Прыгоды Пінокіа
Карла Калодзі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 260с.
Мінск 2019
У гэты самы момант Пінокіа пабачыў, як з пячоры выйшаў рыбак, такі брыдкі, што падаваўся марской пачварай. Замест валасоў на галаве ў яго быў куст вельмі густой зялёнай травы, зялёнай была скура ягонага цела, зялёнымі былі вочы, зялёнай была даўжэзная барада, якая апускалася да самага долу. Ён падаваўся вялізнай зялёнай яшчаркай, што стаіць на задніх лапах.
Калі рыбак выцягнуў сетку з мора, ускрыкнуў ад радасці:
— Сілы нябесныя! Сёння я таксама змагу аб’есціся рыбай!
«Добра, што я не рыба!» — падумаў Пінокіа і трохі асмялеў
Сетку, поўную рыбы, зацягнулі ў цёмную і закураную пячору, пасярод якой скварчэла вялікая патэльня з алеем. Ад патэльні смярдзела так, што ажно перацінала подых.
— Зараз пабачым, што за рыбу мы злавілі! — выгукнуў зялёны рыбак. I сягнуў у сетку рукой, такой вялізнай, што яна была падобная да пекарскай лапаты, і выцягнуў адтуль жменю султанкі.
— Якія добрыя гэтыя султанкі! — сказаў ён і з задавальненнем агледзеў і абнюхаў іх. Панюхаўшы, шпурнуў у міску без вады.
Потым колькі разоў ён паўтарыў тую самую аперацыю. I выцягваючы адіуль іншую рыбу, казаў з такой асалодаю, што ажно слінкі ў яго цяклі:
— Якая цудоўная гэтая мярлуза!..
— Што за смаката гэтая кефаль!..
— Чароўная камбала!..
— Далікатэсныя крабы!..
— Гэтыя мілыя галавастыя анчоўсы!..
Як вы здагадаліся, мярлуза, кефаль, камбала, крабы і анчоўсы валам пайшлі ў міску, каб скласці таварыства султанкам.
Апошнім, хто застаўся ў сетцы, быў Пінокіа.
Як толькі рыбак выцягнуў яго, вырачыў ад здзіўлення свае зялёныя вочы і ўскрыкнуў амаль што спалохана:
— Што гэта за гатунак рыбы? Я не памятаю, каб еў некалі падобную рыбу!
I пачаў уважліва разглядаць яго. I пасля таго як агледзеў з усіх бакоў, скончыў словамі:
— Я зразумеў! Гэта, мабыць, марскі краб.
Тады Пінокіа, зняважаны параўнаннем з крабам, абвясціў абураным тонам:
— Што значыць — марскі краб? Як вы са мной абыходзіцеся? Я, да вашага ведама, лялька!
— Лялька? — адказаў рыбак. — Праўду кажу: рыбалялька — гэта для мяне новая рыба! Тым лепей! Я з’ем цябе ахвотней.
— З’ясцё мяне? Але вы не хочаце зразумець, што я не рыба! Ці вы не чуеце, што я размаўляю і думаю, як і вы?
— Гэта праўда, — дадаў рыбак, — і праз тое, што ты — рыба, якая мае шчасце размаўляць і думаць, як я, дык я павінен быць ветлым з табой.
— I ў чым будзе вашая ветласць?
— На знак сяброўства і асаблівай павагі я дам табе магчымасць абраць, як бы ты хацеў быць згатаваным. Ты жадаеш быць падсмажаным на патэльні? Ці лепей згатаваць цябе ў катле ў таматным соусе?
— Сказаць праўду, — адказаў Пінокіа, — калі я павінен абіраць, дык лепей адпусціце мяне на волю, каб я мог вярнуцца дахаты.
— Ты жартуеш? Ты думаеш, я згублю выпадак пакаштаваць такую рэдкую рыбу? He штодня ў гэтым моры трапляе рыба-лялька. Дазволь абраць мне. Я падсмажу цябе на патэльні разам з усімі іншымі рыбамі, і табе гэта будзе прыемна. Быць падсмажаным у таварыстве заўсёды спакайней.
Няшчасны Пінокіа пасля гэтых слоў пачаў плакаць і крычаць. Заклікаючы на дапамогу, з плачам ён казаў:
— Як было б добра, калі б я пайшоў у школу!.. Я паслухаўся прыяцеляў і цяпер расплачваюся за гэта! I... і... і... і!..
Ён круціўся, як вугор, і рабіў неверагодныя намаганні, каб выслізнуць з лап зялёнага рыбака. Урэшце той узяў жмуток чароту, звязаў Пінокіа рукі і ногі і паклаў у міску да іншай рыбы.
