• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прыгоды Пінокіа  Карла Калодзі

    Прыгоды Пінокіа

    Карла Калодзі

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 260с.
    Мінск 2019
    152.16 МБ
    — Перастань смяяцца, паўтараю табе! — крыкнуў ён пагрозліва.
    Тады рот перастаў смяяцца, але высалапіў язык.
    Джэпета, каб не псаваць сабе настрою, зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў, і працягваў працаваць.
    Скончыўшы выразаць рот, ён зрабіў падбароддзе, тады шыю, плечы, жывот і рукі.
    Як толькі Джэпета зрабіў рукі, адразу адчуў, што ў яго з галавы знялі парык. Ён узняў галаву ўгару і пабачыў свой жоўты парык у руках лялькі.
    — Пінокіа! Зараз жа аддай мой парык!
    А Пінокіа, наадварот, замест таго каб аддаць парык, насунуў яго сабе на галаву, схаваўшыся ў ім амаль напалову Ад гэткіх нахабных і здзеклівых манераў Джэпета зрабіўся такі сумны і маркотны, якім ніколі не быў у сваім жыцці, і, павярнуўшыся да Пінокіа, сказаў:
    — Дураслівец ты! Цябе яшчэ не скончылі рабіць, а ты пачынаеш выказваць непавагу да свайго бацькі! Дрэнна, хлопчык мой, дрэнна!
    Ён выцер слязу.
    Засталося зрабіць толькі ногі.
    Калі Джэпета скончыў рабіць ногі, ён адчуў штурхель у кончык свайго носа.
    «Я заслужыў яго! — сказаў тады Джэпета сабе. — Трэ было думаць напачатку’ Цяпер позна!»
    Потым ён узяў драўлянага хлопчыка пад пахі і паставіў яго на падлогу, каб навучыць хадзіць.
    Пінокіа меў здранцвелыя ногі і не ўмеў рухацца, і Джэпета вёў яго за руку, каб той навучыўся рабіць крокі: адзін за адным.
    Калі ногі ўжо слухаліся, Пінокіа пачаў хадзіць і бегаць па пакоі самастойна. Урэшце ён праслізнуў у дзверы, выскачыў на вуліцу і даў драла.
    А бедны Джэпета пабег за хлопчыкам, не маючы моцы дагнаць яго. Бо гэты гарэза Пінокіа скакаў нібы той заяц і грукатаў сваімі драўлянымі ступакамі па бруку так, як грукочуць дваццаць пар драўляных сялянскіх чаравікаў
    — Хапай яго! Хапай яго’ — крычаў Джэпета.
    Але людзі, пабачыўшы драўлянага хлопчыка, які бег, як арабскі скакун, спыняліся, зачаравана гледзячы на яго,
    і смяяліся, смяяліся, смяяліся так, што немагчыма нават уявіць сабе.
    Урэшце, і на шчасце, з’явіўся паліцыянт. Пачуўшы ўвесь гэты галас і мяркуючы, што гаворка ідзе пра жарабя, якое выдралася з рук гаспадара, ён адважна спыніўся пасярод вуліцы, шырока расставіў ногі, з рашучым намерам спыніць жарэбчыка і перашкодзіць большым няшчасцям.
    Пінокіа, калі пабачыў здалёк паліцыянта, што перагарадзіў усю вуліцу, хацеў быў праскочыць у яго паміж ног, ды спудлаваў.
    Паліцыянт, не зварухнуўшыся з месца, схапіў яго за нос (гэта быў празмерна доўгі нос, які, зда-
    валася, быў адумысна зроблены на тое, каб за яго хапаліся паліцыянты) і вярнуў Пінокіа ў рукі Джэпета. Той дзеля навукі адразу хацеў добра надраць яму вушы. Але ўявіце сабе ягоны стан, калі ён не здолеў іх знайсці! Выразаючы драўлянага хлопчыка, ён так захапіўся працай, што забыўся зрабіць вушы!
    Тады ён узяў Пінокіа за каўнер і, пакуль вёў яго назад, казаў яму, пагрозліва хітаючы галавой:
    — Хадзем дадому. Калі мы будзем удома, не сумнявайся, што дастанеш ад мяне!
    Пасля гэтых пагрозаў Пінокіа ўпаў на зямлю і не хацеў болей ісці. Тым часам цікаўныя і разявакі пачалі спыняцца вакол і ўтварыўся натоўп.
    — Бедны драўляны хлопчык! — казалі адныя. — Ён мае рацыю, што не хоча вяртацца дадому! Хто ведае, як яго збівае гэты грубіян Джэпета!..
    А іншыя дадавалі злосна:
    — Гэты Джэпета выглядае шляхетным чалавекам! Але з дзецьмі ён сапраўдны тыран! Калі бедны драўляны хлопчык трапіць яму ў рукі, ён разаб’е яго на кавалкі!..
