Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Лепшага нельга было і чакаць! Той, хто любіць танчыць, лёгка можа закахацца, і таму на сэрца містара Бінглі строіліся самыя смелыя планы.
— Калі адна з маіх дачок стане шчаслівай гаспадыняй Нэзэрфілда, — казала місіс Бэнэт мужу, — і астатнія знойдуць сабе не горшую партыю, мне большага і не трэба.
Праз некалькі дзён містар Бінглі наведаў містара Бэнэта і дзесяць хвілін праседзеў з ім у бібліятэцы. Містар Бінглі цешыўся надзеяй быць дапушчаным да маладых паненак, пра прыгажосць якіх так шмат чуў, але змог сустрэцца толькі з іх бацькам. Паненкам пашчасціла больш, бо, пазіраючы з верхняга акна, яны мелі магчымасць даведацца, што госць прыехаў на чорным кані і на ім быў сіні сурдут.
Неўзабаве містару Бінглі даслалі запрашэнне на абед. Місіс Бэнэт ужо склала меню, якое мусіла зрабіць гонар яе ўменню весці дом, калі раптам прыйшоў адказ, які руйнаваў яе планы. Містар Бінглі мусіў ад’ехаць на наступны дзень у Лондан і таму, на вялікі жаль, быў пазбаўлены шчасця прыняць запрашэнне, і г. д., і г. д.
Місіс Бэнэт занепакоілася: яна не магла ўявіць, якія такія справы клічуць яго ў горад адразу пасля прыезду ў Хартфардшыр, і пачала хвалявацца, што ён будзе пераязджаць з месца на месца, так і не ўладкаваўшыся ў Нэзэрфілдзе як мае быць. Лэдзі Лукас крыху супакоіла яе, сказаўшы, што, магчыма, ён паехаў у Лондан па сяброў, з якімі збіраецца наведацца на баль. Праз некаторы час разышлася пагалоска, нібыта ён прывязе з сабой дванаццаць дам і сем джэнтльменаў. Колькасць дам надзвычай засмуціла дзяўчат, але за дзень да балю іх суцешыла вестка, што дам будзе не дванаццаць, а ўсяго шэсць — пяць яго сясцёр і адна кузіна. Калі ж кампанія ўвайшла ў бальную залу, выявілася, што прыехалаўсяго пяць чалавек — сам містар Бінглі, дзве яго сястры, муж старэйшай з іх і яшчэ адзін малады джэнтльмен.
Містар Бінглі быў вельмі прыемным і шляхетным мужчынам прывабнага выгляду і з нязмушанымі манерамі, яго сёстры — вытанчанымі і свецкімі. Яго зяць, містар Хёрст, выглядаў як джэнтльмен і толькі, затое сябар Бінглі, містар Дарсі, хутка забраў увагу прысутных дзякуючы высокай і статнай паставе, правільным рысам твару, арыстакратычнаму абліччу, а таксама чутцы пра маёнтак, які прыносіць дзесяць тысяч фунтаў на год — ужо праз пяць хвілін пасля яго з’яўлення яна абляцела ўсю залу. Джэнтльмены абвясцілі яго вартай асобай, дамы пастанавілі, што ён нават прывабнейшы за містара Бінглі, і амаль палову вечара глядзелі на яго з глыбокім захапленнем. Аднак неўзабаве ўсеагульнае захапленне сышло на нішто: высветлілася, што ён пыхлівы, што цураецца кампаніі і забаваў, і нават значная маёмасць у Дэрбішыры не магла ўпрыгожыць яго змрочны і непрыязны выгляд і ўратаваць ад незайздросных параўнанняў з сябрам.
Містар Бінглі хутка пазнаёміўся амаль з усімі значнымі персонамі сярод прысутных. Ен быў жыццяра-
дасны і адкрыты, не прапусціў ніводнага танца, засмуціўся, што баль мусіць скончыцца так рана, і сказаў, што варта было б зладзіць яшчэ адзін у Нэзэрфілдзе. Яго выключныя якасці гаварылі самі за сябе. Як жа ён адрозніваўся ад свайго сябра! Містар Дарсі танчыў толькі двойчы — адзін раз з місіс Хёрст і адзін раз з міс Бінглі, — адмовіўся знаёміцца з іншымі дамамі і большую частку вечара прашпацыраваў па зале, зрэдку перакідваючыся словам-другім з сябрамі. Ніхто больш не сумняваўся, што ён — самы пыхлівы, самы непрыемны ў свеце чалавек, і ўсе спадзяваліся, што больш ніколі яго не ўбачаць. Самым лютым яго ворагам выявілася місіс Бэнэт, і яе абурэнне паводзінамі містара Дарсі вырасла яшчэ больш, калі ён пагрэбаваў адной з яе дачок.
