Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Калі сняданак скончыўся, сёстры Бінглі наведалі іх, і як толькі Элізабэт убачыла, колькі ўвагі і пяшчоты яны аддаюць Джэйн, яе сэрца пацяплела. Потым прыехаў аптэкар і, агледзеўшы хворую, пацвердзіў, што яна прастыла і патрабуе пільнага догляду, прапісаў ёй пасцельны рэжым і паабяцаў прыслаць лекі. Яго парады тут жа выканалі, бо ліхаманка і галаўны боль рабіліся ўсё мацнейшымі. Элізабэт ні на хвіліну не пакідала пакоя, астатнія лэдзі таксама надоўга не сыходзілі — што праўда, ім усё адно не было чым заняцца, бо джэнтльмены адсутнічалі.
Калі гадзіннік прабіў тры, Элізабэт неахвотна паведаміла, што мусіць ісці. Міс Бінглі прапанавала ёй экіпаж, і Элізабэт была амаль гатовая скарыстацца ім. Але навіна пра ад’езд сястры так засмуціла Джэйн, што міс Бінглі давялося да старой прапановы дадаць новую і запрасіць Элізабэт таксама застацца ў Нэзэрфілдзе. Тая з удзячнасцю пагадзілася, і ў Лонгбарн замест яе выправіўся слуга, каб папярэдзіць родных і прывезці неабходнае адзенне.
Раздзел VIII
У пяць гадзін сёстры містара Бінглі пайшлі пераапранацца, і а палове на сёмую Элізабэт запрасілі на абед. За сталом на яе адразу ж пасыпаліся ветлівыя пытанні, на якія яна, з прыемнасцю адзначыўшы шчыры клопат містара Бінглі, суцяшальнага адказу даць не магла. Лепей Джэйн не рабілася. Пачуўшы гэта, сёстры тры ці чатыры разы сказалі, як ім шкада, якая гэта жахлівая рэч — прастуда, як моцна яны самі не любяць хварэць, і пасля пра Джэйн не ўспаміналі. Элізабэт адчула да іх ранейшую непрыязнасць, заўважыўшы, што яны робяцца абыякавымі да хворай, як толькі тая знікае з іх поля зроку.
Адзіным у кампаніі, да каго яна ставілася з цеплынёй, быў містар Бінглі. Ен відавочна трывожыўся за Джэйн і быў вельмі ўважлівы да Элізабэт, што не давала паненцы адчуць сябе нязванай госцяй, якой яе, відаць, лічылі астатнія. Ніхто, апроч яго, асабліва на яе не зважаў. Міс Бінглі была цалкам занятая містарам Дарсі, як, зрэшты, і яе сястра, а што да містара Хёрста, які сядзеў побач з Элізабэт, то гэты млявы чалавек цікавіўся толькі ежай, віном і картамі, а таму, калі ён дазнаўся, што ростбіф яна любіць болып за рагу, гаварыць ім больш не было пра што.
Адразу пасля абеду Элізабэт адправілася да Джэйн, і як толькі яна пакінула пакой, міс Бінглі пачала яе абгаворваць. Яна абвясціла, што ў госці жахлівыя манеры, якія ўяўляюць сабой спалучэнне пыхі і нахабства, што яна не ўмее падтрымліваць размову і не мае ніякага густу, вытанчанасці ці прыгажосці. Місіс Хёрст з усім пагадзілася і дадала:
— Карацей кажучы, адзіная яе вартасць — гэта тое, што яна выключны хадок. Ніколі не забуду, як яна прыйшла да нас сёння ранкам. Сапраўдная дзікунка.
— Маеш рацыю, Луіза. Я ледзь стрымалася. Прыйсці сюды — бязглуздая ідэя! Навошта ёй бегаць па ваколіцах, калі сястра прастыла? У яе такія растрапаныя валасы і абветраны твар!
— А ўспомні яе ніжнюю спадніцу! Спадзяюся, ты звярнула на яе ўвагу — шэсць цаляў бруду, не менш! Яна спрабавала схаваць гэта пад сукенкай, але нічога не атрымалася.
— Можа, так яно і было, Луіза, — сказаў Бінглі, — але я нічога не заўважыў. Як на мяне, сёння ранкам міс Элізабэт Бэнэт выглядала цудоўна. Бруд на яе падоле мне ў вочы не кінуўся.
—Але вы, містар Дарсі, несумненна, яго заўважылі, — сказала міс Бінглі. — Мяркую, вы не хацелі б убачыць у такім выглядзе сваю сястру.
— Безумоўна, не.
— Ісці тры, не, чатыры, не, нават пяць ці колькі там міляў па калена ў брудзе, прычым у поўнай самоце! Што ўсё гэта значыць? Мне тут бачыцца абуральная самаўпэўненасць, гэткая правінцыйная абыякавасць да прыстойнасці.
