Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Тут у пакой увайшлі Джэйн і Элізабэт, перашкодзіўшы Шарлоце адказаць.
— А вось і яна, — прадоўжыла місіс Бэнэт, — ёй да нас і справы няма, думае пра нас не больш, чым калі б мы жылі ў якім Ёрку, толькі пра сябе і клапоціцца. Але вось што я табе скажу, міс Лізі: калі ты збіраешся і далей адмаўляць кожнаму жаніху, у цябе ніколі не будзе мужа — і павер мне, я не ведаю, хто будзе ўтрымліваць цябе, калі твой бацька памрэ. Лгэтага зрабіць дакладна не змагу — я цябе папярэдзіла. Ад сёння можаш на мяне не спадзявацца. Я ўжо сказала ў бібліятэцы, што больш ніколі не буду з табой размаўляць, і ты ўбачыш, што я слова трымаю. Што за радасць размаўляць з непаслухмянымі дзецьмі? I ўвогуле, што за радасць з кімсьці размаўляць? Людзі, якія гэтак жа, як я, пакутуюць ад нерваў, не надта маюць ахвоту да размоваў. Ніхто не
разумее, як мне кепска! Але так заўсёды. Хто сам не жаліцца, тых ніхто і не шкадуе.
Дочкі маўкліва слухалі гэты паток скаргаў, разумеючы, што любая спроба пераканаць маці ў адваротным ці супакоіць яшчэ больш яе раздражніць. А таму місіс Бэнэт ніхто не перарываў, і яна не змаўкала, пакуль у пакой не зайшоў містар Колінз, яшчэ болып напышлівы, чым звычайна. Убачыўшы яго, місіс Бэнэт сказала дзяўчатам:
— А цяпер я хачу і настойваю, каб вы ўсе прытрымалі языкі і дазволілі нам з містарам Колінзам трошкі пагаварыць.
Элізабэт ціха пакінула пакой, за ёй следам пайшлі Джэйн і Кіці, аднак Лідыя засталася на месцы, вырашыўшы пачуць як мага болей. Шарлота, якую спачатку затрымала ветлівасць містара Колінза — ён падрабязна распытаў яе пра ўсю яе сям’ю, — а пасля і ўласная цікаўнасць, абмежавалася тым, што адышла да акна і зрабіла выгляд, што нічога не чуе. Поўным пакуты голасам місіс Бэнэт пачала задуманую размову: «О, містар Колінз!..»
— Дарагая мадам, — адказаў той, — давайце болып не будзем вяртацца да гэтай тэмы. Я далёкі ад думкі, — тут у яго голасе пачулася незадаволенасць, — абурацца паводзінамі вашай дачкі. Мы ўсе павінныя скарыцца перад непазбежным злом — асабліва гэта тычыцца маладога мужчыны, якому, як і мне, пашчасціла рана дабіцца поспеху, — і я веру, што здолеў скарыцца. Магчыма, у гэтым мне дапамагла і доля сумнення, ці зрабіла б мая чароўная кузіна мяне шчаслівым, калі б выйшла за мяне, бо я часта назіраў, што пакора робіцца самай поўнай тады, калі жаданае шчасце пачынае ў нашых вачах патроху траціць прывабнасць. Але я спадзяюся, дарагая мадам, што ў маёй адмове далей шукаць прыхільнасці вашай дачкі, не патрывожыўшы вас з міста-
рам Бэнэтам просьбай ужыць на маю карысць свой бацькоўскі ўплыў, вы не ўбачыце непавагі да вашай сям’і. Баюся, мае паводзіны можна назваць няўхвальнымі, бо я палічыў дастатковай адмову з вуснаў вашай дачкі, а не вас саміх. Але мы ўсе, бывае, робім памылкі. Прынамсі я ў гэтай справе хацеў зрабіць як найлепш. Маёй мэтай было знайсці прыемную спадарожніцу жыцця, не забыўшы пры гэтым пра зручнасць вашай сям’і, і калі мае паводзіны заслугоўваюць асуджэння, я прашу дазволіць мне прасіць у вас прабачэння.
Раздзел XXI
Вэрхал вакол прапановы містара Колінза амаль суцішыўся, і Элізабэт пакутавала цяпер толькі ад непрыемнага адчування, якое зазвычай застаецца ў такіх выпадках, і рэдкіх буркатлівых намёкаў маці. Што да самога джэнтльмена, то яго пачуцці праяўляліся зусім не ў збянтэжанасці, ці засмучанасці, ці спробах пазбягаць Элізабэт, а толькі ў чапурыстых манерах і пакрыўджаным маўчанні. 3 Элізабэт ён амаль не размаўляў і да канца дня дарыў сваю нястомную ўвагу, якую сам так высока цаніў, толькі міс Лукас, чыя ласкавая гатоўнасць слухаць яго прынесла ўсім, і асабліва сяброўцы Шарлоты, адчувальную палёгку.
