Прыгоды Пінокіа
Карла Калодзі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 260с.
Мінск 2019
Пасля другога ўдару Пінокіа абачліва змоўк і болей нічога не сказаў
Тым часам стайню зачынілі, і Пінокіа застаўся сам. I праз тое, што ён ужо даўно не еў пачаў пазяхаць ад вялікага голаду. I, пазяхаючы, ён разявіў рот, які здаваўся вялікім, як печка.
Урэшце, не знаходзячы ў яслях нічога іншага, ён пакорліва пачаў патроху жаваць сена. I пасля таго як добра перажаваў яго, заплюшчыў вочы і праглынуў.
— Гэтае сена не такое і брыдкае, — сказаў ён сам сабе. — Але наколькі было б лепей, каб я працягваў навучацца!.. Цяпер замест сена я мог бы есці скарынку свежага хлеба і добры кавалак салямі... Але што паробіш!
Калі ён прачнуўся наступнай раніцай, дык адразу пачаў шукаць у яслях яшчэ трохі сена. Але не знайшоў яго, бо ўсё з’еў уначы.
Тады ён узяў у рот здробненай саломы. Але пакуль ён перажоўваў яе, заўважыў, што смак здробненай саломы ні кроплі не падобны ні да рызота па-міланску, ні да макароны па-неапальску.
— Нічога не паробіш, — паўтарыў ён, працягваючы жаваць, — хоць бы маё няшчасце магло навучыць усіх нядбайных і непаслухмяных дзетак і тых, хто не мае ахвоты вучыцца. Нічога не паробіш!.. Нічога не паробіш!
— Нічога не паробіш, яшчэ чаго! — закрычаў гаспадар, які ўвайшоў у гэты момант у стайню. — Можа, ты думаеш, маё мілае аслянятка, што я набыў цябе толькі дзеля таго, каб паіць і карміць? Я прыдбаў цябе, каб ты працаваў і каб ты зарабіў мне шмат грошай. Ну, давай,
смялей! Хадзем са мной у цырк, і там я навучу цябе скакаць праз абруч, раздзіраць папяровыя бочкі ўдарам галавы і танчыць на задніх нагах вальс і польку.
Бедны Пінокіа! Ласкаю ці прымусам, ён павінен быў навучыцца ўсім гэтым цудоўным рэчам. Але каб ім навучыцца, яму спатрэбілася тры месяцы заняткаў і шмат удараў пугай па скуры.
Урэшце надышоў дзень, калі ягоны гаспадар змог абвясціць сапраўды незвычайную імпрэзу. Афішы розных колераў, развешаныя на кожным рагу, паведамлялі:
ВЯЛІКАЯ ЎРАЧЫСТАЯ ІМПРЭЗА
У гэты вечар будуць звычайныя скачкі і дзівосныя практыкаванні, ЯКІЯ БУДУЦЬ ВЫКОНВАЦЬ УСЕ АРТЫСТЫ і ўсе коні гэтай трупы, і болей за тое
першы раз будзе прадстаўленае знакамітае АСЛЯНЯ ПІНОКІА,
якога называюць ЗОРКА ТАНЦА.
Тэатр будзе яскрава асветлены.
Гэтым вечарам, калі вы можаце ўявіць сабе тое, тэатр быў запоўнены яшчэ за гадзіну да пачатку імпрэзы. Месцаў не было ні дарагіх, ні ў ложы, нават калі б за іх плацілі золатам.
Цыркавыя сходы былі поўныя хлопчыкаў і дзяўчатак усіх узростаў, якіх калаціла ад чакання і хвалявання, што яны пабачаць знакамітае асляня Пінокіа.
Скончылася першая частка імпрэзы. Дырэкгар трупы, апрануты ў чорны пінжак, белыя нагавіцы і скураныя чобаты вышэй за калені, прадставіўся прысутнай публіцы. Зрабіўшы глыбокі паклон, ён вельмі ўрачыста агучыў недарэчную прамову:
— Вельмі шаноўная публіка, кавалеры і дамы! Ваш найпакорлівейшы слуга, праязджаючы праз гэтую славутую сталіцу, маю гонар, таксама як і радасць, прадставіць гэтай інтэлігентнай і выдатнай аўдыторыі знакамітае асляня, якое ўжо мела гонар танчыць у прысутнасці Ягамосці Імператара ўсіх галоўных Двароў Еўропы. I ў знак падзякі падтрымайце нас сваёй натхнёнай прысутнасцю і будзьце да нас паблажлівыя.
