Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
гатовая падтрымаць гутарку, хто б яе ні пачаў, але яна сядзела паміж Шарлотай і міс дэ Бур, і першая слухала лэдзі Кэтрын, а другая за ўвесь абед не сказала суседцы ні слова. Місіс Джэнкінсан у асноўным назірала, як мала есць міс дэ Бур, угаворвала яе пакаштаваць чагонебудзь яшчэ і хвалявалася, што лэдзі занядужала. Марыя адмовілася б гаварыць пры любых умовах, а джэнтльмены толькі елі і захапляліся ежай.
Калі лэдзі вярнуліся ў гасцёўню, Элізабэт не заставалася нічога, яктолькі слухаць лэдзі Кэтрын, і тая бесперастанку гаварыла, пакуль не падалі каву. Меркаванні гаспадыні дому на любую тэму выказваліся так упэўнена, што было зразумела: яна не прывыкла, каб нехта іх аспрэчваў. Яна бесцырымонна і падрабязна распытвала Шарлоту пра хатнія справы, засыпала яе парадамі, як з імі спраўляцца, расказвала, як весці такую маленькую гаспадарку, і тлумачыла, як клапаціцца пра птушку і кароваў. Элізабэт зразумела, што няма рэчаў, не вартых увагі гэтай вялікай лэдзі, калі толькі яны даюць ёй магчымасць пакамандаваць іншымі. У перапынках паміж размовамі з місіс Колінз яна задавала пытанні Марыі і Элізабэт, асабліва апошняй, пра сваякоў якой ведала найменш і якая падалася ёй, як яна тут жа паведаміла місіс Колінз, надзвычай выхаванай і прыемнай паненкай. У розныя моманты лэдзі Кэтрын пытала ў Элізабэт, колькі ў той сясцёр, старэйшыя яны за яе ці малодшыя, хто з іх збіраецца замуж, ці прыгожыя яны, ці адукаваныя, ці трымае іх бацька экіпаж і якім было дзявочае прозвішча іх маці. Элізабэт разумела недарэчнасць такіх пытанняў, аднак стрымана на іх адказвала. У нейкі момант лэдзі Кэтрын адзначыла:
— Маёмасць вашага бацькі атрымае ў спадчыну містар Колінз. За вас я радая, — тут яна павярнулася да Шарлоты, — аднак у іншым выпадку не бачу ніякага сэнсу ў пазбаўленні жанчын права наследавання. У сям’і
сэра Льюіса дэ Бура гэта не лічылася патрэбным. Міс Бэнэт, вы граеце і спяваеце?
— Трошкі.
— Тады раней ці пазней мы будзем радыя вас паслухаць. У нас выдатны інструмент, відаць, нашматлепшы за... Але аднойчы вы самі ўбачыце. Вашы сёстры таксама граюць і пяюць?
— Адна з іх.
— А чаму ўсе не навучыліся? Трэба вучыцца. У містараУэбсаграюцьусе, аўяго прыбытак меншы, чымувашага бацькі. Вы малюеце?
— He, зусім не малюем.
— Што, ніводная з пяці?
— Ніводная.
— Вельмі дзіўна. Але я думаю, у вас проста не было магчымасці. Вашай маці варта кожную вясну вывозіць вас у горад, бо там ёсць настаўнікі.
— Мая маці была б не супраць, але бацька ненавідзіць Лондан.
— А ваша гувернантка ўжо вас пакінула?
— У нас ніколі не было гувернанткі.
— He было гувернанткі! Як гэта магчыма? У доме выхоўваліся пяць дачок без гувернанткі! Ніколі пра такое не чула. Ды ваша маці мусіла быць проста нявольніцай вашай адукацыі.
Элізабэт ледзь стрымала ўсмешку, пераконваючы лэдзі Кэтрын, што гэта не так.
— Хто вас тады вучыў? Хто за вамі наглядаў? Без гувернанткі вы ўсе, відаць, былі занядбаныя.
— У параўнанні з асобнымі сем’ямі, можа, і так, але тыя з нас, што хацелі вучыцца, мелі для гэтага ўсё патрэбнае. Нас заўсёды заахвочвалі да чытання і ў нас былі неабходныя настаўнікі. Тыя ж з нас, што хацелі ленавацца, мелі на гэта поўную волю.
