Прыгоды Пінокіа
Карла Калодзі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 260с.
Мінск 2019
— Ці Фея дома? — спытаў драўляны хлопчык.
— Фея спіць і не хоча, каб яе будзілі. А ты хто такі?
— Гэта я.
— Хто я?
— Пінокіа.
— Які Пінокіа?
— Драўляны хлопчык, які жыве ў доме Феі.
— А! Я зразумеў — сказаў Смоўж. — Пачакай мяне там, я зараз сыду долу і адразу ж адамкну табе.
— Паспяшайце, дзеля ўсяго святога, бо я канаю ад холаду.
— Хлопчык мой, я Смоўж, а смаўжы ніколі не бываюць хуткімі.
Тым часам прамінула гадзіна, а дзверы не адмыкалі. Пінокіа, які калаціўся ад холаду і страху, ад вады, што лілася на яго згары, набраўся адвагі і пагрукаў ізноў гэтым разам мацней. На другі стук адчынілася акно паверхам ніжэй і высунуўся той самы Смоўж.
— Смоўжык, мілы, — закрычаў Пінокіа з вуліцы, — я ўжо дзве гадзіны чакаю! А дзве гадзіны ў гэтую непагадзь робяцца для мяне даўжэйшымі за два гады. Паспяшайся, дзеля ўсяго святога!
— Хлопчык мой, — адказала яму з акна гэтая жывёліна, цалкам спакойная і стрыманая, — хлопчык мой, я Смоўж, а смаўжы ніколі не бываюць хуткімі.
I акно зачынілася.
Неўзабаве прабіла поўнач, потым гадзіна, потым другая пасля поўначы, а дзверы ўсё яшчэ былі замкнёныя.
Тады Пінокіа, страціўшы цярпенне, схапіў са злосцю дзвярны малаток, каб ударыць моцна, на ўвесь дом. Але дзвярны жалезны малаток раптам стаў жывым вугром, які выслізнуў з рук і знік у сцёкавым раўку пасярод вуліцы.
— Ах, так? — закрычаў Пінокіа, раздражняючыся ўсё болей. — Калі дзвярны малаток знік, я буду грукаць нагамі.
Адышоўшы трохі назад, ён зрабіў незвычайны ўдар у дзверы дома. Удар быў такі моцны, што нага напалову занурылася ў дрэва. I калі драўляны хлопчык спрабаваў выцягнуць яе вонкі, намаганні аказаліся дарэмныя, бо нага засталася ўвагнанай у сярэдзіну дзвярэй, як забіты цвік.
Уяўляеце сабе беднага Пінокіа! Ен мусіў правесці рэшту ночы з адной нагой на зямлі, а з другой — у паветры.
Раніцай дзверы ўрэшце адчыніліся. Гэтай цудоўнай істоце, Смаўжу, спатрэбілася ўсяго дзевяць гадзін, каб спусціцца з чацвёртага паверха да ўваходных дзвярэй. Неабходна сказаць, што ён нават успацеў!
— Што вы робіце з гэтай нагой, увагнанай у дзверы? — запытаў ён са смехам у драўлянага хлопчыка.
— Здарылася няшчасце. Паспрабуйце, добры Смоўж, можа, у вас атрымаецца вызваліць мяне ад гэтай пакуты?
— Хлопчык мой, тут патрэбны цясляр, а я ніколі не рабіў цесляром.
— Папрасіце Фею ад майго імя!
— Фея спіць і не хоча, каб яе будзілі.
— Але вы што, хочаце, каб я быў прыкуты да гэтых дзвярэй увесь дзень?
— Забаўляйцеся падлікам мурашак, якія ходзяць вуліцаю.
— Прынясіце мне хоць трошкі паесці, бо я пачуваюся знясіленым.
— Зараз! — сказаў Смоўж.
I сапраўды, за тры з паловай гадзіны ён вярнуўся са срэбнай тацаю на галаве. На тацы былі хлеб, смажанае кураня і чатыры спелыя абрыкосы.
— Вось сняданак, які дасылае вам Фея, — сказаў Смоўж.
Пабачыўшы гэты дар нябёсаў, драўляны хлопчык адчуў поўнае заспакаенне. Але якім было ягонае расчараванне, калі, пачаўшы есці, ён заўважыў, што хлеб быў з крэйды, кураня — з кардону а чатыры абрыкосы — з алебастру. Усё было пафарбаванае і выглядала як сапраўднае.
Пінокіа хацеў заплакаць, упасці ў роспач, адкінуць прэч тацу і тое, што было на ёй. Але замест гэтага, ці то ад вялікага болю, ці ад вялікай знямогі страўніка, сталася так, што ён самлеў.
Калі ён ачуняў пабачыў, што ляжыць на канапе і побач з ім сядзіць Фея.