Гэтая прамова была сустрэтая гучным смехам і бурнымі воплескамі. Але воплескі падвоіліся і сталі ў нечым падобныя да ўрагану, калі пасярод цырка з’явілася асляня
Пінокіа. Яно было святочна ўбранае. На ім была новая аброць з бліскучай скуры са спражкамі і меднымі зашпількамі. У вушах былі два белыя рамонкі. Грыва падзялялася на шмат пасмачак, знітаваных срэбнымі банцікамі. Хвост увесь пераплецены аксамітнымі стужкамі блакітнага і памаранчавага колераў У выніку выгляд быў такі, што ў асла можна было закахацца!
Дырэктар, прадставіўшы яго публіцы, дадаў яшчэ:
— Mae шаноўныя слухачы! He буду тут выдумляць пра вялікія цяжкасці, якія напаткалі мяне, калі я спрабаваў зразумець і скарыць гэтага сысуна, у той час як ён вольна пасвіўся па спякотных раўнінах, ад гары да гары. Паглядзіце, прашу вас, колькі дзікунства відаць у ягоных вачах, бо ўсе спосабы прывучыць яго да цывілізаванага чатырохногага жыцця былі дарэмныя, я мусіў шмат разоў ветла размаўляць з ім з дапамогаю пугі. Але кожная мая ветласць замест таго, каб выклікаць прыхільнасць, толькі пагаршала яго стаўленне да мяне. Тады я, кіруючыся сістэмай Галеса, знайшоў у ягонай галаве невялікі храсток, які Парыжскі медычны факультэт прызнаў карысным для аднаўлення валасоў і ўмення ваяўнічых скокаў. I таму я пастанавіў навучыць яго танчыць, скакаць праз абруч і прадзіраць папяровую бочку. Захапляйцеся ім, а потым судзіце! Аднак перш чым атрымаць
вашую прыхільнасць, абяцаю, панове, што я запрашу вас на заўтра, на вечаровую імпрэзу. Але ў выпадку, калі будзе дажджлівае надвор’е, заўтрашні вечаровы спектакль мы перанясем на наступную раніцу, на адзінаццатую гадзіну дня.
I тут дырэктар зрабіў яшчэ адзін глыбокі паклон і, завярнуўшыся да Пінокіа, сказаў:
— Смялей, Пінокіа!.. Наперад, час пачынаць нашыя практыкаванні. Прывітайце гэтую самавітую публіку — кавалераў дам і дзетак!
Пінокіа адразу паслухмяна сагнуў да зямлі два пярэднія калены і заставаўся на каленях, пакуль дырэкгар, ляснуўшы пугай, не гукнуў яму:
— Ступою!
Тады асёл стаў на чатыры нагі і пачаў хадзіць ступою па коле. Крыху счакаўшы, дырэктар крыкнуў:
— Трушком!
I Пінокіа, слухаючы каманду, пайшоў трушком.
— Намётам!.. — і Пінокіа пабег намётам.
— Наўскач! — і Пінокіа пабег наўскач.
Але ў гэты момант, калі ён бег, як арабскі скакун, дырэктар, узняўшы руку ў паветра, стрэліў з пісталета. Пасля гэтага стрэлу асляня ўпала, нібыта яго паранілі і быццам яно сапраўды канала.
Калі яно ўзнялося з зямлі, дык выклікала выбух воплескаў, крыкаў і грукату, якія атрымліваюць зоркі. Асляня, натуральна, узняло галаву і паглядзела ўгару. I пабачыла ў ложы прыгожую пані, якая мела на шыі вялікія залатыя каралі, на якіх вісеў медальён. На медальёне быў намаляваны партрэт аднаго драўлянага хлопчыка.
— Гэта мой партрэт!.. Гэтая пані — Фея! — усклікнуў пра сябе Пінокіа, адразу пазнаўшы яе.
Ад вялікай радасці ён паспрабаваў крычаць:
— О, Феечка мая! О, Феечка мая!
Але замест гэтых слоў у яго з горла выдраўся такі гучны і працяглы рык, што ўсе гледачы пачалі смяяцца, а найперш усе дзеці, якія былі ў тэатры.
Тады дырэктар, каб патлумачыць яму і даць зразумець, што на публіцы гэта не ёсць добрым тонам, выцяў яго пуI гаўём па носе.
Беднае асляня, высалапіўшы язык, лізала нос ледзь не пяць хвілін, напэўна, спрабуючы гэтак суняць боль.
Але якой была ягоная роспач, калі, зірнуўшы ўгару яшчэ раз, Пінокіа пабачыў што ў ложы нікога няма і што Фея знікла!..
Ён адчуў што канае. Ягоныя вочы напоўніліся слязьмі, і ён пачаў плакаць. Але ніхто гэтага не заўважыў і асабліва дырэктар, які, ляснуўшы пугай, крыкнуў:
— Смялей, Пінокіа! Цяпер пакажыце гэтаму спадарству, як элегантна вы ўмееце скакаць праз абручы.
