Прыгоды Пінокіа
Карла Калодзі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 260с.
Мінск 2019
Ці здагадваецеся, што ён адчуў? Да свайго вялікага здзіўлення, ён адчуў, што вушы выраслі болей чым на далонь.
Вы ведаеце, што драўляны хлопчык ад нараджэння меў вушы маленькія-маленькія, нагэтулькі маленькія, што іх нават нельга было пабачыць няўзброеным вокам. Такім чынам, уяўляеце ягоны стан, калі ён заўважыў: за ноч вушы выцягнуліся так, што здаваліся падобнымі да шчотак!
Ён адразу пайшоў шукаць люстэрка, але не знайшоў яго. Тады набраў вады ў балею і паглядзеўся ў яе. I пабачыў тое, чаго ніколі не пажадаў бы бачыць, — сваю выяву, упрыгожаную цудоўнай парай асліных вушэй.
Дам вам магчымасць самім дадумаць, які боль, сорам і роспач агарнулі беднага Пінокіа.
Ён пачаў плакаць, крычаць, біцца галавой аб сценку. Але чым болей ён адчайваўся, тым болей раслі ягоныя вушы. Яны раслі і рабіліся калматымі на кончыках. На гэты моцны крык у пакой увайшоў добры Сурок, які жыў паверхам вышэй. Пабачыўшы драўлянага хлопчыка ў такой вялікай скрусе, клапатліва запытаў у яго:
— Што здарылася, мой дарагі суседзе?
— Я захварэў, мой Сурочак, зусім абнядужаў... і тая хвароба мяне палохае! Ты ўмееш мацаць пульс?
— Трошачкі.
— Тады памацай, ці няма ў мяне выпадкова гаручкі?
Сурок працягнуў да яго правую лапку і пасля таго, як памацаў пульс Пінокіа, прамовіў уздыхнуўшы:
— Сябра мой, мне шкада, я мушу паведаміць табе дрэнную навіну!
— Якую?
— У цябе страшэнная гаручка!
— А якая гэта гаручка?
— Асліная гаручка.
— Я не разумею гэтага! — сказаў драўляны хлопчык, які, на жаль, усё зразумеў.
— Добра, я табе патлумачу, — дадаў Сурок. — Дык ведай, што за дзве ці тры гадзіны ты болей не будзеш ні драўляным, ні сапраўдным хлопчыкам.
— А кім я буду?
— За дзве ці тры гадзіны ты станеш найсапраўднейшым аслом, як тыя, што цягаюць калёсы і возяць капусту і салату на рынак.
— О! Няшчасны я! Няшчасны я! — закрычаў Пінокіа, схапіў рукамі два сваіх вуха і ў шаленстве пацягнуў іх, спрабуючы ададраць, нібыта гэта былі не ягоныя вушы.
— Дарагі мой, — сказаў Сурок, каб супакоіць яго, — што ты можаш тут зрабіць? Такі ўжо лёс. Так напісана ў запаветах мудрасці: усе тыя нядбайныя хлопчыкі, якія сумуюць ад кніг, школ і настаўнікаў і бавяць дні ў гульнях і забавах, раней ці пазней мусяць урэшце пераўтварыцца ў маленькіх аслоў.
— А ці насамрэч гэта так? — запытаўся драўляны хлопчык, румзаючы.
— На жаль, гэта так! I плакаць цяпер не мае сэнсу, варта было думаць напачатку!
— Але тое не мая віна. Павер мне, Сурок, ва ўсім вінаваты Кнот!
— А хто такі Кнот?
— Мой школьны сябра. Я хацеў вярнуцца дадому, я хацеў быць паслухмяным, я хацеў вучыцца далей і быць гонарам... але Кнот мне сказаў: «Навошта табе сумаваць з гэтай навукай? Навошта ты хочаш хадзіць у школу? Лепей хадзем са мной у Краіну Забаваў! Там мы не будзем болей вучыцца. Там мы будзем бавіцца ад відна да цямна і заўсёды будзем шчаслівыя!»
— А навошта ты паслухаўся парадаў гэтага фальшывага сябра? Гэтага дрэннага прыяцеля?
— Навошта?.. Сурочак мой, бо я хлопчык неразважны і... бессардэчны. О! Каб я меў хоць кропельку шкадавання, я ніколі не пакінуў бы тую добрую Фею, якая мяне любіла, як мама, і якая шмат рабіла для мяне!.. I цяпер я не быў бы драўляным хлопчыкам... але быў бы хлопчыкам сапраўдным, такім самым, як іншыя! О! Калі я сустрэну Кнота, бяда яму! Я ўсё выкажу, што думаю пра яго!
