Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Так спакойна прамільгнулі два тыдні гасцявання. Надыходзіў Вялікдзень, і за тыдзень да свята розінгзскае сямейства, дагэтуль зусім не шматлікае, мусіла адчувальна папоўніцца. Адразу пасля прыезду Элізабэт даведалася, што ў найбліжэйшыя тыдні ў Хансфардзе чакаюць містара Дарсі, і хаця ў яе было няшмат знаёмых, з якімі яна б сустрэлася менш ахвотна, яго візіт мусіў забяспечыць яе адносна новым матэрыялам для назіранняў падчас абедаў у Розінгзе. Да таго ж яна разлічвала паглядзець, як ён трымаецца з кузінай, якую лэдзі дэ Бур відавочна рыхтавала яму ў жонкі, і ўпэўніцца, якімі беспадстаўнымі былі надзеі міс Бінглі. Гаспадыня Розінгза надзвычай задаволена гаварыла пра яго хуткі прыезд, а пра самога пляменніка адгукалася з вялікім захапленнем і амаль раззлавалася, дазнаўшыся, што Элізабэт і міс Лукас не раз бачылі яго раней.
Прыезд містара Дарсі адразу ж заўважылі ў Хансфардзе, бо містар Колінз увесь ранак прагульваўся па хансфардскай сцежцы, не губляючы з вачэй вартоўню, каб першым даведацца пра прыбыццё гасцей. Па-
кланіўшыся экіпажу, які павярнуў у бок парку, святар з вялікай навіной пабег дадому, а наступным ранкам паспяшаўся ў Розінгз, каб засведчыць там сваю павагу. Яго прывітанне прынялі адразу два пляменнікі лэдзі Кэтрын, бо містар Дарсі прывёз палкоўніка Фіцуільяма, малодшага сына свайго дзядзькі, лорда ***. На вялікае здзіўленне Шарлоты, Марыі і Элізабэт, містар Колінз вярнуўся ў суправаджэнні абодвух джэнтльменаў. Шарлота ўбачыла іх з акна мужавага кабінета, калі яны пераходзілі дарогу, і тут жа пабегла да дзяўчат расказаць, які гонар іх чакае, дадаўшы:
— Гэтым знакам увагі я абавязаная табе, Эліза. Ma­ne б містар Дарсі ніколі так хутка не наведаў.
У Элізабэт амаль не было часу, каб аспрэчыць свае правы на такі гонар, бо дзвярны званок абвясціў прыход гасцей, і неўзабаве трое мужчын зайшлі ў пакой. Палкоўніку Фіцуільяму, які з’явіўся першым, было каля трыццаці. He вельмі прывабны з твару, ён па характары і ў абыходжанні быў сапраўдным джэнтльменам. Містар Дарсі выглядаў гэтак жа, як у Хартфардшыры. Са звычайнай стрыманасцю ён павітаў місіс Колінз і, якімі б ні былі яго пачуцці да яе сяброўкі, прывеціў яе цалкам ураўнаважана. Элізабэт моўчкі зрабілалёгкі рэверанс.
Палкоўнік Фіцуільям з ахвотай і лёгкасцю добра выхаванага чалавека завязаў прыемную для ўсіх размову, але яго кузэн, зрабіўшы некалькі нязначных заўваг пра дом і сад місіс Колінз, доўгі час сядзеў, не кажучы ні слова. Аднак урэшце ў яго хапіла ветлівасці пацікавіцца ў Элізабэт здароўем яе сям’і. Яна адказала яму як звычайна і пасля секунднай паўзы дадала:
— Мая старэйшая сястра правяла апошнія тры месяцы ў Лондане. Можа, вы з ёй сустракаліся?
Яна цудоўна ўсведамляла, што адказ будзе адмоўны, але хацела даведацца, ці чуў ён пра тое, што адбылося
паміж сёстрамі Бінглі і Джэйн, і спадзявалася, што ён неяк гэта выдасць. Ей падалося, ён трошкі збянтэжыўся, адказваючы, што не меў шчасця пабачыцца з міс Бэнэт. Болып на гэтую тэму яны не гаварылі, і абодва джэнтльмены неўзабаве пакінулі Хансфард.
