Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
— Яе дачка, міс дэ Бур, атрымае велізарную спадчыну, і ёсць надзея, што яна і яе стрыечны брат аб’яднаюць уладанні.
Навіна прымусіла Элізабэт усміхнуцца. Бедная міс Бінглі! Марна яна да яго заляцаецца, марна і бессэнсоўна прывязваецца да яго сястры і хваліць яго самога — ён прызначаны іншай!
— Містар Колінз узносіць і лэдзі Кэтрын, і яе дачку, — сказала яна, — але асобныя дэталі яго аповедаў прымусілі мяне западозрыць, што ўдзячнасць увяла яго ў зман і яго апякунка насамрэч — фанабэрыстая і самазадаволеная жанчына.
— Думаю, вы маеце рацыю, — адказаў Уікхэм. — Я не бачыў яе шмат гадоў, але вельмі добра памятаю, што яна мне ніколі не падабалася, а яе манеры заўсёды былі ўладнымі і пагардлівымі. Яна лічыцца жанчынай надзвычай разважлівай і кемнай, але мне здаецца, што гэтым яна часткова абавязаная становішчу і багаццю, часткова — дэспатычным паводзінам, а ў астатнім — пыхлівасці пляменніка, якому хочацца, каб яго сваякі лічыліся выдатнымі асобамі.
Элізабэт прызнала, што апісанне выглядае вельмі праўдападобным. На радасць абаіх, іх гутарка прадоўжылася да таго часу, пакуль вячэра не перарвала гульню ў карты і не дала іншым дамам шанец атрымаць увагу містара Уікхэма. За шумнай вячэрай місіс Філіпс
надзеі на размову не было, але манеры новага афіцэра выставілі яго ў добрым святле. Што б ён ні сказаў — усё гучала добра, што б ні зрабіў — усё выглядала зграбна. Элізабэт з’ехала, яе галава поўнілася развагамі пра містара Уікхэма. Усю дарогу дадому яна магла думаць толькі пра яго і пра тое, што ён расказаў, але не здолела нават вымавіць яго імя, бо ні Лідыя, ні містар Колінз не далі ёй такой мажлівасці. Лідыя бесперастанку гаварыла пра гульню ў латарэю, пра фішкі, якія прайграла, і фішкі, якія выйграла. Містар Колінз жа распісваў ветлівасць містара і місіс Філіпс, пераконваў усіх, што ён зусім не турбуецца пра картачны пройгрыш, пералічваў з’едзеныя стравы, зноў і зноў хваляваўся, ці не пацясніў ён кузінаў, і ў выніку не паспеў выказаць усё, што хацеў, да таго моманту як экіпаж спыніўся перад домам у Лонгбарне.
Раздзел XVII
На наступны дзень Элізабэт расказала Джэйн, пра што яны з містарам Уікхэмам гаварылі. Джэйн слухала са здзіўленнем і неспакоем. Яна не магла паверыць, што містар Дарсі настолькі не варты павагі містара Бінглі, аднак сумнявацца ў шчырасці маладога чалавека з такім прыемным абліччам, як Уікхэм, было не ў яе натуры. Адной думкі пра тое, што ён пацярпеў ад нядобразычлівасці, хапіла, каб абудзіць яе пяшчотныя пачуцці, і ёй не заставалася нічога, як толькі думаць добра пра абодвух, абараняць паводзіны кожнага і спісваць на выпадковасць ці памылку ўсё, што нельга было растлумачыць іншым чынам.
— Я думаю, што яны абодва нейкім невядомым нам чынам падмануліся. Магчыма, камусьці трэба, каб яны адзін аднаго не разумелі. I ў выніку мы не можам уявіць
прычыны ці абставіны, у якіх яны разышліся, не абвінаваціўшы пры гэтым адзін з бакоў.
— Ты цалкам маеш рацыю. А цяпер, мілая Джэйн, што ты скажаш у абарону тых, хто перашкодзіў ім паразумецца? Абялі яшчэ і іх— альбо давядзецца падумаць пра кагосьці кепска.
— Смейся з мяне колькі хочаш — смех не прымусіць мяне змяніць меркаванне. Дарагая Лізі, толькі падумай, у якім ганебным святле выставіўся містар Дарсі, калі абышоўся так з бацькавым улюбёнцам пасля таго, як бацька паабяцаў яго забяспечыць. Гэта ж немагчыма! Той, хто мае чалавечыя якасці і даражыць рэпутацыяй, не будзе на такое здольны. Хіба могуць яго найлепшыя сябры так жорстка ў ім памыляцца? Вядома, не!
