Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Хаця Элізабэт не пярэчыла сястры, пагадзіцца з ёй яна не магла: сёстры містара Бінглі нават не спрабавалі стварыць на балі добрае ўражанне. Больш назіральная і менш памяркоўная, чым яе сястра, да таго ж не атлумленая збыткоўнай увагай да сваёй асобы, Элізабэт была далёкая ад таго, каб захапляцца імі. Сёстры містара Бінглі напраўду былі вытанчанымі дамамі, не пазбаўленымі прыязнасці, пакуль іх усё задавальняла, і нават ветлівасці, калі ім самім так хацелася, але пры гэтым ганарлівымі і фанабэрлівымі. Яны абедзве былі досыць гожыя, атрымалі выхаванне ў адным з найлепшых прыватных пансіёнаў, валодалі дваццаццю тысячамі фунтаў, трацілі больш, чым варта, стасаваліся толькі з людзьмі свайго кола і мелі, такім чынам, усе падставы трымацца высокага пра сябе і нізкага пра ўсіх астатніх меркавання. Яны паходзілі з паважанай сям’і з Паўночнай Англіі — і гэтая акалічнасць нашмат лепш замацавалася ў іх памяці, чым тое, што сваім багаццем яны і іх брат абавязаныя гандлю.
Містар Бінглі атрымаў у спадчыну каля ста тысяч фунтаў. Яго бацька збіраўся набыць маёнтак, але не паспеў. Сам Бінглі меў той жа намер і нават пачынаў
часам выбіраць графства. Але цяпер, калі ён пасяліўся ва ўтульным доме і займеў права паляваць на сваіх землях, ніхто з яго сяброў, якія добра ведалі яго бестурботны характар, не сумняваўся, што ён застанецца ў Нэзэрфілдзе да канца сваіх дзён і пакіне куплю маёнтка нашчадкам.
Сёстры містара Бінглі хацелі, каб брат займеў уласны маёнтак, але — хоць пакуль ён быў толькі арандатарам — міс Бінглі не збіралася адмаўляцца ад ролі гаспадыні за яго сталом. Місіс Хёрст, якая выйшла замуж за чалавека хутчэй знатнага, чым багатага, таксама была схільная лічыць братаў дом сваім, калі ёй гэта пасавала. Містару Бінглі не споўнілася яшчэ дваццаці трох, калі ён па выпадковай рэкамендацыі наведаў Нэзэрфілд-хаўз. Ен за паўгадзіны агледзеў дом і, цалкам задаволены яго размяшчэннем і ўбраннем пакояў, а таксама тымі перавагамі, пра якія паведаміў гаспадар, адразу ж арандаваў маёнтак.
Нягледзячы на розныя характары, Бінглі і Дарсі яднала цеснае сяброўства. Дарсі цаніў Бінглі за адкрыты, бестурботны і памяркоўны нораў, хоць сам вылучаўся процілеглымі якасцямі і ніколі не меў падставаў быць імі незадаволеным. Бінглі заўсёды давяраў ацэнкам Дарсі і лічыўся з любымі яго думкамі. Дарсі разважаў глыбей за яго, і хаця Бінглі зусім не быў чалавекам абмежаваным, з іх дваіх менавіта Дарсі быў сапраўды разумным. У той жа час Дарсі быў напышлівы, замкнёны і пагардлівы, а яго манеры не выклікалі прыхільнасці, хоць і сведчылі пра добрае выхаванне. У гэтым плане яго сябар меў перад ім значную перавагу. Бінглі любілі ўсюды, дзе б ён ні з’явіўся, Дарсі ж усіх ад сябе адштурхоўваў.
Іх меркаванні пра мэрытанскі баль цалкам адпавядалі іх характарам. Бінглі ніколі ў жыцці не сустракаў такіх прыемных людзей і такіх мілых паненак, усе
паставіліся да яго надзвычай добра і ўважліва, ён не адчуў ніякай няёмкасці і цырымоннасці і вельмі хутка сышоўся з прысутнымі. Што да міс Бэнэт, то ён такой анёльскай прыгажосці не мог і ўявіць. Дарсі ж, наадварот, убачыў вакол сябе людзей непрыемных і безгустоўных, сярод якіх не было нікога, хто зацікавіў бы яго ці паставіўся б да яго з прыхільнасцю. Міс Бэнэт ён прызнаў мілаю, але яна зашмат усміхалася.
Місіс Хёрст і яе сястра дапусцілі, што Дарсі мае рацыю, але прызналі, што міс Бэнэт ім спадабалася, і, абвясціўшы яе чароўнай, паведамілі, што не супраць падтрымліваць з ёй знаёмства. Такім чынам, з гэтага моманту міс Бэнэт лічылася чароўнай, і іх брат мог ставіцца да яе як яму захочацца.