    У выніку паліцыянт вызваліў Пінокіа, а ў вязніцу павёў беднага Джэпета, які, не маючы што сказаць у сваё
    апраўданне, заплакаў. I дарогаю да вязніцы ён мармытаў, плачучы:
    — Брыдкі хлопец! А я так намагаўся зрабіць з яго добрага драўлянага хлопчыка! Так мне і трэба! Трэ было думаць раней!..
    Тое, што здарылася потым, — гісторыя, у якую немагчыма паверыць, і я апавяду яе вам у наступных раздзелах.
    Гісторыя пра сустрэчу Пінокіа
    з Цвыркуном-Гаваруном, з якой вынікае, што дрэнныя дзеці не любяць слухаць парады тых,
    хто ведае болей за іх.
    Такім чынам, скажу вам, дзеці: у той час, калі бедны Джэпета без віны быў адпраўлены ў вязніцу, гэты вісус Пінокіа, унікнуўшы лапаў паліцыянта, даў цягу праз палі, каб хутчэй дабрацца дадому. Ён бег апантана, скакаў з высокіх адхонаў праз цярновыя зараснікі і канавы, поўныя вады, рыхтык як гэта робіць казлянё альбо зайчанё, калі ўцякае ад паляўнічых. Калі ён дапяў да хаты, дык знайшоў дзверы на вуліцу незамкнёнымі. Хлопчык штурхнуў іх, зайшоў і, як толькі засунуў засаўку, пляснуўся на падлогу ды ўздыхнуў з палёгкай.
    Але задавальненне працягвалася нядоўга, бо ён пачуў, што ў пакоі нехта рабіў так:
    — Цвір-цвір-цвір!
    — Хто тут? Хто мяне кліча? — запытаўся Пінокіа злякана.
    — Гэта я!
    Пінокіа павярнуўся і пабачыў вялікага Цвыркуна, які паволі ўздымаўся ўгару па сцяне.
    — Скажы мне, Цвыркун, а хто ты?
    — Я Цвыркун-Гаварун і жыву ў гэтым пакоі болей за сто гадоў
    — Але цяпер гэта мой пакой, — сказаў драўляны хлопчык, — і калі хочаш зрабіць мне прыемнае, ідзі адсюль і не вяртайся назад.
    — Я не пайду адсюль, — адказаў Цвыркун, — пакуль не скажу табе адну вялікую праўду.
    — Кажы мне яе, і хутчэй!
    — Бяда тым дзецям, якія бунтуюцца супраць сваіх бацькоў і якія паводле сваіх прыхамацяў пакідаюць бацькоўскі дом! Яны ніколі не будуць мець дабра ў гэтым свеце. I раней ці пазней яны будуць горка шкадаваць.
    — Стракачы, стракачы, мой Цвыркуне, як табе даспадобы. Але я ведаю, што заўтра на досвітку ўцяку адсюль, бо, калі я застануся тут, са мной здарыцца тое, што здараецца з усімі іншымі дзецьмі. Інакш кажучы, мяне выправяць
    у школу і — ці дабром, ці гвалтам — мяне змусяць вучыцца. А я, скажу табе пад сакрэтам, не збіраюся вучыцца. Мне болей падабаецца бегаць за матылямі і залазіць на дрэвы, каб збіраць птушанятаў з гнёздаў
    — Бедны дурань! Але ты не ведаеш, што калі будзеш так чыніць, дык станешся сапраўдным вялікім аслом і ўсе будуць пагарджаць табой.
    — Змоўкні, Цвыркунішча, са сваімі дрэннымі прадказаннямі! — закрычаў Пінокіа.
    Але Цвыркун, цярплівы і разумны, як заўжды, замест таго каб засмуціцца ад гэтага грубіянства, працягваў тым самым тонам:
    — А калі табе не падабаецца ісці ў школу, чаму б табе не навучыцца нейкаму рамяству, каб сумленна зарабляць сабе на кавалак хлеба?
    — Хочаш ведаць, што я табе на гэта скажу? — адказаў Пінокіа, які пачаў страчваць цярплівасць. — Сярод усіх рамёстваў свету ёсць толькі адно, якое сапраўды мне даспадобы.
    — I што гэта за рамяство?
    — Гэта есці, піць, спаць, забаўляцца і ад ранку да вечара весці бадзяжнае жыццё.
    — Да твайго ведама, — сказаў Цвыркун-Гаварун са сваім заўсёдным спакоем, — усе, хто займаюцца такім рамяством, заканчваюць альбо ў шпіталі, альбо ў вязніцы.
    — Глядзі, Цвыркунішча, прадвеснік нягоды, калі ты раззлуеш мяне, бяда табе!
    — Бедны Пінокіа, мне шкада цябе!
