    — He давай веры, мой хлопчык, тым, хто абяцае зрабіць цябе заможным за адзін дзень. Звычайна гэта альбо вар’яты, альбо круцялі! Даверся мне, вярніся назад.
    — А я, наадварот, хачу ісці далей.
    — Ужо і час позні!..
    — Я хачу ісці далей.
    — Ноч вельмі цёмная...
    — Я хачу ісці далей.
    — Дарога небяспечная...
    — Я хачу ісці далей.
    — Памятай, што хлопчыкі, якія хочуць рабіць усё пасвойму, раней ці пазней шкадуюць пра гэта.
    — Старая байка. Дабранач, Цвыркуне.
    — Дабранач, Пінокіа, і няхай неба ўратуе цябе ад ранішняй расы і ад забойцаў
    Прамовіўшы гэтыя апошнія словы, Цвыркун-Гаварун раптам патух, як згасае свечка, задзьмутая згары, і дарога зрабілася цямнейшай, чым раней.
    №
    Пінокіа не прьіслухоўваецца да добрых парадаў Цвыркуна-Гаваруна і сутыкаецца з забойцамі.
    — Сапраўды, — думаў драўляны хлопчык, працягваючы свой шлях, — якія ж мы няшчасныя, бедныя хлопчыкі! Усе нас лаюць, усе робяць нам заўвагі, усе даюць нам парады. Дазволю сабе заўважыць: усе хацелі б быць нашымі татамі і нашымі настаўнікамі. Усе, нават цвыркуны-гаваруны. Вось і цяпер, дзеля таго што я не хацеў слухаць парадаў гэтага занудлівага Цвыркуна, хто ведае, колькі няшчасцяў, на ягоную думку, павінна здарыцца са мной! Я мушу спаткаць яшчэ і забойцаў! Дзякуй богу, што я не веру ў забойцаў і ніколі не паверу ў іх. На маю думку, забойцаў адмыслова прыдумалі таты, каб палохаць тых дзяцей, якія хочуць гуляць на вуліцы ўначы. I потым, калі нават я сустрэну іх тут, на дарозе, можа,
    яны думаюць, што я злякаюся? Хай нават і не мараць. Я кіну ім у твар крык: «Сіньёры забойцы, што вы хочаце ад мяне? Нагадаю, што са мной лепей не жартаваць! Так што ідзіце сабе і маўчыце!» Пасля гэтых слоў, якія я скажу паважна, толькі і пабачыш тых бедных забойцаў, яны ўцякуць прэч, як вецер. Калі ж яны будуць вельмі нявыхаваныя і не захочуць уцякаць, тады ўцяку я, і такім чынам гэтае спатканне і завершыцца.
    Але Пінокіа не здолеў скончыць свае разважанні, бо ў гэты момант яму здалося, што за спінаю ён пачуў лёгкі шоргат лісця.
    Ён азірнуўся, каб паглядзець, і пабачыў у цемры два цёмныя абрысы, захутаныя ў мяхі ад вугалю. Яны беглі за ім скачкамі, на дыбачках, нібыта дзве здані.
    — Вось яны, насамрэч! — сказаў пра сябе Пінокіа і, не ведаючы, дзе схаваць чатыры манеты, схаваў іх у роце, а менавіта пад языком.
    Потым ён паспрабаваў уцякаць. Але не паспеў зрабіць першага кроку, як адчуў, што яго схапілі, і пачуў два страшныя прыцішаныя галасы:
    — Грошы альбо жыццё!
    Пінокіа не мог вымавіць ні слова, бо ў роце ў яго былі манеты. Таму ён пачаў паказваць на мігі, каб даць зразу-
    мець тым двум, у якіх толькі вочы віднеліся праз дзіркі ў мяхах, што ён бедны драўляны хлопчык і што ў кішэні ў яго няма нават фальшывага чантэзіма.
    — Давай, давай! Без размоў выцягвай грошы! — пагрозліва крычалі два бандыты.