Раздзел V
Непадалёк ад Лонгбарна жыла сям’я, з якой Бэнэты сябравалі асабліва цесна. Сэр Уільям Лукас калісьці займаўся ў Мэрытане гандлем і дабіўся такогасякога дастатку. Калі ён выконваў абавязкі мэра, то аднойчы звяртаўся ад імя гараджан да караля і атрымаў з гэтай нагоды рыцарскае званне. Такі гонар ён прыняў надта блізка да сэрца і пачаў пагардліва ставіцца да ранейшага занятку і ладу жыцця ў маленькім гандлёвым гарадку. Кінуўшы і тое, і тое, ён разам з сям’ёй пераехаў у дом, які з таго часу пачаў звацца Лукас-лодж, за мілю ад Мэрытана. У гэтым доме ён мог з прыемнасцю аддацца думкам пра ўласную значнасць і, вызваліўшыся ад неабходнасці весці справы, заняцца на самоце выкананнем абавязкаў самага ветлівага ў свеце гаспадара: нягледзячы на новы статус, сэр Уільям зусім не зафанабэрыўся. Наадварот, ён ставіўся да ўсіх з нязменнай увагай. Прадстаўлен-
не да двара ў Сэнт-Джэймсе* зрабіла яго, па прыродзе сваёй бяскрыўднага, добразычлівага і далікатнага, яшчэ болып вытанчана пачцівым.
Лэдзі Лукас была добрай, але не надта разумнай жанчынай, а таму каштоўнай суседкай для місіс Бэнэт. Лукасы мелі некалькі дзяцей. Старэйшая дачка, разважлівая і кемлівая маладая жанчына гадоў дваццаці сямі, блізка сябравала з Элізабэт.
Паненкі Лукас і паненкі Бэнэт абавязкова мусілі пагаварыць пра баль, а таму ўжо наступнай раніцай першыя апынуліся ў Лонгбарне, гатовыя слухаць і расказваць.
— Для вас, Шарлота, вечар пачаўся проста цудоўна, — з зайздроснай вытрымкай сказала місіс Бэнэт, — бо менавіта вас містар Бінглі запрасіў на першы танец.
— Але, здаецца, другая дама спадабалася яму больш.
— Ах, я так разумею, гэта вы пра Джэйн, бо ён танчыў з ёй двойчы. Выглядае на тое, што ён сапраўды ўпадабаў яе — і я схіляюся да думкі, што так яно і было. Я нешта пра гэта чула, але не помню, што дакладна... нешта пра містара Робінсана.
— Вы, мабыць, маеце на ўвазе яго размову з містарам Робінсанам, якую я выпадкова пачула. Няўжо я не расказвала? Містар Робінсан пачаў яго распытваць, ці спадабаўся яму наш мэрытанскі баль, і ці ж не шмат у зале прыгожых паненак, і якая з іх здаецца яму найпрыгажэйшай, і містар Бінглі тут жа адказаў на апошняе пытанне: «Безумоўна, старэйшая міс Бэнэт — двух меркаванняў быць не можа».
—Дальбог, вельмі рашуча сказана! Здаецца нават, што... хаця не, ведаеце, з гэтага можа нічога не атрымацца...
* Сэнт-Джэймскі двор — афіцыйная назва двара брытанскіх манархаў, паходзіць ад Сэнт-Джэймскага палаца, які з 1698 года з'яўляецца галоўным каралеўскім палацам Вялікабрытаніі. Менавіта там праходзілі цырымоніі пасвячэння ў рыцары.
— Здаецца, у падслухоўванні мне пашчасціла больш за цябе, Эліза, — сказала Шарлота. — Містар Дарсі менш за свайго сябра заслугоўвае таго, каб яго падслухалі. Бедная Эліза — цябе ўсяго толькі «можна цярпець».
— Прашу вас, не ўбівайце ёй у галаву, што варта зважаць на яго дурныя словы. Ен такі непрыемны чалавек! Спадабацца яму было б сапраўдным няшчасцем. Місіс Лонг мне ўчора вечарам сказала, што ён паўгадзіны сядзеў побач з ёй і за гэты час не сказаў ні слова.
— Вы ўпэўненая? Ці няма тут памылкі? — спытала Джэйн. — Я сама бачыла, як містар Дарсі размаўляў з ёй.
— Дык гэта яна ўрэшце спытала, як яму спадабаўся Нэзэрфілд, і яму давялося адказаць. Паводле яе словаў, пытанне яго моцна раздражніла.