Праз недахоп кавалераў Элізабэт Бэнэт давялося праседзець два танцы. Непадалёк ад яе стаяў містар Дарсі, і яна выпадкова пачула яго размову з містарам Бінглі, які скарыстаўся хвіліннай перадышкай, каб угаварыць сябра далучыцца да танцаў.
— Давай, Дарсі, — сказаў ён. — Я павінен прымусіць цябе танчыць. Глядзець не магу, як ты стаіш тут нібы слуп. Напраўду, запрасі каго-небудзь.
— Гэта абсалютна немагчыма. Ты ж ведаеш, я не люблю танчыць з дамамі, з якімі блізка не знаёмы. А на такім балі гэта будзе ўвогуле нясцерпна. Твае сёстры ўжо ангажаваныя, а апроч іх тут няма ніводнае жанчыны, танчыць з якой не было б для мяне пакутай.
— Як цудоўна, што я не такі прыдзірлівы, як ты! — усклікнуў містар Бінглі. — Слова гонару, я ніколі раней не сустракаў столькі прывабных паненак, і некаторыя з іх напраўду прыгажуні.
— Ты танчыш з адзінай прывабнай паненкай у гэтай зале, — сказаў містар Дарсі, пазіраючы на старэйшую міс Бэнэт.
— О, яна — самае чароўнае стварэнне, якое я бачыў! Але акурат за табой сядзіць адна з яе сясцёр, таксама мілая і, асмелюся сказаць, вельмі прыемная. Дазволь я папрашу маю даму пазнаёміць вас.
— Каторую ты маеш на ўвазе? — павярнуўшы галаву, Дарсі зірнуў на Элізабэт, але, заўважыўшы, што яна таксама на яго глядзіць, тут жа адвярнуўся і холадна заўважыў: — Цярпець можна, але яна не настолькі прыгожая, каб мяне завабіць. У мяне няма настрою суцяшаць паненку, якой пагрэбавалі іншыя кавалеры. А таму лепш вяртайся да сваёй дамы, якая так міла табе ўсміхаецца, і не марнуй на мяне часу.
Бінглі скарыстаўся парадай, яго сябар адышоў у іншы бок залы, а ў сэрцы Элізабэт засталіся не самыя прыязныя пачуцці да містара Дарсі. Тым не менш яна з вялікім запалам пераказала гэтую гісторыю сяброўкам, бо мела жыццярадасны і гарэзлівы нораў і знаходзіла прыемнасць ва ўсім смешным.
Сям’я Бэнэтаў прыемна прабавіла вечар. Місіс Бэнэт бачыла, што нэзэрфілдская кампанія прыязна прымае яе старэйшую дачку: містар Бінглі двойчы танчыў з ёй, яго сёстры таксама добра да яе паставіліся. Джэйн была задаволеная не менш за маці, хаця і не так бурна выказвала радасць. Элізабэт была радая за Джэйн. Мэры пачула, як нехта ў размове з міс Бінглі назваў яе самай адукаванай паненкай у ваколіцы. Кэтрын і Лідыі пашчасціла не прапусціць ніводнага танца — жадаць ад балю большага яны пакуль не навучыліся. Такім чынам, усе вярнуліся ў Лонгбарн — вёску, у якой жылі і дзе былі самай паважанай сям’ёй — у найлепшым настроі. Містар Бэнэт яшчэ не спаў. Сеўшы з кнігай, ён не заўважаў, як ляціць час, да таго ж яму было цікава, як прайшоў вечар, на які яго сям’я так разлічвала. Ен амаль спадзяваўся, што жонка вернецца расчараванай, але хутка зразумеў, што пачуе нешта зусім іншае.
— О, мой дарагі містар Бэнэт! — усклікнула жонка, ледзь зайшоўшы ў пакой. — Гэта быў надзвычай цудоўны вечар і надзвычай чароўны баль! Як шкада, што вас там не было! Вы нават не ўяўляеце, якое захапленне выклікала Джэйн! Усе казалі, што яна добра выглядае, а містар Бінглі ўвогуле палічыў яе красуняй і двойчы запрасіў на танец! Падумаць толькі, мой дарагі, ён і праўда танчыў з ёй два разы! I яна была адзінай, каго ён запрасіў двойчы! Спачатку ён танчыў з міс Лукас. Я так абурылася, калі ўбачыла іх у пары! Аднак насамрэч ён не звярнуў на яе ўвагі — ды і хто б звярнуў! Здаецца, Джэйн уразіла яго, як толькі пачаліся танцы. Таму ён дазнаўся, хто яна такая, папрасіў іх пазнаёміць і адразу ж запрасіў на два танцы! Пасля ён запрасіў міс Кінг, а за ёй — Марыю Лукас, наступныя два танчыў зноў з Джэйн, пасля — з Лізі, а вось буланжэ ён танчыў...