Пінокіа спрабаваў двойчы ці тройчы. Але штораз, калі ён падбягаў да абруча, замест таго каб скочыць праз яго, праходзіў пад ім.
Урэшце ён скочыў і пераляцеў праз абруч, але, на няшчасце, заднія ногі зачапіліся за абруч, праз што ён паваліўся на зямлю, як мех. Калі ён узняўся, дык кульгаў і з цяжкасцю змог вярнуцца ў стайню.
— Давай Пінокіа! Мы хочам асляня! Назад асляня! — крычалі дзеці з партэра, усхваляваныя сумным здарэннем.
Але асляня гэтым вечарам болей не з’явілася.
Наступнай раніцай ветэрынар, то-бок лекар, які лекуе жывёлаў пасля таго як паглядзеў асла, абвясціў што той застанецца кульгавым на ўсё жыццё.
Тады дырэктар сказаў свайму конюху:
— Як думаеш, што мне рабіць з гэтым кульгавым аслом? Ён будзе дармаедам. Таму завядзі яго на плошчу і прадай.
Калі яны прыйшлі на плошчу, дык адразу знайшоўся пакупнік, які спытаў у работніка стайні:
— Колькі ты хочаш за гэтае кульгавае асляня?
— Дваццаць лір.
— Я дам табе дваццаць сольда. He думай, што я купляю яго, каб ён служыў мне. Я купляю яго толькі праз скуру. Бачу, што ў яго каляная скура. I з ягонай скуры я хачу зрабіць барабан для музычнага калектыву ў маім мястэчку.
Уявіце сабе, дзеці, што адчуў бедны Пінокіа, калі даведаўся, што ён асуджаны стаць барабанам.
Сталася так, што пакупнік, заплаціўшы толькі дваццаць сольда, павёў асляня на скалу, якая была на беразе мора. Пачапіўшы яму на шыю камень, навязаў на нагу вяроўку, якую трымаў у руцэ. Потым ён штурхнуў асляня і скінуў яго ў ваду.
3 гэтым каменем на шыі Пінокіа адразу пайшоў на дно. А пакупнік, увесь час моцна трымаючы вяроўку ў руцэ, усеўся на скале ў чаканні, калі асляня патоне, каб потым злупіць з яго скуру.
Закінуты ў мора, Пінокіа быў з’едзены рыбамі і зноў стаў драўляным хлопчыкам. Але ў той час, калі ён плыў, каб уратавацца, яго праглынула жахлівая Акула.
Прамінула пяцьдзясят хвілін, як асляня было пад вадой. Тады пакупнік сказаў звяртаючыся сам да сябе:
— Цяпер ужо маё беднае кульгавае асляня напэўна патанула. Таму выцягну яго і зраблю з ягонай скуры барабан.
I ён пачаў цягнуць вяроўку, што была навязаная на нагу. I цягнуў, цягнуў, цягнуў, ажно пабачыў, як на паверхні вады з’явіўся... Здагадаліся? Замест мёртвага асляняці ён пабачыў, як на паверхні вады з’явіўся жывы драўляны хлопчык, які круціўся, нібы вугор.
Заўважыўшы драўлянага хлопчыка, бедны чалавек вырашыў, што спіць, ён так і застыў ачмурэлы, з разяўленым ротам і з вырачанымі вачыма.
Трохі апрытомнеўшы ад першага здзіўлення, прамармытаў з плачам:
— А дзе асляня, якое я ўкінуў у мора? Дзе яно?
— Гэта я — тое асляня! — сказаў смеючыся, драўляны хлопчык.
— Ты?
— Я!
— Ах ты, лотр! Думаеш, што можаш смяяцца з мяне?
— Смяяцца з вас? Hi ў якім разе, дарагі гаспадар, я вам кажу паважна.
— Але як жа ты нядаўна быў аслянём, а пабыўшы ў вадзе, зрабіўся драўляным хлопчыкам?..
— Гэта быў эфект марской вады. Гэта мора пажартавала з вас.
— Глядзі, драўляны хлопчык, глядзі!.. He думай забаўляцца за маёй спінаю. Гора табе, калі ў мяне скончыцца цярплівасць.
— Дык хочаце, гаспадар, усё ж такі даведацца сапраўдную гісторыю? Развяжыце мне нагу, і я вам яе апавяду.
Той пакупнік прагнуў ведаць сапраўдную гісторыю, таму адразу разблытаў вузел вяроўкі, што трымаў драўлянага хлопчыка. I Пінокіа, апынуўшыся на волі, як птушка ў паветры, пачаў апавядаць: