Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Таварыства містара Уікхэма істотна дапамагала рассеяць хмары, якія навіслі над многімі з лонгбарнскага сямейства пасля апошніх непрыемных падзеяў. Бэнэты часта з ім бачыліся, і да іншых яго станоўчых якасцяў цяпер дадалася яшчэ адна — поўная шчырасць. Усё, што Элізабэт калісьці ад яго чула пра крыўды на Дарсі і панесеныя ад яго страты, цяпер агучвалася і абмяркоўвалася публічна, і мясцовыя з прыемнасцю згадвалі, як моцна яны неўзлюбілі містара Дарсі, нават не ведаючы яшчэ пра дэталі справы.
Міс Бэнэт была адзінай, хто верыў у існаванне змякчальных абставін, пра якія хартфардшырцы не ведаюць. Яна з мяккай, але непахіснай дабрынёй заўсёды шукала іншыя тлумачэнні і нагадвала пра магчымыя памылкі — аднак усе астатнія асуджалі містара Дарсі як закаранелага нягодніка.
Раздзел XXV
Надыход суботы прымусіў містара Колінза пасля тыдня любоўных прызнанняў і планавання будучага шчасця расстацца з чароўнай Шарлотай. Аднак боль разлукі, які мучыў жаніха, мусіла змякчыць падрыхтоўка да прыёму нявесты, бо містар Колінз меў усе падставы спадзявацца, што неўзабаве пасля яго наступнага прыезду ў Хартфардшыр будзе прызначаны дзень, які зробіць яго самым шчаслівым сярод людзей. 3 лонгбарнскімі сваякамі ён адвітаўся гэтак жа ўрачыста, як і раней, зноў пажадаўшы чароўным кузінам шчасця і здароўя і паабяцаўшы іх бацьку чарговы ліст з падзякамі.
У наступны панядзелак місіс Бэнэт мела прыемнасць прымаць брата і яго жонку, якія прыбылі, як звычайна, сустракаць у Лонгбарне Каляды. Містар Гардынер быў разумным чалавекам з добрымі манерамі і прыкметна перасягаў сястру і прыроднымі здольнасцямі, і выхаваннем. Нэзэрфілдскія дамы з цяжкасцю паверылі б, што чалавек, які жыве з гандлю ў цені ўласных складоў, можа быць такім прыемным і далікатным. Місіс Гардынер, маладзейшая на некалькі гадоў за місіс Бэнэт і місіс Філіпс, была прыязнай, разумнай, вытанчанай жанчынай і любімай цётачкай усіх сваіх лонгбарнскіх пляменніц. 3 дзвюма старэйшымі яе звязвалі асабліва цёплыя стасункі, і тыя часта гасцявалі ў яе ў горадзе.
Па прыездзе ў Лонгбарн місіс Гардынер першым чынам мусіла раздаць падарункі і расказаць пра самыя модныя сталічныя навінкі. Калі з гэтым разабраліся, яна перайшла да выканання спакайнейшай ролі: цяпер была яе чарга слухаць. У місіс Бэнэт хапала нягодаў, якімі можна было падзяліцца і на якія варта было пажаліцца: з часу апошняй сустрэчы іх столькі разоў пакрыўдзілі. Дзве яе дачкі амаль выйшлі замуж, але ў выніку ўсё пайшло ў глум.
— Джэйн я не віню, — расказвала яна, — бо калі б Джэйн магла, яна б містара Бінглі не ўпусціла. Але Лізі!.. Ах, сястра, як цяжка ведаць, што толькі яе сапсаванасць перашкодзіла ёй стаць жонкай містара Колінза. Ен зрабіў ёй прапанову ў гэтым самым пакоі, а яна адмовіла! I ў выніку дачка лэдзі Лукас выйдзе замуж раней за любую з маіх, а Лонгбарн так і застанецца абы-каму. Гэтыя Лукасы, сястра, — насамрэч такія праныры. Ніколі свайго не ўпусцяць. Мне сумна казаць пра гэта, але так яно і ёсць. Вось чаму я так знервавалася і расхварэлася: мая сям’я блытае мне планы, а суседзі думаюць найперш пра сябе. Вы прыехалі вельмі своечасова, і я радая пачуць, што ў модзе цяпер доўгія рукавы.
Місіс Гардынер, якой Джэйн і Элізабэт ужо напісалі пра апошнія навіны, адказала сястры як мага карацей і, спачуваючы пляменніцам, змяніла тэму размовы.
Застаўшыся потым сам-насам з Элізабэт, яна пагаварыла з ёй падрабязней:
— Мне здаецца, для Джэйн гэта быў бы сапраўды пажаданы шлюб, — сказала яна. — Шкада, што да гэтага не дайшло. Але такое здараецца на кожным кроку! TaKia маладыя людзі, якім вы апісалі містара Бінглі, могуць лёгка закахацца ў мілую паненку на некалькі тыдняў, а калі абставіны іх разлучаць, гэтак жа лёгка пра яе забыць. Такое непастаянства — не рэдкасць.
— Гэта па-свойму цудоўнае суцяшэнне, — сказала Элізабэт, — але нам яно не падыходзіць. Абставіны тут ні пры чым. Сябры нячаста ўмешваюцца ў справы незалежнага маладога чалавека і пераконваюць яго болып не думаць пра дзяўчыну, у якую ён усяго некалысі дзён таму быў шалёна закаханы.
— Але гэты выраз — «шалёна закаханы» — такі зацяганы, такі сумнеўны, такі недакладны, што ні пра што мне не гаворыць. Пачуццё, якое ўспыхнула пасля паўгадзіннага знаёмства, ім апісваюць не радзей, чым сапраўдную моцную прывязанасць. Скажы, наколькі шалёна быў закаханы містар Бінглі?
— Я ніколі яшчэ не бачыла такой шматабяцальнай прыхільнасці. Ен усё менш зважаў на іншых людзей і цалкам захапіўся ёю. 3 кожнай іх сустрэчай гэта рабілася ўсё больш выразным і заўважным. Наўласным балі ён абразіў дзвюх ці трох юных лэдзі, не запрасіўшы іх на танец, і я сама двойчы не атрымлівала ад яго адказу на пытанне. Xi63 бываюць дакладнейшыя прыкметы? Хіба няветласць да людзей навокал не ёсць праўдзівай сутнасцю кахання?
— О, так — менавіта такой закаханасці, якую я падазраю ў ім. Бедная Джэйн! Мне так яе шкада, бо дзяўчына з яе характарам акрыяе не адразу. Лепш бы гэта здарылася з табой, Лізі: ты вельмі хутка пачала б з сябе смяяцца. Як ты думаеш, мы ўгаворым яе паехаць з намі ў горад? Змена абстаноўкі можа дапамагчы, ды і ёй будзе карысна адпачыць ад дому.
Элізабэт вельмі ўзрадавалася прапанове і была перакананая, што сястра ахвотна пагодзіцца.
— Спадзяюся, — дадала місіс Гардынер, — на яе не паўплываюць чаканні наконт гэтага маладога чалавека. Мы жывём у розных частках горада і маем розныя колы знаёмстваў, да таго ж, як ты ведаеш, так рэдка выязджаем, што ў яе амаль няма шанцаў сустрэцца з ім, калі толькі ён сам не прыйдзе з ёй пабачыцца.
— Акурат на гэта шанцаў зусім няма, бо за ім наглядае яго сябар, а містар Дарсі нізашто не дазволіць яму наведаць Джэйн у такой частцы Лондана! Мілая цётухна, як вы маглі пра гэта падумаць? Містар Дарсі, можа, і чуў пра існаванне такога месца, як Грэйсчорч-стрыт, аднак ён напэўна засумняваецца, ці здолее ён, наведаўшы такі раён, нават за месяц ачысціцца ад бруду. А містар Бінглі, паверце мне, без яго дазволу нават не варухнецца.
— Гэта нават лепш. Спадзяюся, яны ўвогуле больш не сустрэнуцца. Але Джэйн хіба не перапісваецца з яго сястрой? Міс Бінглі дакладна давядзецца нас наведаць.
— Яна проста цалкам разарве знаёмства.
Але як бы рашуча ні выказвалася Элізабэт на гэтую, а таксама на яшчэ цікавейшую тэму пра тое, што містара Бінглі адгавораць ад сустрэчы з Джэйн, нейкая трывога ўнутры падказвала ёй, што пасля пільнага разгляду абставін сітуацыя не выглядае зусім безнадзейнай. Магчыма, а можа, нават і вераемна, прыхільнасць містара Бінглі ажыве, і ўплыў сяброў паспяхова адступіць перад больш натуральным уплывам красы Джэйн.
Міс Бэнэт ахвотна прыняла цётчына запрашэнне. Сям’я Бінглі ў яе думках усплыла з нагоды толькі аднаго спадзявання: паколькі Кэралайн жыла асобна ад брата, Джэйн магла час ад часу сустракацца з ёй уранку, не рызыкуючы сутыкнуцца з містарам Бінглі.
Гардынеры пражылі ў Лонгбарне тыдзень, і дзякуючы Філіпсам, Лукасам і афіцэрам ніводнага дня не прайшло без запрашэння. Місіс Бэнэт так старалася забавіць брата і яго жонку, што тыя ні разу не паабедалі ў сямейным коле. Калі госці заставаліся дома, на абед абавязкова запрашаўся нехта з афіцэраў — найперш, безумоўна, містар Уікхэм, і таму місіс Гардынер, якой цёплыя водгукі Элізабэт пра яго падаліся падазронымі,
змагла пільна за абаімі паназіраць. 3 таго, што яна ўбачыла, нельга было сказаць, што яны моцна адно ў адно закаханыя, аднак іх узаемная зацікаўленасць трошкі яе ўстурбавала, а таму яна вырашыла пагаварыць з Элізабэт да ад’езду з Хартфардшыра і давесці, што з яе боку безразважна заахвочваць такія заляцанні.
Місіс Гардынер зацікавілася містарам Уікхэмам з яшчэ адной прычыны, не звязанай з яго абаяльнасцю. Дзесяць-дванаццаць гадоў таму, яшчэ да замужжа, яна даволі доўгі час жыла ў той частцы Дэрбішыра, адкуль ён быў родам. Такім чынам, у іх было шмат агульных знаёмых, і хаця пасля смерці старэйшага Дарсі пяць гадоў таму Уікхэм бываў у тых краях нячаста, ён мог расказаць ёй больш свежыя навіны пра даўніх сяброў, чым тыя, якія даходзілі да яе.
Місіс Гардынер бачыла Пэмбэрлі і вельмі добра ведала характар бацькі містара Дарсі, а таму мела невычарпальную крыніцу тэмаў для размовы. Параўноўваючы свае ўспаміны пра Пэмбэрлі з дасканальным апісаннем, якое мог прапанаваць Уікхэм, і ўзносячы хвалу былому ўладальніку маёнтка, яна радавала і суразмоўцу, і сябе. Дазнаўшыся, як кепска малады Дарсі абышоўся з містарам Уікхэмам, яна паспрабавала ўспомніць усё, што чула пра характар будучага спадчынніка, калі ён быў яшчэ падлеткам, і што магло пацвердзіць гэтую гісторыю. Урэшце яна ўпэўнілася, што сапраўды чула, быццам містар Фіцуільям Дарсі — вельмі ганарлівы хлопчык з дрэнным характарам.
Раздзел XXVI
Місіс Гардынер скарыстала першую ж зручную магчымасць пагаварыць сам-насам з Элізабэт і, падзяліўшыся з ёй думкамі, прадоўжыла:
— Ты занадта разумная, Лізі, каб закахацца проста таму, што цябе супраць гэтага перасцерагаюць, а таму я не баюся гаварыць з табой адкрыта. Сур’ёзна кажучы, я хачу, каб ты была пільнай. He ўцягвайся сама і не ўцягвай яго ў стасункі, якія пры вашых сціплых сродках падаюцца безразважнымі. Я нічога не маю супраць яго самога: ён надзвычай цікавы малады мужчына, і калі б ён меў тыя сродкі, якія мусіў бы, я б палічыла, што лепшага і жадаць не варта. Але ў цяперашніх абставінах ты не павінная даваць волю прыхамацям. Галава на плячах у цябе ёсць, і мы ўсе чакаем, што ты яе не страціш. Я ведаю, як твой бацька спадзяецца на тваю цвёрдасць і разважныя паводзіны. He расчаруй яго.
— Мілая цётухна, вы гаворыце так сур’ёзна.
— Так, і спадзяюся цябе таксама схіліць да сур’ёзнасці.
— Што ж, тады вам не варта турбавацца. Я паклапачуся пра сябе, ды і пра містара Уікхэма. Калі ўсё будзе залежаць ад мяне, ён у мяне не закахаецца.
— Элізабэт, гэта пакуль несур’ёзна.
— Прашу прабачэння. Паспрабую яшчэ раз. Пакуль што я ў містара Уікхэма не закаханая, дакладна не закаханая. Але ён самы прыемны мужчына з усіх, каго я ведаю, няма чаго і параўноўваць, і калі ён сапраўды да мяне прывяжацца... He, хай гэта лепш не здарыцца. Я разумею, што гэта было б легкадумна. Ах, гэты гнюсны містар Дарсі! Меркаванне бацькі робіць мне вялікі гонар, і ўпасці ўяго вачах будзе недаравальна. Аднак да містара Уікхэма ён ставіцца добра. Карацей кажучы, мілая цётухна, я вельмі засмучуся, калі зраблю кагосьці з вас няшчасным, але ж мы кожны дзень бачым, што калі маладымі людзьмі кіруе пачуццё, адсутнасць сродкаў рэдка ўтрымлівае іх ад заручын. А таму як я магу паабяцаць быць мудрэйшай за столькіх маіх бліжніх, калі сутыкнуся з такой спакусай, і як магу быць упэўненая, што супраціўляцца ёй — гэта і ёсць мудрасць? Усё, што