    А Пінокіа рабіў знакі галавой і рукамі, быццам казаў: «У мяне іх няма».
    — Выцягвай грошы альбо ты мярцвяк! — сказаў забойца вышэйшага росту.
    — Мярцвяк! — паўтарыў другі.
    — А пасля таго як мы заб’ём цябе, мы заб’ём таксама і твайго бацьку!
    — Таксама і твайго бацьку!
    — He, не, не, мой бедны тата, не! — закрычаў Пінокіа з адчаем у голасе. Але калі ён так крычаў, манеты зазвінелі ў ягоным роце.
    — А! Ашуканец! Значыцца, ты схаваў манеты пад языком? Выплёўвай іх зараз жа!
    Але Пінокіа трымаўся.
    — А! Ты глухога ўдаеш? Пачакай трохі, мы прыдумаем, што зрабіць, каб ты іх выплюнуў!
    I сапраўды, адзін з іх схапіў драўлянага хлопчыка за кончык носа, а другі ўзяў за вострае падбароддзе, і яны
    пачалі штомоцы цягнуць у розныя бакі, каб змусіць Пінокіа разявіць рот. Але гэта ў іх не атрымалася. Здавалася, што рот драўлянага хлопчыка быў забіты цвікамі і занітаваны. Тады злачынца ніжэйшага росту выцягнуў вялікі нож і паспрабаваў усунуць яго хлопчыку паміж вуснаў рыхтык падважнік ці долата. Але Пінокіа з маланкавай хуткасцю ўчапіўся яму зубамі ў руку, пасля чаго адкусіў і выплюнуў яе. Уявіце сабе ягонае здзіўленне, калі замест рукі ён пабачыў выплюнутую на зямлю каціную лапу.
    Падбадзёраны гэтай першай перамогай, Пінокіа з высілкамі вызваліўся з кіпцюроў забойцаў і, пераскочыўшы цераз вулічную агароджу, пачаў уцякаць у поле.
    Забойцы пабеглі за ім, як два сабакі за зайцам. А той, што згубіў лапу, бег толькі на адной, і нават незразумела, як яму гэта ўдавалася.
    Адолеўшы пятнаццаць кіламетраў Пінокіа ўжо болей не мог бегчы. Тады, страціўшы надзею на ўратаванне, ён ускараскаўся на камель вельмі высокай хвоі і ўладкаваўся на верхніх галінах. Забойцы таксама спрабавалі ўскараскацца. Але, дабраўшыся да сярэдзіны камля, яны саслізнулі долу і, зваліўшыся на зямлю, паабдзіралі сабе рукі і ногі.
    Ды гэта не спыніла іх, наадварот. Назбіраўшы сухога ламачча, яны паклалі яго пад дрэвам і запалілі. Хвоя імгненна запалала, як свечка. Пінокіа, калі пабачыў што полымя ўздымаецца ўсё вышэй і вышэй, зрабіў выдатны скачок з вяршыні дрэва, каб не скончыць жыццё, як смажаны голуб. I зноў кінуўся наўцёкі праз палеткі і вінаграднікі. Забойцы нястомна беглі за ім наўслед.
    Тым часам пачынала віднець. Яны ўсё беглі і беглі, як раптам Пінокіа апынуўся перад перашкодай — шырокім і дужа глыбокім ровам, поўным бруднай вады колеру кавы з малаком. Што рабіць? «Раз, два, тры!» — крыкнуў драўляны хлопчык і, разагнаўшыся, пераскочыў на другі бок. Забойцы таксама скочылі, але, добра не разлічыўшы, пляснуліся долу амаль пасярод рова. Пінокіа, пачуўшы шум падзення і пырск вады, радасна ўскрыкнуў: «Прыемнага купання, сіньёры злачынцы!» — і пабег далей.