— Мне прасцей паверыць, што містар Бінглі падманваецца, чым што містар Уікхэм выдумаў гісторыю, якую ўчора вечарам расказаў мне — з імёнамі, фактамі, без аніякай змушанасці. Калі гэта няпраўда, хай містар Дарсі яе аспрэчыць. Да таго ж містар Уікхэм — сама шчырасць.
— Гэта так прыкра і складана. Што пра ўсё гэта думаць — незразумела.
— Даруй, калі ласка, але я добра разумею, што пра ўсё гэта думаць.
Але Джэйн была перакананая тол ькі ў адным—у тым, што калі містара Бінглі падманулі, то ён, дазнаўшыся праўсе акалічнасці, будзе вельмі пакутаваць.
Размова маладых паненак адбывалася на абсаджанай кустоўем алеі, і ў гэты момант іх выклікалі ў дом, бо акурат прыехалі асобы, пра якіх яны гаманілі. Містар Бінглі прыбыў разам з сёстрамі ў Лонгбарн, каб асабіста запрасіць Бэнэтаў на даўно чаканы баль у Нэзэрфілдзе, прызначаны на найбліжэйшы аўторак. Абедзве лэдзі былі радыя зноў сустрэць сваю дарагую сяброўку, згадвалі, што не бачыліся з ёй цэлую вечнасць, і беспе-
растанку распытвалі яе, чым яна займалася пасля іх разлукі. На рэшту сям’і яны амаль не звярталі ўвагі, старанна пазбягаючы місіс Бэнэт, амаль не размаўляючы з Элізабэт і зусім не зважаючы на астатніх. Неўзабаве яны са жвавасцю, якая вельмі здзівіла іх брата, падскочылі з месцаў і паспяшаліся прэч, быццам прагнучы ўнікнуць ветлівага развітання з місіс Бэнэт.
Думкі пра нэзэрфілдскі баль неймаверна радавалі ўсіх жанчын сям’і Бэнэтаў. Місіс Бэнэт схілялася да меркавання, што яго дадуць у гонар яе старэйшай дачкі, і надзвычай цешылася, што містар Бінглі сам прыехаў да іх, а не даслаў пісьмовае запрашэнне. Джэйн уяўляла шчаслівы вечар у кампаніі дзвюх сябровак і знакі ўвагі іх брата, Элізабэт думала пра цудоўную магчымасць натанчыцца з містарам Уікхэмам і знайсці пацверджанне яго словам на твары і ў паводзінах містара Дарсі. Прыемнасці, якія прадчувалі Кэтрын і Лідыя, менш залежалі ад пэўнай падзеі ці асобы, і хаця абедзве яны, як і Элізабэт, збіраліся палову вечара пратанчыць з містарам Уікхэмам, ён зусім не быў для іх адзіным жаданым партнёрам: баль — гэта заўсёды баль. Нават Мэры запэўнівала родных, што яна не супраць імпрэзы.
— Дастаткова таго, што мне належаць раніцы, — сказала яна. — Думаю, час ад часу далучацца да вечаровых забаваў — не такая і ахвяра: таварыства выстаўляе нам свае патрабаванні. Я адношу сябе да людзей, якія лічаць, што своечасовы адпачынак і трохі ўцехаў нікому не зашкодзяць.
Элізабэт была ў выдатным настроі: нягледзячы на тое, што яна рэдка звярталася да містара Колінза без неабходнасці, гэтым разам яна не стрымалася і спытала, ці збіраецца ён прыняць запрашэнне містара Бінглі, і калі так, то ці лічыць прыстойным далучыцца да танцаў. На сваё здзіўленне, у адказ яна пачула, што на гэты
конт у яго няма сумненняў: ён зусім не хвалюецца, што яго жаданне патанчыць выкліча папрокі арцыбіскупа ці лэдзі Кэтрын дэ Бур.
— Mary вас запэўніць, — сказаў ён, — што я ніякім чынам не лічу, быццам такога кшталту баль, які малады джэнтльмен з выдатнай рэпутацыяй дае для паважаных людзей, можа быць хоць у чымсьці заганным. Я зусім не збіраюся цурацца танцаў, а таму спадзяюся мець гонар затанчыць цягам вечара з усімі маімі чароўнымі кузінамі і, карыстаючыся выпадкам, прашу дазволу ангажаваць вас, міс Элізабэт, на два першыя танцы — перавагу гэтую, спадзяюся, мая кузіна Джэйн зразумее правільна і не палічыць непавагай да сябе.