— А мне — надзвычай прыемная прывязанасць да сястры, — сказаў Бінглі.
— Баюся, містар Дарсі, — гучным шэптам падсумавала міс Бінглі, — сённяшняя прыгода сапсуе вашае меркаванне пра яе чароўныя вочы.
— Зусім не, — адказаў Дарсі, — пасля прагулкі яны гарэлі яшчэ ярчэй.
Наступіла кароткая паўза, і місіс Хёрст прадоўжыла:
— Я добра стаўлюся да Джэйн Бэнэт, яна сапраўды мілая дзяўчына, і я ад усяго сэрца жадаю ёй шчасліва ўладкавацца ў жыцці. Аднак, баюся, з такімі бацькамі і астатняй раднёй у яе няма шанцаў.
— Ты, здаецца, казала, што яе дзядзька — павернік у Мэрытане.
— Так, а яшчэ адзін дзядзька жыве недзе ў Чыпсайдзе*.
— Цудоўна! — усклікнула міс Бінглі, і яны абедзве ад душы рассмяяліся.
—Хай нават іхдзядзькі заселяцьув^сьЧыпсайд, — усклікнуў Бінглі, — паненак гэта менш прывабнымі не зробіць!
— Але істотна зменшыць іх шанец выйсці замуж за чалавека хоць з якім становішчам у свеце, — адгукнуўся Дарсі.
Бінглі нічога не адказаў, але яго сёстры шчыра падтрымалі Дарсі і яшчэ некаторы час з прыемнасцю абмяркоўвалі бязродных сваякоў сваёй дарагой сяброўкі.
Аднак скончыўшы абедаць, яны з новай пяшчотай адправіліся да Джэйн і праседзелі з ёй, пакуль іх не паклікалі піць каву. Хворая яшчэ была ў кепскім стане, таму Элізабэт не пакідала яе да позняга вечара і толькі пераканаўшыся, што тая заснула, адчула калі не жаданне, то неабходнасць спусціцца да астатніх. Зайшоўшы ў гасцёўню, яна ўбачыла, што ўсе гуляюць у «мушку»", і адразу ж атрымала запрашэнне далучыцца, аднак мяркуючы, што гульня ідзе на высокія стаўкі, адмовілася, спаслаўшыся на хваробу сястры і сказаўшы, што нядоўгі час адпачынку ёй хочацца прабавіць з кнігай. Містар Хёрст здзіўлена зірнуў на яе.
— Кнігі вам мілейшыя за карты? Што за дзіва!
— Міс Эліза Бэнэт картамі пагарджае, — сказала міс Бінглі. — Яна ўвесь час чытае, а ад іншых радасцяў адмаўляецца.
— Я не заслугоўваю ні такой пахвалы, ні такіх папрокаў! — усклікнула Элізабэт. — Я не вельмі люблю чытаць і знаходжу радасць у многіх рэчах.
* Чыпсайд — вуліца і раён у Лондане, гістарычны дзелавы цэнтр горада, у якім жылі пераважна людзі, што вялі гандлёвыя справы, а значыць, не належалі да найвышэйшых колаў.
** «Мушка» — старадаўняя картачная гульня, падобная да покера з абменам і брыджа, у якую маглі гуляць ад 3 да 8 чалавек.
— He сумняваюся, што клопат пра сястру — адна з іх, — прамовіў Бінглі. — Спадзяюся, хутка яна паправіцца, і радасць зробіцца яшчэ большай.
Элізабэт шчыра яму падзякавала і падышла да стала, дзе ляжала некалькі кніг. Бінглі тут жа прапанаваў ёй прынесці з бібліятэкі ўсё, што яна захоча.
— Хацеў бы я, каб дзеля вашай карысці і майго гонару збор аказаўся больш грунтоўным, але ж я гультай. Кніг у мяне няшмат, але ўсё адно болып, чым я калінебудзь прачытаю.
Элізабэт упэўніла яго, што ёй хопіць тых, што ляжаць у пакоі.
— Проста неверагодна, што наш бацька пакінуў такі невялікі кнігазбор, — сказала міс Бінглі. — Але якая цудоўная бібліятэка ў вас у Пэмбэрлі, містар Дарсі!
— Інакш і быць не магло, — адказаў той. — Яе збірала шмат пакаленняў.
— I вы зрабілі вялікі ўнёсак — вы ж увесь час купляеце кнігі.
— Я не магу занядбаць сямейную бібліятэку ў такі час, як наш.
