Пыха і перадузятасць
Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
— Калі б мне пашчасціла ўмець спяваць, — сказаў містар Колінз, — я з вялікай прыемнасцю дагадзіў бы шаноўнай кампаніі якой песенькай, бо лічу, што музыка — гэта нявінная забава і яна да твару асобе духоўнага стану. Але я зусім не сцвярджаю, што нам варта ўдзяляць музыцы занадта шмат часу — безумоўна, нельга забываць і пра астатнія справы. Прыходскаму святару ёсць чым заняцца! Па-першае, яму трэба ўсталяваць царкоўную дзесяціну, турбуючыся пра сябе і не парушаючы пры гэтым інтарэсаў патрона; Па-другое, ён мусіць пісаць уласныя казані. Таго часу, што застаецца, ледзь хапае для выканання царкоўных абавязкаў і клопату пра паляпшэнне свайго жытла, утульнасцю якога святар не можа пагарджаць. Да таго ж я не лічу дробязямі такія рэчы, як уважлівае і прымірэнчае стаўленне да ўсіх прыхаджан, а асабліва да тых, каму пастыр абавязаны пасадай. Вызваліць сябе ад гэтага доўгу я не магу, як не магу з павагай паставіцца да таго, хто не
выкарыстае любую магчымасць засведчыць шанаванне любому члену сям’і свайго патрона.
Тут ён пакланіўся містару Дарсі, чым і завяршыў прамову, такую гучную, што яе чула палова пакоя. Шмат хто ўтаропіўся ў яго, шмат хто ўсміхнуўся, але нікога гэтыя словы не павесялілі так, як містара Бэнэта, тым часам як яго жонка ўрачыста адзначыла розум містара Колінза, паўшэптам паведаміўшы лэдзі Лукас, які ён выдатны малады чалавек.
Элізабэт здавалася, што калі б яе родзічы спецыяльна дамовіліся выставіць сябе ў гэты вечар у найгоршым выглядзе, у іх не атрымалася б сыграць свае ролі больш натхнёна і паспяхова. На шчасце для яе сястры і Бінглі, некаторыя з сённяшніх нумароў не трапілі пад увагу маладога чалавека, ды і ён быў не з тых, хто моцна цярпіць ад сузірання чалавечае дураты. А вось яго сёстры і містар Дарсі акурат мелі магчымасць высмеяць яе сваякоў, і гэта было дрэнна. Элізабэт не магла вырашыць, ад чаго яна пакутуе болып: ад маўклівай пагарды джэнтльмена ці фанабэрлівых усмешак дзвюх лэдзі.
Рэшта вечара прынесла ёй няшмат прыемнасці. Да яе заляцаўся містар Колінз, які, настойліва цягаючыся следам, не мог угаварыць яе на яшчэ адзін танец, аднак і не даваў магчымасці патанчыць з кім-небудзь яшчэ. Яна марна раіла яму іншае таварыства і прапаноўвала пазнаёміць з любой юнай паненкай у зале. Ён пераконваў яе, што абыякава ставіцца да танцаў і яго галоўная мэта — з дапамогай далікатных знакаў увагі як найлепш зарэкамендавацца ў яе вачах, а таму ён вырашыў не адыходзіць ад яе да канца вечара. Запярэчыць такому намеру яна не магла. Найвялікшай палёгкай Элізабэт была абавязаная міс Лукас, якая часта да іх далучалася і па-сяброўску брала на сябе цяжар размовы з містарам Колінзам.
Аднак Элізабэт прынамсі вызвалілася ад нежаданай увагі містара Дарсі, які часта прапускаў танцы і аказваўся непадалёк ад яе, але ні разу не наблізіўся, каб пачаць гаворку. Яна адчувала, што імаверная прычына гэтага — яе намёкі на містара Уікхэма, і радавалася.
Лонгбарнскія госці пакінулі баль апошнімі. Дзякуючы манеўру місіс Бэнэт іх экіпаж падалі праз чвэрць гадзіны пасля таго, як усе з’ехалі, і гэта дало Бэнэтам магчымасць убачыць, як шчыра асобныя жыхары Нэзэрфілда чакалі іх ад’езду. Місіс Хёрст і яе сястра пачыналі гаворку толькі для таго, каб пажаліцца на стому, і, відавочна, прагнулі застацца дома адны. Яны ўхіляліся ад спробаў місіс Бэнэт пачаць размову, і праз гэта ў кампаніі запанавала маркота, бо ўсе моцна цярпелі ад доўгіх прамоваў містара Колінза, што захапляўся вытанчанасцю забаваў у доме містара Бінглі і яго сясцёр, а таксама гасціннасцю і ветласцю, якімі вызначалася іх стаўленне да гасцей. Дарсі не казаў увогуле нічога. Містар Бэнэт, такі ж маўклівы, атрымліваў ад усяго, што адбывалася, асалоду. Містар Бінглі і Джэйн стаялі побач, трошкі адасоблена ад астатніх, і размаўлялі толькі паміж сабой. Элізабэт захоўвала такое ж настойлівае маўчанне, як місіс Хёрст і міс Бінглі, і нават Лідыя стамілася настолькі, што не казала нічога, апроч свайго звычайнага «Божа, як жа я выдыхнулася!», і шалёна пазяхала.