— I гэтым разам я таксама дарую табе, — сказала Фея. — Але гора табе, калі ты яшчэ раз учыніш нешта падобнае!..
вучыцца і паводзіцца добра. I датрымліваў слова да канца года. I сапраўды, на іспытах перад вакацыямі ён быў адзначаны як найлепшы вучань у школе. А ягоныя паводзіны былі такія пахвальныя, што Фея, вельмі ўсцешаная, сказала яму:
— Заўтра ўрэшце тваё жаданне будзе задаволенае! — Якое?
— Заўтра ты перастанеш быць хлопчыкам з дрэва і станешся сапраўдным хлопчыкам.
Хто не бачыў радасці Пінокіа пасля гэтай доўгачаканай навіны, ніколі не здолее ўявіць яе.
Наступнага дня ўсе ягоныя сябры і школьныя таварышы мусілі быць запрошаныя на вялікі сняданак у дом Феі, каб разам адсвяткаваць значную падзею. I Фея збіралася згатаваць дзвесце кубачкаў кавы з малаком і чатырыста булачак, нашмараваных маслам згары і ўнутры. Гэты дзень абяцаў быць добрым і вясёлым, але...
На жаль, у жыцці драўляных хлопчыкаў заўжды прысутнічае «але», якое штораз усё псуе.
Пінокіа замест таго, каб стаць сапраўдным хлопчыкам, таемна выпраўляецца са сваім сябрам Кнотам у Краіну Забаваў.
Натуральна, Пінокіа адразу папрасіў у Феі дазволу пайсці ў горад, каб зрабіць запрашэнні. Фея сказала яму:
— Ідзі, калі ласка, запрасі сваіх сяброў на заўтра на сняданак, але памятай, што ты павінен вярнуцца дадому дацямна. Ты зразумеў?
— Абяцаю, што за гадзіну я дакладна вярнуся, — адказаў драўляны хлопчык.
— Глядзі, Пінокіа! Дзеці часта абяцаюць, але яшчэ часцей яны не датрымліваюць слова.
— Але я не такі, як іншыя! Калі я аднойчы сказаў, дык так і будзе.
— Пабачым. Калі ты не паслухаешся, тым горай для цябе.
— Чаму?
— Бо дзеці, якія не слухаюць парадаў тых, хто ведае больш за іх, заўсёды сустракаюцца з нейкім няшчасцем.
— Я ўжо гэта адчуў! — сказаў Пінокіа. — Але падобнае болей не паўторыцца.
— Пабачым, ці кажаш ты праўду.
He прамовіўшы нічога, драўляны хлопчык развітаўся са сваёй добрай Феяй, якая была для яго як мама, і, спяваючы ды падскокваючы, выйшаў з дома.
Трохі болей чым за паўгадзіны ўсе ягоныя сябры былі запрошаныя. Адныя пагаджаліся адразу, ад шчырага сэрца. Іншыя напачатку змушалі сябе трохі ўпрошваць, але калі даведваліся, што булачкі для размочвання ў каве з малаком будуць нашмараваныя маслам таксама і звонку, пагаджаліся са словамі:
— Мы таксама прыйдзем, каб зрабіць табе прыемнае.
Тут трэба сказаць, што сярод усіх школьных сяброў і прыяцеляў у Пінокіа быў адзін найбольш улюбёны і дарагі, якога звалі Рамэа. Усе звярталіся да яго па мянушцы Кнот, бо ён быў надта сухарлявы, худы, змарнелы, рыхтык новы кнот у начным ліхтары.
Кнот быў хлопчыкам дужа нядбайным і найгарэзлівейшым ува ўсёй школе. Але Пінокіа яго вельмі любіў. Таму ён адразу пайшоў шукаць яго, каб запрасіць на сняданак, і не знайшоў Ён вярнуўся другі раз, але Кнота не было. Вярнуўся трэці раз — і зноў дарэмна. Дзе можна было знайсці сябра? Пінокіа шукаў тут, шукаў там. Урэшце заўважыў як той хаваецца пад павеццю аднаго сялянскага дома.
— Што ты там робіш? — запытаў яго Пінокіа.
— Я чакаю поўначы, каб выправіцца...
— Куды ты выпраўляешся?
— Далёка, далёка, далёка!
— А я тройчы прыходзіў шукаць цябе дадому!
— Што ты хацеў ад мяне?
— Ты не ведаеш вялікай падзеі? Ты не ведаеш, якое шчасце мяне напаткала?
— Якое?
— Заўтра я перастану быць драўляным хлопчыкам і стану хлопчыкам сапраўдным, як ты, як усе іншыя.
— Зычу плёну.
— To заўтра я чакаю цябе на сняданак у мяне ўдома. — Але ж я табе кажу, што сёння ўвечары я ад’язджаю. — А якой гадзіне?
— Неўзабаве.
— А куды ты паедзеш?