    Ён ужо ўяўляў сабе, як яны пайшлі на дно, калі, азірнуўшыся, заўважыў, што яны абодва зноў бягуць ззаду, па-ранейшаму захутаныя ў свае мяхі, і вада ліецца з іх, як з дзіравых кашоў.
    Забойцы гоняцца за Пінокіа і, дагнаўшы яго, вешаюць на галіне Вялікага Дуба.
    Тады драўляны хлопчык, зняверыўшыся, ужо гатовы быў упасці на зямлю і здацца, калі, азірнуўшыся навокал, пабачыў удалечыні, сярод цёмнай зеляніны дрэваў, беласнежную хатку.
    — Калі мне стане подыху дабегчы да гэтага дома, можа, я ўратуюся, — сказаў ён сам сабе.
    I, не марудзячы ні хвіліны, ён пабег праз лес. А забойцы ўсё следам.
    Урэшце, пасля адчайнага двухгадзіннага бегу, запыхаўшыся, ён падбег да дзвярэй гэтай хацінкі і пагрукаў
    Ніякага адказу.
    Ён пачаў грукаць ізноў з яшчэ болыпай моцай, бо чуў ужо блізкі тупат і шумны, перарывісты подых сваіх пераследнікаў
    Усё адно ціха.
    Пабачыўшы, што выніку ніякага, Пінокіа ў адчаі пачаў біць у дзверы нагамі і галавой. Тады ў акно высунулася прыгожая дзяўчынка з блакітнымі валасамі і белым, нібы васковым, тварам, з заплюшчанымі вачыма і рукамі, скрыжаванымі на грудзях. He варушачы вуснамі, яна сказала голасам, які, здавалася, выходзіў з таго свету:
    — У гэтым доме нікога няма, усе памерлі.
    — Адчыні мне хоць ты! — молячы, з плачам закрычаў Пінокіа.
    — Я таксама мёртвая.
    — Мёртвая? Тады што ты робіш тут, у акне?
    — Я чакаю труну, якая прыедзе і забярэ мяне адсюль.
    Сказаўшы гэта, дзяўчынка знікла, і акно бязгучна зачынілася.
    — О, цудоўная дзяўчынка з блакітнымі валасамі, — закрычаў Пінокіа, — будзь міласэрнай, адчыні мне! Пашкадуй беднага хлопчыка, якога пераследуюць забо...
    Але ён не здолеў дагаварыць слова, бо адчуў што яго схапілі за горла, і два тыя самыя галасы прабурчалі пагрозліва:
    — Цяпер ты не ўцячэш!
    Драўляны хлопчык, адчуўшы блізкую смерць, пачаў дрыжэць так моцна, што ад гэтага пачалі звінець суглобы яго драўляных ног і чатыры манеты, якія ён схаваў пад языком.
    — Ну што? — спыталі ў яго забойцы. — Хочаш разявіць рот, так ці не? Га! He адказваеш?.. Будзь пэўны, што гэтым разам мы табе яго адамкнём!..
    Яны выцягнулі два вельмі доўгія і вострыя нажы. «Ж-жах» — двойчы ўцялі яму проста ў спіну.
    Але драўляны хлопчык, на сваё шчасце, быў змайстраваны з вельмі цвёрдага дрэва, ад чаго лёзы нажоў зламаліся, разляцеўшыся на шмат аскепкаў Забойцы засталіся з тронкамі ў руках і глядзелі на тое, што здарылася.
    — Я зразумеў — сказаў тады адзін з іх, — трэба яго павесіць! Павесім яго!
    — Павесім яго! — паўтарыў другі.
    I яму звязалі рукі за спінай, зрабілі на шыі зашмаргу і павесілі на галіне высокага дрэва, якое звалася Вялікі Дуб.
    Потым яны паселі там, на траве, у чаканні, калі драўляны хлопчык апошні раз дрыгне нагамі. Але мінулі тры гадзіны, а Пінокіа ўсё яшчэ быў з расплюшчанымі вачыма і закрытым ротам і дрыгаў нагамі штораз мацней.