Прыгоды Пінокіа
Карла Калодзі
Выдавец: Галіяфы
Памер: 260с.
Мінск 2019
а потым ён даў мне пяць залатых манет, каб я занёс іх вам, але я сустрэў Лісу і Ката, якія завялі мяне ў карчму «Чырвоны Рак», дзе елі, нібы ваўкі, і далей я пайшоў толькі ўначы, сустрэў забойцаў, якія пагналіся за мной, і я ўцякаў, а яны за мной, і я ўцякаў, пакуль яны не павесілі мяне на галіне Вялікага Дуба, куды прыгожая Дзяўчынка з блакітнымі валасамі паслала па мяне карэту, і лекары, калі наведалі мяне, адразу сказалі: «Калі ён не мёртвы, значыцца, ён усё яшчэ жывы», і тады я схлусіў і ў мяне пачаў расці нос, і я болей не праходзіў праз дзверы пакоя, і з гэтай прычыны я пайшоў з Лісой і Катом, каб закапаць чатыры залатыя манеты, бо адну я патраціў у карчме, а Папугай пачаў смяяцца, і замест дзвюх тысяч манет я зусім нічога не знайшоў, той суддзя, калі даведаўся, што я быў абрабаваны, адразу пасадзіў мяне ў вязніцу, каб задаволіць злодзеяў, адтуль я пайшоў прэч, і на полі пабачыў прыгожую гронку вінаграда, я сабраўся зняць яе, а селянін, цалкам справядліва, налажыў мне сабачы аброжак, каб я вартаваў куранятаў а потым ён прызнаў маю невінаватасць і адпусціў мяне, і Змяя з хвастом, з якога ішоў дым, пачала смяяцца, і ў яе луснула жыла ў грудзях, і так я вярнуўся да дома прыгожай Дзяўчынкі, якая памерла, а Голуб, калі пабачыў, што я плачу, сказаў мне:
«Я бачыў твайго тату, які рабіў човен, каб выправіцца шукаць цябе», а я яму: «О! Каб я таксама меў крылы!», а ён мне: «Ці хочаш трапіць да свайго таты?», а я яму: «Было б добра! Але хто мяне даставіць?», а ён мне: «Я цябе дастаўлю», і я сказаў яму: «Як?» I ён мне адказаў: «Сядай да мяне на спіну», і мы так ляцелі ўсю ноч, і потым раніцай усе рыбакі, якія глядзелі ў бок мора, паведамілі мне: «Гэты бедны чалавек на чоўне тоне», і я здалёк вас адразу пазнаў, бо мне падказала сэрца, і я паказваў каб вы вярнуліся на бераг...
— Я таксама пазнаў цябе, — сказаў Джэпета, — і прагнуў вярнуцца на бераг. Але як гэта было зрабіць? Мора было бурнае, і вялікая хваля перакуліла човен. Тады жахлівая Акула, якая знаходзілася там, побач, як толькі пабачыла мяне ў вадзе, адразу паплыла да мяне. Яна высалапіла язык, падхапіла мяне і праглынула, як балонскі тартэліні.
— I колькі вы ўжо тут, усярэдзіне? — спытаў Пінокіа.
— Ад таго дня будзе два гады. Два гады, мой Пінокіа, якія здаліся мне двума стагоддзямі!
— I як вы тут жылі? I дзе знайшлі свечку? А запалкі, каб запаліць яе, хто вам іх даў?
— Зараз я табе ўсё апавяду. Дык вось, гэтая самая бура, якая перакуліла мой човен, таксама патапіла гандлёвы
карабель. Маракі ўсе ўратаваліся, але карабель апусціўся на дно. I тая самая Акула, якая ў той дзень мела выдатны апетыт, пасля таго як праглынула мяне, праглынула яшчэ і карабель.
— Як? Праглынула яго ўвесь, за адзін раз?.. — запытаўся Пінокіа са здзіўленнем.
— Увесь. I выплюнула толькі грот-мачту, бо яна захрасла паміж зубоў як рыбная костка. На маё вялікае шчасце, гэты карабель быў наладаваны кансерваваным мясам у алавяных скрынях, сухарамі, інакш кажучы, падсмажаным хлебам, пляшкамі віна, сушаным вінаградам, сырам, кавай, цукрам, стэарынавымі свечкамі і пушачкамі з запалкамі. 3 усім гэтым Божым падарункам мне ўдалося праіснаваць два гады. Але сёння ўсё скончылася. Сёння ў каморы болей нічога няма, і гэтая свечка, якую ты бачыш запаленай, апошняя свечка, што ў мяне засталася...
— I што далей?
— I далей, дарагі мой, мы абодва застанемся ў цемры.