— Занядбаць?! Думаю, вы не занядбаеце ніводнай магчымасці зрабіць свой велічны маёнтак яшчэ прыгажэйшым. Чарлз, калі ты збярэшся будаваць уласны дом, хай ён будзе хоць напалову такім шыкоўным, як Пэмбэрлі.
— Я і сам бы гэтага хацеў.
— Раю табе купіць маёнтак там побач і ўзяць Пэмбэрлі за ўзор. У Англіі няма лепшай мясціны, чым Дэрбішыр.
— Ды я ахвотна куплю нават Пэмбэрлі, калі толькі Дарсі прадасць.
— Я кажу пра магчымае, Чарлз.
— Шчыра кажучы, Кэралайн, мне здаецца, Пэмбэрлі прасцей купіць, чым пабудаваць нешта падобнае.
Размова так зацікавіла Элізабэт, што яна амаль перастала аддаваць увагу кнізе, а хутка ўвогуле яе адклала і села да картачнага століка, паміж містарам Бінглі і яго старэйшай сястрой, каб паназіраць за гульнёй.
— Міс Дарсі моцна падрасла з мінулай вясны? — пацікавілася міс Бінглі. — Ці вырасце яна такой жа высокай,як я?
— Думаю, так. Цяпер яна ростам амаль як міс Элізабэт, можа, нават трошкі вышэйшая.
— Як я хачу зноў яе ўбачыць! Мяне яшчэ ніхто так не захапляў! Такая пастава, такая манера трымацца — для яе ўзросту гэта сапраўдная дасканаласць. А як бліскуча яна грае на фартэпіяна!
— Мяне ўражвае, — сказаў Бінглі, — як усім маладым лэдзі хапае цярпення зрабіцца такімі выкшталцонымі.
— Усе маладыя лэдзі выкшталцоныя? Дарагі Чарлз, што ты маеш на ўвазе?
— Ну вядома, усе! Яны распісваюць столікі, аздабляюць шырмы і плятуць кашалькі. He магу прыгадаць ніводнай паненкі, якая не ўмее гэта рабіць, і калі мне расказваюць пра нейкую юную лэдзі, то заўжды ўдакладняюць, што яна вельмі выкшталцоная.
— Ваш пералік дзявочых талентаў занадта падобны на праўду, — сказаў Дарсі. — Многіх паненак называюць выкшталцонымі, хоць яны толькі і ўмеюць, што плесці кашалькі і аздабляць шырмы. Я не згодны з вашым меркаваннем пра жанчын. He магу пахваліцца, што ў маім атачэнні знойдзецца хаця б паўтузіна сапраўды выкшталцоных лэдзі.
— Цалкам з вамі згодная, — сказала міс Бінглі.
— Тады, — адзначыла Элізабэт, — вы мусіце шмат укладаць у гэтае паняцце.
— Вядома, я шмат у яго ўкладаю.
— Няма сумнення, — усклікнула яго верная саюзніца, — што жанчына не можа лічыцца сапраўды
выкшталцонай, калі яе ўзровень істотна не перасягае ўзроўню звычайных паненак! Яна мусіць разбірацца ў музыцы, спяваць, маляваць і ведаць замежныя мовы, а таксама вылучацца нечым няўлоўным у абліччы, хадзе, голасе, у мове і манеры гаварыць, а інакш такога вызначэння яна заслугоўвае толькі напалову.
— Усё гэта, вядома, неабходна, — прамовіў Дарсі, — але варта дадаць і нешта болып важнае — развіты шырокім чытаннем розум.
— Тады я не здзіўляюся, што вы ведаеце не больш за шэсць выкшталцоных жанчын. Дзіўна, што яны ўвогуле знайшліся.
— Вы так сурова ставіцеся да свайго полу і не верыце, што такое магчыма?
— Я такой жанчыны ніколі не сустракала, — сказала Элізабэт. — Ніколі не сутыкалася са згаданымі вамі якасцямі — і густам, і стараннасцю, і вытанчанасцю — у адной асобе.
Місіс Хёрст і міс Бінглі абурыліся несправядлівасцю яе прыхаванага сумнення і пачалі сцвярджаць, што абедзве ведаюць дастаткова жанчын, якія падыходзяць пад апісанне, пакуль містар Хёрст не заклікаў гульцоў да парадку, пажаліўшыся на іх няўважлівасць да партыі. Размова скончылася, і неўзабаве Элізабэт пакінула пакой.
— Эліза Бэнэт належыць да тых маладых лэдзі, — прамовіла міс Бінглі, як толькі дзверы зачыніліся, — якія спрабуюць вылучыцца перад супрацьлеглым полам, прыніжаючы ўласны, і ў іх гэта, скажу я вам, нярэдка атрымліваецца. Але на маю думку, гэты спосаб варты жалю.