Потым ён выцягнуў драўляную талерку, поўную мукі, і пачаў абвальваць у муцэ сваю здабычу. Абваляўшы ў муцэ, кідаў рыбу смажыцца на патэльню.
Першай пайшла ў гарачы алей бедная мярлуза, потым надышла чарга крабаў і кефалі, затым камбалы і анчоўсаў I прыйшла чарга Пінокіа, які, пабачыўшы так блізка смерць, ды такую жахлівую, пачаў моцна дрыжаць. Ён так напалохаўся, што болей не мог размаўляць і не меў духу, каб крычаць.
Бедны хлопчык крычаў вачыма! Але зялёны рыбак, нават не прыглядаючыся, пяць ці шэсць разоў перагарнуў яго ў муцэ і так добра абваляў з галавы да ног, што Пінокіа падаваўся зробленым з крэйды.
Потым узяў яго за галаву і...
Пінокіа вяртаецца ў дом Феі, якая абяцае яму, што назаўтра ён болей не будзе драўляным хлопчыкам, але стане сапраўдным хлопчыкам.
Вялікі банкет з кавай з малаком, каб адсвяткаваць гэтую падзею.
У той момант, калі рыбак ужо меўся кінуць Пінокіа на патэльню, у пячору ўвайшоў вялікі сабака, якога прывёў сюды востры і спакуслівы пах смажанага.
— Ідзі прэч! — пагрозліва закрычаў рыбак, усё яшчэ трымаючы ў руках абвалянага ў муцэ драўлянага хлопчыка.
Але бедны сабака быў галодны як воўк, сваім скуголеннем і памахваннем хвастом ён нібыта казаў: «Дай мне кавалачак смажанай рыбкі, і я пакіну цябе ў спакоі».
— Ідзі прэч, кажу табе! — паўтарыў яму рыбак і хацеў выцяць яго нагой.
Тады сабака, які сапраўды быў галодны і непрызвычаены даваць сябе ў крыўду, з рыкам павярнуўся да рыбака, паказаўшы яму свае страшныя зубы.
I тут у пячоры пачуўся ледзь чутны голас, які прамовіў:
— Дапамажы мне, Алідора!.. Калі ты не ўратуеш, мяне падсмажаць!
Сабака адразу пазнаў голас Пінокіа і, да свайго здзіўлення, заўважыў, што голас ішоў ад скрутка, абвалянага ў муцэ, які рыбак трымаў у руках.
Што ён тады ўчыніў? Зрабіў вялікі скачок з месца, схапіў у рот абваляны ў муцэ скрутак і, акуратна трымаючы яго ў зубах, выбег з пячоры. А затым кінуўся наўцёкі з маланкавай хуткасцю.
Рыбак, раззлаваны тым, што ў яго выдралі з рук рыбу, якую ён з’еў бы з вялікім задавальненнем, паспрабаваў дагнаць сабаку. Але зрабіў усяго некалькі крокаў, як яго апанаваў прыступ кашлю, і ён мусіў вярнуцца назад.
Тым часам Алідора, апынуўшыся на сцежцы, якая вяла ў вёску, спыніўся і далікатна паклаў на зямлю сябра Пінокіа.
— Я табе так удзячны! — сказаў драўляны хлопчык.
— Няма за што, — адказаў сабака, — ты ўратаваў мяне, і тое, што я зрабіў, гэта толькі падзяка. У гэтым свеце мы мусім дапамагаць адзін аднаму.
— Але як ты апынуўся ў той пячоры?
— Я ўсё яшчэ быў на беразе, ледзь жывы, калі вецер здалёк данёс да мяне водар смажаніны. Гэты водар абудзіў у мяне апетыт, і я ўвайшоў у пячору. Калі б я прыйшоў на хвіліну пазней!..
— Нават не кажы мне пра гэта! — закрычаў Пінокіа, які ўсё яшчэ дрыжэў ад страху. — He кажы мне пра гэта! Калі б ты прыйшоў на хвіліну пазней, дык я цяпер быў бы падсмажаны, з’едзены і перастрававаны. Бррр!.. Мяне дрыжыкі бяруць, як я падумаю пра гэта!..
Алідора засмяяўся, працягнуў правую лапу драўлянаму хлопчыку, які вельмі моцна паціснуў яе на знак вялікага сяброўства, і потым яны развіталіся.
Сабака скіраваў дадому, а Пінокіа застаўся сам. Ён пайшоў да будана, які быў непадалёку, і запытаўся ў старога, што сядзеў каля дзвярэй і грэўся на сонцы:
— Скажыце, добры чалавек, ці нічога не ведаеце вы пра беднага хлопчыка, параненага ў галаву, якога клічуць Эўджэніа?