Раздзел XXXI
У доме святара манеры палкоўніка Фіцуільяма вельмі спадабаліся, і лэдзі пагадзіліся, што ён зробіць іх забавы ў Розінгзе нашмат больш прыемнымі. Аднак прайшло некалькі дзён, перш чым яны атрымалі новае запрашэнне: у маёнтку былі госці, а таму патрэба ў жыхарах Хансфарда знікла. Толысі на Вялікдзень, амаль праз тыдзень пасля прыезду джэнтльменаў, Колінзы і іх госці былі ўшанаваныя ўвагай лэдзі Кэтрын, якая, выходзячы з царквы, запрасіла іх прыйсці ўвечары. За апошні тыдзень яны амаль не бачылі гаспадыню Розінгза і яе дачку. Затое палкоўнік Фіцуільям некалькі разоў зазірнуў у дом святара, а вось містара Дарсі яны сустрэлі толькі ў царкве.
Запрашэнне, безумоўна, было прынятае, і ў патрэбны час уся кампанія далучылася да таварыства ў гасцёўні лэдзі Кэтрын. Яе светласць прыняла іх ветліва, але было ясна, што яны тут далёка не такія чаканыя госці, як у дні, калі побач больш нікога не было. Лэдзі Кэтрын абдорвала ўвагай перадусім пляменнікаў і звярталася да іх, асабліва да Дарсі, нашмат часцей, чым да любой іншай асобы ў пакоі.
Палкоўніка Фіцуільяма з’яўленне гасцей відавочна цешыла: у Розінгзе ён радаваўся любой палёгцы, а да таго ж мілая сяброўка місіс Колінз захапіла яго ўяўленне. Таму цяпер ён сеў ля Элізабэт і прыемна размаўляў з ёй пра Кент і Хартфардшыр, падарожжы
і дамаседства, новыя кнігі і музыку — ніколі дагэтуль Элізабэт не бавіла ў гэтым пакоі час і напалову так добра, як цяпер. Яны гутарылі з такой жывасцю і запалам, што прыцягнулі ўвагу і лэдзі Кэтрын, і містара Дарсі: апошні зноў і зноў кідаў на іх зацікаўленыя погляды, яе светласць жа ў нейкі момант таксама адчула цікаўнасць і тут жа яе выдала, без ваганняў гучна спытаўшы:
— Што вы там кажаце, Фіцуільям? Аб чым гаворыце? Што вы расказваеце міс Бэнэт? Я таксама хачу пачуць.
— Мы размаўляем пра музыку, мадам, — адгукнуўся той, бо пазбегнуць адказу было немагчыма.
— Пра музыку? Тады гаварыце гучней! Гэтая мая любімая тэма. Я мушу ўдзельнічаць у размове пра музыку. Думаю, у Англіі знойдзецца мала людзей, якія атрымліваюць ад музыкі большую асалоду, чым я, і маюць лепшы густ. Калі б я вучылася музыцы, то зрабілася б вялікай музыканткай. I мая Эн таксама, калі б здароўе ёй дазволіла. Я ўпэўненая, што яна магла б выдатна граць. А як поспехі Джарджыяны, Дарсі?
Містар Дарсі з пяшчотай пахваліў майстэрства сястры.
— Я радая чуць пра яе такі добры водгук, — сказала лэдзі Кэтрын, — і прашу ёй перадаць, што яна нічога не дасягне, калі не будзе шмат займацца.
— He сумнявайцеся, мадам, — адказаў той, — што такія парады ёй без патрэбы. Яна займаецца ўвесь час.
— Чым больш, тым лепш. Заняткаў шмат не бывае. Калі я буду пісаць ёй наступны ліст, то нагадаю ні ў якім разе іх не закідваць. Я часта кажу маладым лэдзі, што без пастаянных практыкаванняў вялікіх поспехаў у музыцы не даб’ешся. Я ўжо некалькі разоў казала міс Бэнэт, што яна ніколі не будзе граць сапраўды добра, калі не пачне займацца больш, а паколькі ў місіс Колінз інструмента няма, яна можа, як я ёй шмат разоў
казала, прыходзіць у Розінгз хоць кожны дзень і граць на фартэпіяна ў пакоі місіс Джэнкінсан. У той частцы дома яна нікому не перашкодзіць.
Містар Дарсі выглядаў трохі засаромленым кепскімі манерамі цёткі і нічога не адказаў.
Пасля кавы палкоўнік Фіцуільям нагадаў Элізабэт, што тая абяцала сыграць, і яна села за інструмент. Ен падсунуў крэсла бліжэй. Лэдзі Кэтрын праслухала палову песні, а потым зноў загаварыла з любімым пляменнікам, пакуль ён не пакінуў яе і са звычайным задуменным выглядам не перамясціўся да фартэпіяна, абраўшы пазіцыю, якая дазваляла яму трымаць у полі зроку твар прыгожай выканаўцы. Элізабэт заўважыла гэты манеўр і пры першай жа зручнай паўзе звярнулася да містара Дарсі з гарэзлівай усмешкай:
— Вы думаеце напалохаць мяне, містар Дарсі, калі так урачыста рыхтуецеся мяне слухаць? Але хоць ваша сястра грае так цудоўна, мяне вам не застрашыць. Мая ўпартасць не дае мне напалохацца, калі гэтага хочуць іншыя. Любая спроба мяне прыпужнуць заўжды абуджае ўва мне смеласць.
