Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
— Напэўна, гэта прыемна, — адказала Шарлота, — умець добра трымацца ў такой сітуацыі на людзях. Але часам вытрымка — гэта хутчэй перашкода. Калі жанчына ўмела хавае пачуцці не толькі ад свету, але і ад Ta­ro, на каго яны скіраваныя, яна губляе магчымасць як след ім завалодаць, і наўрад ці яе суцешыць думка, што свет таксама нічога не заўважыў. Любая прыхільнасць мае шмат агульнага з удзячнасцю ці пыхай, а таму пакідаць пачуццё на волю лёсу небяспечна. Мы ўсе лёгка захапляемся, бо мімалётная сімпатыя — гэта так натуральна, але каму з нас хопіць смеласці на сапраўднае каханне, калі яно не сустракае падтрымкі? У дзевяці выпадках з дзесяці жанчыне лепш выказваць больш прыхільнасці, чым яна напраўду адчувае. Бінглі, несумненна, упадабаў тваю сястру, але калі яна яму не дапаможа, справа далей не пойдзе.
— Але яна дапамагае яму наколькі дазваляе яе характар. Калі я магу заўважыць яе сімпатыю, а ён — не, то ён проста недарэка.
— Эліза, не забывай, што ён не ведае яе так добра, як ты.
— Калі жанчына вылучае мужчыну сярод іншых і не хавае гэтага, ён мусіць нешта зразумець.
— Магчыма, ён зразумее, калі будзе шмат з ёй сустракацца. Бінглі з Джэйн бачацца, вядома, досыць часта, але ніколі не бываюць разам па некалькі гадзін: сустракаючыся падчас баляў і візітаў, яны не могуць кожны момант сустрэчы прысвяціць адно аднаму. А таму Джэйн варта як мага лепш выкарыстоўваць час, калі яна можа завалодаць яго ўвагай. Сама яна яшчэ паспее закахацца — так глыбока, як ёй захочацца, — калі пераканаецца ў яго пачуццях.
— Някепскі план, — адказала Элізабэт, — для тых, чыя адзіная мэта — удала выйсці замуж. I калі б я вырашыла здабыць багатага мужа — ці мужа ўвогуле, — я б, мабыць, так і зрабіла. Але Джэйн адчувае іначай — у яе няма разліку. Пакуль яна не ўпэўненая ні ў глыбіні сваёй прыхільнасці, ні ў яе дарэчнасці. Яна ведае яго толькі два тыдні — пратанчыла з ім чатыры танцы ў Мэрытане, пасля правяла з ім адзін ранак у яго доме і яшчэ чатыры разы абедала з ім у вялікай кампаніі. Гэтага мала, каб зразумець яго характар.
— Мала, калі глядзець тваімі вачыма. Калі б яна проста абедала з ім, то магла б меркаваць толькі пра яго апетыт. Але не забывай, што пры гэтым яны чатыры вечары прабавілі разам — а чатыры вечары могуць значыць вельмі шмат.
— Так, чатырох вечароў цалкам дастаткова, каб упэўніцца, што абое больш любяць гуляць у «дваццаць адно», чым у «трыццаць адно»*. Але калі казаць пра ін-
* «Дваццаць адно», «трыццаць адно» — папулярныя картачныя гульні, разлічаныя на некалькі чалавек. Абедзве гульні прадугледжвалі стаўкі і не вылучаліся складанасцю.
шыя, не менш важныя, якасці, баюся, часу на значныя адкрыцці было замала.
— Што ж, — сказала Шарлота, — я ад усяго сэрца зычу Джэйн поспеху, і калі б вяселле прызначылі на заўтра, думаю, у яе было б не менш шанцаў зрабіцца шчаслівай, чым калі б яна год вывучала яго характар. Шчаслівае замужжа — не больш як удача. Нават калі характары абодвух бакоў загадзя добра вядомыя і пасуюць адзін аднаму, шлюб неабавязкова будзе паспяховым. 3 часам муж і жонка заўсёды змяняюцца ў розныя бакі, і гэтага хапае, каб атрымаць сваю долю раздражнення. А таму лепш як мага меней ведаць пра недахопы чалавека, з якім збіраешся звязаць жыццё.
— Гэта дасціпна, Шарлота, але ўсё ж няправільна. Ты сама гэта ведаеш, бо ніколі ў жыцці так не зробіш!
