Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
— Паверце, вы моцна памыляецеся. Мой розум заняты нашмат больш прыемнымі думкамі. Я разважаў пра вялікую асалоду, якую можа прынесці назіранне за парай чароўных вачэй на твары прывабнай жанчыны.
Погляд міс Бінглі тут жа застыў на яго твары, і яна пажадала даведацца, якая лэдзі мела гонар натхніць яго на такія развагі. Містар Дарсі бясстрашна адказаў:
— Міс Элізабэт Бэнэт.
— Міс Элізабэт Бэнэт? — паўтарыла міс Бінглі. — Я ўся здзіўленне. I даўно яна выклікае такую прыхіль-
насць? Прашу вас, папярэдзьце мяне, калі трэба будзе пажадаць вам шчасця!
— Менавіта гэтых словаў я ад вас і чакаў. У дам імклівае ўяўленне — яно мігам пераскоквае ад захаплення да кахання, ад кахання да шлюбу. Я не сумняваўся, што вы захочаце пажадаць мне шчасця.
— Калі вы ставіцеся да гэтага так сур’ёзна, я буду лічыць пытанне вырашаным. Вы прыдбаеце чароўную цешчу, якая, несумненна, заўсёды будзе з вамі ў Пэмбэрлі.
Містар Дарсі безуважна слухаў кпіны міс Бінглі, і паколькі яго вытрымка даводзіла, што прычынаў хвалявацца няма, плынь дасціпнасці яшчэ доўга не спынялася.
Раздзел VII
Амаль усю ўласнасць містара Бэнэта складаў маёнтак з прыбыткам дзве тысячы ў год, але на бяду яго дачок гэты маёнтак перадаваўся ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі, а значыць, мусіў перайсці далёкаму сваяку. Сродкаў місіс Бэнэт пакуль цалкам хапала, аднак у выпадку страты маёнтка іх аказалася б недастаткова. Яе бацька быў павернікам у Мэрытане і пакінуў ёй чатыры тысячы фунтаў.
Сястра місіс Бэнэт была замужам за містарам Філіпсам, клеркам іх бацькі, які атрымаў у спадчыну яго справу, а брат уладкаваўся ў Лондане і валодаў паважанай гандлёвай канторай.
Мястэчка Лонгбарн знаходзілася ўсяго за мілю ад Мэрытана — зручная адлегласць для юных лэдзі, якіх тры ці чатыры разы на тыдзень цягнула туды жаданне засведчыць павагу цётцы, а таксама моднай лаўцы, што мясцілася акурат па дарозе. Асабліва часта такое
паломніцтва здзяйснялі малодшыя дзяўчаты, Кэтрын і Лідыя: яны былі бесклапотнейшыя за іншых сясцёр і, не маючы болып цікавага занятку, абавязкова мусілі забавіць сябе ранішнім шпацырам да Мэрытана, каб запасціся тэмамі для вечаровых размоваў. Якой бы беднай на навіны ні была гэтая мясцовасць, у цёткі сёстры ўсё адно ўмудраліся нешта разведаць. Але ў дадзены момант ім хапала як навінаў, так і прычынаў для радасці дзякуючы палку міліцыі*, які нядаўна размясціўся побач і мусіў заставацца тут да канца зімы. У Мэрытане раскватараваліся афіцэры.
Цяпер візіты да місіс Філіпс узбагачалі дзяўчат найцікавейшымі падрабязнасцямі. Кожны новы дзень прыносіў новыя звесткі пра імёны афіцэраў і іх узаемадачыненні. Адрасы вайскоўцаў нядоўга заставаліся ў таямніцы, і хутка пачалі завязвацца новыя знаёмствы. Містар Філіпс наведаў кожнага з афіцэраў, падарыўшы пляменніцам крыніцу нязнанага раней шчасця. 3 таго часу дзяўчаты маглі размаўляць толькі пра афіцэраў, і нават надзвычайны прыбытак містара Бінглі, адна згадка пра які так узрушала іх маці, быў у іх вачах нічога не варты ў параўнанні з мундзірам прапаршчыка.
Наслухаўшыся адным ранкам балбатні малодшых дачок, містар Бэнэт холадна адзначыў:
— 3 усяго, што вы нагаварылі, я зразумеў, што маю справу з дзвюма самымі дурнымі паненкамі ў краіне. Я даўно гэта падазраваў, але цяпер упэўніўся канчаткова.
Кэтрын збянтэжылася і замаўчала, Лідыя ж з усёй бесклапотнасцю прадоўжыла захапляцца капітанам
* Міліцыя — вайсковьія часткі, якія мусілі абараняць краіну ад знепіняга нападу. Звычайна ўзімку, калі пагроза ўварвання ворага была найменшая, яны размяшчаліся ў горадзе.
