• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прыгоды Пінокіа  Карла Калодзі

    Прыгоды Пінокіа

    Карла Калодзі

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 260с.
    Мінск 2019
    152.16 МБ
    — Вы мяне сапраўды амаль рассмяшылі, — сказаў драўляны хлопчык і пахітаў галавой.
    — Гэй, Пінокіа! — крыкнуў тады найбольшы з тых хлопцаў проста яму ў твар. — Ты тут не выхваляйся і не
    фанабэрся! Бо калі ты не баішся нас, мы не баімся цябе! Памятай, што ты адзін, а нас сямёра.
    — Сямёра, як смяротных грахоў, — сказаў Пінокіа і гучна зарагатаў.
    — Вы чулі? Ен зняважыў нас усіх! Ён назваў нас смяротнымі грахамі!
    — Пінокіа! Прасі прабачэння за знявагу. Калі не — бяда табе!
    — Ку-ку! — зрабіў драўляны хлопчык, дакрануўшыся ўказальным пальцам да кончыка носа.
    — Пінокіа! Ты дрэнна скончыш!
    — Ку-ку!
    — Мы цябе адмяцелім, як асла!
    — Ку-ку!
    — Вернешся дахаты з паламаным носам!
    — Ку-ку!
    — Зараз я табе зраблю «ку-ку», — крыкнуў найболей адважны з тых нягоднікаў — Вось табе задатак, і прыхавай яго на сённяшнюю вячэру.
    I, сказаўшы так, выцяў яго кулаком па галаве.
    Але на гэты выцін ён атрымаў адказ, бо драўляны хлопчык, як і трэба было чакаць, таксама выцяў яго кулаком. I за імгненне пачалася агульная жорсткая бойка.
    Пінокіа бараніўся як герой. Сваімі драўлянымі, дужа цвёрдымі нагамі ён працаваў так добра, што ўвесь час трымаў ворагаў на ладнай адлегласці. Там, куды маглі трапіць ягоныя ногі, на памяць заставаліся добрыя сінякі.
    Тады хлопцы, зазлаваўшы, што не могуць адужаць драўлянага хлопчыка, і добра падумаўшы, узялі прылады. Яны палезлі ў свае торбы, павыцягвалі школьныя кнігі і пачалі шпурляць у яго: «Лемантар», «Граматыку», «Джанэціні», «Мінуцолі», «Апавяданні» Туара, «Куранятка» Бачыні ды іншыя школьныя кнігі. Але драўляны хлопчык меў надзвычай дакладнае вока і быў хітры: ён заўсёды своечасова прыгінаўся, таму ўсе кніжкі, пралятаючы над ягонай галавой, падалі ў мора.
    Уявіце сабе рыб! Рыбы пастанавілі, што гэтыя кнігі можна есці, і разам кінуліся на паверхню вады. Але пакаштаваўшы колькі старонак ці тытульных аркушаў, яны ўсё павыплёўвалі і скрывілі раты, быццам хацелі сказаць: «Гэтая рэч не для нас, мы прызвычаіліся есці смачнейшае!»
    Тым часам бойка рабілася ўсё болей жорсткай. Вялікі Краб, які выйшаў з вады і павольна караскаўся на бераг, закрычаў голасам прастылага трамбона:
    — Перастаньце, свавольнікі! Падобныя бойкі паміж хлопцамі рэдка заканчваюцца добра. Заўжды здараецца нейкае няшчасце!
    Бедны Краб! Гэта было тое самае, што навучаць вецер. Болей за тое, прайдзісвет Пінокіа завярнуўся назад, каб паглядзець на яго, і злосна прамовіў:
    — Змоўкні, занудны Краб! Лепей пасмакчы пасцілку з ірландскага моху, каб вылекаваць прастуду ў горле. Ідзі лепей у ложак і прапацей!
    У гэты момант хлопцы, якія павыцягвалі ўжо ўсе свае кнігі, заўважылі побач торбу з кнігамі драўлянага хлопчыка і ўмомант авалодалі ёй. Сярод ягоных кніг вылучаўся адзін том, апраўлены ў тоўсты кардон з карэньчыкам і краямі, абробленымі пергаменам. Гэта быў «Трактат па арыфметыцы». Напэўна, вы здагадваецеся, што важыў ён вельмі шмат!
    Адзін з тых разбойнікаў схапіў гэты том і, прымерыўшыся ў галаву Пінокіа, кінуў яго штомоцы. Але замест таго каб трапіць у драўлянага хлопчыка, трапіў у галаву аднаму са сваіх сябрукоў які стаў белы, як зацірка, і не здолеў вымавіць нічога, апрача наступных слоў:
    — О, мамачка мая, дапамажыце мне — бо я канаю!
    Потым ён ніцма ўпаў на пясок.