— О, так, не сумняваюся, гувернантка акурат гэта б і папярэдзіла, і калі б я ведала вашу маці, то настойліва б параіла ёй наняць гувернантку. Я заўсёды паўтараю, што нічога нельга дасягнуць без пастаянных, штодзённых настаўленняў, і даваць іх можа толькі гувернантка. Неверагодна, колькім сем’ям я змагла з гэтым дапамагчы. Я заўсёды радая, калі юныя асобы добра прыстроеныя. 3 маёй дапамогай чатыры пляменніцы місіс Джэнкінсан знайшлі цудоўныя месцы, і літаральна некалькі дзён таму я параіла яшчэ адну маладую асобу, якую пры мне выпадкова згадалі, і тая сям’я надзвычай ёй задаволеная. Місіс Колінз, я расказвала вам, што ўчора да мяне заехала лэдзі Мэткалф і вельмі дзякавала? Яна лічыць, што міс Поўп — сапраўдны скарб. «Лэдзі Кэтрын, — сказала яна, — вы падарылі мне сапраўдны скарб». Нехта з вашых малодшых сясцёр выходзіць у свет, міс Бэнэт?
— Так, мадам, усе.
— Усе? Што, усе пяць адначасова? Вельмі дзіўна! А вы ж толькі другая. Малодшыя дзяўчаты выходзяць у свет толькі пасля таго, як старэйшыя выйшлі замуж! Вашы малодшыя, мабыць, зусім юныя.
— Так, самай маладой яшчэ няма шаснаццаці. Магчыма, яна і занадта маладая, каб часта бываць у свеце. Аднак, шчыра кажучы, мадам, я думаю, малодшым сёстрам будзе цяжка, калі яны пазбавяцца сваёй долі таварыства і забаваў толькі таму, што ў старэйшых няма магчымасці ці жадання рана выходзіць замуж. Тая, што нарадзілася апошняй, мае такое ж права радавацца маладосці, як і тая, што нарадзілася першай. Быць адсунутай назад з такой прычыны! Думаю, гэта не ўмацуе сястрынскую прывязанасць і душэўную чуласць.
— Шчыра кажучы, — сказала яе светласць, — вы надта рашуча выказваецеся для такога юнага ўзросту. Скажыце, колькі вам гадоў.
—	У мяне тры малодшыя сястры ў досыць дарослым узросце, — усміхнулася Элізабэт, — а таму ваша светласць наўрад ці спадзяецца на мой адказ.
He задаволіўшы сваёй цікаўнасці, лэдзі Кэтрын, відаць, разгубілася, і Элізабэт западозрыла, што да яе ніхто не асмельваўся аджартоўвацца ад ганарлівай бесцырымоннасці яе светласці.
—	Я ўпэўненая, што вам не можа быць больш за дваццаць, а таму няма чаго хаваць узрост.
— Мне дваццаць.
Калі да іх далучыліся джэнтльмены і гарбата была дапітая, з’явіліся картачныя столікі. Лэдзі Кэтрын, сэр Уільям, містар і місіс Колінз заселі за кадрылю, міс дэ Бур жа захацела згуляць у касіна*, і дзве паненкі мелі гонар дапамагчы місіс Джэнкінсан скласці ёй партыю. За іх столікам панавала непераносная нудота. Ніхто з гульцоў не выдаў і слова, якое б не мела дачынення да гульні, калі не лічыць таго, што місіс Джэнкінсан час ад часу з трывогай пытала ў міс дэ Бур, не холадна ёй ці не горача, а можа, занадта светла ці цёмна. За іншым сталом усё было інакш. Гаварыла ў асноўным лэдзі Кэтрын, паказваючы траім астатнім на іх памылкі ці апавядаючы пра нейкі выпадак з жыцця. Містар Колінз пагаджаўся з кожным яе словам, дзякаваў за кожны выйгрыш і прасіў прабачэння, калі яму здавалася, што ён выйграў зашмат. Сэр Уільям быў нешматслоўны. Ен запасаў у памяці анекдоты і высакародныя імёны.
Калі лэдзі Кэтрын і яе дачка нагуляліся, сталы былі прыбраныя, а экіпаж — прапанаваны місіс Колінз. Тая з удзячнасцю прыняла прапанову, і яго тут жа загадалі падаць. Таварыства сабралася вакол каміна паслухаць,
* Касіна — італьянская картачная гульня, якая патрабуе пэўных навыкаў, аднак не вымагае ад гульцоў значных высілкаў, што як найлепш падыходзіць міс дэ Бур.
якое надвор’е выбрала для іх на заўтра лэдзі Кэтрын. Пададзеная карэта адарвала іх ад прадказанняў, і пасля шматлікіх падзяк містара Колінза і паклонаў сэра Уільяма яны адправіліся дадому. He паспелі яны ад’ехаць ад дзвярэй, як містар Колінз пачаў распытваць кузіну пра яе ўражанні ад Розінгза, і дзеля Шарлоты яна выказалася больш прыхільна, чым магла б. Аднак водгук Элізабэт, хоць ён і каштаваў ёй пэўных высілкаў, не задаволіў містара Колінза, і неўзабаве яму давялося ўзяць усхваленне яе светласці ў свае рукі.