— Міс Бінглі гаварыла мне, — сказала Джэйн, — што ён ніколі не размаўляе шмат ні з кім, апроч блізкіх знаёмых. Але з імі ён неймаверна прыязны.
— Я ніколі ў гэта не паверу, дарагая. Кал і б ён быў такі прыязны, то пагутарыў бы з місіс Лонг. Але я здагадваюся, у чым тут рэч. Кажуць, яго аж раздзімае ад пыхлівасці. Падазраю, ён неяк дазнаўся, што місіс Лонг не трымае экіпажа і прыбыла на баль у найманай карэце.
— Мне ўсё адно, размаўляў ён з місіс Лонг ці не, — сказала міс Лукас, — але хай бы ён патанчыў з Элізай.
— Я б на тваім месцы, Лізі, — сказала маці, — наступным разам сама адмовілася з ім танчыць.
— Думаю, я магу ўпэўнена паабяцаць вам ніколі з ім не танчыць.
— Пыха ў дадзеным выпадку, — сказала міс Лукас, — дапякае мне менш, чым звычайна, бо яе можна дараваць. Чаго тут дзівіцца, калі такі гожы малады чалавек, у якога ёсць імя, маёмасць і ўсё, чаго яму зажадаецца, трымаецца пра сябе высокага меркавання. Ён, так бы мовіць, мае поўнае права ганарыцца сабой.
— Усё гэта так, — адказала Элізабэт, — і я з лёгкасцю прабачыла б яго пыху, калі б ён не зачапіў маю.
— Пыха, — заўважыла Мэры, якая захаплялася грунтоўнасцю ўласных разваг, — падаецца мне вельмі распаўсюджанай заганай. Усе кнігі, якія я прачытала, пераканалі мяне, што яна напраўду шырока распаўсюдзілася: чалавек мае да яе надзвычайную прыродную схільнасць, і мала хто сярод нас не песціць у душы пачуцця самазадаволенасці, якое нам дае тая ці іншая Ha­ma якасць, сапраўдная ці выдуманая. Пыха і славалюбства, між іншага, — вельмі розныя рэчы, хоць гэтыя словы часта ўжываюцца як сінонімы. Чалавек можа быць пыхлівым і не быць славалюбам. Пыха — гэта пачуццё, звязанае з нашым меркаваннем пра сябе, славалюбства — з тым меркаваннем пра нас, якога мы прагнем ад іншых.
— Калі б я быў такі багаты, як містар Дарсі, — выкрыкнуў юны Лукас, які прыйшоў разам з сёстрамі, — то не хваляваўся б наконт пыхі, а завёў бы зграю лісіных ганчакоў і кожны дзень выпіваў бы бутэлечку віна!
— Калі б ты піў больш, чым трэба, — сказала місіс Бэнэт, — і я б гэта заўважыла, то адразу б адабрала ў цябе бутэльку!
Хлопчык запярэчыў, гаворачы, што не адабрала б, яна настойвала, што адабрала б, і спрэчка скончылася толькі з ад’ездам гасцей.
Раздзел VI
Лонгбарнскія лэдзі ў хуткім часе наведалі нэзэрфілдскіх. Належным чынам прайшоў і візіт у адказ. Добрыя манеры міс Бэнэт прыемна ўразілі місіс Хёрст і міс Бінглі, і хаця маці яны палічылі нязноснай, а малодшых сясцёр—не вартымі таго, кабз імі гаварыць, старэйшым
дочкам далі зразумець, што з імі жадаюць пазнаёміцца бліжэй. Джэйн прыняла такую ўвагу з вялікай прыемнасцю, аднак Элізабэт усё яшчэ адчувала ў іх стаўленні да іншых, у тым ліку да яе сястры, фанабэрлівасць, таму ставілася да іх з недаверам. Тым не менш яна ацаніла іх добразычлівае абыходжанне з Джэйн, вырашьгўшы, што яго прычына — цёплыя пачуцці Бінглі. Іх заўважаў любы, хто бачыў яго побач з Джэйн, а Элізабэт — яшчэ і тое, што сястра пачынае паддавацца прыхільнасці, якую адчувала ад пачатку знаёмства, і гатовая вось-вось закахацца. Але, на радасць Элізабэт, астатні свет такой жа назіральнасцю пахваліцца не мог: моцнае пачуццё ў душы Джэйн суседнічала з ураўнаважанасцю і заўсёднымі нязмушанымі манерамі, а гэта мусіла адвесці ад яе падазрэнні з боку залішне цікаўных. Элізабэт падзялілася думкамі з сяброўкай, міс Лукас.