Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
— Няма сумнення, — адказаў Дарсі, якому заўвага і прызначалася, — што жалю варты любы спосаб, якім жанчыны часам заваёўваюць увагу. Усё, што спараджаецца хітрасцю, — гідкае.
Яго адказ задаволіў міс Бінглі не да канца, а таму працягваць яна не стала.
Элізабэт зазірнула да іх яшчэ раз толькі каб паведаміць, што сястры пагоршала і яна не можа болып яе пакідаць. Бінглі тут жа вырашыў зноў паклікаць містара Джонса, а яго сёстры, упэўненыя, што ў правінцыі добрага лячэння не дачакаешся, раілі паслаць у горад па знанага доктара. Пра гэта Элізабэт не хацела і чуць, але ад прапановы Бінглі не адмовілася. Вырашылі, што калі міс Бэнэт не палепшае, ранкам пашлюць па містара Джонса. Бінглі нерваваўся, яго сёстры сцвярджалі, што яны зусім няшчасныя. Праўда, іх нядрэнна суцешылі спевы дуэтам пасля вячэры, тым часам як іх брат трошкі супакойваўся толькі наказваючы дварэцкаму быць як мага болып уважлівым да хворай лэдзі і яе сястры.
Раздзел IX
Большую частку ночы Элізабэт правяла ў пакоі сястры і, на шчасце, ужо ранкам перадала гаспадарам дому суцяшальныя навіны праз пакаёўку, ледзь не на досвітку прысланую містарам Бінглі, а пасля і праз дзвюх вытанчаных паненак, што прыслужвалі яго сёстрам. Але нягледзячы на паляпшэнне, Элізабэт настойліва прасіла адправіцьу Лонгбарн цыдулку, каб Ma­ni прыехала да Джэйн і сама ацаніла яе стан. Цыдулку тут жа адправілі, і місіс Бэнэт імкліва выканала згаданую там просьбу, неўзабаве пасля сняданку з’явіўшыся ў Нэзэрфілдзе з дзвюма малодшымі дочкамі.
Калі б маці заспела Джэйн у небяспечным стане, то, вядома, моцна б засмуцілася. Але місіс Бэнэт з прыемнасцю адзначыла, што хвароба дачкі трывог не выклікае, таму зусім не жадала яе неадкладнага вы-
здараўлення, якое, несумненна, прывядзе да ад’езду з Нэзэрфілда. Калі Джэйн папрасіла адвезці яе дадому, маці пра гэта не захацела і слухаць; зрэшты, аптэкар, які прыехаў тады ж, пераязджаць пакуль таксама не раіў. Трошкі пасядзеўшы з хворай, маці і тры дачкі атрымалі ад міс Бінглі запрашэнне спусціцца да кампаніі ў пакой для сняданкаў. Бінглі сустрэў іх са словамі спадзявання, што стан міс Бэнэт не горшы, чым чакала місіс Бэнэт.
— Вядома, горшы, сэр! — прагучала ў адказ. — Яна занадта слабая, каб ехаць дадому. Містар Джонс кажа, што думаць пра гэта рана. А таму давядзецца яшчэ трошкі злоўжыць вашай дабрынёй.
— Ехаць дадому? — усклікнуў Бінглі. — I чуць пра гэта не хачу! Думаю, сястра таксама будзе супраць.
— Можаце не сумнявацца, мадам, — з халоднай ветлівасцю сказала міс Бінглі, — што пакуль міс Бэнэт у нас, мы з найвялікшай увагай будзем пра яе клапаціцца.
Падзякі місіс Бэнэт былі надзвычай шчодрымі.
— Я ўпэўненая, — дадала яна, — што калі б не добрыя сябры, невядома, што б з ёй было, бо яна напраўду хворая і пакутуе, хоць і трымаецца з найвялікшым у свеце цярпеннем. Яна заўсёды такая — самая лагодная сярод усіх, каго я ведаю. Я часта кажу астатнім сваім дзяўчатам: куды вам да яе. Ой, які мілы пакой, містар Бінглі, і гэты чароўны від на гравійную сцяжынку. У ваколіцах няма месца, роўнага Нэзэрфілду. Вам не варта хутка ад’язджаць, хоць вы і арандавалі яго ненадоўга.
— Я ўсё раблю хутка, — адказаў Бінглі, — а таму калі вырашу пакінуць Нэзэрфілд, то збяруся за пяць хвілін. Але пакуль я маю намер тут абжыцца.
— Менавіта такім вы мне і здаяцеся, — сказала Элізабэт.
— Вы ўжо добра ўва мне разабраліся, праўда? — усклікнуў ён, павярнуўшыся да яе.
— Так, я цалкам вас разумею.
— Мне хочацца лічыць вашы словы кампліментам, але, баюся, быць бачным наскрозь усё ж варта жалю.
— Гэта як атрымаецца. Скрытныя і складаныя характары неабавязкова вартыя болыпай ці меншай павагі, чым такі, як ваш.
— Лізі! — усклікнула яе маці. — He забывай, дзе ты знаходзішся! Хопіць гэтага свавольства, ад якога мы так пакутуем дома.
— Я і не думаў — тут жа прадоўжыў Бінглі, — што вы цікавіцеся чалавечай прыродай. Гэта, мабыць, вельмі займальна.
— I складаныя характары — самыя займальныя. У іх ёсць прынамсі гэтая перавага.
— Правінцыя дае небагаты матэрыял для такой цікаўнасці, — сказаў Дарсі. — У правінцыі вы сутыкаецеся з вузкім і нязменным колам.
— Але людзі мяняюцца: заўсёды можна заўважыць у іх нешта новае.
— Безумоўна! — усклікнула місіс Бэнэт, абражаная тонам Дарсі, калі ён казаў пра правінцыйнае кола. — Mary вас упэўніць, што ў правінцыі ўсяго гэтага ніяк не менш, чым у горадзе.
Усе здзівіліся, і Дарсі, зірнуўшы на яе, маўкліва адвярнуўся. Місіс Бэнэт вырашыла, што ён канчаткова пераможаны, і захацела замацаваць перамогу.
— Я, са свайго боку, не лічу, што Лондан мае перавагі перад правінцыяй, хіба што крамы і забаўляльныя ўстановы. Правінцыя нашмат лепшая, праўда, містар Бінглі?
— Калі я прыязджаю ў правінцыю, — адказаў той, — мне не хочацца яе пакідаць, калі ж я ў горадзе, то адчуваю тое самае. Усюды свае перавагі, і я магу быць аднолькава шчаслівы і тут, і там.
— Аўсё таму, што вы правільна гледзіце на рэчы. Але гэты джэнтльмен, — тут яна зірнула на Дарсі, — відаць, ставіцца да правінцыі як да пустога месца.
— Вы памыляецеся, мама, — сказала Элізабэт, чырванеючы за маці. — Вы зусім не зразумелі містара Дарсі. Ен толькі хацеў сказаць, што ў правінцыі сустракаеш не такіх розных людзей, як у горадзе, і вы мусіце прызнаць, што ён мае рацыю.
— Ну вядома, дарагая, ніхто і не спрачаецца, але што да невялікага кола людзей у нашых мясцінах, то я сумняваюся, што вы шмат дзе знойдзеце большае. Мы абедаем з дваццаццю чатырма сем’ямі.
Толькі клопат пра пачуцці Элізабэт дапамог Бінглі захаваць сур’ёзны выраз твару. Яго сястра аказалася не такой далікатнай і з выразнай усмешкай паглядзела на містара Дарсі. Элізабэт, спрабуючы скіраваць маці на іншую тэму, пацікавілася, ці не зазірала ў Лонгбарн падчас яе адсутнасці Шарлота Лукас.
— Так, учора яны з бацькам да нас заходзілі. Сэр Уільям — такі прыемны чалавек, праўда, містар Бінглі? Што за манеры! Аякі высакародны і прыязны! Заўсёды знойдзе слоўца для кожнага. Вось гэта — сапраўднае выхаванне, а тыя, што лічаць сябе самымі важнымі і ніколі не раскрываюць рота, проста нічога не разумеюць.
— Шарлота засталася з вамі абедаць?
— He, пайшла дадому. Мабыць, трэба было дапамагаць з піражкамі. Што да мяне, містар Бінглі, то я трымаю толькі тых слуг, якія спраўляюцца з працай, і мае дочкі выхаваныя зусім інакш. Але кожны сам сабе гаспадар, і вы можаце не сумнявацца: дзяўчаты Лукас сапраўды вельмі някепскія. Шкада толькі, што непрыгожыя! Але я не хачу сказаць, што Шарлота зусім несамавітая — яна ж наша блізкая сяброўка.
— Мне яна здаецца вельмі прыемнай маладой жанчынай, — сказаў Бінглі.
— Ах, ну вядома, але вы мусіце прызнаць, што яна зусім несамавітая. Гэта прызнае нават лэдзі Лукас, якая зайздросціць красе маёй Джэйн. He хочацца хваліцца ўласным дзіцем, але што рабіць — нячаста ўбачыш такую прыгажуню, як яна. Так лічаць усе — сабе самой я б не паверыла. Калі ёй было толькі пятнаццаць і мы гасцілі ў горадзе ў майго брата Гардынера, адзін джэнтльмен так у яе закахаўся, што мая нявестка была перакананая: яшчэ да нашага ад’езду ён зробіць ёй прапанову. Але гэтага не здарылася. Можа, ён падумаў, што яна занадта маладая. Тым не менш ён прысвяціў ёй некалькі вершаў, прытым вельмі мілых.