Калі яны ўрэшце падняліся, каб сысці, місіс Бэнэт з рашучай ветлівасцю паспадзявалася неўзабаве ўбачыць усё нэзэрфілдскае сямейства ў Лонгбарне. Звяртаючыся найперш да містара Бінглі, яна паведаміла, што яго прысутнасць на любым з іх сямейных абедаў — без усякіх цырымоній і афіцыйных запрашэнняў — зробіць яе шчаслівай. Бінглі, сама прыязнасць і ўдзячнасць, ахвотна паабяцаў скарыстацца першай жа магчымасцю і зрабіць ёй гэтую прыемнасць пасля
вяртання з Лондана, куды ён вымушаны наступным ранкам ненадоўга з'ехаць.
Місіс Бэнэт была задаволеная: яна пакідала гэты дом з радасным перакананнем, што пасля ўсёй неабходнай мітусні з фармальнасцямі, новымі экіпажамі і вясельнымі строямі яе дачка праз тры-чатыры месяцы пераселіцца ў Нэзэрфілд. Пра хуткі шлюб другой дачкі з містарам Колінзам яна думала з не меншай упэўненасцю і з заўважнай, аднак усё ж меншай, прыемнасцю. Элізабэт яна любіла менш за іншых дачок, і хаця такі жаніх і такі дамок былі для яедастаткова добрымі, вартасць і таго, і другога значна цьмянелі ў параўнанні з містарам Бінглі і Нэзэрфілдам.
Раздзел XIX
На наступны дзень у Лонгбарне пачала разыгрывацца новая сцэна. Містар Колінз зрабіўафіцыйную прапанову. Ен вырашыў не губляць час, бо мусіў вярнуцца ў прыход у наступную суботу а паколькі сарамлівасцю, якая магла б скаваць яго прынамсі ў такі момант, не вылучаўся, то ўзяўся за справу з усёй грунтоўнасцю і цырымоннасцю, якіх, на яго думку, патрабавала сітуацыя. Заспеўшы місіс Бэнэт, Элізабэт і адну з яе малодшых сясцёр пасля сняданку, ён звярнуўся да маці з наступнымі словамі:
— Ці магу я спадзявацца, мадам, на вашу зацікаўленасць у справах вашай чароўнай дачкі Элізабэт, калі папрашу пра гонар прыватна перагаварыць з ёй цягам гэтага ранку?
Элізабэт паспела толькі пачырванець ад нечаканасці, а місіс Бэнэт тут жа адказала:
— Ах, ну вядома! Безумоўна! Я ўпэўненая, што Лізі будзе шчаслівая! Я ўпэўненая, што ніякіх пярэчанняў не будзе. Хадзем, Кіці, ты мне патрэбная наверсе.
I, сабраўшы шытво, яна паспяшалася прэч. Элізабэт паспрабавала яе спыніць:
— Калі ласка, не сыходзьце! Я прашу вас! Хай містар Колінз мне даруе. Ен не скажа мне чагосьці, чаго не могуць пачуць іншыя. Лепш я сама сыду.
— Не-не, Лізі, гэта глупства. Я хачу, каб ты заставалася на месцы, — і, заўважыўшы, што збянтэжаная і разгубленая Элізабэт сапраўды можа збегчы, дадала: — Лізі, я настойваю, каб ты засталася і выслухала містара Колінза.