Элізабэт адчула расчараванне. Яна не сумнявалася, што на гэтыя танцы яе запросіць містар Уікхэм, а замест гэтага ёй дастаўся містар Колінз! Яшчэ ніколі яе гаварлівасць не была такой несвоечасовай. Аднак нічога не паробіш. Іх з містарам Уікхэмам шчасце гвалтоўна адклалася на трошкі пазнейшы час, і прапанова містара Колінза была прынятая з усёй ветласцю, на якую ў Элізабэт хапіла душэўных сіл. Пачцівасць кузэна не рабілася больш прыемнай ад таго, што ў ёй праслізгвала нешта сур’ёзнейшае за простую галантнасць. У гэты момант Элізабэт упершыню з жахам падумала, што сярод сясцёр менавіта яе палічылі вартай звання гаспадыні хансфардскага дому і чацвёртага гульца за картачным сталом у Розінгзе пры адсутнасці больш годных гасцей. Яна ўсё больш пераконвалася, што мае рацыю, заўважаючы штораз часцейшыя знакі ўвагі да свае асобы і спробы пахваліць яе жывасць і дасціпнасць. Сіла ўласных чараў хутчэй трывожыла яе, чым радавала, асабліва пасля таго, як маці дала ёй зразумець, што магчымасць такога шлюбу падаецца ёй больш чым прымальнай. Элізабэт добра ўсведамляла, што любы яе адказ выкліча ў доме сур’ёзныя спрэчкі,
а таму вырашыла не заўважаць намёкаў. Містар Колінз можа ніколі не зрабіць ёй прапановы, і пакуль гэтага не адбылося, сварыцца не мае сэнсу.
Калі б у малодшых сясцёр Бэнэт не было нэзэрфілдскага балю, да якога можна рыхтавацца і пра які можна гаварыць, увесь гэты час яны б адчувалі сябе няшчаснымі: ад самага дня, каліяны атрымалі запрашэнне, іда дня балю ліў такі дождж, што пра прагулкі ў Мэрытан не было і гаворкі. Hi цёткі, ні афіцэраў, ні навін — нават ружачкі са стужак для бальных чаравічак прынёс пасыльны! Гэты было выпрабаваннем нават для цярпення Элізабэт, бо надвор’е перашкодзіла ёй працягнуць знаёмства з містарам Уікхэмам, Кіці ж і Лідыі ператрываць пятніцу, суботу, нядзелю і панядзелак дапамаглі толькі чаканыя ў аўторак танцы.
Раздзел XVIII
Пакуль Элізабэт не зайшла ў нэзэрфілдскую гасцёўню і не пачала безвынікова шукаць сярод прысутных чырвоных мундзіраў містара Уікхэма, яна не сумнявалася, што ён там будзе. Яе ўпэўненасць у сустрэчы не пахіснулі нават развагі, якія зусім небеспадстаўна маглі яе насцярожыць. Яна з большай, чым звычайна, стараннасцю ўбіралася да балю і ў найлепшым настроі рыхтавалася захапіць усё, іпто заставалася незаваяваным у яго сэрцы, перакананая, што працы засталося не больш чым на адзін вечар. Аказаўшыся ў Нэзэрфілдзе, яна тут жа з жахам западозрыла, што гаспадар дому знарок прапусціў містара Уікхэма ў запрашэнні для афіцэраў, каб зрабіць прыемнае містару Дарсі. I хаця ўсё было не зусім так, бясспрэчны факт адсутнасці містара Уікхэма пацвердзіў яго сябар містар Дэні, да якога з прагнымі роспытамі звярнулася Лідыя. Афіцэр
паведаміў, што Уікхэму давялося напярэдадні адправіцца па справах у горад, адкуль ён яшчэ не вярнуўся, і са шматзначнай усмешкай дадаў:
— Наўрад ці справы выклікалі б яго менавіта цяпер, калі б ён не хацеў пазбегнуць сустрэчы з адным джэнтльменам.
Лідыя гэтую заўвагу прапусціла міма вушэй, аднак Элізабэт усё зразумела і пераканалася, што Дарсі не менш вінаваты ў адсутнасці Уікхэма, чым калі б яе першая здагадка пацвердзілася. Расчараванне яшчэ больш паглыбіла непрыхільнасць Элізабэт, і яна ледзь прымусіла сябе хоць з нейкай ветлівасцю адказаць на прыязныя пытанні, з якімі звярнуўся да яе містар Дарсі. У дачыненні да Уікхэма ўвага, спагадлівасць, цярпімасць да Дарсі былі абразай. Яна настроілася супраць любой размовы і адвярнулася ад яго з такім раздражненнем, якое не здолела дарэіпты перамагчы ў сабе нават гутарачы з містарам Бінглі, чыя слепата яе злавала.