— Хлопчыка прынеслі ў гэты будан некалькі рыбакоў, і цяпер...
— Цяпер ён мёртвы?.. — перапыніў яго Пінокіа з вялікім болем.
— He, цяпер ён жывы і ўжо вярнуўся дадому.
— Праўда, праўда? — закрычаў драўляны хлопчык, падскокваючы ад радасці. — Значыцца, рана была не цяжкая?
— Але магла быць вельмі цяжкай і нават смяротнай, — адказаў стары, — бо яму пацэлілі ў галаву вялікай кнігай у цвёрдай вокладцы.
— А хто яму пацэліў?
— Ягоны школьны прыяцель, нейкі Пінокіа...
— А хто гэты Пінокіа? — спытаў драўляны хлопчык, прыкінуўшыся дурнем.
— Кажуць, што гэта вулічны хлопец, бадзяга, сапраўдны бандыт, неразважны чалавек...
— Хлусня! Усё хлусня!
— Ты ведаеш яго, гэтага Пінокіа?
— Бачыў яго! — адказаў драўляны хлопчык.
— А ты што пра яго думаеш? — запытаўся стары.
— Мне падаецца, што ён вельмі добры хлопчык, поўны ахвоты навучацца, паслухмяны, прывязаны да свайго таты і да сваёй сям’і...
Калі драўляны хлопчык нахабна выказаў усю гэтую хлусню, ён дакрануўся да носа і заўважыў: ягоны нос падоўжыўся болей чым на далонь. Тады, пералякаўшыся, ён пачаў крычаць:
— He верце, добры чалавек, таму добраму, што я вам сказаў пра яго. Бо я цудоўна ведаю Пінокіа і магу таксама запэўніць вас, што ён сапраўдны вулічны хлопчык, непаслухмяны, гультай, які замест таго, каб ісці ў школу, пайшоў з прыяцелямі сваволіць!
Як толькі ён прамовіў гэтыя словы, ягоны нос скараціўся і вярнуўся да звычайнага памеру.
— А чаму ты ўвесь такі белы? — раптам запытаўся ў яго стары.
— Я скажу вам... Я не заўважыў і прыцёрся да нядаўна пабеленай сценкі, — адказаў драўляны хлопчык, саромеючыся прызнацца, што яго абвалялі ў муцэ, як рыбу, каб потым падсмажыць на патэльні.
— А твой гарнітурчык, твае нагавічкі, твой каптур, што з імі зрабілася?
— Я сустрэў злодзеяў і яны мяне распранулі. Скажыце, добры дзядуля, ці няма ў вас часам нейкай вопраткі, каб я мог вярнуцца дадому?
— Мой хлопчык, у мяне няма нічога, каб апрануць, апрача маленькага мяшэчка, у якім я трымаю лубін. Калі хочаш, бяры яго, вось ён, там.
Пінокіа не змусіў паўтараць яму двойчы. Ён адразу ўзяў мяшэчак на лубін, нажніцамі зрабіў маленькую дзірку ў дне і дзве дзіркі па бакох, каб яго нацягнуць як кашулю. Апрануты такім жабрацкім чынам, драўляны хлопчык падаўся ў вёску.
Але дарогаю ён увесь час адчуваў сябе неспакойна. Ён то рабіў крок наперад, то крок назад, і ішоў так, прамаўляючы сам сабе: «Як я з’яўлюся перад маёй добрай Феяй? Што яна скажа, калі пабачыць мяне? Ці схоча дараваць мне гэтае чарговае свавольства? Іду ў заклад, што яна мне гэтага не даруе!.. О! Яна дакладна мне не даруе. А мне так і трэба, бо я свавольнік, які заўсёды абяцае выправіцца і ніколі не трымае слова!»
У вёску ён прыйшоў, калі стаяла ўжо цёмная ноч. А праз тое, што было дрэннае надвор’е і дождж ліў як з вядра, Пінокіа пайшоў проста да дома Феі, з рашучым намерам пагрукаць у дзверы і адчыніць іх.
Але раптам адчуу што яму не стае адвагі. I замест таго каб пагрукаць, ён адышоўся на дваццаць крокаў Потым
другі раз наблізіўся да дзвярэй і зноў нічога не зрабіў Наблізіўся трэці раз — і нічога. На чацвёрты раз дрыготкай рукой драўляны хлопчык узяў дзвярны жалезны малаток і асцярожна пагрукаў
Чакаў, чакаў... Урэшце за паўгадзіны на апошнім паверсе, а дом меў чатыры паверхі, адчынілася акно, і Пінокіа пабачыў, што адтуль высунуўся вялікі Смоўж. На галаве ў яго свяціўся агеньчык.
— Хто там у такі час? — запытаўся Смоўж.