— Тым усё і завяршылася, — нецярпліва сказала Элізабэт. — Падазраю, гэта не адзіны выпадак, які скончыўся такім чынам. Цікава, хто першы ўбачыў у паэзіі сродак пазбавіцца ад кахання.
— Я заўсёды лічыў паэзію пажыткам для кахання, — адзначыў Дарсі.
— Магчыма, калі гэтае каханне — сапраўднае, моцнае і здаровае. Такое з чаго хочаш будзе мець пажытак. Калі ж вядзецца пра лёгкую, кволую цікавасць, то адзін добры санет, несумненна, дарэшты яе спустошыць.
Дарсі толькі ўсміхнуўся, і запанавала цішыня, якая ўстрывожыла Элізабэт: маці зноў магла паказаць сябе ва ўсёй красе. Элізабэт прагнула нешта сказаць, але не магла прыдумаць, што. Пасля непрацяглага маўчання місіс Бэнэт пачала дзякаваць містару Бінглі за яго дабрыню да Джэйн, просячы прабачэння за турботы, звязаныя з Лізі. Бінглі адказваў са шчырай ветлівасцю, што прымусіла быць ветлівай і яго малодшую сястру, якая сказала ўсё, што ў такіх сітуацыях трэба. Сваю ролю яна выканала без асаблівай велікадушнасці, але місіс Бэнэт засталася задаволеная і неўзабаве папрасіла падаць экіпаж. Тут, як па сігнале, выступіла яе малодшая дачка. Падчас візіту дзяўчаты ўвесь час пе-
рашэптваліся і дамовіліся, што Лідыя нагадае містару Бінглі пра яго абяцанне зладзіць у Нэзэрфілдзе баль, якое ён даў падчас першага знаёмства з мясцовай супольнасцю.
Лідыя была рослай і крэпкай пятнаццацігадовай дзяўчынай з жыццярадасным выразам на свежым твары. Місіс Бэнэт любіла яе больш за астатніх, а таму дазваляла выходзіць у свет у такім раннім узросце. Дзякуючы ўвазе афіцэраў, якіх прываблівалі добрыя абеды ў яе дзядзькі і лёгкі характар самой Лідыі, яе заўсёдная бойкасць і прыродная ўпэўненасць у сабе ператварыліся ў саманадзейнасць. А таму яна спакойна звярнулася да містара Бінглі, нагадаўшы яму пра баль і дадаўшы, што не датрымаць слова — значыць зганьбавацца на ўвесь свет. Адказ Бінглі на такое нечаканае наступленне быў прыемны для вушэй яе маці.
— He сумнявайцеся, што я гатовы выканаць свой абавязак. Як толькі ваша сястра паправіцца, вы самі зможаце выбраць дату. Вы ж не захочаце танчыць, пакуль яна хварэе.
Лідыя абвясціла, што цалкам задаволеная.
— Вядома, лепш пачакаць, пакуль Джэйн выздаравее, а да таго часу капітан Картэр хутчэй за ўсё вернецца ў Мэрытан. А пасля вашага балю, — дадала яна, — я прымушу іх зладзіць свой. Скажу палкоўніку Форстэру, што адмаўляцца сорамна.
На гэтым місіс Бэнэт з малодшымі дочкамі з’ехала, а Элізабэт вярнулася да Джэйн, даючы магчымасць дзвюм лэдзі і містару Дарсі абмеркаваць паводзіны яе самой і яе радні. Зрэшты, ніякія кпіны міс Бінглі з нагоды чароўных вачэй не маглі прымусіць апошняга хоць нешта ў ёй асудзіць.
Раздзел X
Рэшта дня нічым не адрознівалася ад мінулага. Місіс Хёрст і міс Бінглі прабавілі некалькі ранішніх гадзін з хворай, якая хоць і марудна, але папраўлялася, а ўвечары Элізабэт далучылася да кампаніі ў гасцёўні. Аднак гэтым разам картачнага століка не было. Містар Дарсі пісаў, а міс Бінглі, седзячы побач, сачыла за яго рукой і ўвесь час адцягвала яго ўвагу, просячы перадаць тое ці іншае яго сястры. Містар Хёрст і містар Бінглі гулялі ў пікет*, а місіс Хёрст назірала за гульнёй.