— Тады, мой татачка, — сказаў Пінокіа, — у нас няма часу каб губляць яго. Неабходна думаць, як уцячы адсюль.
— Уцячы? А як?
— Выскачыць з рота Акулы і паплысці ў мора.
— Гучыць файна. Але я, дарагі Пінокіа, не ўмею плаваць.
— Такой бяды! Вы сядаеце мне верхам на спіну, а я, бо добра ўмею плаваць, дастаўлю вас жывым і здаровым на бераг.
— Ты памыляешся, мой хлопчык! — сказаў Джэпета, пахітаўшы галавой і сумна ўсміхаючыся. — Табе здаецца, што гэта магчыма, каб драўляны хлопчык, ростам ледзь з адзін метр, як ты, меў бы гэтулькі моцы, каб даставіць мяне на спіне.
— Паспрабуйце і даведаецеся! У кожным разе, калі ў нябёсах будзе напісана, што мы мусім памерці, прынамсі, будзем мець вялікае заспакаенне сканаць разам, у абдымках.
Болей нічога не кажучы, Пінокіа ўзяў у руку свечку і, ідучы наперадзе, каб свяціць, паведаміў тату:
— Ідзіце за мной і не бойцеся.
I так яны прайшлі даволі шмат, прамінулі ўсё цела і ўвесь страўнік Акулы. Але дасягнуўшы таго месца, дзе пачыналася вялікае горла пачвары, падумалі, што лепей спыніцца, каб агледзецца і прычакаць адпаведнага моманту на ўцёкі.
Тут трэба зазначыць, што Акула была вельмі, вельмі старой і пакутавала на астму і на сэрца. Таму яна мусіла спаць з разяўленым ротам, праз які Пінокіа, напачатку
высунуўшыся з горла, паглядзеў вонкі. I праз гэты бязмерны разяўлены рот ён пабачыў добры кавалак зорнага неба і цудоўнае святло месяца.
— Гэта найлепшы момант на ўцёкі, — прашаптаў тады ён, павярнуўшыся да свайго таты. — Акула спіць, рыхтык сурок, мора спакойнае і відаць, як удзень. Так што ідзіце, татуля, за мной, і неўзабаве мы будзем уратаваныя.
I, узняўшыся ўгару па горле марской пачвары і трапіўшы ў гэты бязмежны рот, яны пачалі ісці на дыбачках языком. Язык быў такі доўгі і шырокі, што падаваўся сцежкаю ў садзе. I яны ўжо вось-вось былі гатовыя зрабіць вялікі скачок і выплысці ў мора, раптам Акула чхнула. I ад чхання адбыўся такі моцны штуршок, што Пінокіа і Джэпета аказаліся адкінутыя назад, ізноў углыб страўніка страшыдлы. Калі яны падалі ад гэтага моцнага штуршка, свечка згасла, і бацька з сынам засталіся ў цемры.
— I што цяпер?.. — спытаў Пінокіа, зрабіўшыся паважным.
— Цяпер, мой хлопчык, мы дакладна загінулі.
— Чаму загінулі? Дайце мне руку, татуля, і глядзіце не пакаўзніцеся!
— Куды ты мяне вядзеш?
— Трэба зноў паспрабаваць уцячы. Ідзіце за мной і не бойцеся.
Сказаўшы так, Пінокіа ўзяў тату за руку, і, ідучы ўвесь час на дыбачках, яны разам узняліся ў горла пачвары. Потым прайшлі праз увесь язык і пералезлі праз тры шэрагі зубоў. Аднак перш чым яны зрабілі вялікі скачок, драўляны хлопчык сказаў тату:
— Сядайце мне верхам на спіну і абдыміце мяне моцна, моцна. Рэшту я бяру на сябе.
Як толькі Джэпета ўладкаваўся на спіне сына, Пінокіа, упэўнены ў тым, што ён робіць, скочыў у ваду і паплыў. Мора было спакойнае, як алей, месяц ззяў усім сваім святлом, а Акула працягвала спаць такім глыбокім сном, што яе не абудзіў бы нават гарматны стрэл.
Урэшце Пінокіа перастаў быць драўляным хлопчыкам і стаў сапраўдным хлопчыкам.
Пакуль Пінокіа борзда плыў, каб дабрацца да берага, ён адчуў што ягоны тата, які сядзеў на спіне, апусціўшы ногі напалову ў ваду, няспынна дрыжэў быццам беднага чалавека калаціла ліхаманка.
Ці ён калаціўся ад холаду, ці ад страху? Хто ведае. Мабыць, ад таго і ад другога. Але Пінокіа, які вырашыў што дрыготка ад страху, сказаў яму, каб супакоіць:
— Смялей, тата, неўзабаве мы даплывём да берага і ўратуемся.
— Але дзе ж той выратавальны бераг? — спытаў стары, які рабіўся ўсё болыл устрывожаны і прымружваў вочы, рыхтык як гэта робяць краўцы, калі прасоўваюць нітку ў іголку. — Вось я тут гляджу на ўсе бакі і не бачу нічога, апрача неба і мора.
— Але я бачу бераг, — сказаў драўляны хлопчык, — да вашага ведама, я, нібы кот, уначы бачу лепей, чым удзень.
Бедны Пінокіа ўдаваў, што ён у гуморы. Але напраўду хлопчык замаркоціўся. Сілы пакідалі яго, дыханне рабілася глыбокім і цяжкім... Карацей кажучы, ён болей не мог плыць, а бераг быў усё яшчэ далёка.
Ён плыў пакуль меў дыханне. Потым павярнуў галаву да Джэпета і паведаміў перарывістым голасам:
— Тата мой... дапамажыце мне... бо я канаю!
I бацька, і сын ужо гатовыя былі пайсці на дно, як прагучаў голас закінутай гітары, які запытаўся:
— Хто гэта канае?
— Я і мой бедны тата!..
— Я пазнаю голас! Гэта ты, Пінокіа?
— Анягож, а ты хто?
— Я Тунец, твой таварыш па палоне ў целе Акулы.
— А як ты ўратаваўся?
— Я ўчыніў гэтаксама, як і ты. Ты патлумачыў мне дарогу, і пасля цябе я таксама ўцёк.
— Тунец мой, ты апынуўся тут акурат своечасова! Малю цябе, дзеля любові да тваіх дзетак, маленькіх тунцоў, дапамажы нам, інакш мы загінем.
— 3 прыемнасцю. Чапляйцеся абодва за мой хвост і даверцеся мне. За чатыры хвіліны я дастаўлю вас да берага.
Як вы здагадваецеся, Джэпета і Пінокіа адразу прынялі запрашэнне. Але замест таго каб чапляцца за хвост, яны вырашылі ўладкавацца зручней, проста сеўшы верхам на Тунца.
— Ці мы не занадта цяжкія?.. — спытаў яго Пінокіа.
— Цяжкія? He болей за цень. Мне падаецца, што я маю на сабе дзве ракаўкі, — адказаў Тунец, які меў такое вялікае і моцнае цела, што быў падобны да двухгадовага цяляці.
Калі яны дапялі да берага, Пінокіа саскочыў на сушу першым, каб дапамагчы тату. Потым ён павярнуўся да Тунца і ўсхваляваным голасам прамовіў:
— Сябра мой, ты ўратаваў майго тату! У мяне няма нават слоў каб аддзячыць табе як мае быць! Дазволь хоць пацалаваць цябе на знак вечнай удзячнасці!
Тунец высунуў галаву з вады, і Пінокіа, схіліўшыся над вадой, вельмі сардэчна пацалаваў яго. На праяву кранальнай і шчырай пяшчоты бедны Тунец, не прызвычаены да падобнага, нагэтулькі ўсхваляваўся, што заплакаў, як дзіця, і, саромеючыся паказаць гэта, схаваў галаву назад пад ваду і знік.
Тым часам надышоў дзень. Пінокіа, падаўшы руку Джэпета, які ледзь дыхаў і амаль не трымаўся на нагах, сказаў:
— Трымайцеся, калі ласка, за маё плячо, дарагі татуля, і паціху пойдзем чарапашым крокам, а калі стомімся, адпачнём дарогаю.
— I куды мы мусім ісці? — спытаў Джэпета.
— На пошукі нейкага дома ці будана, дзе з нас злітуюцца і дадуць кавалак хлеба і трохі саломы, каб мы зладзілі сабе ложак.
He паспелі яны зрабіць і сотні крокаў, як пабачылі, што на ўзбочыне дарогі сядзелі дзве агідныя мызы, якія прасілі міласціну.
Гэта былі Кот і Ліса, але болей не падобныя да тых, ранейшых. Уявіце, што Кот, удаючы сябе за сляпога, сапраўды аслепнуў А Ліса, пастарэлая, аблыселая, пазбавілася хваста. Так, так. Гэтая зладзейка, якая ўсё болей упадала ў галечу, аднойчы нават была змушаная прадаць свой цудоўны хвост вандроўнаму ганучніку, які набыў яго, каб зрабіць вялікае махала.
— О, Пінокіа! — закрычала Ліса тужлівым голасам. — Злітуйся з гэтых двух бедных нядужных.