Сочачы за знакамі ўвагі, якімі містар Бінглі адорваў яе сястру, Элізабэт не падазравала, што сама зрабілася прадметам цікавасці яго сябра. Спачатку містар Дарсі быў далёкі ад таго, каб палічыць яе прывабнай: на балі ён назіраў за ёй без прыязнасці, ды і падчас наступнай сустрэчы пачаў назіраць толькі для таго, каб знайсці недахопы. Але варта было яму ўпэўніць сябе і сяброў, што ў яе твары цяжка знайсці хоць адну правільную рысу, як ён адразу ж заўважыў, што цудоўны выраз цёмных вачэй надае гэтаму твару незвычайную праніклівасць. Гэтае адкрыццё пацягнула за сабой іншыя, не менш крыўдныя. I хаця яго пільны позірк адшукаў у яе выглядзе не адно адхіленне ад дасканалай гармоніі, ён быў вымушаны прызнаць яе фігуру зграбнай і прыцягальнай. Насуперак свайму сцверджанню, што яе манеры не цалкам свецкія, ён захапіўся яе жартаўлівасцю. Элізабэт нічога пра гэта не ведала. Для яе Дарсі заставаўся чалавекам, які ўсюды трымаецца з непрыязнасцю і які палічыў яе не настолькі прыгожай, каб запрасіць на танец.
Дарсі захацеў пазнаёміцца з ёй бліжэй і, перш чым з ёй загаварыць, пачаў прыслухоўвацца да яе размоваў з іншымі. Такая цікаўнасць не засталася па-за ўвагай Элізабэт. Гэта адбылося ў сэра Уільяма Лукаса, дзе сабралася шмат гасцей.
— Цікава, з якой нагоды, — спытала яна ў Шарлоты, — містар Дарсі так прыслухоўваўся да маёй размовы з палкоўнікам Форстэрам?
— На гэтае пытанне можа адказаць толькі сам містар Дарсі.
— Калі ён зробіць так яшчэ раз, я абавязкова дам яму зразумець, што заўважыла яго хітрыкі. У яго вельмі з’едлівы погляд, і калі я не буду трымацца з ім дзёрзка, то хутка пачну яго баяцца.
Калі неўзабаве містар Дарсі да іх наблізіўся, зрэшты, пакуль не збіраючыся завязваць размову, міс Лукас параіла сяброўцы не кранаць гэтую тэму, чым адразу ж падштурхнула Элізабэт павярнуцца да яго і спытаць:
— Вы пагодзіцеся, містар Дарсі, што калі я падахвочвала палкоўніка Форстэра даць баль у Мэрытане, мае словы гучалі надзвычай пераканаўча?
— Вы гаварылі з вялікай палкасцю. Аднак баль — гэта тая тэма, якая заўсёды запальвае паненак.
— Вы ставіцеся да нас вельмі сурова.
— А цяпер паспрабуем падахвоціць цябе, — сказала міс Лукас. — Я зараз адчыню інструмент, Эліза, а што будзе далей, ты ведаеш.
— Для сяброўкі ты паводзішся вельмі дзіўна — заўсёды прымушаеш мяне граць і спяваць перад усімі і кожным! Калі б маё славалюбства тычылася музычнай сферы, цаны б табе не было, але ў нашым выпадку мне не хочацца сядаць за інструмент перад тымі, хто прызвычаіўся да лепшага выканання.
Аднак пасля настойлівых просьбаў міс Лукас Элізабэт дадала:
— Што ж, трэба — значыць трэба, — і, змрочна зірнуўшы на містара Дарсі, працягнула: — Ёсць старая добрая прыказка, якую кожны тут, несумненна, ведае: «Лепш змаўчаць, чым сказаць». Таму я буду лепш спяваць, чым гаварыць.
Спявала Элізабэт прыемна, хаця зусім не выбітна. Пасля песні-другой, калі яна яшчэ не паспела адказаць на шматлікія просьбы працягнуць, з-за інструмента яе выцесніла яе сястра Мэры, якая значна саступала сёстрам прыгажосцю і настойліва імкнулася пашыраць веды і ўдасканальвацца, а таму заўсёды была гатовая паказаць сябе.
У Мэры не было ні таленту, ні густу, і хаця славалюбства зрабіла яе стараннай, разам са стараннасцю ў ёй развілася педантычнасць і такія самазадаволеныя манеры, што ўсе яе поспехі зводзіліся на нішто. Просты і нязмушаны спеў Элізабэт слухалі з большай асалодай, хаця грала яна і напалову не так добра, як сястра. А таму пасля доўгага выступу Мэры была радая пачуць пахвалу і падзякі хаця б за шатландскія і ірландскія песенькі, сыграныя на просьбу маладзейшых сясцёр, якія разам з малодшымі Лукасамі і двума ці трыма афіцэрамі зладзілі ў іншым канцы пакоя танцы.