— Калі б у яго было да мяне хоць крыху літасці, — нецярпліва перабіў яе муж, — ён танчыў бы ўдвая меней! Богам малю, хопіць пералічаць усіх яго дам. Хай бы ён вывіхнуў нагу пасля першага танца!
— Але мой дарагі, я ад яго ў захапленні! Ен надзвычай прыемны малады чалавек! I яго сёстры такія чароўныя! Я ніколі не бачыла больш вытанчаных строяў! Адны карункі на ўбранні місіс Хёрст...
Тут яе зноў перарвалі: містар Бэнэт быў рашуча супраць апісання строяў. Яго жонцы давялося шукаць іншую тэму, і яна з усёй зласлівасцю і пэўным перабольшаннем абрынулася на містара Дарсі і яго абуральную грубасць.
— Але не сумнявайцеся, — скончыла яна, — Лізі няшмат страціла ад таго, што не дагадзіла яго густу, бо гэты Дарсі — надзвычай непрыемны і агідны чалавек, зусім не варты ўвагі. Ен такі пыхлівы і саманадзейны, што яго тут ніхто не трывае! Шпацыраваў сабе то тут, то там, думаючы, які ён вялікі! He настолькі прыгожая,
каб з ім танчыць... Хацела б я, каб вы былі там і асадзілі яго, як вы гэтаўмееце! Цярпець яго не магу!
Раздзел IV
Застаўшыся сам-насам з Элізабэт, Джэйн, да гэтага стрыманая ў пахвалах містару Бінглі, адкрыла сястры, як моцна ён ёй спадабаўся.
— Ен акурат такі, якім мусіць быць малады чалавек, — сказала яна, — разумны, добры, жыццярадасны. Hi ў кога раней я не бачыла такіх цудоўных манер — нязмушаных, але разам з тым такіх выкшталцоных!
— Да таго ж ён прыгожы, — адказала Элізабэт, — якім і мусіць быць малады чалавек, калі толькі можа. А значыць, ён дасканалы.
— Мне было вельмі прыемна, калі ён другі раз запрасіў мяне на танец. Я гэтага не чакала.
— He чакала? Затое я чакала. Гэтым мы з табой і адрозніваемся. Прыязнасць і ўвага заўсёды здаюцца табе нечаканасцю, мне ж — ніколі. Гэта было так натуральна — запрасіць цябе на другі танец: ён не мог не заўважыць, што ты разоў у пяць прыгажэйшая за любую іншую ў зале. А таму рэч не ў яго ветлівасці. Хаця, вядома, ён вельмі прыемны, і я не супраць, што ты яго ўпадабала. Табе падабаліся і большыя дурні.
— Мілая Лізі!
— О, ты ж ведаеш, у цябе сапраўдны талент захапляцца людзьмі. Ты ніколі не бачыш у іх недахопаў — у тваіх вачах увесь свет добры і прыемны. Ты ні разу ў жыцці ні пра коГа не сказала кепска!
— He варта спяшацца кагосьці асуджаць. Але я заўсёды гавару тое, што думаю.
— А як жа іначай? Менавіта гэта найбольш мяне ўражвае. Як ты са сваім здаровым сэнсам можаш
не бачыць безразважнасці і бязглуздасці некаторых людзей? Паказная дабрыня нікога не здзівіць — яна ўсюды. Але толькі ты ўмееш з усёй шчырасцю, без аніякага разліку ці крывадушнасці заўважаць у чалавеку толькі найлепшыя якасці, нават перабольшваць іх і абмінаць дрэннае. А сёстры містара Бінглі табе таксама спадабаліся? Яны паводзілі сябе зусім не так, як ён.
— Безумоўна, не з першага погляду. Але пагаварыўшы з імі, я зразумела, што яны таксама вельмі прыязныя. Міс Бінглі збіраецца пасяліцца разам з братам і весці яго дом. Наўрад ці я памылюся, калі скажу, што мы знойдзем у яе асобе вельмі прыемную суседку.