Запярэчыць такому загаду Элізабэт не змагла. Пасля кароткіх разваг яна зразумела, што наймудрэйшым рашэннем будзе скончыць з гэтым як мага хутчэй і цішэй, і таму зноў села і ўзялася за бясконцае шытво, спадзеючыся, што праца дапаможа ёй схаваць разгубленасць і весялосць, якія выклікала ў яе гэтая сітуацыя. Як толькі місіс Бэнэт і Кіці сышлі, містар Колінз пачаў:
— Паверце мне, дарагая міс Элізабэт, што ваша сціпласць не толькі не шкодзіць вам, але і падкрэслівае вашу бездакорнасць. Калі б не гзтаедробнае нежаданне, вы не былі б у маіх вачах такой чароўнай. Але дазвольце запэўніць вас, што я ўжо атрымаў дазвол ад вашай шаноўнай маці. Наўрад ці вы не разумееце сэнсу маіх дзеянняў, хоць праз прыродную далікатнасць можаце гэта і адмаўляць: мае знакі ўвагі былі занадта відавочнымі. Як толькі я ўвайшоў у ваш дом, я амаль адразу пазнаў у вас сваю будучую спадарожніцу жыцця. Але перш чым я дам волю пачуццям, варта, відаць, выкласці перад вамі прычыны, якія схіляюць мяне жаніцца, — больш за тое, якія прымусілі мяне ў пошуках жонкі выправіцца ў Хартфардшыр, што я ўрэшце і зрабіў.
Думка пра тое, што містар Колінз з яго ўрачыстай вытрымкай можа даць волю пачуццям, ледзь не прымусіла Элізабэт рассмяяцца, а таму яна не змагла скарыстацца кароткай паўзай, каб спыніць яго, і ён працягнуў:
— Па-першае, я збіраюся ажаніцца, бо лічу, што кожны дастаткова забяспечаны, як я, святар мусіць быць прыкладам сем’яніна ў прыходзе. Па-другое, я перакананы, што гэта зробіць вялікі ўнёсак у маё шчасце. Па-трэцяе — і, магчыма, мне варта было згадаць гэтую прычыну раней, — такой была прыватная парада і рэкамендацыя высакароднай лэдзі, якую я маю гонар называць апякункай. Яна без аніякай просьбы з майго боку двойчы літасціва выказвала меркаванне на гэты конт. I нават у вечар суботы напярэдадні майго ад’езду з Хансфарда, калі паміж дзвюма партыямі ў кадрылю місіс Джэнкінс папраўляла міс дэ Бур услончык для ног, шаноўная лэдзі сказала: «Містар Колінз, вы мусіце ажаніцца. Такі святар, як вы, павінен быць жанаты. Выбірайце правільна, выбірайце жанчыну добрага паходжання дзеля маёй зручнасці, а дзеля вашай хай яна будзе дзейная і практычная, выхаваная не ў раскошы і здольная весці дом нават пры сціплым дастатку. Вось вам мая парада. Як мага хутчэй знайдзіце такую жанчыну, прывязіце яе ў Хансфард, і я наведаю яе». Дарэчы, дарагая кузіна, дазвольце заўважыць, што я зусім не лічу ўважлівасць і дабрыню лэдзі Кэтрын дэ Бур апошнімі з пераваг, якія я магу прапанаваць. Вы ўбачыце, што яе манеры вышэйшыя за ўсе мае апісанні, і, я думаю, яна прыме вашу дасціпнасць і жывасць, асабліва калі яны будуць змякчацца стрыманасцю і пашанотай, якія непазбежна ўнушае яе высокае становішча. Гэта былі асноўныя довады на карысць жаніцьбы, засталося толькі сказаць, чаму мае погляды скіраваліся менавіта на Лонгбарн, а не на хансфардскія ваколіцы — паверце мне, там жыве шмат прыемных маладых жанчын. Рэч у тым, што пасля смерці вашага паважанага бацькі (які, аднак, можа пражыць яшчэ шмат гадоў) я атрымаю ў спадчыну яго маёмасць, і каб адчуваць сябе цалкам спакойна, я вырашыў выбраць жонку сярод яго
дачок, каб, калі гэтае няшчасце здарыцца — а яно, як я ўжо сказаў, можа адбыцца не ў найбліжэйшыя гады, — яны як мага менш пацярпелі ад страты. Такім было маё памкненне, дарагая мая кузіна, і я цешу сябе надзеяй, што яно не пагоршыць вашага меркавання пра мяне. А цяпер мне не застаецца нічога, як толькі ў самых палкіх выразах давесці вам нястрымнасць сваіх пачуццяў. Да грошай я абыякавы, а таму ніякіх патрабаванняў ставіць перад вашым бацькам не буду, бо добра разумею, што задаволіць іх немагчыма. Я таксама ведаю, што вы можаце спадзявацца хіба што на тысячу фунтаў пад чатыры працэнты гадавых, ды і тое толькі пасля смерці маці. На гэты конт я заўсёды буду маўчаць, і вы можаце быць упэўненая, што пасля нашага вяселля з маіх вуснаў не сарвецца ніводнага дробязнага папроку.