Картэрам і расказваць, як яна спадзяецца сёння яшчэ раз яго ўбачыць, перш чым ён заўтра з’едзе ў Лондан.
— Мой дарагі, мяне здзіўляе, што вы так адразу называеце сваіх дзяцей дурнымі, — адгукнулася місіс Бэнэт. — Калі я і пачну ставіцца да чыіхсьці дзяцей з пагардай, то дакладна не да сваіх.
— Калі мае дзеці нарадзіліся дурнымі, я мушу ўвесь час трымаць гэта пад увагай.
— Вядома, але насамрэч усе яны вельмі разумныя.
— Цешу сябе надзеяй, што гэта адзінае пытанне, у якім мы не знойдзем паразумення. Я спадзяваўся, што нашы меркаванні супадаюць дарэшты, але пакуль мушу з вамі не пагадзіцца і паўтарыць, што нашы малодшыя дзяўчаты — безнадзейныя дурніцы.
— Дарагі містар Бэнэт, не варта чакаць ад дзяўчат, што яны будуць разумныя як іх бацька і маці. Мяркую, дажыўшы да нашага ўзросту, яны будуць думаць пра афіцэраўне больш, чым мы з вамі. Мне калісьці і самой вельмі падабаліся чырвоныя мундзіры — варта прызнацца, у глыбіні душы яны падабаюцца мне дагэтуль. А таму калі бойкі малады палкоўнік з пяццю-шасцю тысячамі ў год папросіць рукі маёй дачкі, я не буду яму адмаўляць. Некалькі вечароў таму ў сэра Уільяма палкоўнік Форстэр так добра глядзеўся ў форме.
— Мама! — закрычала Лідыя. — Цётка сказала, што палкоўнік Форстэр і капітан Картэр бываюць у міс Уотсан нашмат радзей! Цяпер яна часта бачыць іх у бібліятэцы Кларка.
Але адрэагаваць місіс Бэнэт не паспела: лёкай прынёс міс Бэнэт цыдулку з Нэзэрфілда, якая чакала неадкладнага адказу. Вочы місіс Бэнэт радасна загарэліся, і пакуль дачка чытала, маці палка выпытвала:
— Ну, Джэйн, ад каго ж гэта? Што там такое? Пра што ён напісаў? Ну, Джэйн, давай жа, раскажы нам хутчэй,дарагая!
— Гэта ад міс Бінглі, — сказала Джэйн і прачытала ўголас:
«Дарагая сябраўка!
Калі Вы не злітуецеся і не пагодзіцеся з намі сёння паабедаць, мы з Луізай рызыкуем узненавідзець адна адну да канца жыйця, бо дзень, праведзены дзвюма жанчынамі тэт-атэт, абавязкова мусіць скотыйца сваркай. Прыязджайце як мага хутчэй. Брат і яго сябры абедаюць з афіцэрамі.
Шчыра Ваша,
Кэралайн Бінглі»
— 3 афіцэрамі! — усклікнула Лідыя. — Цікава, чаму цётка не сказала пра гэта.
— Абедаюць не дома? — прагаварыла місіс Бэнэт. — Як не пашанцавала!
— Можна я вазьму экіпаж? — спытала Джэйн.
— He, дарагая, лепей едзь конна. Падобна, будзе дождж, і табе давядзецца застацца на ноч.
— Някепская ідэя, — прамовіла Элізабэт. — Вось толькі яны могуць прапанаваць ёй свой экіпаж.
— Але экіпаж містара Бінглі павязе джэнтльменаў у Мэрытан, а ў Хёрстаў сваіх коней няма.
— I ўсё ж мне лепей паехаць у калясцы.
— Але, дарагая, бацька цяпер без коней не абыдзецца. Яны патрэбныя на ферме, праўда, містар Бэнэт?
— На ферме яны патрэбныя нашмат часцей, чым атрымліваецца іх здабыць.
— I калі вы здабудзеце іх сёння, — сказала Элізабэт, — маці якраз даб’ецца чаго хоча.
Урэшце ад бацькі дабіліся пацвярджэння, што сёння коні занятыя, і Джэйн давялося ехаць верхам. Праводзячы яе да дзвярэй, маці радасна прадказвала кепскае надвор’е. Яе надзеі спраўдзіліся: не паспела Джэйн далёка ад’ехаць, як пачалася залева. Сёстры
моцна ўстурбаваліся, але місіс Бэнэт была задаволеная. Дождж бесперастанку ліў увесь вечар, і ў Джэйн не было магчымасці вярнуцца дадому.
— Як добра я ўсё прыдумала! — зноў і зноў паўтарала місіс Бэнэт, нібы ўчарашні дождж быў выключна яе заслугай.