    — Чаму ты мяне шкадуеш?
    — Бо ты лялька і, што яшчэ горай, у цябе драўляная галава.
    Пасля гэтых апошніх слоў Пінокіа, раз’юшаны, ускочыў схапіў з лаўкі драўляны малаток і шпурнуў яго ў Цвыркуна-Гаваруна. Можа, ён і не хацеў трапіць у яго, але, на бяду, пацэліў яму акурат у галаву так, што бедны Цвыркун толькі выдыхнуў: «Цвір-цвір-цвір», — і застаўся там, раздушаны і прылеплены да сцяны.
    Пінокіа хоча есці і шукае яйка, каб зрабіць з яго яечню. Алеў найцудоўнейшы момант ягоная яечня вылятае ў акно.
    Тым часам пачыналася шарая гадзіна, і Пінокіа, прыгадаўшы, што ён нічога не еў, адчуў у страўніку скуголенне, якое дужа нагадвала апетыт.
    Але апетыт у дзяцей прыходзіць хутка, і за колькі хвілін апетыт перайшоў у голад, а голад імгненна ператварыўся ў воўчы голад — такі, што кроіць, як нож.
    Бедны Пінокіа адразу пабег да агменю, дзе булькатаў гаршчочак, і хацеў зняць з яго накрыўку, каб паглядзець, што там можа быць усярэдзіне. Але гаршчочак быў намаляваны на сцяне. Уяўляеце сабе, што адбылося з Пінокіа? Ягоны нос, які і дагэтуль ужо быў доўгі, стаў яшчэ даўжэйшы, прынамсі на чатыры пальцы.
    Тады ён абабег увесь пакой, каб праверыць усе скрыні, усе закуткі ў пошуках хоць бы кавалачка хлеба, хоць бы скрыліка сухара, скарыначкі, косткі, што засталася ў сабакі, трохі заплеснелай кукурузнай кашы, косткі ад рыбы, косткі ад чарэшні, наагул нечага, каб пажаваць. Але ён не знайшоў нічога, зусім нічога, зусім-зусім нічога.
    А тым часам голад усё болыпаў і большаў і бедны Пінокіа не меў іншай палёгкі, як пазяхаць. I ён пазяхаў так шырока, што кожнага разу ягоны рот разяўляўся ажно да вушэй. I пасля пазяханняў хлопчык сплёўваў і адчуваў, што ягоны страўнік зараз выверне вонкі.
    Тады ён у роспачы заплакаў і сказаў:
    — Цвыркун-Гаварун меў рацыю. Я зрабіў дрэнна, што пайшоў супраць свайго таты і ўцёк з дому. Каб тата быў тут, я цяпер не паміраў бы ад пазяхання. О! Якая дрэнная хвароба гэты голад!
    Тут раптам яму здалося: на купе смецця ён бачыць нешта круглае і белае, што надта нагадвае курынае яйка. Пінокіа імгненна зрабіў вялікі скачок і схапіў круглы прадмет. Гэта сапраўды было яйка.
    Радасць драўлянага хлопчыка немагчыма апісаць: уявіць яе яшчэ трэба ўмець. Яму здавалася, што гэта сон.
    Ён круціў гэтае яйка ў руках, гладзіў, цалаваў яго і, цалуючы, казаў:
    — I як жа мне цяпер прыгатаваць яго? Зрабіць з яго яечню?.. He, лепей прыгатую яго ўсмятку! Ці не было б смачней падсмажыць яго на патэльні? Ці, наадварот, згатаваць яго так, каб можна было выпіць? He, будзе хутчэй, калі я прыгатую яго ў талерцы альбо на патэльні. Я дужа хачу з’есці яго!
    I ён паставіў патэльню на жароўню з распаленымі гарачымі вуглямі, замест алею ці масла наліў трохі вады. I калі вада пачала выпарвацца — бац!.. — пабіў шкарлупінне і перакуліў яйка на патэльню.
    Але замест бялка і жаўтка вонкі выскачыла куранятка — вельмі вясёлае і ветлае, якое, зрабіўшы прыгожы рэверанс, паведаміла:
    — Шчыры дзякуй, сіньёр Пінокіа, ты пазбавіў мяне цяжкай працы разбіваць шкарлупінне! Да пабачэння, усяго добрага і прывітанне ўсім хатнім!
    Прасакатаўшы гэта, куранятка распасцерла крылы і вылецела праз адчыненае акно. Яно паляцела прэч і знікла з вачэй.
    Бедны драўляны чалавечак застаўся на месцы як зачараваны, з нерухомымі вачыма, з разяўленым ротам і з яечным шкарлупіннем у руках.
    Аднак, ачомаўшыся ад першай разгубленасці, ён пачаў плакаць, галасіць, тупаць па зямлі нагамі ад роспачы. Ён плакаў і паўтараў: