Прыгоды Пінокіа
Карла Калодзі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 260с.
Мінск 2019
— Вы... — прамармытаў Пінокіа, — вы... вы... што вы падобная... вы мне нагадваеце... так, так, так, той самы голас... тыя самыя вочы... тыя самыя валасы... так, так, так... у вас таксама блакітныя валасы... як у яе!.. О, Феечка мая!.. О, Феечка мая!.. Скажыце мне, што гэта вы, менавіта вы!.. He змушайце мяне болей плакаць! Каб вы ведалі... Я гэтулькі плакаў гэтулькі цярпеў...
I прамовіўшы гэта, Пінокіа зарумзаў і, укленчыўшы на падлозе, абхапіў рукамі калені загадкавай жанчыны.
Пінокіа абяцае Феі, што будзе добрым і будзе вучыцца, бо яму надакучыла быць драўляным і ён хоча стаць сапраўдным добрым хлопчыкам.
Напачатку добрая жанчына пачала казаць, што яна не была Феяй з блакітнымі валасамі. Але потым усё ж прызналася Пінокіа:
— Гарэзлівы драўляны хлопчык! Як жа ты здагадаўся, што гэта была я?
— Мне гэта падказала вялікая любоў да вас.
— Ты не забыўся? Ты пакінуў мяне дзяўчынкай, а цяпер знайшоў жанчыну, якая магла б стаць табе зусім як мама.
— Г эта мне дужа прыемна, замест сястрычкі буду клікаць вас сваёй мамай. Мне ўжо даўно карцела мець маму, як ва ўсіх іншых дзяцей! Але ж як вы так хутка выраслі?
— Гэта сакрэт!
— Навучыце і мяне, я таксама хацеў бы крыху вырасці. Ці вы не заўважаеце гэтага? Я ўсё яшчэ ростам з галоўку сыру.
— Але ты не можаш расці, — сказала Фея.
— Чаму?
— Бо драўляныя хлопчыкі ніколі не растуць. Яны нараджаюцца драўлянымі хлопчыкамі, жывуць драўлянымі хлопчыкамі і паміраюць драўлянымі хлопчыкамі.
— О! Мне надакучыла ўвесь час быць драўляным хлопчыкам! — усклікнуў Пінокіа, стукнуўшы сябе па галаве. — Цяпер я таксама хацеў бы стаць чалавекам, як усе іншыя.
— I ты здолееш ім стаць, калі заслужыш гэта.
— Сапраўды? А як я магу заслужыць гэта?
— Надта проста: пастарайся быць выхаваным і прыстойным хлопчыкам.
— А хіба я не такі?
— Зусім не! Выхаваныя хлопчыкі паслухмяныя, а ты наадварот...
— А я ніколі не слухаўся.
— Выхаваныя хлопчыкі любяць вучыцца і працаваць, а ты...
— А я, наадварот, гультай і бадзяюся ўвесь год...
— Выхаваныя хлопчыкі заўсёды кажуць праўду.
— А я заўсёды падманваю...
— Выхаваныя хлопчыкі ахвотна ходзяць у школу...
— А мне ад школы ўсё баліць... Але ад сённяшняга дня я хачу змяніць жыццё.
— Ты мне гэта абяцаеш?
— Абяцаю. Я хачу стаць выхаваным хлопчыкам і супакаеннем майму тату... Дзе цяпер мой бедны тата?
— Я не ведаю.
— Ці буду я зноў мець радасць бачыць і абдымаць яго?
— Думаю, так, і нават упэўненая ў гэтым.
Такі адказ настолькі ўсцешыў Пінокіа, што ён узяў рукі Феі і пачаў іх натхнёна цалаваць, здавалася, што ён не ў сабе. Потым ён узняў твар, паглядзеў на яе з любоўю і запытаў:
— Скажы мне, матуля, значыцца, гэта няпраўда, што ты была мёртвая?
— Атрымліваецца, што не, — адказала, смеючыся, Фея.
— Каб ты ведала, які боль я адчуў калі прачытаў: «Тут пахаваная...» У мяне камяк у горле перасеў
— Я ведаю гэта і таму табе даравала. Шчырасць твайго болю паказала мне, што ты маеш добрае сэрца. А дзеці з добрым сэрцам, нават калі яны трохі круцялі і дрэнна
выхаваныя, заўсёды маюць надзею. Гэта значыцца, заўжды ёсць спадзяванне, што яны вернуцца на слушны шлях. Вось чаму я прыйшла, каб знайсці цябе тут. Я буду тваёй мамай...
— О! Як цудоўна! — ускрыкнуў Пінокіа, падскочыўшы ад радасці.
— Ці будзеш ты слухацца і ці будзеш заўсёды рабіць тое, што я табе скажу?
— Ахвотна, ахвотна, ахвотна!
— Ад заўтрашняга дня, — дадала Фея, — ты пачнеш хадзіць у школу.
Пінокіа адразу зрабіўся не такі вясёлы.
— Потым абярэш свой улюбёны занятак...
Пінокіа спахмурнеў
— Што ты мармычаш скрозь зубы? — запытала Фея з адценнем прыкрасці.
— Я сказаў... — праскуголіў драўляны хлопчык напаўголаса, — мне падаецца, што ісці ў школу цяпер ужо крыху запозна.
— He, сіньёр. Запомні, што атрымліваць адукацыю і вучыцца ніколі не позна.
— Але я не хачу займацца ні рамяством, ні прафесіяй... — Чаму?
— Бо мне падаецца, што працаваць — гэта цяжка.
— Хлопчык мой, — сказала Фея, — той, хто кажа падобнае, заўсёды сканчае альбо ў вязніцы, альбо ў шпіталі. Чалавек, да твайго ведама, нараджаецца бедным альбо заможным, і ў гэтым свеце неабходна нешта рабіць, нечым займацца, працаваць. Бяда, калі ты дазволіш, каб цябе апанавала гультайства! Гультайства — гэта вельмі дрэнная хвароба, і яе неабходна лекаваць адразу ж, пакуль яшчэ ты хлопчык. Дарослым ты не зможаш вылекавацца ад яе.
Гэтыя словы закранулі душу Пінокіа, які жвава ўзняў галаву і сказаў Феі:
— Я буду вучыцца, я буду працаваць, я буду рабіць усё, што ты мне скажаш, бо ўрэшце жыццё драўлянага хлопчыка мяне нудзіць, і я хачу за ўсялякую цану стаць сапраўдным хлопчыкам. Ты мне гэта абяцала, так?
— Я табе гэта абяцала, а цяпер усё залежыць ад цябе.
Пінокіа ідзе са сваімі школьнымі таварышамі на бераг мора, каб паглядзець на жахлівую Акулу.
Наступным днём Пінокіа пайшоў у гарадскую школу. Уявіце сабе тых свавольнікаў калі яны пабачылі, што ў іхнюю школу прыйшоў драўляны хлопчык! Яны пачалі смяяцца так, што не маглі спыніцца. Хто адпускаў у яго бок адну кпіну хто іншую, хтосьці скідаў яму шапку, нехта цягнуў ззаду за гарнітурчык, хтосьці спрабаваў намаляваць яму атрамантам вялікія вусы пад носам, а нехта хацеў нават прывязаць яму ніткі да рук і ног, каб змусіць яго танчыць.
Пінокіа напачатку не звяртаў увагі на гэтае нахабства. Але адчуўшы ўрэшце, што ён губляе цярплівасць, звярнуўся да тых, хто найболей дапяклі яго, і сказаў ім з каменным тварам:
— Сцеражыцеся, хлопцы! Я прыйшоў сюды не на тое, каб стаць вашым блазнам. Я паважаю іншых і хачу таксама, каб паважалі і мяне.
— Малайчына! Ты кажаш як друкаваная кніга! — закрычалі тыя дурасліўцы і пачалі шалёна рагатаць.
Адзін з іх, самы нахабны, працягнуў руку з намерам схапіць драўлянага хлопчыка за кончык носа. Але не паспеў, бо Пінокіа выцягнуў пад сталом нагу і выцяў яго па галёнцы.
— Вой! Якія цвёрдыя ногі! — закрычаў хлопчык, паціраючы сіняк, які зрабіў яму Пінокіа.
— А якія локці!.. Яшчэ болей цвёрдыя за ногі! — усклікнуў другі, якога за грубыя кпіны драўляны хлопчык дзеўбануў локцем у жывот.
Сталася так, што пасля гэтых выцінаў нагой і локцем усе хлопчыкі ў школе адразу пачалі паважаць Пінокіа і сімпатызаваць яму. I ўсе рабілі тысячы кампліментаў драўлянаму хлопчыку, і ўсе яго моцна палюбілі.
Нават настаўнік яго хваліў бо бачыў што ён уважлівы, старанны, разумны, у школу прыходзіць заўсёды першы, і калі сканчаюцца заняткі, заўсёды ўстае апошні.
Толькі адна загана была ў Пінокіа — ён меў зашмат сяброў, сярод якіх было багата свавольнікаў, добра вядомых нежаданнем вучыцца і выконваць свае абавязкі.
Настаўнік папярэджваў яго штодня, і добрая Фея таксама не пераставала казаць яму, шматкроць паўтараючы:
— Глядзі, Пінокіа! Гэтыя твае школьныя сябрукі раней ці пазней давядуць цябе да таго, што ты згубіш ахвоту да вучобы, і, можа быць, яны наклічуць на тваю галаву вялікае няшчасце.
— Няма чаго баяцца! — адказваў драўляны хлопчык, пацепваючы плячыма і дакранаючыся ўказальным пальцам да сярэдзіны лба, быццам казаў: «Там, усярэдзіне, шмат разважлівасці!»
Але аднойчы, калі ён ішоў у школу, напаткаў гурт тых самых сябручкоў, што ішлі насустрач, якія сказалі:
— Ты ведаеш вялікую навіну?
— He.
— Тут побач, у моры, плавае Акула. Вялізная, як гара.
— Праўда?.. Можа, гэта тая самая Акула, што некалі была тут, калі патануў мой тата?
— Мы ідзем на бераг, каб паглядзець на яе. Ідзеш з намі?
— Я — не. Я хачу ісці ў школу.
— Што важнага ў школе? У школу мы пойдзем заўтра. Адной лекцыяй болей, адной меней, усё адно застанемся асламі.
— А што скажа настаўнік?
— Настаўнік хай кажа. Яму за гэта плацяць, каб ён балбатаў штодня.
— А мая мама?..
— Мамы нічога не даведаюцца, — пераконвалі тыя свавольнікі.
— Ведаеце, што я зраблю? — прамовіў Пінокіа. — 3 пэўных прычынаў я, безумоўна, хачу пабачыць Акулу. Але пайду паглядзець на яе пасля школы.
— Ёлупень! — запярэчыў адзін з іх. — Думаеш, такая вялікая рыбіна будзе там чакаць цябе? Як толькі яна засумуе, скіруе ў іншы бок, і тады, хго яе не бачыў той пашкадуе.
— Колькі часу забярэ, каб дайсці адсюль да берага? — запытаўся Пінокіа.
— За гадзіну мы спакойна сходзім і вернемся.
— Тады наперад! I хто дабяжыць першы, той малайчына! — крыкнуў Пінокіа.
Стартануўшы па гэтым сігнале, купка свавольнікаў пабегла праз палі са сваімі кнігамі і сшыткамі пад пахамі, а Пінокіа — той дык заўсёды быў наперадзе ўсіх, здавалася, што ў яго крылы на нагах.
Раз-пораз, азіраючыся назад, ён пакепліваў з сваіх сябрукоў што засталіся даволі далёка ззаду, і, пабачыўшы, як яны задьіхаліся, запыліліся і павысоўвалі языкі, ён смяяўся ад усяго сэрца. Няшчасны, у гэты момант ён яшчэ не ведаў якім страшным і жахлівым бедам бяжыць насустрач!
Вялікая бойка паміж Пінокіа і ягонымі сябрамі, адзін з якіх быў паранены. Пінокіа арыштоўваюць карабінеры.
Дапяўшы да марскога берага, Пінокіа адразу пачаў узірацца ў мора. Але ніякай Акулы ён не пабачыў Мора было гладкім, як паверхня вялікага крышталёвага люстэрка.
— А дзе Акула? — спытаў ён, павярнуўшыся да прыяцеляў
— Мабыць, пайшла снедаць, — адказаў адзін з іх са смехам.
— Альбо пайшла ў ложак, каб паспаць, — дадаў другі, смеючыся яшчэ болей.
Пасля гэтых бязглуздых адказаў і тупога смеху Пінокіа зразумеў, што сябры дрэнна пажартавалі з яго, назнарок сказаўшы няпраўду, каб абдурыць яго. Ён сказаў ім з раздражненнем у голасе:
— I які сэнс у тым, што вы апавялі мне гэтую казачку пра Акулу?
— Сэнс вялікі, — адказалі хорам тыя вісусы.
— I які ж?
— Каб ты прагуляў школу і пайшоў з намі. Табе не сорамна штодня выстаўляць сябе такім руплівым і дбайным на занятках? Ці не сорамна табе столькі вучыцца, як ты гэта робіш?
— А вам што з таго, што я вучуся?
— Нам гэта вельмі важна, бо настаўнік праз цябе дрэнна ставіцца да нас.
— Чаму?
— Бо тыя вучні, што вучацца, заўжды лепшыя за такіх, як мы, хто не хоча вучыцца. А мы не хочам прайграваць! Мы таксама маем свой уласны гонар!
— I што цяпер я павінен рабіць, каб выканаць вашыя жаданні?
— Ты таксама павінен ненавідзець школу, лекцыі і настаўніка — тры нашыя найвялікшыя ворагі.
— А калі я хачу працягваць вучыцца?
— Тады мы болей не будзем глядзець на цябе, і пры першым выпадку ты заплаціш за гэта!