Наступны дзень не палепшыў ні настрою, ні здароўя місіс Бэнэт. Самалюбства містара Колінза таксама заставалася абражаным. Элізабэт спадзявалася, што крыўда скароціць яго гасцяванне, але выглядала на тое, што яго план не пацярпеў зменаў. Містар Колінз ад пачатку збіраўся з’ехаць у суботу, і менавіта да суботы збіраўся зараз застацца.
Пасля сняданку дзяўчаты адправіліся ў Мэрытан дазнацца, ці не вярнуўся містар Уікхэм, і панаракаць
на яго адсутнасць на нэзэрфілдскім балі. Ён сустрэў іх на ўскрайку горада і праводзіў да цёткі, дзе яго засмучэнне і шкадаванне, а таксама прыкрыя пачуцці кожнай з прысутных былі ўсебакова абмеркаваныя. Аднак Элізабэт ён прызнаўся, што тэрміновую прычыну ад’езду ён выдумаў.
— Калі баль ужо набліжаўся, — сказаў ён, — я зразумеў, што нам з Дарсі лепш не сустракацца. Шмат гадзін знаходзіцца з ім у адным пакоі, у адным таварыстве — не, я б такога не вытрымаў, і гэта магло б прывесці да сцэн, непрыемных не толькі для мяне.
Элізабэт высока ацаніла яго дальнабачнасць, і ў іх было дастаткова часу грунтоўна гэта абмеркаваць і прыязна абмяняцца кампліментамі, пакуль Уікхэм і іншы афіцэр праводзілі паненак да Лонгбарна. Па дарозе дадому Уікхэм быў да яе асабліва ўважлівы. Яго гатоўнасць суправаджаць яе мела дзве перавагі: па-першае, Элізабэт разумела, наколькі гэта важна само па сабе, а па-другое, у яе з’явілася прыдатная магчымасць пазнаёміць яго з бацькамі.
Неўзабаве пасля таго як яны вярнуліся, міс Бэнэт атрымала ліст з Нэзэрфілда, які тут жа адкрылі. У канверце ляжаў дробны аркуш вытанчанай глянцаванай паперы, густа спісаны акуратнай і лёгкай жаночай рукой. Элізабэт заўважыла, як змяняўся выраз твару сястры, калі тая чытала ліст, уважліва затрымліваючыся на асобных фразах. Але Джэйн хутка ўзяла сябе ў рукі і, схаваўшы пасланне, паспрабавала з заўсёднай жывасцю ўключыцца ў агульную размову. Аднак Элізабэт так устрывожылася, што забыла нават пра Уікхэма, і калі той разам з таварышам адбыў, Джэйн поглядам запрасіла яе падняцца наверх. Калі сёстры аказаліся ў сваім пакоі, Джэйн дастала ліст і сказала:
— Гэта ад Кэралайн Бінглі, і змест моцна мяне здзівіў. Да гэтага момантуўсе яны ўжо, відаць, пакінулі Нэзэр-
філд. Цяпер яны едуць у горад і не збіраюцца вяртацца назад. Паслухай, што яна піша.
Тут Джэйн прачытала ўголас першую фразу, у якой гаварылася, што сёстры містара Бінглі вырашылі зараз жа ехаць з братам у горад і што сёння яны збіраюцца абедаць у доме містара Хёрста на Гросвенар-стрыт. Далей Кэралайн пісала: «Мая дарагая сяброўка, я не хачу рабіць выгляд, што, пакінуўшы Хартфардшыр, буду сумаваць па нечым, апроч твайго таварыства. Будзем спадзявацца, што калі-небудзь мы з прыемнасцю вернемся да нашага цудоўнага знаёмства, а пакуль зменшым боль разлукі самай частай і шчырай перапіскай. У гэтым я на цябе спадзяюся».
Элізабэт недаверліва і абыякава выслухала гэтыя напышлівыя словы, і хаця такі нечаканы ад’езд здзівіў яе, у лісце яна не ўбачыла важкіх прычын для слёз: у яе не было падставаў думаць, што адсутнасць сясцёр у Нэзэрфілдзе перашкодзіць містару Бінглі бываць там. Што да міс Бінглі і місіс Хёрст, то Элізабэт была перакананая: цешачыся таварыствам іх брата, Джэйн хутка перастане перажываць праз іх ад’езд.