— Паеду жыць у адну краіну... У найлепшую краіну ў гэтым свеце, краіну сапраўднай раскошы!..
— А як яна называецца?
— Яна называецца Краінай Забаваў. Чаму б табе таксама не паехаць туды?
— Мне? He, папраўдзе, не!
— Ты не маеш рацыі, Пінокіа! Дай мне веры: калі не паедзеш, дык пашкадуеш пра гэта. Дзе ты можаш знайсці краіну болей карысную для ўсіх нас, хлопчыкаў? Там няма школ, там няма настаўнікаў, там няма кніжак. У гэтым дабраславёным краі ніхто ніколі не вучыцца. У чацвер там няма заняткаў, і кожны тыдзень складаецца з шасці чацвяргоў і адной нядзелі. Уяві сабе, што восеньскія вакацыі пачынаюцца першага студзеня і заканчваюцца ў апошні дзень снежня. Вось краіна, якая сапраўды мне даспадобы! Вось якімі мусілі б быць усе цывілізаваныя краіны!
— Але як мінаюць дні ў Краіне Забаваў?
— Яны мінаюць у гульнях, забавах. Потым увечары ідзеш спаць, а раніцай усё пачынаецца наноў. Што ты пра гэта думаеш?
— Мм... — задумаўся Пінокіа і злёгку пахітаў галавой, нібы кажучы: «Гэта жыццё, якога таксама і я ахвотна жадаў бы».
— Ну, хочаш выправіцца са мной? Так ці не? Вырашай.
— He, не, не і яшчэ раз не. Я абяцаў маёй добрай Феі стаць цудоўным хлопчыкам і хачу датрымаць абяцанне. Пагатоў я бачу, што сонца ўжо нізка, я цябе зараз пакіну і пабягу. Так што бывай і добрай дарогі.
— Куды ты гэтак спяшаешся?
— Дадому. Мая добрая Фея хоча, каб я вярнуўся, перш чым сцямнее.
— Пачакай яшчэ дзве хвілінкі.
— Робіцца надта позна.
— Толькі дзве хвіліны.
— А калі потым Фея будзе крычаць на мяне?
— Няхай крычыць. Накрычыцца і супакоіцца, — сказаў гэты свавольнік Кнот.
— I што, ты выпраўляешся адзін ці з сябрамі?
— Адзін? Нас болей за сто хлопчыкаў!
— I вы пойдзеце пехатою?
— Апоўначы сюды прыедзе фурманка, якая мусіць забраць мяне і прывезці ўсіх нас да самай мяжы гэтай шчаслівай краіны.
— Як бы я хацеў, каб цяпер была поўнач!
— Чаму?
— Каб пабачыць, як вы ад’язджаеце ўсе разам.
— Застанься тут яшчэ трохі — і пабачыш гэта.
— He, не, я хачу вярнуцца дадому.
— Пачакай яшчэ дзве хвілінкі.
— Я і так ужо надта затрымаўся. Фея будзе турбавацца за мяне.
— Бедная Фея! Яна, мабыць, баіцца, што цябе з’ядуць кажаны!
— Але, — дадаў Пінокіа, — значыцца, ты сапраўды ўпэўнены, што ў той краіне няма ніякіх школ?
— Нават і ценю іхнага нямашака.
— I ніводнага настаўніка?
— Ніводнага.
— I ніколі не змусяць вучыцца?
— Ніколі, ніколі, ніколі!
— Якая цудоўная краіна! — сказаў Пінокіа, адчуўшы, што ў яго пацяклі слінкі. — Якая цудоўная краіна! Я ніколі там не быў, але ўяўляю сабе гэта!
— Чаму б табе таксама не пайсці?
— Ты дарэмна мяне выпрабоўваеш! Я паабяцаў маёй добрай Феі, што буду паслухмяным хлопчыкам, і не хачу парушаць слова.
— Тады бывай! I прывітанне ад мяне школам, гімназіям, а таксама ліцэям, калі сустрэнеш іх дарогаю.
— Бывай, Кнот. Добрай дарогі, забаўляйся і ўзгадвай іншы раз сваіх сяброў.
Сказаўшы гэта, драўляны хлопчык зрабіў два крокі з намерам пайсці. Але потым спыніўся, павярнуўся да сябра і запытаў яго:
— Ці дакладна ты ўпэўнены, што ў той краіне ўсе тыдні складаюцца з шасці чацвяргоў і адной нядзелі?
— Безумоўна!
— А ці дакладна ты ведаеш, што вакацыі пачынаюцца першага студзеня і заканчваюцца ў апошні дзень снежня?
— Упэўнены!
— Якая цудоўная краіна! — паўтарыў Пінокіа, сплюнуўшы ад празмернай радасці. Потым дадаў спешна, з цвёрдым намерам: — Такім чынам, сапраўды бывай і добрай дарогі.