Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Хутка ўвагу паненак забраў малады чалавек высакароднага выгляду, якога яны ніколі раней не бачылі і які ў кампаніі афіцэра прагульваўся па іншым баку вуліцы. Афіцэрам аказаўся той самы містар Дэні, чыё вяртанне з Лондана так цікавіла Лідыю, і, убачыўшы іх, ён пакланіўся. Усіх уразіла аблічча незнаёмца, усе прагнулі дазнацца, хто ён, і Кіці з Лідыяй вырашылі тут жа праясніць гэта і скіраваліся на той бок вуліцы, удаючы, што ім трэба ў размешчаную там крамку. На шчасце, на ходнік яны ступілі якраз тады, калі джэнтльмены, павярнуўшы назад, падышлі да таго ж месца. Містар Дэні адразу ж загаварыў і папрасіў у дзяўчат дазволу прадставіць сябра, містара Уікхэма, які прыехаў з ім напярэдадні з горада і, як ён рады паведаміць, залічаны ў іх полк. Усё ішло як мае быць: каб канчаткова зрабіцца чароўным, маладому мужчыну не хапала толькі мундзіра. Выгляд містара Уікхэма сведчыў на яго карысць, бо ўсё ў ім было надзвычай прыгожае: рысы твару, пастава, прыемныя манеры. Пасля знаёмства ён выявіў прыемную гатоўнасць пагаманіць — гатоўнасць, у якой спалучаліся выключная ветлівасць і сціпласць. Кампанія вяла мілую гаворку, як раптам іх увагу забраў цокат капытоў: на вуліцы з’явіліся вярхамі Дарсі і Бінглі. Пазнаўшы паненак, яны скіраваліся да іх, каб павітацца. Гаварыў у асноўным Бінглі, звяртаючыся найбольш да міс Бэнэт. Ен сказаў, што якраз ехаў у Лонгбарн пацікавіцца яе здароўем. Містар Дарсі пацвердзіў гэта кіўком і тут жа вырашыў не спыняць погляд на Элізабэт. Раптам ён заўважыў незнаёмца. Яны
зірнулі адзін на аднаго, і Элізабэт, выпадкова паглядзеўшы на іх твары, са здзіўленнем убачыла, што колер абодвух змяніўся: першы збялеў, другі ж пачырванеў. Счакаўшы некалькі імгненняў, містар Уікхэм дакрануўся да капелюша — на гэтае вітанне містар Дарсі ледзь адказаў. Што б гэта ўсё значыла? Адгадаць было немагчыма, стрымаць цікаўнасць — таксама немагчыма.
Праз хвіліну містар Бінглі, не заўважыўшы, відаць, таго, што адбылося, адвітаўся і разам з сябрам з’ехаў.
Містар Дэні і містар Уікхэм праводзілі юных лэдзі да дома містара Філіпса і раскланяліся, нягледзячы на настойлівыя просьбы Лідыі зайсці і нават на тое, што яе гучна падтрымала сама місіс Філіпс, высунуўшыся з акна гасцёўні.
Місіс Філіпс была заўсёды радая пляменніцам, а паколькі дзве старэйшыя некаторы час адсутнічалі, сёння іх віталі з асаблівай сардэчнасцю. Цётка горача здзівілася іх нечаканаму вяртанню дадому, пра якое яна б і не даведалася, бо іх прывёз чужы экіпаж, калі б не сустрэла на вуліцы хлопчыка з аптэкі містара Джонса, які сказаў, што ў Нэзэрфілд лекі больш не адпраўляюць, бо міс Бэнэт яго пакінула. У гэты момант Джэйн скіравала яе ўвагу на містара Колінза, прадставіўшы кузэна. Місіс Філіпс прыняла яго прыязна, на што той адказаў яшчэ больш прыязна: папрасіў прабачэння за ўварванне без папярэдняга знаёмства і паспадзяваўся, што яго можа апраўдаць сваяцтва з юнымі лэдзі, якія і прадставілі яго гаспадыні дому. Такая надмерная ветлівасць госця прымусіла місіс Філіпс затрымцець, але шумныя роспыты адразу ж перацягнулі яе ўвагу з аднаго незнаёмца на другога, пра якога яна пляменніцам нічога сказаць не магла — хіба толькі тое, што містар Дэні прывёз яго з Лондана і што ён збіраецца паступіць лейтэнантам у ***шырскі полк. Яна сказала, што ўжо гадзіну назірае, як ён шпацыруе ўверх і ўніз па ву-
ліцы, і калі б ён з’явіўся зноў, Кіці і Лідыя, несумненна, далучыліся б да яе занятку. На жаль, міма іх акна прайшло толькі некалькі афіцэраў, якія ў параўнанні з новапрыбылым аказаліся «нуднымі і непрыемнымі». Некаторых з іх чакалі ў містара Філіпса на заўтрашнім абедзе, і цётка паабяцала ўгаварыць мужа зазірнуць да містара Уікхэма і перадаць яму запрашэнне, калі сваякі з Лонгбарна здолеюць да іх вечарам далучыцца. Так яны і дамовіліся, і місіс Філіпс паабяцала, што яны змогуць міла і цудоўна пагуляцьу латарэю, а потым пачаставацца сціплай гарачай вячэрай. Такая перспектыва падаласяўсім вельмі прывабнай, і яны рассталіся ў найлепшым настроі. Пакідаючы дом, містар Колінз зноў папрасіў прабачэння, і яго з нязменнай ветласцю запэўнілі, што ніякай патрэбы ў гэтым няма.
