Пыха і перадузятасць
Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
Пасля агляду саду містар Колінз хацеў павесці гасцей на два свае лугі, аднак абутак лэдзі быў не прыстасаваны да блізкага знаёмства з шэранню, а таму яны
вярнуліся ў дом, і пакуль сэр Уільям аглядаў разам з зяцем лугі, Шарлота паказала сястры і сяброўцы астатнія пакоі, задаволеная, што можа гэта зрабіць без дапамогі мужа. Дом быў невялікі, аднак добра пабудаваны і ўтульны; прадуманасць і акуратнасць яго ўладкавання Элізабэт прыпісала Шарлоце. Забыўшы пра містара Колінза, у абстаноўцы можна было адчуць надзвычайны дух утульнасці, а паколькі Шарлота відавочна цешылася ім, Элізабэт падумала, што забывае яна пра мужа часта.
Элізабэт ужо ведала, што лэдзі Кэтрын у Розінгзе. Пра гэта зноў загаварылі за абедам, і містар Колінз зазначыў:
— Так, міс Элізабэт, вас чакае гонар пабачыць лэдзі Кэтрын дэ Бур у найбліжэйшую нядзелю ў царкве, і мне не трэба казаць, што вы будзеце ад яе ў захапленні. Яна — сама ласкавасць і паблажлівасць, і я перакананы, што калі служба скончыцца, яна абдорыць вас пэўнай увагаю. У мяне няма ніякіх сумненняў, што яна ўключыць вас і маю сястру Марыю ва ўсе запрашэнні, якімі ўшануе нас падчас вашага гасцявання. Яна выдатна ставіцца да маёй дарагой Шарлоты. Двойчы на тыдзень мы абедаем у Розінгзе, і нам ніколі не дазваляюць вяртацца дадому пешкі. Кожны раз для нас замаўляецца экіпаж яе светласці. Ці, мне варта было сказаць, адзін з экіпажаў яе светласці, бо ў яе іх некалькі.
— Лэдзі Кэтрын сапраўды вельмі паважная і разумная жанчына, — дадала Шарлота, — і надзвычай уважлівая суседка.
— Слушна, дарагая, менавіта гэта я і хацеў сказаць. Яна з тых асобаў, пашана да якіх ніколі не можа быць збыткоўнай.
Вечар прайшоўу асноўным за абмеркаваннем навін з Хартфардшыра і пераказам таго, што ўжо згадвалася ўлістах, і калі ён скончыўся, у цішыні свайго пакоя Элі-
забэт мела магчымасць асэнсаваць, наколькі Шарлота задаволеная жыццём, узважыць той спрыт, з якім яна кіруе мужам, і вытрымку, з якой яго цярпіць, і ўрэшце прызнала, што сяброўка ўсё робіць як найлепш. Яшчэ яна ўявіла, як будзе працякаць гасцяванне ў Хансфардзе: павольны ход штодзённых заняткаў, прыкрыя назалянні містара Колінза і сумесныя забавы з насельнікамі Розінгза. Усё гэта вельмі жыва паўстала перад яе вачыма.
У сярэдзіне наступнага дня, калі яна рыхтавалася ў сваім пакоі да прагулкі, знізу данёсся шум: у доме нібыта ўсчаўся гармідар. Прыслухаўшыся, яна пачула, як нехта ў шалёнай спешцы ўзбягае па лесвіцы і гучна яе кліча. Яна адчыніла дзверы і ўбачыла на лесвічнай пляцоўцы Марыю, якая, ледзь дыхаючы ад хвалявання, закрычала:
— Ах, дарагая Эліза, прашу вас, хутчэй! Бяжыце ў сталовы пакой, бо там з акна вы ўбачыце такое! Толькі я вам не скажу, што! Давайце хутчэй, бяжыце зараз жа!
Усе роспыты Элізабэт былі марныя. Марыя нічога не сказала, і яны разам забеглі ў сталовы пакой, акно якога выходзіла на лужок, каб убачыць цуд — дзвюх лэдзі, чый нізкі фаэтон спыніўся ля садовай брамы.
— I гэта ўсё? — усклікнула Элізабэт. — Я думала, у сад хаця б забраліся свінні, а гэта ўсяго толькі лэдзі Кэтрын і яе дачка!
— Ты што, дарагая Эліза, — сказала Марыя, моцна ўражаная яе памылкай, — гэта ж не лэдзі Кэтрын! Тая старая лэдзі — гэта місіс Джэнкінсан, якая з імі жыве. Другая — гэта міс дэ Бур. Вы толькі паглядзіце на яе. Якая маленечкая! Хто б мог падумаць, што яна такая дробная і худая!
— 3 яе боку жахліва непрыстойна трымаць Шарлоту на ветры. Чаму яна не ўвойдзе?
— Ах, Шарлота кажа, што яна амаль ніколі не заходзіць. З’яўленне міс дэ Бур у гэтым доме — найвышэйшая міласць.
— Мне яна падабаецца, — сказала Элізабэт, у якой акурат з’явілася новая думка. — Выглядае хваравітай і зласлівай. Так, яна цудоўна яму падыдзе. Зробіцца яму добрай жоначкай.
Містар Колінз і Шарлота стаялі ля брамы, размаўляючы з лэдзі, а сэр Уільям, на пацеху Элізабэт, размясціўся на парозе, урачыста сузіраючы веліч, што знаходзілася перад ім, і ўвесь час кланяючыся, калі міс дэ Бур глядзела ў яго бок.
Урэшце тэмы для размоваў вычарпаліся, лэдзі з’ехалі, і ўсе вярнуліся ў дом. Калі містар Колінз убачыў дзяўчат, ён адразу ж пачаў віншаваць іх з вялікай удачай, якая, як растлумачыла Шарлота, палягала ў тым, што іх усіх запрасілі паабедаць заўтра ў Розінгзе.
Раздзел XXIX
Атрыманае запрашэнне зрабіла трыумф містара Колінза поўным, бо той якраз марыў пра магчымасць прадэманстраваць здзіўленым гасцям грандыёзнасць апякункі і даць ім убачыць, з якой ветласцю яна ставіцца да яго з жонкай. Тое, што магчымасць надарылася так хутка, сведчыла пра бязмежную ласку лэдзі Кэтрын, і ён не ведаў, як яе належным чынам усхваліць.
— Мушу прызнацца, — сказаў ён, — што я б зусім не здзівіўся, калі б яе светласць запрасіла нас у нядзелю выпіць з ёй гарбаты і прабавіць вечар у Розінгзе. Болып за тое, ведаючы пра яе прыязнасць, я гэтага нават чакаў. Але хто мог прадбачыць, з якой увагай яна да нас паставіцца? Хто мог уявіць, што мы атрымаем
запрашэнне (прычым запрашэнне для ўсіх) паабедаць там адразу ж па вашым прыбыцці!
— Мяне гэта так не здзіўляе, — адказаў сэр Уільям. — Маё становішча дазволіла мне дазнацца, што такое манеры сапраўды вялікіх людзей. Калі казаць пра двор, то выпадкі такой выкшталцонай далікатнасці там зусім не рэдкасць.
Цягам усяго дня і наступнага ранку ў доме абмяркоўвалі толькі візіт у Розінгз. Містар Колінз старанна настаўляў гасцей, чаго варта чакаць, расказваў, як выглядае той ці іншы пакой, колькі там слуг і які шыкоўны іх чакае абед, каб яны дарэшты не разгубіліся.
Перш чым лэдзі разышліся пераапрануцца, ён звярнуўся да Элізабэт:
— He адчувайце сябе няёмка, дарагая кузіна, з нагоды вашага ўбрання. Лэдзі Кэтрын далёкая ад таго, каб патрабаваць ад нас вытанчанасці строяў, якой вылучаюцца яна сама і яе дачка. Я б параіў вам проста надзець найлепшую з вашых сукенак, а пра большае і думаць не варта. Калі вы будзеце сціпла апранутая, меркаванне пра вас лэдзі Кэтрын не зробіцца горшым. Ей падабаецца, калі захоўваецца розніца ў становішчы.
Пакуль усе апраналіся, містар Колінз двойчы ці тройчы падыходзіў да іх дзвярэй і раіў паспяшацца, бо лэдзі Кэтрын не любіць, калі абеду даводзіцца чакаць. Грозны вобраз яе светласці і яе ладу жыцця так напалохаў Марыю Лукас, якая не прывыкла да таварыства, што яна чакала знаёмства з насельнікамі Розінгза з не меншай асцярогай, чым тая, з якой яе бацька чакаў прадстаўлення да Сент-Джэймскага двара.
Надвор’е было цудоўнае, а таму яны з прыемнасцю прайшлі недзе паўмілі праз парк. Кожны парк мае сваё хараство і свае віды, і Элізабэт было чым палюбавацца, хоць яна і не адчувала таго апантанага захаплення, якое, на думку містара Колінза, мусіла выклікаць сузі-
ранне гэтых пейзажаў, і былаўсяго толькі злёгкуўражаная безліччу вокнаў на фасадзе будынка і звесткамі пра тое, у колькі сэру Льюісу дэ Буру абышлося ў свой час поўнае іх шкленне.
Калі яны падняліся да параднага ўвахода, трывога Марыі імгненна ўзрасла, і нават сэр Уільям ужо не выглядаў зусім спакойным. Элізабэт страху не адчула. Яна не ведала пра лэдзі Кэтрын нічога, што сведчыла б пра яе надзвычайныя таленты ці дзівосныя цноты, а сузіраць багацце і высокае становішча яна магла без трымцення.
3 вітальні, у якой містар Колінз захоплена паказаў ім на выдатныя памеры памяшкання і вытанчаныя аздобы, слуга правёў іх праз пярэдні пакой туды, дзе сядзелі лэдзі Кэтрын, яе дачка і місіс Джэнкінсан. Яе светласць з вялікай паблажлівасцю паднялася павітаць іх, і паколькі місіс Колінз дамовілася з мужам, што абавязак прадставіць гасцей яна возьме на сябе, цырымонія прайшла годным чынам, без прабачэнняў і падзяк, якія ён палічыў бы неабходнымі.
Нягледзячы на знаёмства з Сент-Джэймскім дваром, сэр Уільям быў настолькі агаломшаны навакольнай раскошай, што адвагі яму хапіла толькі на тое, каб нізка пакланіцца і, ні слова не сказаўшы, сесці. Яго дачка, напужаная ледзь не да страты ўсіх пачуццяў, прымасцілася на краі крэсла, не ведаючы, куды і глядзець. Элізабэт жа адчувала сябе цалкам да месца і спакойна разглядала трох лэдзі, што сядзелі перад ёй. Лэдзі Кэтрын была высокай мажной жанчынай з рэзкімі рысамі твару, якія калісьці маглі быць прыгожымі. Яе аблічча не выклікала прыхільнасці, а ў манерах не адчувалася жадання прыняць гасцей так, каб яны забылі пра сваё ніжэйшае становішча. Маўчанне не рабіла яе грознай, аднак што б яна ні казала, у яе словах гучаў загадны тон, які выдаваў ганарлівасць і прымусіў Эліза-
бэт адразу ж прыгадаць аповеды містара Уікхэма. 3 назіранняў таго дня яна зрабіла выснову, што яго апісанне лэдзі Кэтрын цалкам адпавядае рэчаіснасці.
Разгледзеўшы маці, у рысах і паводзінах якой лёгка знаходзілася пэўнае падабенства з містарам Дарсі, Элізабэт перавяла погляд на дачку і амаль раздзяліла здзіўленне Марыі наконт яе дробнасці і худзізны. Лэдзі не нагадвалі адна адну ні тварам, ні фігурай. Міс дэ Бур выглядала бледнай і хваравітай, яе рысы хоць і сведчылі пра высокае паходжанне, але былі невыразнымі, і яна амаль нічога не казала, звяртаючыся шэптам толькі да місіс Джэнкінсан, у абліччы якой не было нічога асаблівага і якая займалася толькі тым, што слухала шэпт міс дэ Бур і ставіла экран на належнай адлегласці ад яе вачэй.
Праз некалькі хвілін гасцей адправілі да аднаго з вокнаў палюбавацца пейзажам, і да іх далучыўся містар Колінз, каб паказаць на самыя прыгожыя яго дэталі, а лэдзі Кэтрын ласкава паведаміла, што ўлетку від варты яшчэ большага захаплення.
Потым іх чакаў шчодры абед, падчас якога яны ўбачылі ўсіх абяцаных містарам Колінзам слуг і ўсе прадметы сервіроўкі, а яго самога, згодна з яго прадказаннем і на жаданне лэдзі Кэтрын, пасадзілі насупраць яе светласці ў канцы стала, і містар Колінз выглядаў так, быццам нічога лепшага з ім у жыцці не магло здарыцца. Ен з радасным запалам рэзаў мяса, і еў, і хваліў ежу: кожная страва атрымлівала спачатку водгук ад яго, а пасля і ад сэра Уільяма, які настолькі прыйшоў у сябе, што мог як рэха паўтараць сказанае зяцем. Элізабэт здзіўлялася, як лэдзі Кэтрын гэта вытрымлівае. Аднак тую, здавалася, іх надзвычайныя пахвалы цешылі, і яна адказвала самымі міласцівымі ўсмешкамі, асабліва калі нейкая страва аказвалася гасцям невядомай. Размова за сталом не надта клеілася. Элізабэт была