Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Думка пра тое, што містар Колінз уяўляе сябе закаханым у яе сяброўку, ужо наведвала Элізабэт цягам апошняга дня-двух, але ёй здавалася, што Шарлота будзе заахвочваць яго не больш, чым яна сама. А таму яе здзіўленне было такім вялікім, што ў першае імгненне перайшло ўсе межы прыстойнасці — Элізабэт не стрымалася і ўсклікнула:
— Ты заручылася з містарам Колінзам! Дарагая Шарлота, гэта ж немагчыма!
Калі міс Лукас пачула такі прамы папрок, ціхамірны выраз яе твару, з якім яна расказала сваю гісторыю, на імгненне саступіў месца збянтэжанасці, аднак рэакцыя аказалася не горшай, чым яна чакала, а таму Шарлота хутка ўзяла сябе ў рукі і спакойна адказала:
— Чаму ты так здзіўляешся, дарагая Эліза? Ты думаеш, што калі містару Колінзу не пашчасціла з табой, то ён не здольны заслужыць добрае стаўленне ніводнай жанчыны?
Але Элізабэт ужо апамяталася і, зрабіўшы намаганне, здолела з дастатковай стойкасцю запэўніць сяброўку, што неймаверна радая з ёй парадніцца і жадае ёй усякага магчымага шчасця.
— Я ўяўляю, што ты адчуваеш, — адказала Шарлота. — Ты, мусіць, здзівілася, вельмі здзівілася, бо нядаўна містар Колінз хацеў ажаніцца з табой. Але калі ты спакойнаўсё абдумаеш, то, спадзяюся, зразумееш, што я зрабіла правільна. Ты ведаеш, я не надта рамантычная і ніколі такой не была. Я проста хачу мець утульны дом, аўлічваючы характар, сувязі і становішча містара Колінза, я ўпэўненая, што ў мяне ёсць такі ж шанец на шчаслівы шлюб, якім, уступаючы ў сямейнае жыццё, можа пахваліцца болыпасць людзей.
Элізабэт ціха адказала: «Несумненна», — і пасля няёмкай паўзы яны вярнуліся да астатніх. Шарлота хутка сышла, і Элізабэт засталася разважаць над пачутым. Прайшло нямала часу, перш чым яна змірылася з думкай пра такі недарэчны саюз. Нават тое, што містар Колінз зрабіў дзве прапановы за тры дні, было не такім дзіўным, як тое, што другая прапанова была прынятая. Элізабэт заўсёды адчувала, што стаўленне Шарлоты да шлюбу адрозніваецца ад яе ўласнага, але і падумаць не магла, піто калі дойдзе да справы, тая зможа ахвяраваць найлепшымі пачуццямі дзеля штодзённага дабрабыту. Шарлота ў ролі жонкі містара Колінза ўяўляла сабой такое прыніжальнае відовішча! Боль ад таго, што сяброўка так сябе зганьбавала і страціла яе павагу, узмацняўся змрочнай перакананасцю, што абраны лёс не прынясе Шарлоце хоць нейкага прымальнага шчасця.
Раздзел XXIII
Элізабэт сядзела з маці і сёстрамі, разважаючы пра пачутае і не ведаючы, ці мае яна права гэта пераказаць, калі да іх прыйшоў сэр Уільям Лукас. Дачка адправіла яго паведаміць сям’і Бэнэтаў пра заручыны. Сказаўшы нямала прыемных словаў і павіншаваўшы сябе з тым, што дзве іх сям’і неўзабаве пародняцца, сэр Уільям абвясціў навіну гаспадарам, якія нават не здзівіліся, а проста не паверылі. Місіс Бэнэт занадта ўпэўнена і недастаткова ветліва запярэчыла, што ён, мусіць, памыляецца, а заўсёды нястрымная і часта недалікатная Лідыя ўзбуджана ўсклікнула:
— Божа мой! Сэр Уільям, як вы можаце так казаць? Хіба вы не ведаеце, што містар Колінз хоча ажаніцца з Лізі?
Толькі ветласць прыдворнага магла без раздражнення вытрымаць такія выпады. Але добрыя манеры сэра Уільяма не здрадзілі яму: ён угаворваў Бэнэтаў паверыць яго словам і цярпліва выслухоўваў іх недарэчныя заўвагі.
Элізабэт зразумела, што госця ў такім непрыемным становішчы трэба выручаць, і пацвердзіла яго расказ, спаслаўшыся на Шарлоту, ад якой ужо чула навіну, а пасля паспрабавала спыніць шумную рэакцыю маці і сясцёр шчырымі віншаваннямі сэра Уільяма, да якіх тут жа далучылася Джэйн, і заўвагамі наконт шчасця, якое гэты саюз абавязкова прынясе, а таксама наконт выдатнага характару містара Колінза і зручнай адлегласці ад Хансфарда да Лондана.
Місіс Бэнэт была настолькі агаломшаная, што падчас візіту сэра Уільяма амаль нічога не казала, але як толькі ён адправіўся дадому, яе пачуцці тут жа знайшлі сабе выхад. Па-першае, яна пачала настойваць на неверагоднасці навіны, па-другое, была ўпэўненая, што містара
Колінза абдурылі, па-трэцяе, што разам яны ніколі не будуць шчаслівыя, а па-чацвёртае, што заручыны яшчэ можна разарваць. 3 усяго гэтага відавочна вынікалі дзве высновы: першая — што сапраўднай віноўніцай няшчасця была Элізабэт, а другая — што з самой місіс Бэнэт абышліся бесчалавечна. Да канца дня яна выказвалася пераважна на дзве гэтыя тэмы. Нішто не магло яе ўціхамірыць, нішто не магло ўлагодзіць. Калі дзень скончыўся, яе абурэнне не скончылася разам з ім. Прайшоў тыдзень, перш чым яна перастала папракаць Элізабэт, мінуў месяц, перш чым яна здолела размаўляць з сэрам Уільямам і лэдзі Лукас без грубасцяў, і праляцела шмат месяцаў, перш чым яна змагла дараваць Шарлоце.
Містар Бэнэт паставіўся да навіны нашмат больш абыякава: свае перажыванні на гэты конт ён апісаў як дастаткова прыемныя. Паводле яго словаў, найбольш яго парадавала адкрыццё, што Шарлота Лукас, якую ён заўсёды лічыў даволі разумнай, аказалася такой жа дурной, як яго жонка, і нават дурнейшай за яго дачку!
Джэйн прызналася, што гэты саюз яе трохі дзівіць, але пра здзіўленне яна гаварыла нашмат менш, чым пра тое, як шчыра яна жадае маладым шчасця, — нават Элізабэт не змагла пераканаць яе, што шчасця ў гэтым шлюбе будзе няшмат. Кіці і Лідыя нават не думалі зайздросціць міс Лукас, бо містар Колінз быўусяго толькі святаром, і яго заручыны ўсхвалявалі іх выключна як навіна, якую варта распаўсюдзіць у Мэрытане.
Лэдзі Лукас цудоўна разумела, якая гэта перамога — хваліцца добра ўладкаванай дачкой у адказ на грубасці місіс Бэнэт. Цяпер яна зазірала ў Лонгбарн нават часцей, чым дагэтуль, каб расказаць, якая яна шчаслівая, хоць змрочных поглядаў і нядобразычлівых заўваг місіс Бэнэт хапіла б на тое, каб разбурыць любое шчасце.
У адносінах паміж Элізабэт і Шарлотай з’явілася стрыманасць, якая прымушала абедзвюх маўчаць пра
заручыны, і Элізабэт была перакананая, што ніякай сапраўднай блізкасці паміж імі больш не будзе. Расчараванне ў Шарлоце прымусіла яе яшчэ болып прывязацца да сястры: яна не сумнявалася, што ніколі не зменіць меркавання пра яе сумленнасць і далікатнасць, і з кожным днём усё больш хвалявалася пра яе шчасце — Бінглі не было ўжо тыдзень, і ніякіх вестак пра яго вяртанне не паступала.
Джэйн хутка адказала на ліст Кэралайн і лічыла дні, калі ўжо будзе мець сэнс чакаць новага паслання. Абяцаны ліст з падзякамі ад містара Колінза прыйшоў у аўторак. Ен быў адрасаваны бацьку і напісаны з такой цырымоннай удзячнасцю, якая можа ўзнікнуць не менш як праз дванаццаць месяцаў карыстання чыёйсьці гасціннасцю. Аблягчыўшы такім чынам сумленне, містар Колінз у самых захопленых выразах паведамляў пра сваё шчасце здабыць прыхільнасць іх чароўнай суседкі міс Лукас і пасля тлумачыў, што толькі дзеля магчымасці цешыцца яе таварыствам ён так ахвотна прыняў іх ласкавае запрашэнне зноў наведаць Лонгбарн, куды спадзяецца прыбыць праз два тыдні ў панядзелак. Лэдзі Кэтрын, дадаваў ён, сардэчна ўхваліла яго заручыны і пажадала, каб шлюб адбыўся як мага хутчэй, і ён верыць, што гэтая акалічнасць акажацца для яго цудоўнай Шарлоты неаспрэчнай нагодай наблізіць дзень, які зробіць яго самым шчаслівым чалавекам на зямлі.
Прыезд містара Колінза ў Хартфардшыр ужо не радаваў місіс Бэнэт. Наадварот, яна жалілася на яго не менш, чым яе муж. Як дзіўна, што ён вырашыў спыніцца ў Лонгбарне, а не ў Лукас-лоджы, і прынесці ім столькі нязручнасці і турботаў. Яна цярпець не можа прымаць у доме гасцей, калі ў яе не надта добра са здароўем, а да таго ж закаханыя — самыя невыносныя з усіх людзей. Так мармытала сабе пад нос місіс Бэнэт, і яе скаргі саступалі месца толькі глыбейшым пакутам з нагоды доўгай адсутнасці містара Бінглі.
Джэйн і Элізабэт таксама пачуваліся неспакойна. Дні ішлі, а ад Бінглі не было і почуту, калі не лічыць плётак, якія неўзабаве разнесліся па Мэрытане, што гэтай зімой ён у Нэзэрфілд не вернецца. Плёткі гэтыя асабліва злавалі місіс Бэнэт, і яна ніколі не стамлялася абвяргаць іх як самую абуральную ману.
Нават Элізабэт пачала баяцца — не таго, што Бінглі абыякавы, а таго, што яго сёстрам удалося яго затрымаць. Яна з усяе моцы адганяла ад сябе гэтую думку, якая магла знішчыць шчасце Джэйн і зняславіць вернасць яе каханага, але думка вярталася да яе зноў і зноў. Калі дзве яго бяздушныя сястры і ўсёмагутны сябар з’яднаюць сілы і возьмуць у дапамогу чары міс Дарсі і лонданскія забавы, то гэтага, баялася Элізабэт, для яго пачуцця будзе зашмат.
Што да Джэйн, то яе, безумоўна, невядомасць мучыла мацней, чым Элізабэт, аднак яна імкнулася хаваць усё, што б ні адчувала, а таму размоваў на гэтую тэму паміж сёстрамі не было. А вось іх маці, якую ніякая тактоўнасць не стрымлівала, не радзей чым раз на гадзіну загаворвала пра Бінглі і пра тое, з якім нецярпеннем яна чакае яго прыезду, і нават прымушала Джэйн прызнацца, што калі ён усё ж не прыедзе, тая адчуе сябе жорстка падманутай. Спатрэбілася ўся непахісная мяккасць Джэйн, каб дастаткова ўраўнаважана вытрымаць гэтыя напады.
Містар Колінз без спазненняў прыбыў праз два тыдні ў панядзелак, але прынялі яго ў Лонгбарне зусім не так сардэчна, як першы раз. Аднак ён быў занадта шчаслівы, каб патрабаваць асаблівай увагі, і, на шчасце для Бэнэтаў, яго любоўныя справы збольшага вызвалілі іх ад яго таварыства. Большую частку дня ён бавіў у Лукас-лоджы і часам вяртаўся ў Лонгбарн так позна, што сям’я ўжо збіралася спаць, і ён ледзь паспяваў папрасіць прабачэння за сваю адсутнасць.
Стан місіс Бэнэт папраўдзе выклікаў шкадаванне. Любая згадка, якая мела хоць нейкае дачыненне да гэтага шлюбу, дарэшты псавала ёй настрой, а куды б яна ні пайшла, яна ўсюды толькі гэтыя згадкі і чула. Бачыць міс Лукас было для яе нясцерпна — да будучай спадчынніцы свайго дому яна ставілася з рэўнасцю і агідай. Варта было Шарлоце зайсці да іх у госці, як місіс Бэнэт пачынала здавацца, што тая толькі і чакае, калі маёнтак пяройдзе да яе. Варта было Шарлоце шапнуць нешта містару Колінзу, як місіс Бэнэт пераконвалася, што яны абмяркоўваюць лонгбарнскае ўладанне і дамаўляюцца выгнаць яе з дочкамі прэч, як толькі містар Бэнэт памрэ. Яна горка жалілася на ўсё гэта мужу.
— Ах, як цяжка, містар Бэнэт, — казала яна, — думаць пра тое, што аднойчы Шарлота Лукас загаспадарыць у гэтым доме, што мне давядзецца саступіць месца ёй і глядзець, як яна тут распараджаецца!