    Пабачыўшы гэтага маленькага мерцвяка, хлопцы, налякаўшыся, далі драла і за колькі хвілін зніклі.
    Але Пінокіа застаўся там, і, ці то ад болю, ці то ад страху, ён таксама быў болей мёртвы, чым жывы. Але ж пабег памачаць сваю насоўку ў марскую ваду і пачаў змочваць ёй скроні свайго беднага школьнага прыяцеля. I галосячы, у роспачы клікаў яго па імені:
    — Эўджэніа! Бедны мой Эўджэніа!.. Расплюшчы вочы і паглядзі на мяне!.. Чаму ты не адказваеш? Гэта не я, ведаеш, не я зрабіў табе шкоду! Павер, гэта не я!.. Расплюшчы вочы, Эўджэніа... калі ты не расплюшчыш вочы, я таксама сканаю...
    О Божа мой! Як жа мне цяпер вярнуцца дадому? Як мне набрацца адвагі, каб з’явіцца перад маёй добрай мамай? Што са мной будзе? Куды бегчы? Дзе мне схавацца?.. О! Наколькі было б лепей, у тысячы разоў было б лепей, каб я пайшоў у школу! Чаму я паслухаўся гэтых прыяцеляў што сталіся маім праклёнам! А настаўнік жа мне казаў, і мая мама мне паўтарала: «Сцеражыся гэтых дрэнных сябрукоў!» — але я ўпарты, натурысты... слухаю, што ўсе кажуць, і потым заўсёды раблю па-свойму! I таму мяне спасцігае расплата за гэта! 3 таго часу, як я існую на гэтым свеце, у мяне не было нават і пятнаццаці
    добрых хвілін. Божа мой! Што са мной будзе, што са мной будзе, што са мной будзе?..
    I Пінокіа працягваў плакаць і крычаць, біць сябе кулакамі па галаве і клікаць па імені беднага Эўджэніа. Раптам ён пачуў глухі шум крокаў
    Ён азірнуўся. Гэта былі два карабінеры.
    — Што ты робіш там, паклаўшыся на зямлі? — запыталіся яны Пінокіа.
    — Дапамагаю майму школьнаму прыяцелю.
    — Яму што, зрабілася дрэнна?
    — Здаецца, што так!..
    — Болей чым дрэнна! — сказаў адзін з карабінераў калі нахіліўся і агледзеў Эўджэніа зблізу. — Гэты хлопчык быў паранены ў скроню. Хто яго параніў?
    — He я, — прамармытаў драўляны хлопчык, які амаль не дыхаў ад страху.
    — Калі гэта быў не ты, тады хто яго параніў?
    — He я, — паўтарыў Пінокіа.
    — А чым ён быў паранены?
    — Гэтай кнігай, — і драўляны хлопчык узяў з зямлі «Трактат па арыфметыцы», апраўлены ў кардон і пергамен, каб паказаць яго карабінерам.
    — А чыя гэта кніга?
    — Мая.
    — Гэтага досыць, болей нічога не трэба. Хутка ўставай і хадзем з намі.
    — Але я...
    —■ Хадзем з намі!
    — Але я невінаваты!
    — Ідзі з намі.
    Перш чым пайсці, карабінеры паклікалі рыбакоў, якія акурат у гэтае імгненне праплывалі на сваім чоўне каля берага, і сказалі ім:
    — Даручаем вам гэтага хлопчыка, параненага ў галаву. Занясіце яго ў свой дом і даглядзіце яго. Заўтра мы вернемся па яго.
    Затым яны вярнуліся да Пінокіа, і пасля таго як паставілі яго паміж сабой, груба загадалі:
    — Наперад! I ідзі хутка! Калі не, дастанеш ад нас!
    He змушаючы паўтараць, драўляны хлопчык пакрочыў той сцежкаю, што вяла да вёскі. Але, няшчасны, ён нават не мог зразумець, што адбываецца. Яму падавалася, што ён спіць, што гэта дрэнны сон! Ен не памятаў сябе! У вачах дваілася, ногі трымцелі, язык быццам прыліп да паднябення, і ён болей не мог вымавіць ніводнага слова. Аднак сярод гэтай атупеласці і агаломшанасці яму ў сэрца,
    нібы вострая рыбная костка, калола адна думка — думка пра тое, што ён павінен прайсці паміж карабінерамі пад вокнамі дома сваёй добрай Феі. Лепей было сканаць.
    Яны ўжо прыйшлі да ўскраіны вёскі, як вецер садраў з галавы Пінокіа шапку і адкінуў яе на дзясятак крокаў.
    — Дазвольце, — сказаў карабінерам драўляны хлопчык, — забраць маю шапку.
    — Добра. Але хуценька.
    Драўляны хлопчык пайшоў, каб падняць шапку, але замест таго, каб насунуць яе на галаву, узяў яе ў зубы і штомоцы кінуўся бегчы да марскога берага. Ён ляцеў, як гарматнае ядро.
