Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
3 гэтымі словамі яна ўзяла містара Дарсі пад незанятую руку, пакінуўшы Элізабэт ісці адну — сцяжынкі хапала толькі на траіх. Містар Дарсі, заўважыўшы яе бестактоўнасць, тут жа сказаў:
— Гэтай дарожкі для нашай кампаніі недастаткова. Давайце выйдзем на цэнтральную алею.
Але ў Элізабэт не было жадання заставацца з імі, і яна са смехам адказала:
— Не-не, заставайцеся тут. Якая цудоўная група — вы выдатна гледзіцеся разам. Чацвёртая сапсуе ўсю прыгажосць. Да пабачэння!
Яна весела збегла прэч і, блукаючы па садзе, радавалася, што праз дзень ці два зноў будзе дома. Джэйн так акрэпла, што збіралася ўвечары на пару гадзін пакінуць пакой.
Раздзел XI
Калі пасля абеду сёстры Бінглі перайшлі ў гасцёўню, Элізабэт паднялася да сястры і, праверыўшы, ці добра тая захуталася, далучылася з ёй да лэдзі, якія прывіталі Джэйн і бурна выказалі радасць з нагоды яе з’яўлення. Яшчэ ніколі Элізабэт не бачыла іх такімі прыязнымі, як у тую гадзіну да прыходу мужчын. Сёстры містара Бінглі ўмелі бліскуча падтрымаць размову, маглі дакладна апісаць званы вечар, з гумарам расказаць анекдот і ад душы высмеяць кагосьці са знаёмых.
Але як толькі ў пакой увайшлі джэнтльмены, Джэйн перастала быць цэнтрам увагі: погляд міс Бінглі адразу ж прыкаваўся да Дарсі, і не паспеў той зрабіць і некалькі крокаў, як ёй ужо было што яму сказаць. Дарсі адразу звярнуўся да міс Бэнэт з ветлівымі віншаваннямі, містар Хёрст жа ўшанаваў яе лёгкім паклонам, сказаўшы, што ён «вельмі рады». Але якімі цёплымі і шматслоўнымі былі вітанні Бінглі! Ен быў сама радасць і ўвага. Першыя паўгадзіны ён распальваў агонь, каб Джэйн у новым пакоі не было холадна, потым запатрабаваў, каб яна перасела на іншы бок ад каміна, як мага далей ад дзвярэй. Пасля сам размясціўся побач і размаўляў амаль толькі з ёй. Элізабэт, якая сядзела з шытвом у процілеглым куце, адзначыла гэта з асаблівай прыемнасцю.
Пасля гарбаты містар Хёрст нагадаў швагерцы пра картачны стол — але марна. Міс Бінглі прыватным чынам дазналася, што містар Дарсі ў карты гуляць не хоча, а таму адхіліла адкрытае хадайніцтва містара Хёрста, запэўніўшы яго, што карты нікога не цікавяць. Маўчанне прысутных пацвердзіла яе словы. Містару Хёрсту засталося толькі расцягнуцца на адной з канапаў і заснуць. Дарсі ўзяўся за кнігу, міс Бінглі зрабіла тое самае, а місіс Хёрст, якая забаўлялася, гуляючы
пярсцёнкамі і бранзалетамі, час ад часу далучалася да размовы брата з міс Бэнэт.
Міс Бінглі пароўну дзяліла ўвагу паміж чытаннем сваёй кнігі і назіраннем за тым, як містар Дарсі чытае сваю, увесь час пра нешта яго пытала і зазірала ў разгорнутыя перад ім старонкі. Уцягнуць яго ў размову ў яе, аднак, не атрымлівалася: ён коратка адказваў на пытанне і чытаў далей. Стаміўшыся ўрэшце ад спробаў заняць сябе кнігай, абранай толькі таму, што гэта быў другі том выдання, якое чытаў Дарсі, міс Бінглі пазяхнула і сказала:
— Як прыемна так бавіць вечар! Я ўпэўненая, што няма асалоды, большай за чытанне! Стаміць можа ўсё — толькі не кніга. Калі я займею ўласны дом, то буду няшчаснай, пакуль не абзавядуся цудоўнай бібліятэкай.
Ніхто не адказаў. Міс Бінглі зноў пазяхнула, адкінула кнігу і агледзела пакой, шукаючы, чым заняцца. Пачуўшы, што брат гаворыць міс Бэнэт пра баль, яна рэзка павярнулася да яго і сказала:
— Дарэчы, Чарлз, ты што, і праўда сур’ёзна думаеш пра танцы ў Нэзэрфілдзе? Перш чым вырашыць канчаткова, я раю абмеркаваць гэта з прысутнымі, бо, калі я не памыляюся, сярод нас знойдуцца тыя, каму баль падасца хутчэй не прыемнасцю, а пакараннем.