Містар Дарсі стаяў непадалёк, маўкліва абураючыся такім спосабам прабавіць вечар, што выключае мажлівасць любой размовы. Ен быў занадта глыбока занураны ў думкі, каб заўважыць, што побач з ім стаіць сэр Уільям Лукас, пакуль сам сэр Уільям не звярнуўся да яго.
— Якая чароўная забава для моладзі, містар Дарсі! Што можна параўнаць з танцамі? Мне здаецца, яны — адна з найлепшых аздобаў вытанчанага грамадства.
— Несумненна, сэр. А яшчэ танцы вядомыя тым, што іх шануюць у найменш вытанчаных грамадствах у свеце. Танчыць можа любы дзікун.
Сэр Уільям толькі ўсміхнуўся.
— Ваш сябар танчыць проста чароўна, — працягнуў ён неўзабаве, убачыўшы, што Бінглі далучыўся да моладзі, — і я не сумняваюся, што ў гэтай справе вы, містар Дарсі, таксама майстар.
— Мяркую, вы бачылі, як я танчыўу Мэрытане, сэр.
— Натуральна, бачыў, і гэтае відовішча прынесла мне немалую асалоду. Вы часта танчыце ў Сэнт-Джэймсе?
— Ніколі не танчыў.
— Вы не лічыце танцы годным спосабам выказаць павагу да двара?
— Па магчымасці я пазбягаю такога спосабу выказаць павагу чаму б там ні было.
— Як я разумею, у вас у горадзе свой дом?
Містар Дарсі кіўнуў.
— Калісьці я падумваў асталявацца ў горадзе, бо захапляюся свецкімі коламі. Але я не ўпэўнены, што лонданскае паветра будзе карысным для лэдзі Лукас.
Ен спыніўся, чакаючы адказу, але суразмоўца не быў схільны задаволіць яго чаканні. У гэты момант да іх наблізілася Элізабэт, і сэр Уільям, пажадаўшы праявіць галантнасць, звярнуўся да яе:
— Чаму вы не танчыце, дарагая міс Эліза? Містар Дарсі, дазвольце адрэкамендаваць вам гэтую маладую лэдзі як надзвычай чароўную танцорку. Я ўпэўнены, вы не адмовіцеся ад танца, калі перад вамі такая прыгажуня.
I, узяўшы яе руку, ён намерыўся ўкласці яе ў руку містара Дарсі, які, хаця і выглядаў у найвышэйшай ступені здзіўленым, не выяўляў жадання адмовіцца. Але Элізабэт рэзка адхінулася і з пэўнай збянтэжанасцю сказала сэру Уільяму:
— Папраўдзе, сэр, у мяне няма жадання танчыць. Прашу вас, не думайце, што я падышла да вас, шукаючы партнёра.
Містар Дарсі з сур’ёзнай пачцівасцю папрасіў яе зрабіць яму гонар, прыняўшы запрашэнне, але марна: Элізабэт упарта трымалася свайго, і ўгаворы сэра Уільяма яе ўпартасці не пахіснулі.
— Міс Эліза, вы танчыце проста выключна, жорстка пазбаўляць мяне асалоды глядзець на ваш танец. I хаця гэты джэнтльмен не аматар такіх забаваў, я ўпэўнены, нават ён не запярэчыць таму, каб парадаваць нас, патраціўшы паўгадзіны часу.
— Містар Дарсі — сама ветлівасць, — з усмешкай сказала Элізабэт.
— Так яно і ёсць, дарагая міс Эліза, аднак улічваючы абставіны, мы не можам здзіўляцца яго ветлівасці. Бо хто б адмовіўся ад такой партнёркі?
Элізабэт хітравата ўсміхнулася і рушыла прэч. Яна нічога не страціла ў вачах джэнтльмена, і ён працягваў думаць пра яе з той жа прыязнасцю, калі да яго звярнулася міс Бінглі.
— Я магу адгадаць, пра што вы разважаеце.
— Мяркую, што не.
— Вы думаеце, як нясцерпна бавіць гэтак вечар за вечарам, у атачэнні такіх людзей, і я цалкам з вамі згодная. Мне яшчэ ніколі так не дадзявалі! Гэтая шумная нудота, гэтая самазадаволеная нікчэмнасць прысутных! Вось бы пачуць, як вы сурова іх раскрытыкуеце!