Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Калі аднойчы Элізабэт прагульвалася, перачытваючы апошні ліст Джэйн і засяроджваючыся на абзацах, у якіх асабліва адчувалася туга, яе здзівіла чарговая сустрэча, але гэтым разам не з містарам Дарсі, а з палкоўнікам Фіцуільямам, які ішоў насустрач. Тут жа схаваўшы ліст і праз сілу ўсміхнуўшыся, Элізабэт сказала:
— Я і не думала, што магу сустрэць вас на гэтай сцяжынцы.
— Я раблю штогадовы абход парку, — адказаў ён, — і на зваротным шляху збіраўся зазірнуць у дом святара. Вы збіраецеся кудысьці далей?
— He, я якраз хацела вяртацца.
Тут яна павярнула, і яны разам пайшлі ў Хансфард.
— Вы сапраўды мусіце ў суботу пакінуць Кент? — спытала яна.
— Так, калі Дарсі зноў не адкладзе ад’езд. Я ў яго ўладзе, а ён усё плануе так, як яму зручна.
— I калі зручна спланаваць не атрымліваецца, для зручнасці ў яго прынамсі ёсць права выбіраць. Я не ведаю нікога, хто атрымліваў бы большую асалоду ад магчымасці рабіць што яму хочацца, чым містар Дарсі.
— Ен сапраўды любіць трымацца свайго, — адказаў палкоўнік Фіцуільям. — Але хто з нас не такі? У яго хіба што для гэтага больш магчымасцяў, бо ён багаты, а многія іншыя — бедныя. Я кажу так, бо добра ведаю. Малодшы сын, як вы разумееце, мусіць прывыкаць да самаахвярнасці і залежнасці.
— Мне здаецца, малодшы сын графа ведае і пра першае, і пра другое няшмат. Ну, раскажыце ж, ці шмат чым вы ахвяравалі і ці шмат ад каго залежалі. Вам калінебудзь даводзілася праз недахоп грошай адмаўляцца ад задуманай паездкі ці жаданай пакупкі?
— Вы добра пацэлілі: я сапраўды не магу сказаць, што часта сутыкаюся з цяжкасцямі такога кшталту. Што да больш сур’ёзных рэчаў, то на іх мне часам грошай не хапае. Малодшыя сыны не могуць жаніцца як ім уздумаецца.
— Калі толькі не ўпадабаюць багатую жанчыну — а гэта, я думаю, яны часта робяць.
— Наш лад жыцця робіць нас надта залежнымі, і мала хто ў маім становішчы можа дазволіць сабе ажаніцца не зважаючы на грошы.
«Няўжо гэта ён пра мяне?» — падумала Элізабэт і ад такой думкі пачырванела, аднак, узяўшы сябе ў рукі, вясёлым голасам сказала:
— Дык скажыце мне: колькі звычайна каштуе малодшы сын графа? Калі старэйшы брат не зусім хворы, вы, мабыць, запросіце тысяч пяцьдзясят?
Ён адказаў у тым жа тоне, і тэма вычарпалася. Каб парушыць маўчанне, якое ён мог палічыць вынікам размовы, яна сказала:
— Думаю, ваш кузэн узяў вас з сабой пераважна для Ta­ro, каб хтосьці быў у яго ўладзе. He разумею, чаму ён не жэніцца, каб назаўсёды задаволіць гэтую патрэбу. Зрэшты, магчыма, пакуль яму хапае і сястры, бо калі ён — адзіны яе апякун, то можа камандаваць ёй колькі захоча.
— He, — сказаў палкоўнік Фіцуільям, — гэтую прывілею ён мусіць дзяліць са мной. Я таксама апякун міс Дарсі.
— Праўда? Тады раскажыце, як вы ёй апякуецеся. Вашы абавязкі моцна вас абцяжарваюць? Часам не так і лёгка кіраваць юнымі лэдзі яе ўзросту, і калі яна сапраўдная Дарсі, то таксама любіць трымацца свайго.
Сказаўшы гэта, яна злавіла на сабе вельмі сур’ёзны позірк, і тон наступнага пытання палкоўніка Фіцуільяма — чаму яна думае, што міс Дарсі можа прынесці нязручнасці — запэўніў яе, што так ці інакш яна наблізілася да праўды. Элізабэт шчыра адказала:
— He бойцеся, я ніколі не чула пра яе нічога дрэннага і гатовая прызнаць яе самым ціхмяным стварэннем у свеце. Яна вялікая ўлюбёнка дзвюх маіх знаёмых лэдзі, місіс Хёрст і міс Бінглі. Мне здаецца, вы казалі, што ведаеце іх.