— Калі ты маеш на ўвазе Дарсі, — усклікнуў яе брат, — то хай ён проста ідзе спаць яшчэ да пачатку танцаў, калі яму так хочацца, бо баль — справа вырашаная! Як толькі Нікалс нагатуе дастаткова белага супу, я адразу ж разашлю запрашэнні.
— Я нашмат болып любіла б балі, — прамовіла міс Бінглі, — калі б яны ладзіліся неяк іначай. Звычайныя прыёмы нясцерпна нудныя. Было б разумней ладзіць балі не дзеля танцаў, а дзеля размоваў.
— Вядома, разумней, дарагая Кэралайн, але сумняваюся, што гэта быў бы баль.
Міс Бінглі нічога не адказала. Неўзабаве яна паднялася і пачала хадзіць па пакоі. У яе была цудоўная фігура і прыгожая хада, але Дарсі, які мусіў гэта заўважыць, усё яшчэ быў заняты кнігай. Даведзеная да адчаю, міс Бінглі скарыстала апошні сродак: павярнулася да Элізабэт і сказала:
— Міс Эліза Бэнэт, дазвольце запрасіць вас пераняць мой прыклад і прагуляцца па пакоі. Паверце, пасля доўгага сядзення гэта вельмі бадзёрыць.
Элізабэт здзівілася, але адразу дала згоду. Асноўная мэта ветлівай прапановы таксама была дасягнутая: містар Дарсі адарваў вочы ад старонкі. Увага міс Бінглі, скіраваная ў такі нечаканы бок, уразіла яго не менш, чым Элізабэт, і ён несвядома загарнуў кнігу. Яму тут жа прапанавалі далучыцца, але ён адмовіўся, адзначыўшы, што прагулка па пакоі можа мець толькі дзве мэты, і яго згода перашкодзіць дамам дасягнуць абедзвюх. «Але што ён мае на ўвазе? Гэта ж можна памерці ад цікаўнасці!» Міс Бінглі спытала ў Элізабэт, ці ў стане яна гэта зразумець.
— He да канца, — прагучаў адказ, — але паверце мне: ён хоча праявіць строгасць, а таму найлепшы спосаб яго расчараваць — адмовіцца ад роспытаў.
Аднак міс Бінглі ніяк не магла расчараваць містара Дарсі, а таму настойвала, каб ён агучыў абедзве мэты.
— У мяне няма прычын маўчаць, — сказаў той, як толькі яму далі магчымасць. — Вы выбралі такі спосаб бавіць час таму, што давяраеце адна адной і мусіце абмеркаваць сакрэт, альбо таму, што прагулка, на вашу думку, падкрэслівае прыгажосць вашых паставаў. У першым выпадку я, несумненна, вам перашкоджу, а ў другім мне лепш любавацца вамі, седзячы ля каміна.
— Які жах! — усклікнула міс Бінглі. — Нічога больш абуральнага я ніколі не чула. Як мы яго пакараем?
— Калі вы сапраўды хочаце яго пакараць, ёсць вельмі просты спосаб, — адказала Элізабэт. — Мы ўсе здольныя мучыць і караць адно аднаго. Дражніце яго, смейцеся з яго. Вы з ім блізкія сябры і мусіце ведаць, як гэта зрабіць.
— Клянуся вам, не ведаю. Наша сяброўства тут не дапаможа. Дражніцьувасабленне стрыманасці і самавалодання? He, не, баюся, нам яго не праняць. Што да смеху, дык, я думаю, нам не варта выстаўляцца, смеючыся без прычыны. Містар Дарсі можа сябе павіншаваць.
— 3 містара Дарсі нельга смяяцца! — усклікнула Элізабэт. — Рэдкая перавага, якая, я спадзяюся, так і застанецца рэдкай, бо для мякгмець такіх знаёмых — вялікая непрыемнасць. Я надзвычай люблю смяяцца.
— Міс Бінглі, — сказаў Дарсі, — верыць у мяне больш, чым варта. Тыя, для каго галоўнае ў жыцці — насмешка, могуць высмеяць нават наймудрэйшых і найлепшых з людзей, больш за тое, нават наймудрэйшыя і найлепшыя іх дзеі.
— Такія насмешнікі, безумоўна, існуюць, — адказала Элізабэт, — але я, спадзяюся, не адна з іх. Спадзяюся, я ніколі не высмейвала мудрае і добрае. Прызнаю, мяне забаўляюць дурасці і бязглуздзіцы, прыхамаці і супярэчлівасці, і я смяюся з іх, калі магу. Але акурат гэтага вы, відаць, і пазбаўлены.