    Карабінеры, разважыўшы, што дагнаць яго будзе цяжка, пусцілі следам за ім вялікага вартавога сабаку, які меў першае месца на ўсіх сабачых гонках. Пінокіа бег хутка, але сабака бег яшчэ хутчэй. Усе людзі павысоўваліся з вокнаў і сабраліся пасярод вуліцы ў нецярплівым чаканні, чым жа скончыцца гэтае драпежнае спаборніцтва.
    Але гэтым разам ім не ўдалося атрымаць задавальненне, бо сабака і Пінокіа ўзнялі на вуліцы такую пылюку, што за колькі хвілін нічога не было відаць.
    Пінокіа ўнікае небяспекі быць падсмажаным на патэльні, як рыба.
    Падчас гэтай адчайнай гонкі быў жахлівы момант, калі Пінокіа думаў, што прапаў Бо Алідора (гэта было імя вартавога сабакі) ледзь не дагнаў яго. Досыць сказаць, што драўляны хлопчык ужо адчуваў ззаду сябе, на адлегласці далоні, цяжкі подых запыхканай жывёліны і нават гарачыню гэтага подыху.
    На шчасце, бераг быў ужо блізка, і мора віднелася ў колькіх кроках.
    Як толькі драўляны хлопчык апынуўся на беразе, ён зрабіў цудоўны скачок, як гэта ўмее рабіць жабка, і абрынуўся ў ваду. Алідора ж хацеў спыніцца, ды не здолеў загамаваць ад хуткага бегу і таксама ўваліўся ў ваду. Але гэты няшчасны не ўмеў плаваць, таму адразу пачаў махаць лапамі, каб утрымацца на паверхні. Толькі чым болей ён боўтаў тым болей з галавой паглыбляўся ў ваду.
    Калі бедны сабака зноў высунуў галаву вонкі, ягоныя вочы былі вырачаныя ад страху, і ён забрахаў:
    — Патанаю! Патанаю!
    — Ну і трасца з табой! — здалёк адказаў яму Пінокіа, які цяпер быў ужо ўпэўнены, што знаходзіцца ў небяспецы.
    — Дапамажы мне, Пінокіа!.. Уратуй мяне ад смерці!..
    Драўляны хлопчык, які ўсё ж меў добрае сэрца, апанаваны пачуццём спагады, завярнуўся на гэты лямант да сабакі і сказаў:
    — Але, калі я дапамагу табе ўратавацца, абяцаеш, што не будзеш болей гнацца за мной і пакінеш мяне ў спакоі?
    — Абяцаю! Абяцаю! Але хутчэй, дзеля Бога! Бо калі ты прамарудзіш яшчэ палову хвілінкі, я загіну!
    Пінокіа трохі павагаўся, але потым прыгадаў, як тата шмат разоў казаў яму што, робячы добрыя ўчынкі, нічога не страціш, падплыў да Алідора, узяў яго абедзвюма рукамі за хвост і выцягнуў жывым і здаровым на сухі прыбярэжны пясок.
    Бедны сабака не мог трымацца на нагах, ён накаўтаўся столькі салёнай вады, што быў надзьмуты, нібы мячык. Зрэшты, не надта давяраючы яму, драўляны хлопчык
    вырашыў быць асцярожным і зноў кінуўся ў мора. Аддаляючыся ад берага, ён крыкнуў уратаванаму сябру:
    — Бывай, Алідора, добрай дарогі і прывітанне ўсім хатнім.
    — Бывай, Пінокіа, — адказаў сабака, — дзякуй шчыры, што ўратаваў мяне ад смерці. Ты зрабіў мне вялікую паслугу, а ў гэтым свеце таму, хто так робіць, адплачваецца. Калі надарыцца выпадак, паразмаўляем.
    Пінокіа працягваў плысці, увесь час трымаючыся блізка ад берага. Урэшце яму падалося, што ён дапяў да бяспечнага месца. Агледзеўшы бераг, ён пабачыў сярод скалаў пячору, з якой выходзіў даўжэзны хвост дыму.
    — У гэтай пячоры, — сказаў ён сам сабе, — напэўна, ёсць вогнішча. Тым лепей! Я пайду туды абсохнуць і сагрэцца, а потым?.. А потым будзе тое, што будзе.
    Пастанавіўшы гэтак, ён паплыў да скалы. Але калі ён хацеў ужо ўскараскацца на яе, адчуў пад вадой нешта такое, што ўздымала, уздымала, уздымала яго і — выцягнула на паверхню.
    Ён паспрабаваў уцячы, але было позна: на сваё вялікае здзіўленне, ён апынуўся ўсярэдзіне вялізнай сеткі, сярод мноства рыбаў рознай формы і памераў якія білі хвастамі і боўталіся ў поўнай роспачы.