— Шкада, — сказала яна, трохі памаўчаўшы, — што ты не пабачылася з сяброўкамі перад тым, як яны пакінулі нашы мясціны. Але хіба не можам мы спадзявацца, што шчаслівая будучыня, на якую разлічвае міс Бінглі, прыйдзе раней, чым яна думае, а цудоўнае знаёмства з тымі, што дагэтуль былі сяброўкамі, яшчэ цудоўнейшым чынам прадоўжыцца з імі як сёстрамі. Яны не затрымаюць містара Бінглі ў Лондане.
— Кэралайн ясна піша, што ніхто з іх не вернецца ў Нэзэрфілд гэтай зімой. Зараз я табе прачытаю:
«Пакідаючы нас учора, брат думаў, што справе, якая выклікала яго ў Лондан, ён дасць рады за трычатыры дні, але мы ўпэўненыя, што гэта не так. Да Ta­ro ж мы ведаем, што, трапіўшы ў горад, Чарлз не будзе
спяшацца адтуль з’язджаць, а таму вырашылі паехаць за ім, каб яму не давялося бавіць вольны час у няўтульным заезным доме. Многія з маіх знаёмых ужо прыехалі ў горад на зіму, і я б хацела пачуць, што ты, мая дарагая сяброўка, збіраешся папоўніць іх колькасць, аднак не магу на гэта разлічваць. Шчыра спадзяюся, што Каляды ў Хартфардшыры прынясуць вам усе радасці, на якія багаты гэты сезон, і шматлікія кавалеры не дадуць адчуць страту тых трох, якіх мы ў вас адабралі».
—	3 гэтага зразумела, — дадала Джэйн, — што зімой ён не вернецца.
—	3 гэтага зразумела толькі адно: міс Бінглі не хоча, каб ён вярнуўся.
— Чаму ты так думаеш? Гэта мусіць быць яго ўласнае рашэнне, ён сам сабе гаспадар. Але ты пакуль не ведаеш усяго. Заразя прачытаю табе кавалак, які зачапіў мяне найбольш. Ад цябеў мяне таямніц няма.
«Містару Дарсі не цярпіцца пабачыць сястру, і, шчыра кажучы, мы чакаем сустрэчы з ёй амаль гэтак жа, як ён. He думаю, што нехта зможа зраўняцца з Джарджыянай Дарсі прыгажосцю, вытанчанасцю і талентамі, і тое пачуццё прывязанасці, якое яна выклікае ў нас з Луізай, перарастае ў нешта больш істотнае, бо мы цешым сябе надзеяй, што ў будучыні яна зробіцца нашай сястрой. He помню, ці расказвала я табе пра свае прадчуванні на гэты конт, аднак мне не хочацца пакідаць Нэзэрфілд, не падзяліўшыся імі з табой, і, я спадзяюся, ты не палічыш іх беспадстаўнымі. Мой брат ужо моцна ёй захапляецца, а зараз ён займее магчымасць часта сустракацца з ёй у самым цесным коле. Усе сваякі Джарджыяны прагнуць гэтага саюзу не менш, чым сваякі Чарлза, і калі сястрынская прывязанасць не ўводзіць мяне ў зман, я думаю, мой брат здольны заваяваць сэрца любой жанчыны. Пры ўсіх абставінах, якія дапамогуць разгарэцца гэтай прыхільнасці, калі
нічога не будзе ёй перашкаджаць, хіба не маю я рацыі, дарагая Джэйн, спадзеючыся на падзею, якая столькіх зробіць шчаслівымі?»
— Што ты думаеш пра гэты пасаж, мілая Лізі? — сказала Джэйн, скончыўшы чытаць. — Хіба тут не ўсё ясна? Хіба не наўпрост гаворыцца, што Кэралайн не хоча і не чакае, каб я зрабілася яе сястрой, што яна цалкам упэўненая ў абыякавасці да мяне брата, здагадваецца пра прыроду маіх пачуццяў і хоча мяне далікатна асцерагчы? Хіба можа тут быць іншае меркаванне?
— Так, можа. Маё, прынамсі, зусім іншае. Хочаш яго пачуць?
— Ахвотна.
— Калі коратка, то вось яно. Міс Бінглі бачыць, што яе брат у цябе закахаўся, але хоча ажаніць яго з міс Дарсі. Яна едзе за ім у горад, спадзеючыся яго там затрымаць, і спрабуе ўпэўніць цябе, што яму няма да цябе справы.