— Думаю, такое немагчыма. Але ўсё жыццё я спрабую пазбягаць тых слабасцяў, якія часам робяць смешнымі нават вельмі разумных людзей.
— Напрыклад, пыхі і славалюбства.
— Славалюбства — гэта сапраўды слабасць, але пыха... Той, хто надзелены моцным розумам, заўжды будзе трымаць пыху ў межах.
Элізабэт адвярнулася, каб схаваць усмешку.
— Вывучэнне містара Дарсі, як я разумею, скончылася, — сказала міс Бінглі. — Прашу вас, падзяліцеся вынікам.
— Я пераканалася, што недахопаў у містара Дарсі няма. Ен і сам гэтага не хавае.
— He, на гэта я не прэтэндую, — сказаў Дарсі. — У мяне таксама ёсць слабасці, але я спадзяюся, што гэта не слабасці розуму. А вось за свой нораў паручыцца не магу. Думаю, ён недастаткова мяккі — безумоўна, з гледзішча свету. Я не забываю пра дурасці і заганы іншых так хутка, як было б варта, гэтак жа як і пра абразы. He кожная спроба крануць мяне абудзіць ува мне пачуцці. Думаю, мяне можна назваць крыўдлівым. Калі хтосьці страчвае маё добрае стаўленне, то назаўсёды.
— Вось гэта сапраўды недахоп! — усклікнула Элізабэт. — Непрымірымая крыўдлівасць — сапраўды пляма на любым характары. Але вы добра выбралі сабе слабасць. 3 яе я смяяцца не магу. Вы ў бяспецы.
— Думаю, у любога чалавека знойдзецца той ці іншы недахоп, прыродная загана, якую не пераможа нават найлепшае выхаванне.
— I ваш недахоп — гатоўнасць ненавідзець усіх.
— А ваш, — з усмешкай адказаў Дарсі, — гатоўнасць наўмысна разумець усіх няправільна.
— Мне хочацца музыкі! — выгукнула міс Бінглі, стомленая размовай, у якой яна не ўдзельнічала. — Луіза, ты не супраць, калі я пабуджу містара Хёрста?
Луіза была не супраць, і яе сястра тут жа падняла вечка фартэпіяна. Трошкі падумаўшы, Дарсі вырашыў пра гэта не шкадаваць. Ен пачаў разумець, як небяспечна дарыць Элізабэт столькі ўвагі.
Раздзел XII
Згодна з дамоўленасцю паміж сёстрамі наступным ранкам Элізабэт напісала маці, просячы яе цягам дня адправіць па іх экіпаж. Аднак місіс Бэнэт разлічыла,
што дочкі мусяць заставацца ў Нэзэрфілдзе да аўторка — каб Джэйн правяла там цэлы тыдзень, — і не мела ахвоты бачыць іх дома раней. А таму яе адказ не задаволіў Элізабэт, якая прагнула вярнуцца ў Лонгбарн. Місіс Бэнэт адпісалася, што адправіць экіпаж раней за аўторак не атрымаецца, а ў канцы ліста дадала, што калі містар Бінглі і яго сёстры запросяць іх застацца яшчэ, яна някепска абыдзецца без дачок і надалей. Аднак Элізабэт рашуча настроілася супраць даўжэйшага гасцявання і не надта спадзявалася на згаданае маці запрашэнне — больш за тое, баючыся, што гаспадары, наадварот, палічаць непатрэбную затрымку дакучлівай, пачала ўгаворваць Джэйн неадкладна пазычыць экіпаж у містара Бінглі. Урэшце сёстры вырашылі сказаць гаспадарам, што хочуць тым жа ранкам пакінуць Нэзэрфілд, і агучыць адпаведную просьбу.
Просьба выклікала мноства хваляванняў. Прагучала прапанова застацца хаця б яшчэ на дзень, да поўнага выздараўлення Джэйн, і ў выніку ад’езд адклаўся на заўтра. Міс Бінглі адразу ж пашкадавала, што падтрымала гэтую ідэю, бо яе непрыязнасць і рэўнасць да адной з сясцёр нашмат пераважвала прыхільнасць да другой.
Гаспадар дому засмуціўся, што яны так хутка пакідаюць Нэзэрфілд, і неаднаразова спрабаваў пераканаць міс Бэнэт, што гэта небяспечна, што яна яшчэ не зусім паправілася. Але Джэйн умела трымацца цвёрда, калі ведала, што мае рацыю.