Аднак да наступнага ранку яна нават не ўяўляла ўсёй паспяховасці сваёй задумы. Ледзь паспела сям’я скончыць са сняданкам, як слуга з Нэзэрфілда прынёс Элізабэт пасланне:
«Дарагая Лізі!
Сёння ранкам я адчула сябе вельмі кепска мабыць, праз тое, што ўчора моцна прамокла. Mae добрыя сябры не хочуць і чуць пра мой ад ’езд, пакуль мне не зробіййа лепей. Яны настойваюць, кабмяне агледзеў містар Джонс, таму нехвалюйцеся, калі пачуеце, што ён мяне наведаў, бо са мной нічога страшнага не здарылася, проста баляць горла і галава.
Твая і г. д.»
— Ну што ж, дарагая, — прамовіў містар Бэнэт, калі Элізабэт зачытала цыдулку, — калі ваша дачка моцна захварэе і нават памрэ, вы зможаце суцяшаць сябе думкай, што ўсё гэта рабілася дзеля містара Бінглі і згодна з вашымі наказамі.
— Я зусім не баюся, што яна памрэ! Ад лёгкай прастуды яшчэ ніхто не памёр. Пра яе там паклапоцяцца, і пакуль яна там, усё будзе добра. Я б з’ездзіла да яе, калі б магла ўзяць экіпаж.
Элізабэт, якую стан сястры моцна турбаваў, вырашыла адправіцца да яе, а паколькі ўзяць экіпаж было немагчыма, а ездзіць конна яна не ўмела, трэба было ісці пешшу. Яна агучыла сваё рашэнне.
— He рабі глупстваў! — усклікнула маці. — Як ты можаш ісці пешшу па такой гразі?! На цябе і зірнуць будзе страшна, калі ты туды дойдзеш!
— Я змагу пабачыць Джэйн, мне гэтага дастаткова.
— Дык што, Лізі, — спытаў бацька, — пасылаць па коней?
— He трэба, мне насамрэч хочацца прайсціся пехатой. Што такое тры мілі, калі ёсць важкая прычына? Да абеду я вярнуся.
— Я захапляюся тваёй дабрынёй, — зазначыла Мэры, — але кожны парыў душы варта падпарадкоўваць розуму. На маю думку, высілкі заўжды мусяць адпавядаць патрэбе.
— Мы пойдзем з табой да Мэрытана, — сказалі Кэтрын і Лідыя.
Элізабэт пагадзілася, і тры маладыя лэдзі выйшлі з дому разам.
— Калі мы паспяшаемся, — сказала Лідыя па дарозе, — то паспеем убачыць капітана Картэра.
У Мэрытане яны рассталіся: дзве малодшыя скіраваліся да жонкі некага з афіцэраў, і далей Элізабэт пайшла сама, хуткім крокам перасякаючы адно поле за адным, пераадольваючы пералазы і няўрымсліва пераскокваючы лужыны, пакуль не аказалася перад Нэзэрфілдам, стомленая, у запэцканых панчохах і з расчырванелым ад доўгай хадзьбы тварам.
Яе правялі ў пакой для сняданкаў, дзе акурат сабраліся ўсе, апроч Джэйн. З’яўленне госці зрабіла надзвычайнае ўражанне. Місіс Хёрст і міс Бінглі ніяк не маглі паверыць, што тая магла прайсці тры мілі пешшу ў такую рань, у такое надвор’е і прытым зусім адна. Нягледзячы на ветлівы прыём, Элізабэт не сумнявалася, што гэта выклікала ў іх пагарду. У паводзінах іх брата адчувалася нешта болып важнае за ветлівасць: гэта былі прыязнасць і дабрыня. Містар Дарсі амаль нічога не сказаў, а містар Хёрст не сказаў увогуле нічога: першы разрываўся паміж захапленнем яе прыгажосцю, якая пасля прагулкі зрабілася ярчэйшай, і сумненнем,
ці апраўдваюць абставіны такі доўгі самотны шпацыр, другі ж думаў толькі пра сняданак.
Звесткі пра здароўе сястры былі не надта суцяшальныя. Міс Бэнэт кепска спала, прачнулася ў ліхаманцы і не мела сіл выйсці з пакоя. Элізабэт неадкладна папрасілася да сястры, і Джэйн вельмі ўзрадавалася яе прыходу, хоць і не напісала ў цыдулцы, як пра яго марыць, баючыся ўстрывожыць ці напалохаць родных. На доўгую размову Джэйн, аднак, была не здольная, а таму калі міс Бінглі пакінула сясцёр сам-насам, змагла толькі з удзячнасцю расказаць пра надзвычайную дабрыню, з якой пра яе клапоцяцца. Элізабэт моўчкі занялася хворай.