I Пінокіа хацеў пайсці. Але калі ён быў ужо ў дзвярах, прыгадаў, што мае асліныя вушы, і яму зрабілася сорамна паказвацца на людзях. Што ён тады прыдумаў? Ён узяў вялікую баваўняную шапку і насунуў яе сабе на галаву па самы кончык носа.
Потым ён выйшаў і адразу пачаў шукаць Кнота. Ён шукаў яго на вуліцах, на плошчах, у тэатрыках, паўсюль. Але не мог знайсці. Пытаўся пра яго ў некаторых сустрэчных на вуліцы, але ніхто яго не бачыў.
Тады ён пайшоў шукаць яго ўдома. Прыйшоў да дзвярэй і пагрукаў.
— Хто там? — запытаў Кнот з-за дзвярэй.
— Гэта я! — адказаў драўляны хлопчык.
— Пачакай крыху, я табе адамкну.
За паўгадзіны дзверы адчыніліся. I ўявіце сабе здзіўленне Пінокіа, калі ён увайшоў у пакой і пабачыў свайго сябра Кнота з вялікай баваўнянай шапкай на галаве, якая апускалася да самага кончыка носа.
Пабачыўшы гэтую шапку, Пінокіа амаль суцешыўся і адразу падумаў: «А ці не захварэў сябра на тую самую хваробу, што і я? А калі і ён мае асліную гаручку?»
I ўдаючы, што ён нічога не заўважыў, запытаўся з усмешкай:
— Як справы, дарагі мой Кноце?
— Выдатна, пачуваюся нібы мыш у галоўцы сыру.
— Ты сапраўды гэта паважна кажаш?
— А чаму я павінен табе хлусіць?
— Прабач мяне, сябра, але навошта тады ў цябе на галаве гэтая баваўняная шапка, якая цалкам затуляе твае вушы?
— Мне прызначыў яе лекар, бо ў мяне баліць калена. А ты, дарагі мой драўляны сябра, навошта носіш гэтую баваўняную шапку, насунутую на самы нос?
— Мне прызначыў яе лекар, бо я намуляў сабе нагу.
— О! Бедны Пінокіа!
— О! Бедны Кнот!
Пасля гэтых слоў запала працяглая ціша, падчас якой сябры не рабілі нічога іншага, як глядзелі адзін на аднаго насміхаючыся і з іроніяй.
Урэшце драўляны хлопчык сказаў свайму сябру саладжавым і пяшчотным голасам:
— Спатоль маю цікаўнасць, дарагі Кноце, ты ніколі не пакутаваў на хваробу вушэй?
— Ніколі!.. А ты?
— Ніколі! Толькі ад сённяшняга ранку адно вуха мяне дужа турбуе.
— I мяне таксама.
— I цябе таксама?.. А якое вуха баліць?
— Абодва, а табе?
— Абодва. Дык мо ў нас тая самая хвароба?
— Баюся, што так.
— Зрабі мне ласку, Кноце.
— Ахвотна! Ад усяго сэрца!
— Пакажы мне свае вушы.
— Чаму не? Але напачатку я хачу пабачыць твае, дарагі Пінокіа.
— He, напачатку ты.
— He, даражэнькі! Напачатку ты, а потым — я!
— У гэткім разе, — сказаў тады драўляны хлопчык, — зробім дамову добрых сяброў
— Слухаю дамову.
— Здымем шапкі абодва адначасова, згода?
— Згода.
— Такім чынам, увага!
I Пінокіа пачаў уголас лічыць:
— Адзін! Два! Тры!
На слова «тры» абодва хлопчыкі знялі свае шапкі і падкінулі іх у паветра.
I тады адбылася сцэна, якая здавалася б неверагоднай, калі б не адбылася насамрэч. Пінокіа і Кнот, пабачыўшы, што іх абодвух напаткала тое самае няшчасце, замест таго каб засмучацца і маркоціцца, пачалі паказваць адзін аднаму на вушы, што празмерна выраслі, і пасля мноства грубых жартаў скончылі выбухам моцнага рогату. I яны рагаталі, рагаталі, рагаталі, пакуль маглі вытрымаць.
Раптам Кнот змоўк і пачаў хістацца. Колер ягонага цела стаў мяняцца.
— Ратунку! Ратунку, Пінокіа! — сказаў ён сябру.
— Што з табой?
— Вой, у мяне болей не атрымліваецца стаяць роўна на нагах.
— У мяне таксама не атрымліваецца! — з плачам, хістаючыся, закрычаў Пінокіа.
Калі яны прамаўлялі гэта, абодва апусціліся на карачкі і пачалі бегаць і круціцца па пакоі на руках і нагах. I пакуль яны бегалі, іх рукі пераўтварыліся ў ногі, твары выцягнуліся і пераўтварыліся ў мызы, спіны ўкрыліся светла-шэрай поўсцю з чорным адценнем.
Але ведаеце, які найгоршы момант настаў для гэтых двух няшчасных? Найгоршы і найбольш прыніжальны момант той, калі яны адчулі, што ззаду ў іх з’явіліся хвасты.
Расціснутыя болем і сорамам, яны паспрабавалі плакаць і скардзіцца на свой лёс. Але не здолелі зрабіць гэта! Замест стогнаў і скаргаў вонкі вылятаў асліны рык. Гучна рыкаючы, абодва ўтварылі хор: «Іа, іа, іа».
У гэты момант пагрукалі ў дзверы і голас звонку сказаў:
— Адчыніце! Я чалавечак, я фурман той фурманкі, які прывёз вас у гэтую краіну. Адчыніце зараз жа, альбо вам будзе горай!
Пінокіа стаў сапраўдным аслом, яго прадалі, і набыў яго дырэктар адной трупы клоўнаў, каб навучыць яго танчыць і скакаць праз абруч.
Але аднаго вечара ён зрабіўся кульгавым, і тады яго перакупіў іншы чалавек, каб зрабіць з ягонай скуры барабан.
Пабачыўшы, што дзверы не адчыняюць, чалавечак разнасцежыў іх моцным ударам нагі і, калі ўвайшоў у пакой, сказаў са сваёй звычайнай усмешкай:
— Малайцы, хлопцы! Равяце вы добра, і я адразу пазнаў вас па голасе. I вось таму я тут.
Пасля гэтых словаў два аслы зрабіліся надзвычай сумныя. Яны звесілі галовы долу, апусцілі вушы і падціснулі хвасты. Напачатку чалавечак пагладзіў іх, паляпваючы, прылашчыў Потым выцягнуў шкрабніцу і пачаў іх добра чысціць.
I калі ён пачысціў іх, яны сталі бліскучыя, як два люстэркі. Тады ён накінуў на іх аброць і завёў на рынкавы пляц у спадзяванні прадаць і атрымаць добры зыск.
I пакупнікі сапраўды не змусілі сябе доўга чакаць.
Кнота набыў селянін, у якога наконадні сканаў асёл. А Пінокіа купіў дырэктар трупы клоўнаў і скакуноў на дроце. Ён набыў яго, каб вымуштраваць, каб потым той скакаў і танчыў разам з іншымі жывёламі трупы.
I цяпер вы зразумелі, мае маленькія чытачы, якім рамяством займаўся той чалавечак? Гэта быў брыдкі вылюдак з малочна-мядовым тварам. Раз-пораз ён ездзіў па ўсім свеце і дарогаю ласкавымі абяцанкамі збіраў непаслухмяных дзяцей, што нудзіліся ад кніг і школы. I пасля таго як заладоўваў іх у сваю фурманку ён завозіў іх у Краіну Забаваў дзе яны бавілі свой час у гульнях, у шумнай весялосці. А потым усе гэтыя падманутыя дзеці праз тое, што ўвесь час бавіліся і ніколі не вучыліся, рабіліся асламі. Тады чалавечак, усцешаны й вясёлы, завалодваў імі і прадаваў на кірмашах і рынках. I такім чынам за некалькі гадоў займеў даволі вялікую суму грошай і стаў мільянерам.
Што адбылося з Кнотам, я не ведаю. Ведаю пра іншага — для Пінокіа надышлі першыя дні цяжкага і пакутнага жыцця.
Калі яго прывялі ў стайню, новы гаспадар наклаў яму поўныя яслі саломы. Але Пінокіа, пакаштаваўшы трохі, выплюнуў яе.
Тады гаспадар пабурчэў але наклаў яму поўныя яслі сена. Але сена ён таксама не ўпадабаў
— Эге! Табе не даспадобы нават сена! — закрычаў гаспадар, раззлаваўшыся. — Добра, дарагое асляня, калі ты маеш у галаве прыхамаці, я прыдумаю, як павыбіваць іх з цябе!..
I, не марудзячы, адразу выцяў яго пугай па нагах.
Ад вялікага болю Пінокіа пачаў плакаць і раўці і, равучы, прамовіў:
— Іа, іа, я не магу перастрававаць салому!
— Тады еш сена! — адказаў гаспадар, які добра разумеў асліную гаворку.
— Іа, іа, ад сена ў мяне баліць чэрава!
— Дык ты думаеш, што я павінен карміць такога асла, як ты, курынымі грудкамі і заліўным з пеўнікаў? — дадаў гаспадар, усё болей злуючыся, і сцебануў яго пугай другі раз.