— Трошкі ведаю. Іх брат — вельмі прыемны джэнтльмен, вялікі сябар Дарсі.
— О, так! — суха сказала Элізабэт. — Містар Дарсі ставіцца да містара Бінглі з неймавернай дабрынёй і аж занадта клапоціцца пра яго.
— Клапоціцца пра яго! Так, выглядае, што Дарсі ca­npay ды пра яго паклапаціўся — акурат тады, калі клопат быў вельмі неабходны. 3 яго словаў, калі мы ехалі сюды, я зрабіў выснову, што Бінглі яму вельмі абавязаны. Але, магчыма, мне давядзецца прасіць у Дарсі прабачэння, бо я не магу сказаць дакладна, што вялося менавіта пра Бінглі. Гэта толькі мая здагадка.
— А пра што была гаворка?
— Пра нядаўнія абставіны, якія Дарсі, безумоўна, не хацеў бы разнесці па ўсім свеце, бо калі чуткі дойдуць да сям’і лэдзі, атрымаецца непрыемнасць.
— Паверце, я нікому не скажу.
— I памятайце, што ў мяне няма асаблівых прычын думаць, што гэта пра Бінглі. Дарсі сказаў мне толькі, што нядаўна ўратаваў сябра ад нязручнага і надзвычай неабдуманага шлюбу, з чым сябе і віншуе, але не згадаў ні імені, ні іншых акалічнасцяў. Я толькі падазраю, што вядзецца пра Бінглі, бо ён акурат з маладых людзей, якія трапляюць у гісторыі такога кшталту, да Ta­ro ж я ведаю, што ўсё мінулае лета яны прабавілі разам.
— Містар Дарсі растлумачыў сваё ўмяшанне?
— Як я разумею, лэдзі выклікала сур’ёзныя пярэчанні.
— I якія ўменні ён выкарыстаў, каб разлучыць іх?
— Пра свае ўменні ён не расказваў, — з усмешкай адгукнуўся Фіцуільям. — Сказаў толькі тое, пра што вы ўжо ведаеце.
Элізабэт нічога не адказвала, а толькі ішла далей, і яе сэрца поўнілася абурэннем. Крыху счакаўшы, Фіцуільям спытаў, чаму яна такая задуменная.
— Я думаю цяпер пра гэтую гісторыю, — сказала яна. — Учынак вашага кузэна засмучае мяне. Хто ён Ta­Ki, каб судзіць?
— Вы схіляецеся да таго, што ён умяшаўся не ў сваю справу?
— Я не разумею, якое права містар Дарсі меў ацэньваць прыхільнасць сябра і навошта яму было, кіруючыся выключна ўласнымі суджэннямі, вырашаць, якім чынам містар Бінглі мусіць зрабіцца шчаслівым. Але, — прадоўжыла яна, апамятаўшыся, — падрабязнасцяў мы не ведаем, а таму не будзем несправядліва асуджаць яго. Магчыма, у тым выпадку закаханасці было няшмат.
— Ваша версія падаецца досыць імавернай, — сказаў Фіцуільям, — хоць, на жаль, не дадае гонару трыумфу майго кузэна.
Яго словы былі жартам, аднак Элізабэт убачыла ў іх такі дакладны вобраз містара Дарсі, што, не давяраючы сабе, прамаўчала, а пасля, рэзка перамяніўшы тэму на менш значную, трымалася яе, пакуль яны не дайшлі да дома святара. Як толькі палкоўнік Фіцуільям сышоў, яна зачынілася ў сваім пакоі, каб спакойна асэнсаваць усё, што пачула. He варта было і думаць, што гісторыя палкоўніка тычылася не яе блізкіх. У свеце не магло існаваць двух чалавек, на якіх містар Дарсі мог так бязмежна ўплываць. Элізабэт ніколі не сумнявалася, што ён мае дачыненне да разлукі містара Бінглі і Джэйн, аднак асноўную задуму і выкананне заўсёды прыпісвала міс Бінглі. Аднак калі ўласнае славалюбства яго не падманвала, то прычынай пакутаў Джэйн, якія дагэтуль не скончыліся, быў менавіта ён, яго пыха і прыхамаць. Ен на некаторы час разбурыў усе надзеі на шчасце, якія песціла самае адданае і высакароднае сэрца ў свеце, і невядома, як доўга зробленае ім зло будзе нагадваць пра сябе.
«Лэдзі выклікала сур’ёзныя пярэчанні», — так сказаў палкоўнік Фіцуільям, і гэтыя сур’ёзныя пярэчанні былі, відаць, у тым, што адзін яе дзядзька — правінцыйны адвакат, а другі — лонданскі камерсант.
«Сама Джэйн, — усклікнула ў думках Элізабэт, — пярэчанняў выклікаць не можа. Яна ўся — чароўнасць
і дабрыня! У яе выдатны розум і цудоўныя манеры, яна добра адукаваная. Супраць майго бацькі таксама нічога не скажаш: нягледзячы на яго дзівацтвы, нават містар Дарсі не будзе пагарджаць яго здольнасцямі і наўрад ці калі дасягне яго паважнасці». Але падумаўшы пра маці, яна адчула сябе менш упэўнена, хоць усё адно не магла дапусціць, што пярэчанні містара Дарсі на гэты конт былі такімі істотнымі. Яна не сумнявалася, што яго пыха пацярпела б хутчэй ад таго, што сваякі яго сябра маюць недастаткова высокае становішча, чым ад таго, што ў іх недастаткова розуму, і ўрэшце вырашыла, што паводзінамі Дарсі часткова кіравала пыха найгоршага гатунку і часткова — жаданне прытрымаць містара Бінглі для сваёй сястры.
Ад турботных думак і пралітых з гэтай нагоды слёз у Элізабэт разбалелася галава. Увечары боль узмацніўся і разам з нежаданнем бачыць містара Дарсі прымусіў яе прапусціць візіт у Розінгз, куды Колінзаў запрасілі на гарбату. Місіс Колінз, бачачы, што ёй сапраўды кепска, не ўгаворвала яе і як магла ратавала ад угавораў мужа, аднак той усё адно не ўтрымаўся ад папроку, што лэдзі Кэтрын будзе вельмі незадаволеная адсутнасцю Элізабэт.
Раздзел XXXIV
Калі ўсе сышлі, Элізабэт, нібыта хочучы раззлавацца на містара Дарсі яшчэ мацней, вырашыла перагледзець лісты Джэйн, атрыманыя падчас гасцявання ў Кенце. Адкрытых скаргаў у іх не было, не было і згадак пра мінулыя падзеі і аповедаў пра цяперашнія пакуты. Аднак ва ўсіх лістах, у кожным іх радку, не хапала той бадзёрасці, якая звычайна вызначала манеру пісьма сястры і крыніцай якой быў спакойны розум,
што жыў у міры з сабой, і добрае стаўленне да іншых — азмрочыць іх было вельмі нялёгка. 3 увагай, якая амаль немагчымая пры першым прачытанні, Элізабэт адзначала кожны трывожны сказ. Ганебная пахвальба містара Дарсі, які змог зрабіць Джэйн такой няшчаснай, яшчэ мацней прымушала Элізабэт адчуць пакуты сястры. Яе суцяшала толькі тое, што гасцяванне Дарсі ў Розінгзе паслязаўтра скончыцца, а яшчэ болып — тое, што менш чым праз два тыдні яна зноў убачыць Джэйн і з усёй пяшчотай зможа дапамагчы ёй ачуняць.
Думаючы пра ад’езд Дарсі з Кента, яна не забывала, што разам з ім мусіць з’ехаць і яго кузэн, аднак палкоўнік Фіцуільям выразна даў ёй зразумець, што ніякіх намераў у яго няма, а таму, якім бы прыемным ён ні быў, яна зусім не збіралася праз яго тужыць.
Калі Элізабэт разбіралася з гэтымі думкамі, яе патрывожыў нечаканы званок у дзверы, і яна крыху захвалявалася, вырашыўшы, што гэта палкоўнік Фіцуільям: аднойчы ён ужо зазіраў да іх у такую познюю гадзіну і мог цяпер зноў зайсці, каб спытаць пра яе здароўе. Хутка, аднак, гэтая здагадка была абвергнутая, а настрой змяніўся на адваротны, бо, на сваё вялікае здзіўленне, Элізабэт убачыла, што ў пакой увайшоў Micrap Дарсі. Ен адразу ж паспешліва запытаў, як яна пачуваецца, прыпісаўшы візіт жаданню ўпэўніцца, што ёй ужо лепш. Элізабэт дала яму халодны ветлівы адказ. Некалькі хвілін пасядзеўшы, містар Дарсі ўстаў і пачаў хадзіць туды-сюды. Уражаная Элізабэт нічога не казала. Памаўчаўшы некалькі хвілін, ён з хваляваннем падышоў да яе і пачаў:
— Я марна змагаўся. Нічога не атрымаецца. Я не здольны справіцца з пачуццямі. Вы мусіце дазволіць мне прызнацца, як я вамі захапляюся і як вас кахаю.