— Я не буду казаць, што вы памыляецеся, — адказаў ён, — бо вы ж не можаце сапраўды верыць, што я вырашыў вас напалохаць. Я дастаткова доўга маю прыемнасць быць з вамі знаёмым, каб разумець, што часам вы атрымліваеце асалоду, гаворачы не тое, што думаеце.
Такі намаляваны ім вобраз ад душы павесяліў Элізабэт, і яна сказала палкоўніку Фіцуільяму:
— Добра ж ваш кузэн мяне апісвае, калі вучыць вас не верыць ніводнаму майму слову. Мне страшэнна не пашчасціла сустрэць чалавека, здольнага выкрыць маю сапраўдную сутнасць, у той частцы свету, дзе я спадзявалася знайсці да сваёй асобы давер. Містар Дарсі, з вашага боку неміласэрна раскрываць мае недахопы,
пра якія вы даведаліся ў Хартфардшыры. Да таго ж гэта, дазвольце сказаць, безразважна, бо ў мяне можа з’явіцца жаданне адпомсціць, і вашы сваякі будуць уражаныя, пачуўшы тое, што я пра вас раскажу.
— Я вас не баюся, — з усмешкай сказаў ён.
— Прашу вас, дазвольце мне пачуць вашы абвінавачанні! — усклікнуў палкоўнік Фіцуільям. — Я хачу ведаць, як ён трымаецца сярод чужых.
— Вы пра гэта дазнаецеся, але падрыхтуйцеся да сапраўды жахлівага. Вы, мабыць, ведаеце, што ўпершыню я ўбачыла яго на балі — і як вы думаеце, што ён там рабіў? Ен танчыў толькі чатыры танцы! Я не хачу рабіць вам балюча, але гэта праўда. Ен танчыў толькі чатыры танцы, хоць джэнтльменаў не хапала, і я дакладна ведаю, што не адной юнай лэдзі давялося тады сядзець, бо не было партнёра. Містар Дарсі, вы не зможаце аспрэчыць гэты факт!
— На той час я не меў гонару ведаць хоць адну лэдзі ў таварыстве, апроч тых, з якімі прыйшоў.
— Ваша праўда, у бальным пакоі яшчэ ж ніхто нікога нікому не прадставіў. Ну, палкоўнік Фіцуільям, што мне граць далей? Mae пальцы чакаюць вашых загадаў.
— Магчыма, — сказаў Дарсі, — пра мяне меркавалі б лепш, калі б я сам шукаў знаёмстваў, аднак я кепска ўмею прадстаўляцца тым, каго бачу першы раз.
— Можа, мы спытаем у вашага кузэна пра прычыну гэтага? — сказала Элізабэт, усё яшчэ звяртаючыся да палкоўніка Фіцуільяма. — Можа, спытаем, чаму разумны і выхаваны мужчына, які пажыўу свеце, кепска ўмее прадстаўляцца тым, каго бачыць першы раз?
— Я адкажу на ваша пытанне, — сказаў Фіцуільям, — нават не звяртаючыся да яго. Усё гэта таму, што ён не дае сабе лішняга клопату.
— У мяне, несумненна, няма таленту некаторых людзей, — сказаў Дарсі, — лёгка заводзіць гутарку з не-
знаёмцамі. Я не магу злавіць у такіх размовах патрэбны тон ці зрабіць выгляд, што цікаўлюся чужымі справамі, як гэта часта робяць іншыя.
— Mae пальцы, — сказала Элізабэт, — не рухаюцца па клавішах з майстэрствам, якім валодаюць многія жанчыны, не маюць такой жа сілы ці хуткасці і не ствараюць такое ж добрае ўражанне. Аднак я заўсёды меркавала, што гэта мая віна: я не даю сабе лішняга клопату з практыкаваннямі. I я не лічу, што мае пальцы менш здольныя за пальцы іншых жанчын, якія граюць нашмат лепш за мяне.
Дарсі ўсміхнуўся і сказаў:
— Вы цалкам маеце рацыю. Свой час вы бавіце больш карысным чынам. Усе, хто карыстаецца прывілеяй слухаць вас, наўрад ці заўважаць, што вам чагосьці не стае. Але мы з вамі не граем перад незнаёмцамі.