Па дарозе дадому Элізабэт расказала Джэйн, што адбылося паміж двума джэнтльменамі, але паколькі Джэйн была гатовая абараняць ад магчымых абвінавачанняў кожнага з іх паасобку і абодвух разам, растлумачыць такія паводзіны яна здолела яшчэ менш, чым сястра.
Містар Колінз надзвычай усцешыў місіс Бэнэт, пазахапляўшыся манерамі і ветлівасцю місіс Філіпс. Ён заявіў, што, калі не лічыць лэдзі Кэтрын і яе дачкі, ён ніколі не сустракаў такой вытанчанай дамы, бо яна не толькі прыязна яго прыняла, але і запрасіла на заўтрашні вечар, хоць зусім не ведала яго раней. Часткова гэта можна растлумачыць яго сваяцтвам з Бэнэтамі, і ўсё ж ён ніколі ў жыцці не сутыкаўся з такой увагай да ўласнай персоны.
* Латарэя — картачная гульня на любую колькасць гульцоў. Правілы гэтай гульні вельмі простыя і заснаваныя на чыстай выпадковасці: фішкі выйграе той гулец, якому трапілася ўдалая камбінацыя карт.
Раздзел XVI
Паколькі містар і місіс Бэнэт нічога супраць цётчынага запрашэння не мелі і сумненні містара Колінза, які не хацеў пакідаць гаспадароў дому нават на адзін вечар, былі рашуча развеяныя, у дарэчны час брычка даставіла пяцярых сясцёр і іх кузэна ў Мэрытан. Увайшоўшы ў гасцёўню, дзяўчаты з прыемнасцю дазналіся, што містар Уікхэм прыняў запрашэнне іх дзядзькі і ўжо таксама прыбыў.
Калі ўсе выслухалі гэтую навіну і селі на свае месцы, містар Колінз атрымаў урэшце магчымасць агледзецца і выказаць захапленне. Памеры і мэбліроўка пакоя так яго ўразілі, што ён, паводле яго словаў, амаль уявіў сябе ў маленькім летнім пакоі для сняданкаў у Розінгзе. Параўнанне спачатку было прынятае без асаблівай радасці, але калі місіс Філіпс растлумачылі, што такое Розінгз і хто ім валодае, а таксама апісалі ўсяго адну з гасцёўняў лэдзі Кэтрын дэ Бур, у якой толькі камінная паліца каштавала васямсот фунтаў, гаспадыня дому спасцігла важкасць камплімента, і яе б ужо не пакрыўдзіла нават параўнанне з пакоем ахмістрыні.
Расказваючы місіс Філіпс пра веліч лэдзі Кэтрын і яе ўладанняў і калі-нікалі робячы адступленні ў гонар уласнага сціплага жытла і яго апошніх удасканаленняў, містар Колінз цудоўна прабавіў час да прыходу мужчын. Гаспадыня аказалася вельмі ўважлівай слухачкай, чыё меркаванне пра асобу апавядальніка расло з кожным пачутым словам і якая прагнула як мага хутчэй распаўсюдзіць атрыманыя веды сярод суседзяў. Дзяўчатам, якія ўжо не маглі слухаць кузэна і якім не заставалася нічога, як толькі чакаць музыкі і разглядаць на каміне талеркі, распісаныя імі ж пад кітайскую парцаляну, чаканне падалося вельмі доўгім. Але ўрэшце яно скончылася. Джэнтльмены прыйшлі, і калі ў пакоі
з’явіўся містар Уікхэм, Элізабэт зразумела, што захапленне, якое яна адчула, убачыўшы яго мінулым разам, а таксама думаючы пра яго пасля, было цалкам заслужаным. Афіцэры ***шырскага палка ўвогуле былі добра выхаваныя і вартыя даверу, ды і на вячэры прысутнічалі толькі выбраныя, але містар Уікхэм гэтак жа перасягаў кожнага з іх абліччам, паставай, манерамі і паходкай, як кожны з іх перасягаў шыракатварага і задышлівага дзядзьку Філіпса, ад якога пахла партвейнам: ён зайшоў у пакой услед за імі.
Містар Уікхэм быў тым шчаслівым мужчынам, на якога скіраваліся погляды амаль усіх прысутных жанчын, а Элізабэт была той шчаслівай жанчынай, ля якой ён урэшце прысеў і з якой адразу ж завязаў размову. Яна вялася ўсяго толькі вакол сырога вечара, але яе прыемны характар прымусіў Элізабэт зразумець, што нават звычайную і занудлівую, надзвычай банальную тэму ўмелы суразмоўца можа зрабіць цікавай.
Такія сур’ёзныя супернікі за ўвагу жаночага полу, як містар Уікхэм і іншыя афіцэры, адразу ж адсунулі містара Колінза на другі план: для юных лэдзі ён проста перастаў існаваць. Але часам уважлівая слухачка ў асобе місіс Філіпс да яго ўсё ж вярталася, і дзякуючы яе пільнасці містар Колінз быў шчодра забяспечаны кавай і кексамі.
Калі прынеслі картачныя сталы, ён атрымаў магчымасць аддзячыць гаспадыні, далучыўшыся да гульні ў віст*.
— Пакуль што гулец з мяне ніякі, — сказаў ён, — але я буду рады ўдасканаліцца, бо ў маёй сітуацыі...
Місіс Філіпс была ўдзячная яму за згоду, але тлумачэння яе прычыны чакаць не стала.
* Віст — вядомая з XVIII стагоддзя камандная картачная гульня, папярэдніца брыджа і прэферанса.
Містар Уікхэм у віст не гуляў, і яго з радасцю прынялі за іншым сталом, дзе ён сеў паміж Элізабэт і Лідыяй. Спачатку існавала небяспека, што надзвычай балбатлівая Лідыя завалодае яго ўвагай, але, захапіўшыся латарэйнымі білетамі, яна заглыбіліся ў гульню і з такой жарсцю рабіла стаўкі і ўскрыквала пры выйгрышах, што ні на кога больш не зважала. Містару Уікхэму ж гульня не перашкаджала гутарыць з Элізабэт, якая ахвотна яго слухала, хоць і не спадзявалася пачуць тое, што цікавіла яе найбольш: гісторыю знаёмства з містарам Дарсі. Яна не наважвалася нават згадаць гэтага джэнтльмена. Аднак яе цікавасць нечакана была задаволеная. Містар Уікхэм сам звярнуўся да гэтай тэмы. Ен удакладніў, ці далёка ад Мэрытана да Нэзэрфілда, і, атрымаўшы адказ, няўпэўнена спытаў, ці даўно тут знаходзіцца містар Дарсі.
— Каля месяца, — сказала Элізабэт і, не жадаючы ўпусціць тэму, дадала: — Наколькі я ведаю, ён валодае вялікім маёнткам у Дэрбішыры.
— Так, — адказаў містар Уікхэм, — маёнтак у яго выдатны, чыстыя дзесяць тысяч на год. Вы наўрад ці сустрэнеце чалавека, які дасць вам дакладнейшыя звесткі, чым я, бо я з дзяцінства шчыльна звязаны з іх сям’ёй.
Элізабэт не стрымала здзіўлення.
— Вядома, вас гэта дзівіць, міс Бэнэт, пасля таго як вы маглі бачыць учора нашу халодную сустрэчу. Вы блізка ведаеце містара Дарсі?
— Дастаткова блізка, каб бліжэй не хацелася! — горача ўсклікнула Элізабэт. — Я чатыры дні правяла з ім пад адным дахам і лічу яго вельмі непрыемным.
— Я не маю права выказваць сваёмеркаванне пра яго прыемнасць, — сказаў Уікхэм. — Ды і скласці яго не Ma­ry, бо ведаю містара Дарсі надта даўно і надта добра, каб быць справядлівым суддзём. Быць бесстароннім
у мяне не атрымаецца. Аднак ваша ацэнка здаецца мне даволі нечаканай, і, магчыма, вы не давалі б яе так адкрыта ў іншым месцы. Але тут вы сярод сваіх.