Раздзел XXX
Сэр Уільям заставаўся ў Хансфардзе толькі тыдзень, аднак гэтага часу хапіла, каб упэўніцца, што дачка добра ўладкавалася: такога мужа і такую суседку ўдаецца здабыць не кожнай жанчыне. Пакуль сэр Уільям гасцяваў у Колінзаў, гаспадар раніцамі ездзіў з цесцем на двухколцы і паказваў яму ваколіцы, аднак як толькі той з’ехаў, сям’я вярнулася да штодзённых заняткаў. Элізабэт узрадавалася, зразумеўшы, што такая перамена не прымусіць яе бачыцца з кузэнам часцей: амаль увесь час паміж сняданкам і абедам ён праводзіў цяпер у садзе альбо ў бібліятэцы, дзе чытаў, пісаў і проста глядзеў у акно, якое выходзіла на дарогу. Памяшканне ж, у якім сядзелі лэдзі, было ў задняй частцы дома. Спачатку Элізабэт здзіўлялася, чаму Шарлота не абярэ для штодзённых заняткаў сталовы пакой — большы паводле памераў і з лепшым відам з акна, — але хутка зразумела, што ў сяброўкі ёсць для гэтага важкая прычына: містар Колінз, несумненна, бавіў бы ў бібліятэцы нашмат менш часу, калі б лэдзі сядзелі ў такім жа прыемным памяшканні. Так што рашэнне Шарлоты падалося Элізабэт найлепшым.
Са сваёй гасцёўні яны бачылі толькі лужок, на якім нічога цікавага не адбывалася, а таму звесткамі пра экіпажы, што праязджалі міма дома, былі абавязаныя містару Колінзу. Асабліва гэта тычылася фаэтона міс дэ Бур: містар Колінз заўсёды паведамляў пра яго, хоць лэдзі праязджала міма ці не кожны дзень. Міс дэ Бур нярэдка спынялася ля дома святара і колькі хвілін размаўляла з Шарлотай, але амаль ніколі не пагаджалася выйсці да яе.
Мала ў які дзень містар Колінз не выпраўляўся ў Розінгз. Яго жонка амаль заўсёды лічыла патрэбным скласці яму кампанію, і пакуль Элізабэт не ўспомніла, што ў распараджэнні лэдзі Кэтрын могуць быць і іншыя царкоўныя прыходы, яна не магла зразумець, навошта ахвяраваць столькімі гадзінамі. Час ад часу яе светласць ушаноўвала Колінзаў візітам, падчас якога ніводная дэталь не магла схавацца ад яе пільнага позірку. Яна ўмешвалася ў іх справы, сачыла за іх працай і раіла рабіць яе інакш, знаходзіла недахопы ў расстаноўцы мэблі і выкрывала нядбайнасць служанкі, а калі пагаджалася чымсьці падмацавацца, то толькі дзеля Ta­ro, каб зрабіць місіс Колінз заўвагу, што прыгатаваны кавалак мяса занадта вялікі для яе сям’і.
Элізабэт хутка зразумела, што хаця гэтая вялікая лэдзі не была абцяжараная адказнасцю за мір у сваім прыходзе, містар Колінз дакладаў ёй пра найдрабнейшыя непаразуменні, што здараліся ў ваколіцах, і яна выконвала ролю самай дзейнай суддзі і міратворцы. Калі нехта з сялян меў жаданне пабыць сварлівым, ці незадаволеным, ці занадта бедным, яна тут жа адпраўлялася ў вёску, каб улагодзіць спрэчкі, суцішыць жальбы і змусіць усіх да згоды і дастатку.
Прыемнасць паабедаць у Розінгзе выпадала ім прыблізна двойчы на тыдзень, і калі не лічыць адсутнасці сэра Уільяма і, адпаведна, другога картачнага століка,
кожны абед нічым не адрозніваўся ад першага. Іншых забаваў яны амаль не мелі: звычайны лад жыцця гэтай ваколіцы быў Колінзу недаступны. Элізабэт, аднак, гэтым не пераймалася і ў цэлым дастаткова прыемна бавіла час: яна магла па паўгадзіны міла гутарыць з Шарлотай, і паколькі надвор’е для гэтай пары было добрае, часта цешыла сябе прагулкамі. Болып за ўсё яна любіла шпацыраваць у адкрытым гаі, які межаваў з бліжнім краем парку, і звычайна ішла туды, калі астатнія выпраўляліся з візітам да лэдзі Кэтрын. Праз гай вяла маляўнічая, закрытая з усіх бакоў сцяжынка, якую, здавалася, ніхто, апроч яе, не ацаніў і на якой яна адчувала сябе надзейна абароненай ад цікаўнасці лэдзі Кэтрын.